Тло1 ’тое, што сатлела, спарахнела, згніло; тлен, прах, попел’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.), ’прах, попел, тлен’ (Нас.), тлё ’гніль, парахно’: бадай сена да тлём стала (гом., Рам. 8). Аддзеяслоўны назоўнік ад тлець (< *tъlěti) ’гніць; паціху гарэць’ (гл.) з семантыкай ’вынік працэсу’; сюды ж, відаць, і тля ’?’: нехай цебе тля тлиць (Нас.) у значэнні суб’екта дзеяння (’агонь’?).

Тло2 ’аснова’ (Сцяшк.), ст.-бел. тло ’дно’ (пач. XVII ст., КГС). Укр. тло ’аснова’, рус. дыял. тло ’дно, аснова’, стараж.-рус. тьло ’зямля, грунт, падлога’, польск. tło ’фон; грунт; под у печы’, н.-луж. tło ’падлога, паласа зямлі, краіна’, в.-луж. tło ’падлога’, чэш. дыял. tlo, tla ’дашчаная столь’, славац. tlo ’столь’, славен. tlò, tlà ’грунт, зямля; падлога’, серб.-харв. тло̏ ’тс’, макед. тло ’грунт’, ст.-слав. тьло. З прасл. *tьlo ’дно, аснова, грунт’, роднаснага да *stьlati ’рассцілаць, слаць’. Далей роднаснае да літ. tìlė ’дошчачка з насцілу ў лодцы; палена, шчапа’, tìlės ’дашчаны насціл на дне чаўна’, tìltas ’мост’, pãtalas ’пасцель’, лат. tals, tale ’выбельванне (лёну)’, tilts ’мост’, прус. talus ’падлога’, ст.-в.-ням. dilla, dili ’маснічына’, ст.-ісл. þel ’грунт, аснова’, ст.-ірл. talam ’зямля’, лац. tellūs ’тс’, грэч. τηλίᾱ ’дошка для гульні’, ст.-інд. talam ’раўніна’ на падставе і.-е. *tel‑ ’плоскі’, ’рассцілаць’ (Борысь, 634; ЕСУМ, 5, 584; Фасмер, 4, 65; Брукнер, 571; Махэк₂, 645; Бязлай, 4, 186; Каруліс, 2, 406–407).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́бто ’няўжо’ (ТС), ’каб’ (Мат. Гом.), то́бто, то́пто ’праўда’ (ПСл), то бо й то ’ды і то праўда’ (Некр. і Байк.), тобойто́ ’поўнасцю з табой згодзен, згода’ (стол., Нар. ск.), то́бтомо ’напэўна’ (Сл. Брэс.), то‑бо‑то, то‑бо‑то́‑што ’вось так, як бы так’ (Некр. і Байк., Байк. і Некр.), то́‑бок ’гэта значыць’ (ТСБМ; Беларусіка, 19, 227), тож‑ба‑то ’у тым-та і справа’ (Стан.), то́ж бо ’тс’ (Федар. 4), то́ж‑то ’вось жа’ (Яруш.); то́ж‑бы‑то ’патакванне’ (Варл.), у свабодным спалучэнні ото бо ж то ’тс’ (Сержп. Прык.), ст.-бел. тоб, тобы ’тады б, калі б’ (Ст.-бел. лексікон), тобы ’як бы’ (Альтбаўэр). Параўн. укр. то́бто ’гэта значыць’. У складзе элементы то‑, ‑то (гл. то1), ‑бо‑ (‑б‑, ‑ба‑, гл. бо), ‑бы (гл. бы), ‑й‑ (гл. і), ‑мо (гл. мо), ‑што (гл. што), ‑ж‑ (гл. жа); не вызначаным да канца застаецца паходжанне элемента ‑бок, вядомага і ў самастойным ужыванні, параўн. у адваротным спалучэнні raj, czy bok to niebiesnyje warota (Пятк. 2), якое Краўчук (ЭСБМ, 1, 367) у значэнні ’маўляў’ параўноўвае з укр. бак, пак ’потым, але, ж’, польск. bak (ад bakać ’гаварыць, нагаворваць’, гл. Брукнер, 12), што сустракаецца з пэўнымі фанетычнымі цяжкасцямі. Магчыма дапусціць спалучэнне бо‑ і ‑ка або ‑к, параўн. ту́така, чэш. дыял. tadyk ’тады’ і інш.; адносна апошніх гл. ESSJ SG, 1, 316–317. Параўн. форму з аканнем табатош, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́ха, ст.