ральга́нг
(ням. Rollgang, ад Roll = каток + Gang = ход)
1) прыстасаванне на роліках для транспартавання штучных грузаў;
2) ролікавы транспарцёр, які выкарыстоўваюць у пракатных станах для транспартавання пракату.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
кручо́к, ‑чка, м.
1. Памянш. да крук (у 1–4 знач.); невялікі крук. Павесіць паліто на кручок.
2. Прыстасаванне рознай формы з загібам на адным канцы, якое служыць для зачэплівання чаго‑н. Вязальны кручок. Рыбалоўны кручок. // Прыстасаванне для віцця вяровак. Я прынёс з сяней пакулле, дастаў кручкі, пачаў віць лейцы. Асіпенка.
3. Росчырк, завіток на пісьме. Стаўшы на лаве, Ніна вымае з-за іконы сшытак, які хавае туды ад Толіка. Садзіцца за сталом і пачынае крэмзаць свае кручкі і кружочкі. Брыль.
4. перан. Разм. Зачэпка, прыдзірка да каго‑н. [Гарбулёў] стараўся збянтэжыць Саламона рознымі спосабамі, скампраметаваць яго перад людзьмі. На гэта ў Гарбулёва было шмат кручкоў: Саламон кепска [вало]дае расійскай мовай. Не ведае матэматыкі. Не ведае такту. Бядуля.
5. Неадабр. Тое, што і кручкатвор.
6. Уст. Мера гарэлкі, роўная 250 г. Лабановіч цішком паслаў бабку Параску ў манапольку па кручок гарэлкі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паплаво́к 1, ‑паўка, м.
1. Частка вуды, якая ўтрымлівае лёску з кручком у час лову на патрэбнай глыбіні. Складаецца.. [вуда] з вудзільна, лескі, паводка, паплаўка, груза і кручка. Матрунёнак. Рыба не клявала, і круглы чырвоны паплавок нерухома ляжаў на вадзе. Чыгрынаў. // Прыстасаванне да рыбалоўнай сеткі, якое трымае яе на пэўнай глыбіні. Грымяць лябёдкі — і за бортам сетка, І рабізной на хвалях — паплаўкі. Звонак.
2. Надзьмуты паветрам прагумаваны мех, які выкарыстоўваюць як апору пры тэрміновым навядзенні мастоў, паромаў. Сапёры павялі.. пантонную пераправу. Гэта такі часовы мост, які трымаецца на паплаўках. Юрэвіч. Шыпяць паплаўкі, выходзіць з іх паветра, і ўсё ніжэй і ніжэй нахіляецца плыт. Лынькоў.
3. Прыстасаванне для ўзлёту і пасадкі гідрасамалётаў.
4. Спец. Асноўная частка некаторых прылад. Паплавок карбюратара.
паплаво́к 2, ‑лаўка, м.
Тое, што і паплавец. Перад самаю вёскаю вол забаставаў: звярнуў з дарогі на паплавок. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Лабя́к 1 ’залобак’ (Янк. Мат.), ’вальма’ (Мат. Маг.), ’зашчытак у хляве’ (ДАБМ, к. 230), ’франтон’ (Мат. Гом.), лъбя́к ’тс’ ’падфрантонная сцяна ў будынку’ (міёр., Нар. сл.), ’вільчык’ (паст., Сл. паўн.-зах.) — рэгіянальнае ўтварэнне ад лоб 3 і суф. ‑ʼак. Гл. таксама лаба́к 1.
Лабя́к 2 ’прыстасаванне, якім рэгуляваўся ход плыта’ (Інстр. 3), лобя́к ’прыстасаванне, прыс, жардзіна, шост, якімі на лодцы адпіхваюць ад берага’ (ТС). Да лоб 1. Гл. таксама лаба́к 2.
Лабя́к 3, лабячок ’прыродны курганок на полі з жоўтага пяску’ (КЭС, лаг., Юрч., Вытв. сл.), лыбя́к ’схіл ці верх пагорка’ (Яўс.), лъбя́к ’зямельны ўчастак на высокім, адкрытым месцы, па якім дрэнна родзіць’ (Нар. сл.), ’незасеяны кавалак зямлі’ (Мат. Маг.) — рэгіянальнае ўтварэнне ад лоб 1 (гл.) і суф. ‑як. Сюды ж лыбікава́ты ’ўзгоркаваты’ (Яўс.).
