слязі́цца, ‑зішся, ‑зіцца; незак.

1. (2 ас. не ўжыв.). Напаўняцца слязамі; выдзяляць слёзы (пра вочы). Ад .. [дыму] слязяцца вочы і кашаль раздзірае грудзі. Шамякін. Адно вока ў Аляксеева было крыху большае, яно слязілася, і таму здавалася, што Аляксееў смяецца, як вар’ят, і нават падміргвае. Карпаў.

2. Абл. Плакаць. Удзень і.. [Маня] гаварыла мала: толькі слязілася ды смаркалася. Мележ.

3. (2 ас. не ўжыв.); перан. Выдзяляць кроплі соку, вільгаці; выцякаць па кроплі; сачыцца. Крыштальнымі кроплямі цёплай жывіцы слязіліся свежыя пні і акоранае яловае бярвенне. Машара. З пашчапаных соснаў слязілася смала, павяла лісце на бярэзінах. Гурскі. // Пакрывацца кроплямі вільгаці. З сонцам Тчэ туман валокны. Дык чаго слязяцца вокны? Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спляце́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. сплятаць — сплесці і сплятацца — сплесціся.

2. Тое, што сплецена; цэлае, часткі якога сплецены, пераплецены адно з адным. Сонечныя, быццам дымныя [прамяні] прабівалі спляценні галля на дрэвах. Савіцкі. [Пялёсткі] падалі з дрэва на сівую галаву Тапурыя, ляжалі на тонкім спляценні сецяў. Самуйлёнак. Перад будынкам пад спляценнем правадоў чарнелі .. трансфарматары. Карпюк. // перан. Злучэнне, спалучэнне чаго‑н. Даніла быў ахвочы Волю словам даць сваім І даць нават тлумачэнне З свайго погляду-знацця Неразгаданым спляценням, З’явам цёмнага жыцця. Колас. У рамках асноўных сюжэтных ліній .. выяўляецца спляценне асабістага лёсу галодных герояў з гістарычным працэсам. Дзюбайла.

•••

Сонечнае спляценне — спляценне сімпатычных нерваў, размешчанае ў брушной поласці на паверхні брушной аорты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

счапі́цца, счаплю́ся, счэ́пішся, счэ́піцца; зак.

1. чым і без дап. Змацавацца, злучыцца пры зачэпліванні, прычэпліванні. Шасцярні счапіліся. // Выпадкова зачапіцца адзін за аднаго. Лапы елак счапіліся адна з адною. // Разм. Злучыцца, сплёўшыся (пра рукі, пальцы). Пальцы счапіліся — не разнімеш.

2. перан. Злучыцца ў адно цэлае, увайсці ва ўзаемасувязь.

3. Разм. Схапіцца ў бойцы. [Андрэй] счапіўся з .. [наглядчыкамі] і біў іх рукамі і нагамі, раскідваў, як мядзведзь. Машара. // Пачаць сварыцца, лаяцца з кім‑н. [Картыжова] тут усе любяць. І таварыскі, і харошы. І робіць добра, і настырны, не пабаіцца нават з начальствам счапіцца. Чыгрынаў. Аўтобус яшчэ стаяў ля ганка, і з яго даляталі два моцныя галасы: шафёр і кантралёр счапіліся ў сварцы... Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тума́ннасць, ‑і, ж.

1. Густы туман ​1 (у 1 знач.).

2. У астраноміі — вялікая колькасць зорак у адным месцы, якія знаходзяцца далёка ад зямлі і маюць выгляд туманных светлых плям. Галактычная туманнасць. // Пэўная фаза ў развіцці астранамічнага цела, якое знаходзіцца ў газападобным стане. Адсюль можна вывучаць зоркі-гіганты, зоркі-караблікі, нават далёкія газавыя туманнасці. Гамолка.

3. Уласцівасць туманнага (у 2–4 знач.). Верш гэты адпавядаў настроям маладых настаўнікаў і захапляў іх сваёю рамантычнаю туманнасцю. Колас. Але гэтая няяснасць, туманнасць доказаў якраз і трывожылі Апейку больш за ўсё. Мележ.

•••

Планетарныя туманнасці — вялікая колькасць разрэджанага галактычнага газу ў форме круглага або авальнага дыска з зоркай вельмі высокай тэмпературы ў цэнтры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

удава́ць, удаю, удаеш, удае; удаём, удаяце; незак.

Разм.

1. Незак. да удаць.

2. (пераважна са словамі «сябе», «з сябе»). Рабіць выгляд, паказваць; прыкідвацца. Не кідалася [Верачка] радасна да Яўхіма, удавала сябе нават абыякавай, але Яўхім бачыў: рада яму, падабаецца ёй. Мележ. Пытанні і абвінавачванні сыпаліся на Смірніцкага, як удары. Але ён не ўгінаў галавы пад іх цяжарам, ён толькі чырванеў і ўдаваў з сябе пакрыўджанага ды гордага чалавека. Шахавец. [Надзя] ўдае, што кудысьці спяшаецца. Козел.