-бел. троха ‘крыха, невялікая колькасць’: таꙗ троха крови (ГСБМ), фіксуецца ў спалучэнні з назоўнікамі ў розных склонах з 1543 г.: тую троху земице; з тоей трохи муки, з трохою хлеба, на тросѣ соломы, а таксама з дзеясловамі, прыметнікамі і прыслоўямі, на базе якіх сфарміравалася ўжыванне ў функцыі прыслоўя (Жураўскі, БЛ, 1, 63), у тым ліку ў форме, ідэнтычнай назоўніку тро́ха ‘нямнога’ (Касп., ТС, Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Шат.; ашм., Стан.), гл. таксама траха, трохі, троху. Параўн. рус. дыял. тро́ха ‘невялікая колькасць’, польск. trocha ‘тс’, чэш. trocha ‘тс’, славац. trocha ‘тс’, старое в.-луж. trocha ‘драбніца, маласць’, н.-луж. tšocha ‘тс’, славен. troha ‘крыха, невялікая колькасць’, серб. тро̏ха ‘крошка (хлеба)’, харв. trȍha ‘тс’, балг. троха́ ‘тс’, макед. троа ‘мала, крышку’, трошка ‘крошка’, ст.-слав. троха ‘крыха, невялікая колькасць’. Прасл.*troxa (варыянт *trъxъ, параўн. ст.-рус. тръхът ‘крыха, дробная манета’) выводзяць ад прасл. *trěskati ‘трашчаць, трэскаць’, параўн. літ. trekšė́ti ‘трашчаць, хрустець’, гоц. priskan, ст.-в.-ням. drescan ‘малаціць’, што чаргуецца з прасл. *trexati ‘калаціць, трэсці’ (гл. тро́хаць) адпаведна прасл. *‑sk‑: *‑x‑, параўн. труско́м і тру́хам ‘рыссю’, гл. Сной₂, 786; Борысь, 642 (звязвае з *troska ‘тое, што з’яўляецца вынікам растрэсквання; асколак’; параўн. Брукнер, 576). Меркаванні пра сувязь з *terti (гл. церці), а таксама сумненні наконт гэтага гл. у Фасмер, 4, 107; Шустар-Шэўц, 1531; ЕСУМ, 5, 653.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыб1 ‘квартальная вузкая прасека ў лесе, лясная прамая дарога’ (Сл. Брэс.; пруж., Яшк.; кам., Жыв. НС; кобр., Скар. НМ), тры́ба ‘прасека ў лесе для лакалізацыі ачага пажару ці размежавання лясных кварталаў’ (Скарбы; Чыгр.; слонім., Жыв. НС, Сцяц.; шчуч., З нар. сл., Сцяшк.; шчуч., воран., Сл. ПЗБ), трэб (треб) ‘граніца, мяжа’ (Дабрав.), трэ́ба ‘прасека, прагал’ (Сл. Брэс.), трэ́бо ‘роўнае месца за вёскай’ (пруж., Чэрн.), ст.-бел. трибъ, трыбъ ‘кірунак, лінія (у лесе); прасека’ (1554 г.), трыба ‘тс’ (1608 г.), трыбокъ ‘тс’, трибовати ‘абазначаць кірунак’ (1600 г.) (ГСБМ). Праз польск. tryb ‘дарога, сцежка’, tryba ‘тс’, ‘вузкая паласа поля, загон’, ‘мяжа’, ‘прасека’ з с.-в.-ням. trib ‘выган, паша’, н.-в.-ням. Trieb ‘дарога, па якой ганяюць быдла, прагон’, ‘плынь, цячэнне’ (Вінцэнц), што да с.-в.-ням. tríben ‘гнаць, праганяць’ (Чартко, Дасл. (Гродна), 59), ст.-в.-ням. tríban, гоцк. dreiban, англ. drive ‘тс’, ‘прыводзіць у рух’ (SWO, 1980, 778; Брукнер, 578; ЕСУМ, 5, 634). Ст.-бел. трибовати ‘абазначаць кірунак’ (1600) запазычана са ст.-польск. trybować < с.-в.-ням. tríben ‘гнаць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 93; Вінцэнц).

