МЕТО́НАЎ ЦЫКЛ,

19-гадовы каляндарны цыкл (6940 сут), які служыць для ўзгаднення працягласці сінадычнага месяца і сонечнага года ў месяцава-сонечных календарах.

Прапанаваны ў 433 да н.э. афінскім вучоным Метанам і лёг у аснову стараж.-грэч. календара. М.ц. звязаны з набліжанай (з дакладнасцю да некалькіх гадзін) роўнасцю: 19 трапічных гадоў = 235 сінадычным месяцам. Хібнасць у зруху фаз Месяца складае 1 сут за 219 гадоў. М.ц. складаецца з 12 гадоў па 12 месяцаў і 7 гадоў па 13 месяцаў (з устаўным месяцам). 125 месяцаў «поўныя» — па 30 сут, а астатнія 110 «пустыя» — па 29 сут. М.ц. выкарыстоўваецца ў яўр. і інш. календарах.

т. 10, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ВАД,

традыцыйная рыбалоўная снасць. Вядома са стараж. часоў у беларусаў, рускіх і інш. народаў. Складаецца з сеткавага мяшка (куля) і двух прывязаных да яго сеткавых палотнішчаў (крылаў). Па супрацьлеглых баках кожнага працягвалі вяроўкі (цяцівы). Верхняя вяроўка аснашчалася паплаўкамі, ніжняя — грузіламі. Па канцах крылаў мацавалі тоўстыя палкі (клячы, кабылы), каб у час руху яны не скручваліся, з абодвух канцоў да іх прывязвалі вяроўкі (вілы), якія пры нацягванні ўтваралі з палкамі трохвугольнікі. Па сярэдзіне віл прымацоўвалі другія вяроўкі (кадолы), за якія цягнулі Н. У залежнасці ад памераў і спосабаў лоўлі вылучалі зімовыя Н., летнія, мутнікі і брэдні. Пашыраны па ўсёй Беларусі.

І.​М.​Браім.

Невад.

т. 11, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

nip​1 [nɪp] n.

1. шчыпо́к;

give smb. a nip ушчыпну́ць каго́-н.

2. уку́с;

The dog gave me a nip on the arm. Сабака ўкусіў мяне за руку.

3. пахалада́нне;

There’s a nip in the air today. Сёння мароз пашчыпвае.

4. infml глыто́к, ча́рачка (спіртнога);

a nip of whisky глыто́к, ча́рачка ві́скі;

take a nip прапусці́ць па мале́нькай

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

слі́згацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Рухацца па гладкай слізкай паверхні, не адрываючыся ад яе. Крактала, угіналася пад возам рака, коні .. імчаліся, секлі лёд падковамі, і заднія калёсы слізгаліся, сунуліся. Капыловіч. // Не мець устойлівасці, ссоўвацца з месца, не могучы ўтрымацца на слізкай паверхні, саслізгваць. А падлога маляваная, гладкая, слізкая, я проста на нагах стаяць не магу, — усё слізгаюся. Бядуля. Але з непрывычкі нож .. чамусьці не слухаўся [Косціка]: ён то лёгка слізгаўся па версе кары, то глыбока ўядаўся ў корань. Якімовіч. // Не трымацца, выслізгваць. Чаўнок слізгаецца з рук. □ Паклаўшы жменю [пшаніцы], .. [Марыя] плявала сабе ў правую далонь, каб ручка сярпа не слізгалася, і жала далей. Пестрак.

2. Катацца, коўзацца. Слізгацца па лёдзе. Слізгацца на каньках. □ Зімою добра было слізгацца па лёдзе, вечарам пад шум бору за сцяной слухаць казкі. Ліс.

3. Тое, што і слізгаць (у 3 знач.). Водбліскі зор, здаецца, слізгаюцца па шыбінах і адбываюцца на твары Косціка. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́дзі прыназ. ’з-за’ (Ян., ТС), ра́дзі, ра́ді ’з прычыны, дзеля’ (Сл. ПЗБ). Архаізм, магчыма другаснае запазычанне з рус. ра́ди ’з-за’, ’з мэтай чаго-небудзь’. Укр. ра́ди, зара́ди, славен. zaradi, серб. ра̑ди, харв. rȁdi, балг. заради́, старое ради, макед. поради, заради, ст.-слав. ради. Да прасл. *radi, якое лічыцца прамым пранікненнем ст.-перс. rādiy ’тс’ (Мартынаў, Становление, 37); іншыя разглядаюць іх як акамянелыя формы лакатыва нейкага назоўніка з тым жа і.-е. коранем (Чарных, 2, 93); паводле Глухака (515), утварэнне ад асновы на i прасл. *radь ж. р., суадноснага з прыметнікам *radъ (гл. рады) па тыпу дзе́ля: дзе́ла (гл.), лац. causā: causa ’справа, праца’ і пад. Аўтары ESJSt (12, 744) схіляюцца да непасрэднай сувязі з *raditi/roditi ’дбаць, старацца’ (гл. рад 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́кавіна 1 ’прамежак паміж капытоў у жывёлін’, ’раздвоены капыт (каровы, свінні, казы)’ (ганц., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), ракава́ціна (ганц., Сл. ПЗБ), рако́ўня (чэш., ЛА, 1), ра́кавішкі мн. л. (круп., Лекс. ландш., 56), ра́кавіца (добр.). Істотна, што назва азначае менавіта раздвоены капыт парнакапытных (каровы, свінні, казы). Па існуючай этымалогіі выводзіцца ад *raky, *rakъve ’абалонка’ (Фасмер, 3, 439). Аднак дня акрэслення першаснага значэння трэба звярнуць увагу на ўласна ’прамежак’, адсюль ра́кавіна развівае старажытную семантыку раздвоенасці ці выгнутасці (гл. рак 1, 3, ракі).