3. Здавацца. Лаза .. зазелянела першым, яшчэ не густым, кволым лісцем, і здаля, з берага, удавала не зялёнаю, а празрыста-жоўтаю. Сачанка. Як дамоў ішла Хрысціна — не згадала, Незнаёмаю мясціна ўдавала. Дзяргай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цы́пкі 1, ‑пак; адз. няма.

Разм. Дробныя трэшчыны, шурпатасць і чырвань на скуры рук і ног (ад абветрывання і пад.). Шурпатая ў калгасніцы далонь. Смаліў яе мароз, Паліў яе агонь. На ёй, бы на анкеце, па парадку Чытай працоўнай біяграфіі пячаткі: ..Ад цаўя матыкі — мазалі, Ад ветру — цыпкі. Жычка.

цы́пкі 2, ‑пак; адз. няма.

Разм. У выразах: на цыпках — на пальцах ног, на дыбачках (хадзіць, ступаць, стаяць і пад.). [Шашура] наводдалек абышоў яе [Аксінню] на цыпках, стараючыся зайсці ёй з-за спіны і з’явіцца знянацку. Мележ; на цыпкі — на пальцы ног (стаць, прысесці і пад.). [Алена] павярнулася тварам к усходу і нават узнялася на цыпкі, каб хоць трошкі быць вышэйшай за пшаніцу. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Вымаўляць гук «ш-ш», стараючыся супакоіць каго‑н. Сядзеўшая ў першым радзе вяртлявая дзяўчына, на якую ўжо шыкалі часам суседзі, бо яна ўсё круцілася на месцы, гадавала бліжэйшым недарэчныя пытанні. Лынькоў. Людзі нават не варушыліся, не курылі, шыкалі на тых, хто кашляў. Шамякін.

2. Гукамі «ш-ш», крыкамі, шумам выражаць сваё незадавальненне, злосць (звычайна артысту, аратару і пад.). Калі ў зале пачнуць шыкаць, смяяцца, тупаць нагамі, не звяртайце на гэта ўвагі. Пянкрат.

3. Крычаць «ш-ш!», адганяючы, праганяючы якіх‑н. птушак, жывёл. Станіслаў Пракопавіч адмахваўся ад .. [гусей] голымі рукамі, шыкаў і сцёбаў клятчатай кашуляй па частаколе — выбіваў пыл. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калёсы ’конная чатырохколая гаспадарчая павозка’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Грыг., Жд. 2, Касп., Кліх; Растарг., КЭС, лаг.; Маш.), палес. форма — калёса (Нас., Нік., Оч., Серб., Сержп. Грам., мазыр.; Сержп.)? — «перо скрыпіць, бы не мазаные калёса» (Сцяц. Нар.; Сцяшк. МГ, Радч.)? — «тарарай калёсы, тарарай Повезли Ганночку з пекла в рай»; Шат. (калёса); мін., Шпіл. («…телега в робѣ петербургскіхъ ломовыхъ…», 4, 27). Распаўсюджанне на палескай тэрыторыі гл. у Масленікавай, 172. Адзначаюць таксама Сл. паўн.-зах., ТС (у форме колёса). Вядома фактычна на ўсёй тэрыторыі. Укр. матэрыял нам невядомы, але Даль прыводзіў паўд.-рус. колёса ’воз’ у пагранічнай да беларускай зоне (смал., зах.-бран.) і ў глыбі моўнай тэрыторыі — маск., том. У польск. мове kolasa ’старажытны воз, карэта’, ’сялянскі воз’ і інш., звяртаюць на сябе ўвагу адзначаныя на Мазоўшы і ў Варміі формы kolosa, kolaski, як рэгіянальныя і адпаведныя беларускім. У іншых зах.-слав.: ст.-чэш. kolesa ’воз’, славац. kolesá ’воз для перавозу бярвенняў’. На поўдні: серб.-харв. kolèsa ’воз’. Слаўскі (2, 344) мяркуе аб прасл. *kolesa, мн. ліку ад kolo; па мадэлі ўтварэння аналагічнае лац. rotae ’воз’ (rota ’кола’). Польск. крыніцы XVI і асабліва XVII ст. даюць падставы выводзіць рэаліі з усх.-слав. тэрыторыі. Брукнер (245) меркаваў нават аб запазычанні ў польск. мову. Лінгвагеаграфія бел. слова сведчыць аб пазнейшым яго распаўсюджанні. Не выключай таксама ўплыў польскай лексемы; аб яе шырокай экспансіі гл. у Слаўскага, 2, 343–344 (у ням., франц., італ. і інш.), у тым ліку пры пасрэдніцтве розных моў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́пка1 ’кропля’ (ТСБМ, Яруш., Сцяшк., Юрч., гродз. З нар. сл.; КЭС, лаг.; Гарэц., Бяльк.); ’рагі на шкле’ (Нік. Очерки), ’трошкі, крышку’ (Яўс., Янк. 1), ’кропка, ’лямачка’ (Гарэц.), ’кавалак скуры, што прышываецца да дзіравага бота’ (КЭС, лаг.). Укр. капка ’кропля’, ’плямачка, крапінка’, рус. КАССР капка ’капля’. Прымыкае да зах. і паўдн.-слав. пашырэння гэтай лексемы. Прасл. kapъ‑ka < kapati (Трубачоў, 9, 150) > капа́ць (гл.).