Трыб2 ‘жыццёвы шлях’ (Варл.): ніякім тры́бам ‘ніяк, ніякім спосабам’ (Ян.), ст.-бел. трибъ, трыбъ ‘парадак, звычай’ (Ст.-бел. лексікон), ‘спосаб, устаноўлены парадак’ (1588 г., ГСБМ). Апошняе запазычана са ст.-польск. tryb, якое з нова-в.-ням. Trieb ‘плынь, цячэнне’, што, паводле Вінцэнца (гл.), з’яўляецца метафарай на базе значэння ‘дарога’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́зна ‘заключная частка пахавальнага абраду’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘памінкі па нябожчыку’ (ТСБМ, ТС), ст.-бел. тризна ‘тс’: за поганства ꙋмерлымъ поминки (Стрыйкоўскі, пач. XVII ст., ПГС, ГСБМ), УІ Трызна (Карскі 2–3, 29), Трызна Гальшка з Храбтовічаў (Гардзееў, Магдэбургская Гародня, Гродна; Wrocław, 2008, 193, 215, 221). Укр. три́зна ‘тс’, три́знище ‘поле бітвы’, рус. три́за, стараж.-рус. тризна ‘спаборніцтва; подзвіг; узнагарода; памінальнае банкетаванне’ (з XII ст.), трызна (Ізборнік Святаслава, 1073 г.), ст.-слав. тризна ‘ўзнагарода за перамогу’ (Супрасл. летап.), польск. tryzna ‘памінкі з ігрышчамі як часткай пахавальнага абраду’; чэш. і славац. tryzna ‘грамадзянская паніхіда’, гіст. ‘трызна’ — з польск. мовы (Махэк₂, 656); славен. trízna ‘бой, спаборніцтва ў гонар памерлага чалавека’ (са ст.-слав., Сной у Бязлай, 4, 226). Прасл. *tryzna (Фасмер, 4, 102) супастаўляюць з генетычна роднасным *traviti > першапачаткова ‘памінкі, памінальнае частаванне’ (Міклашыч, 362; Брукнер, 579 і інш.). Трубачоў (ВСЯ, 4, 1959, 130 і наст.) тлумачыць слав. *trizna як вытворнае ад *trizь ‘трацяк, трохгадовая жывёла, прызначаная для ахвяры’, параўн. ст.-бел. тризъ, фризъ ‘трохгадовая жывёла’ (ГСБМ). Мартынаў (Лекс. Палесся, 16) дапускае для беларуска-ўкраінскай лексемы гоцкае паходжанне, параўн. гоцк. trigo‑n ‘смутак’, або суадносіць з тры́зніць ‘вярзці, гаварыць у беспрытомнасці, галюцыніраваць’, польск. tryznić ‘марнаваць час’, што характарызуе паводзіны сваякоў у час чуйнасці над нябожчыкам (Зб. Крапіве, 213). Высновы пра няяснае паходжанне слова з аглядам магчымых версій гл. Рачава, Зб. Варбат, 318–328; ESJSt, 16, 984–985.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́льбух ‘трыбух’ (Сцяц.), ‘страўнік, начынены мясам’ (Мат. Гом.), ‘чэрава; страўнік у свінні’ (брэсц., ЛА, 1), ‘жывот, бруха; тоўсты чалавек’ (ТС); ‘вялікі жывот; чалавек з тоўстым жыватом’ (Мілк. Сл.). Сюды ж тэльба́та (гл.), тэльбухава́ты ‘трыбухаты’ (Сцяшк. Сл.), тэльбухова́тый ‘тс’ (Клім., Горбач, Зах.