Лабя́к 4 ’абібок, няўклюда’ (Мат. Гом.) — рэгіянальнае ўтварэнне ад лоб 1 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Се́жа ‘сетка, якой перагароджваюць раку’ (Бяльк., Жд. 1; уздз., Сл. ПЗБ), ‘перагародка на рацэ, на вузкіх праходах пры спадзе вады, закота’ (шальч., Сл. ПЗБ; Дэмб. 2), ‘стаўная сетка ў выглядзе мяшка з крылом’ (мёрск., ЖНС), ‘рыбны садок на рацэ’ (Гарб.), ‘засада на зайца, дзіка і мядзведзя’ (Пятк. 2), сеж ‘сежа’ (Дэмб. 2), сі́жа (у рыбалоўстве) (мсцісл., Янк. 3.), ст.-бел. сеж ‘перагародка на рацэ’ (Статут 1588 г.). Укр. се́жа, сіе́жа, сяжа́, сьіж ‘тын на рацэ для лоўлі рыбы’, рус. се́жа ‘сетка або прыстасаванне на рацэ для лоўлі рыбы’, ст.-рус. сѣжа ‘рыбалоўная сетка’, серб.-харв. сје̋ђа ‘прыстасаванне для лоўлі рыбы’. Прасл. *sědja, ад асновы *sěd‑ (гл. сесці), першапачаткова ‘сядзенне’, параўн. славен. seja ‘пасяджэнне’. Параўноўваюць з літ. per‑séda ‘закота для лоўлі рыбы’, sédžia ‘куль у рыбалоўнай закоце’, лат. sêža ‘сядзенне’; гл. Буга, Rinkt., 1, 481; Фрэнкель, 770; Фасмер, 3, 591; ЕСУМ, 5, 496.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
касе́та
(англ. cassette, фр. cassette, ад іт. cassetta)
1) святлонепранікальны футляр для захавання святлоадчувальных матэрыялаў (фота- і кінастужак);
2) плоская каробка для магнітафоннай стужкі;
3) прыстасаванне, якое забяспечвае аптымальныя ўмовы для захавання і транспарціроўкі розных прыбораў і матэрыялаў.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
Вяша́к ’пятля на адзенні для вешання’ (Жд., КСТ); ’насценная вешалка’ (Жд., 2, КСТ, Сцяц.), вешак, вешакі ’прыстасаванне для сушкі’ (КСТ), вэшак ’жэрдка ў лазні, на якую вешаюць бялізну’ (лун., Шатал.). Улічваючы суфіксацыю і зону распаўсюджання слова, можна з упэўненасцю меркаваць, што гэта запазычанне з польскай мовы. Параўн. польск. wieszak ’вешалка, пятля на адзенні для вешання і да т. п.’, в.-луж. wěšak ’вешалка’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Маркёр 1 ’асоба, якая прыслужвае і вядзе падлік пры гульні ў більярд’ (ТСБМ). Праз рус. мову з франц. marqueur < marquer ’рабіць паметы, зазначаць’ (Фасмер, 2, 574), якое з ням. Mark(e) (гл. марка).
Маркёр 2 ’прыстасаванне, якім праводзяцца пасяўныя або пасадачныя радкі ці разоркі’ (ТСБМ), марке́р ’тс’ (Жд. 1). З польск. markier або з рус. маркёр, якія з франц. marqueur (як маркёр 1).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Па́ставень, пастовэнь ’выган ля сяла, дзе пасецца скаціна’ (Бес.). Укр. чарніг. пистівень. Утворана ад паства ’паша’ пры дапамозе суфікса ‑авень (аб ім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 143).
Паста́вень ’прыстасаванне для лоўлі рыбы’ (Мат. Маг.). Да пасто́віць < ставіць (гл.). Аб суфіксе ‑ень гл. Сцяцко, Афікс. наз., 38. Сюды ж (з іншым суфіксам) і пастаўкі ’рыбацкая прылада — вудачка, намотаная на рагульку’ (Янк. 1).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пра́сніца ’прыстасаванне, да якога прывязваецца кудзеля пры прадзенні’ (ТСБМ, Касп.; в.-дзв., Сл. ПЗБ; карм., Мат. Гом., Бяльк., Влад.), пра́сліца ’тс’ (Касп., Шат., Влад.), пра́ліца (Сл. ПЗБ; рас., Шатал.), рус. пря́сница, пря́слица, польск. przęślica, чэш. přeslice, славац. praslica, серб.-харв. пре̏слица, славен. préslica. Прасл. *pręsnica (Трубачоў, Этимология–1963, 20) і *pręslica (Махэк₂, 494). Утварэнні з рознымі суф. ад *pręsti, prędǫ (гл. прасці).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)