Ка́пка2 ’пячурка ў печы, куды кладуць сушыць анучы, рукавіцы’ (Бяльк.), ’ямка ў печы, куды зграбаюць вуголле’ (віл. Шатал.), ко́пка ’тс’ (ТС); у зах.-палес. гаворках у гэтых значэннях ужываецца куча і ку́чка (якія там звычайна называюць ’загародку ў хляве для жывёлы’, ’буданчык’ і нават ’старую малую хаціну’), а копка вымаўляецца з [б], у такім выпадку першаформы гэтай лексемы — кабка, кобка, якія маюць адпаведнікі ў іншых слав. мовах: чэш. kobka, koba ’камера’, ’сені’, ’загародка для свіней у хляве’, ст.-чэш. kobka ’крама’, ’мясная крама’, славац. кобка ’камера’, ст.-польск. kob ’свінух’ (в.-польск. з XV ст.), kub ’тс’ (пач. XVII ст.), суч. польск., вял.-польск. куяўск. kubel ’загародка для кормнікаў’, а таксама ўкр. коба ’капюшон’, кобеля ’кошык’, ’торба; сумка’ і чэш. kabéla, в.-луж. kobjeł, kobjełka, kobjałka, н.-луж. kobʼela, ст.-польск. kobiela, суч. польск. kobiałka ’тс’. Усе яны ўзыходзяць да с.-в.-ням. kobel, якое першапачаткова адзначала ’кошык’, цяпер жа ’клетка’, ’свінух’, ’будка для фурмана’ — памяншальная форма ад koben, kobe ’хлеў’, ’хаціна’, ’будан’ (Махэк₂, 233; Слаўскі, 2, 293–295 і 297–298; Трубачоў, 11, 87).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каро́ва1, укр. карова, рус. корова, чэш. kráva, в.-луж. krowa, палаб. korvo, польск. krowa, балг. крава, макед. крава, серб.-харв. кра̏ва, славен. kráva (прасл. korva). Пошукі этымону для гэтага слова заўсёды былі цяжкімі. Што датычыць старажытнасці, то відавочным з’яўляецца яго яшчэ балта-славянскае паходжанне. Параўн. літ. kárve ’тс’, ст.-прус. curwis ’вол’ (апошняе, магчыма, каш.-слав. паходжання: каш. karw ’стары вол’). Усе іншыя паралелі не з’яўляюцца надзейнымі, бо аўтары адпаведных этымалогій прымаюць за пастулат унутраную форму ’рагатая’, што трэба абгрунтаваць. Перш за ўсё, паколькі лац. cornu ’рог’, ст.-грэч. χέρας (χέρσας) і ст.-іран. srū, srva (Бернекер, 557) узыходзяць да k̑or‑u̯/kor‑n, мы б чакалі на балта-славянскім моўным грунце s‑пачатак, але прасл. korva не мае такіх паралелей ні ў адной з індаеўрапейскіх моў (нават калі лічыць паралелямі назвы сарны і лані). Так, ст.-прус. sirwis ’лань’ хутчэй, генетычна тоесна літ. šir̃vis ’шэры конь, заяц’ (яўная назва па колеру), šir̃vas ’шэры’. Прасл. sьrna ’сарна’ можна параўнаць са ст.-слав. срѣнъ ’белы’ (іншыя славянскія паралелі абазначаюць ’іней, шэрань’). Мы падтрымліваем іншую версію з унутранай формай не ’рагатая’, а ’жвачная’. Тады прасл. korva суадносіцца са ст.-інд. cárvate ’жуе’ (Махэк, KZ, 64, 262; Мартынаў, Слав. акком., 163). Сюды ж прасл. červo ’чэрава’ (адно са значэнняў — ’страўнік’). Спроба супаставіць korva з сапсаванай глосай Гесіхія χάρτην τήν βοῡν (χάρτην замяняецца на χάρτην) не пераконвае (Параўн. Трубачоў Эт. сл. 11, 108–109).

Каро́ва2 ’назва грыба гаркуха, кароўка’ (Жыв. сл.). Гл. кароўка, кароўяха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)