-пол. гов.; мазыр., З нар. сл.), телʼбуши́ти ‘трыбушыць’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Параўн. старое польск. дыял. telbuch ‘жывот’. Няясна. Звычайна разглядаецца як варыянт польск. terbuch ‘тс’ з чаргаваннем р/л (Сцяцко, БММ, 2, 209), якое было характэрна для польскай мовы, гл. Брукнер, 567; ЕСУМ, 5, 541, 627; Глухак, 637 і інш. У Брукнера telbuch ‘бруха’, terbuch, trybuch ‘тс’, trybuszyć ‘трыбушыць’ узводзіцца да праславянскага кораня і параўноўваецца з torba (гл. торба). Фасмер адмаўляе роднасць каранёў terb‑ і torb‑ (Фасмер, 4, 96), аднак не выключае сувязі з прасл. *kolbъ, што мае значэнне ‘круглы, выпуклы’, параўн. бел. ке́лбухі ‘кішкі, вантробы’ (гл.) пры коўб2 ‘свіны страўнік’, якое ў выніку замены к > т магло даць разглядаемую форму. Малаверагодна вывядзенне на аснове укр. дыял. телебу́х ‘вантробы жывёлы’, тельбо ‘вялікі жывот; чалавек з вялікім жыватом’ прасл. *tъlbo, *tъlbuch арэальна абмежаванай інавацыі, гл. Шульгач, Слов. етим., 454; адносна яе распаўсюджання гл. Сяткоўскі, Słow. nazwy, 218 (на мяжы Польшчы, Украіны і Беларусі). Няясныя адносіны да прыметніка чэш. tělpatý ‘тоўсты’, якое Махэк₂ (639) параўноўвае з рус. телепень, тельпень, тельпеш, гл. целяпень, цяльпеш. Хутчэй за ўсё, гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання, параўн. ід. telebenden ‘целяпацца, боўтацца’. Гл. таксама цельбух.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іржа́ць ’абзывацца ржаннем (пра каня); гучна, нястрымана смяяцца, рагатаць’ (ТСБМ, Бяс., Нас., Шат., Касп., Сцяшк. МГ), ірза́ць (Гарэц., Бяльк., Касп., Шат., Жд. 2), іржа́нне ’крык каня, конскі голас; гучны, нястрыманы рогат’ (ТСБМ, Нас.), ірза́ньня ’тс’ (Бяльк.). Рус. ржать, дыял. смал., зах.-бранск. иржа́ть, ирза́ть, укр. ржати, іржати, польск. rżeć, чэш. ržáti, славац. erdžať, hržať, славен. rzati, серб.-харв. р̏зати, макед. ʼржи. Ст.-слав. ръзати, ст.-рус. ръзати, ръжати. Беларуская форма з прыстаўным і‑. Прасл. *rъzati: ‑ž‑ пад уплывам форм цяп. ч. *rьžǫ. Бліжэйшыя паралелі: грэч. ἐρυγόντα, ἐρύγμηλος ’равучы’, лац. rūgiō, ‑īre, с.-ірл. rucht ’роў, выццё’, узыходзяць да і.-е. reug̑‑ (Покарны, 1, 867). Дзеяслоў гукапераймальнага характару. Гл. Праабражэнскі, 1, 201–202; Брукнер, 478; Махэк₂, 528; Фасмер, 3, 480–481. Параўн. рыкаць. Значэнне ’смяяцца’ другаснае, утворанае ад значэння ’абзывацца ржаннем (пра каня)’; параўн. аналагічную семантычную структуру слав. *regotati (гл. рагатаць). Семантычна адрозніваюцца иржа́ць ’настойліва, назойліва прасіць, патрабаваць, дабівацца’ (Нас.), ірза́ць ’дурэць, гойсаць, сваволіць’ (Юрч.). Мяркулава (Этимология, 1974, 63) звязвае гэтыя значэнні са страчаным семантычным звяном ’знаходзіцца ў перыядзе цечкі’, вядомым шмат якім славянскім дзеясловам гукапераймальнага характару. Старая семантыка захавалася ў н.-луж. ryžaś ’знаходзіцца ў перыядзе цечкі’, ’скакаць, бегаць, лютаваць’, ryžaty ’шумны, юрлівы, які знаходзіцца ў перыядзе цечкі’, ’моцна жадаючы чаго-н., прагны да чаго.-н.’; параўн. аналагічную семантычную трансфармацыю в.-луж. rjut ’спешка; моцнае жаданне’ (*ruja ’цечка’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пракулі́ка ’нешта незвычайнае, цуд (аб чалавеку)’ (слонім., Нар. лекс.). Дэрыват ад *пракулікаць з суф. ‑а або, паколькі няясна значэнне прыстаўкі, утварэнне з прыстаўкай пра- ад * кулі к (гл.). У такім выпадку, відаць, звязана з кулікушкі ’гульня ў жмуркі’, пры якой той, што жмурыць кугікае (пераймае крык куліка?), параўн. рус. кули кіі ’дзіцячая гульня ў хованкі’. Больш верагодна, аднак, непасрэдная сувязь з рус. кулік ’пераадзеты’, куликать ’п’янстваваць’, польск. kulik, kulig ’масленічная забава, калі пераапранутыя едуць на санях з музыкай і песнямі і адведваюць па дарозе суседзяў’, ст.-польск. kulig, kulik ’удзельнік масленічнай забавы’. Польскія і рускія словы параўноўваюцца з назвай птушкі кулік, паколькі гэтая забава ў Польшчы мае назву kiłliga gonić, na kuliga jeździć (m. Брукнер, 281; Фасмер, 2, 411). Паводле Банькоўскага (2, 851), завадзіла ў гэтай забаве быў у масцы з доўгім птушыным носам, удзельнікаў называлі ’начнымі кулікамі”, а сам звычай трапіў у Польшчу ’z Rusi”. Слаўскі (3, 350 і наст.) лічыць гэту версію народнай этымалогіяй і спасылаецца на параўнанні Мікпашыча (147) і Мацэнаўэра (LF, IX, 37) з лат. kulnas lėkt ’гуляць на масленіцу, браць удзел у маскарадзе’, якія, паводле Мюленбаха (2, 309), роднасныя лат. kuls ’грамада’, kula разам5, ст.-інд. kida‑ ’грамада’. На карысць гэтай версіі, магчыма, і акупіць ’адрынуць, адцурацца, аднесціся з пагардай’ (Нас.), што звязваюць з куляць (гл. акупяцца). Сувязь гэтай групы слоў з рус. о‑кула ’падманшчык’ і далей з лац. occulere ’ўкрываць, таіць’ < і.-е. *kel‑ ’зачыняць’, якую прапануе Патабня (РФВ, 3, 167 і наст.), Фасмер (2, 411) лічыць сумнеўнай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Магчы́, магці́ ’быць у стане’, ’мець магчымасць’ (Гарэц., ТСБМ, Шат., Бяльк.), ’верагоднасць дзеяння’, ’мець сілы выканаць’ (Сл. ПЗБ, ТСБМ, Шат., Бяльк.), махчы́ (Мал.), драг. можтэ́, можу́ (КЭС); укр. могти́, могчи́, мочи́, можу; рус. мочь, могу, ст.-рус. мочи, могу; польск. móc, mogę; н.-луж. móc, mogu; в.-луж. móc, móžu; чэш. moci, mohu (разм. můžu); славац. môcť, môžem; славен. móči, morem; серб.-харв. мо̀ћи, мо̀гу, макед. може, балг. мо́га; ст.-слав. мошти, могѫж. Прасл. mogťi, mogǫ з’яўляюцца рэліктам непадвоенага перфекта атэматычнага дзеяслова (гл. Трубецкой, Slavia, 1; Ваян, RÉS, 14, 27; Траўтман, KZ, 46, 180; Фрэнкель, IF, 53, 57; Бернекер, AfslPh, 38, 269). Таксама як і адзіны адпаведнік і.-е. *māgh‑/*mōgh‑ ’быць у стане’ ў герм. мовах: гоц., ст.-в.-ням. magan, mag, ням. mag, mögen (Махэк₂, 371), гэты славянскі дзеяслоў не мае самастойнага рэальнага значэння, а толькі вызначае пэўную акалічнасць пры дзеі. Збліжаецца некаторымі вучонымі з літ. magė́ti ’хацецца’, māgulas ’шмат які’ (Буга, РФВ, 72, 192), параўн. чэш. moc ’многа’, ст.-інд. mahān ’вялікі’, maha‑raja ’вялікі цар, махараджа’, лац. magaus ’вялікі’, літ. magùs ’жаданы’, mė́gti ’мне падабаецца’, mokė́sti ’магчы’, лат. mêgt ’тс’ (Эндзелін, RS, 11, 37). Гл. таксама Фасмер, 2, 635–636; Брукнер, 342; Скок, 2, 446–247 з л-рай; Бязлай, 2, 190. Сюды ж мага́ (гл.), магу́тны (гл.), маге́нне ’магчымасць, сіла’ (Нас.), магчыма ’можа, быць можа’ (ТСБМ, Гарэц.), магчымасць, магчымы ’які можа здарыцца, адбыцца’, ’які можна здзейсніць’ (ТСБМ, Гарэц., Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мазоль ’патаўшчэнне скуры ці пухір з вадкасцю на руках або нагах’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), мазуль ’тс’ (Шат.; карэліц., Шатал., Нар. лекс.; жлоб., Мат. Гом.), мозу͡оль ’язва, рана’ (Бес.), кам. мозы́ль (Шатал.). Укр. мозі́ль, мозо́ля, м́озуль; рус. мозо́ль, мозго́ль, музо́ль; польск. mozół ’цяжкая праца’, mozoła, modzel; н.-луж. mózol, в.-луж. mozl; чэш. mozol, mozoul, mozour, усх.-чэш. hlomouz; славац. mozoľ, славен. mozólj ’пухір ад апёку’, серб.-харв. шток. мозо̏л ’мазоль’, макед. мозол, балг. мазол, ст.-слав. мозоль ’сіняк’. Прасл. mozolь. Цупіца (KZ, 37, 398); Сольмсен (IF, 13, 137) параўноўваюць прасл. mozolь са ст.-в.-ням. masar ’нарасць на дрэве’, mâsa ’рубец, шрам’, грэч. μώλωψ (< mōsl‑) ’мазоль, шышка’. Матцэнаўэр (LF, 10, 334) і Младэнаў (302) набліжаюць mozolь да новав.-ням. Maser ’пражылак, узор на дрэве’ і літ. mãzgas ’вузел’, mezgù, mégsti ’вязаць’. Ільінскі (RS, 6, 222) параўноўвае са ст.-інд. mahánt‑, авест. mazant‑, алб. math, madhi, грэч. μέγας, лац. magaus, гоц. mikils ’вялікі’. Брукнер (346) дадае да літ. яшчэ ст.-в.-ням. masca, ням. Masche ’пятля’ (< і.-е. *mezg‑ ’плесці, вязаць’), гаворачы аб чаргаванні зычнай кораня ‑з‑ > ‑zg‑, ‑zd‑, ‑dz‑. Махэк₂ (377) сыходнай формай лічыць дзеяслоў mozgoliti ’ціснуць, рабіць мазалі’ (параўн. бел. мазголіць), якое ў выніку метатэзы паходзіць ад glomoziti (бел. гламаздзі́ць ’біць па галаве’ і інш.). Ад яго glomoz, glomuz (параўн. усх.-чэш. hlomouz, якое пасля адпадзення g‑ (> h‑) і метатэзы пераўтварылася ў mozol‑. Сюды ж бел. мазольны, мазолісты, мазалёвы ’набыты працай, намаганнямі’, ’які вымагае цяжкой працы’, ’які мае мазалі’ (Нас., ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)