Ра́кавіна 2 ’ракавіна малюска’ (ТСБМ, Мат. Гом.), з-за адзінкавасці фіксацыі ў народнай мове, хутчэй за ўсё, запазычана з рус. ра́ковина ’тс’.

*Ра́кавіна 3, ра́ковіна ’нарост, гуз на дрэве’ (ТС). Імаверна, звязана з рак 2 (гл.) ’хвароба, вонкавай прыкметай каторай з’яўляецца зацвярдзелая язва асаблівага выгляду’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗЯМЕ́ЛЬНЫ КАДА́СТР, Дзяржаўны зямельны кадастр,

сістэма дакументаў і неабходных звестак аб прававым рэжыме зямель, іх размеркаванні па ўласніках, землеўладальніках, землекарыстальніках і па катэгорыях зямель, а таксама аб якасных характарыстыках і нар.-гасп. каштоўнасці зямель, якія маюць абавязковае значэнне для ўсіх суб’ектаў зямельных адносін і зацверджаны спец. упаўнаважанымі дзярж. органамі. Гэтыя звесткі фарміруюцца ў выніку тапографа-геад., аэрафотагеад., глебавых, геабат. і інш. абследаванняў, аграметэаралагічных назіранняў, рэгістрацыі землеўладанняў, землекарыстанняў і прыватных зямельных участкаў, уліку і ацэнкі зямель. Парадак вядзення З.к. ўстанаўліваецца ўрадам. У Рэспубліцы Беларусь З.к. вядзецца за кошт сродкаў дзярж. бюджэту з мэтай забеспячэння дзярж. органаў, устаноў і інш. суб’ектаў гаспадарання дакладнымі звесткамі пра канкрэтны зямельны ўчастак, яго рацыянальнага выкарыстання і аховы, абгрунтавання памераў платы за зямлю і інш. У зямельным заканадаўстве вызначаны крыніцы інфармацыі, што ўключаюцца ў кадастр, формы кадастравай дакументацыі, перыядычнасць абнаўлення кадастравых звестак і інш. Службовыя асобы нясуць юрыд. адказнасць за дакладнасць звестак, якія знаходзяцца ў зямельна-кадастравай кнізе раёна (горада).

В.​М.​Заркоў.

т. 7, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОБРАНАДЗЕ́ЙНАСЦЬ,

адно з маральна-этычных і паліт. паняццяў, якое адлюстроўвае адносіны дзяржавы і яе спец. органаў, грамадскіх і інш. арг-цый да асобы. Па меры развіцця грамадства ўдакладняўся і ўскладняўся механізм кантролю за грамадска-паліт. і асабістым жыццём грамадзян, іх адносінамі да рэлігіі, палітыкі дзяржавы і яе мясц. органаў. Са з’яўленнем тэхнатронных сродкаў і камп’ютэрызацыі з’явілася магчымасць татальнага нагляду за Д. грамадзян у межах дзяржавы і міжнар. маштабе.

На Беларусі ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай за Д. грамадзян назіралі царква і прадстаўнікі ўлады, у Расіі спец. дзярж. орган — жандармерыя, пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 — органы ДПУ, АДПУ, НКУС, КДБ.

т. 6, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭДЫ́Т ВЭ́КСАЛЬНЫ,

крэдытная аперацыя, якая ўяўляе сабой куплю вэксаля да надыходу тэрміну плацяжу па ім (улік вэксаля). Пры К.в. пакупнік вэксаля (звычайна камерцыйны банк або банкаўская кантора) датэрмінова выплачвае (крэдытуе) яго трымальніку суму, на якую выпісаны вэксаль, за вылікам працэнтаў, памер якіх вызначаецца пагадненнем бакоў на базе існуючага працэнта за крэдытны капітал у залежнасці ад якасці і тэрміну вэксаля. Пры гэтым пакупнік вэксаля атрымлівае прыбытак за кошт розніцы паміж сумай, якую ён атрымае ў выпадку аплаты вэксаля абавязанай асобай, і сумай, выплачанай пры К.в. Звычайна да ўліку прымаюцца вэксалі, што ўтрымліваюць абавязацельствы фірм, плацежаздольнасць якіх гарантавана.

т. 8, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ле́свіца, ‑ы, ж.

1. Збудаванне ў выглядзе раду ступенек для пад’ёму і спуску. Каменная лесвіца. Вінтавая лесвіца. □ Адразу за дзвярыма вузкая лесвіца з драўлянымі слізкімі парэнчамі. Галавач. Экскурсанты з шумам і жартамі падымаліся па лесвіцы. Краўчанка.

2. Пераноснае прыстасаванне для пад’ёму і спуску; драбіны (у 1 знач.). Адзін баец пайшоў у пуню, другі на дрывотню, а Свідзерскі па лесвіцы, прыстаўленай да зашчытка, палез на гарышча. Хомчанка. [Валодзя] перавёў позірк на Стася, які ўжо сядзеў на маленькай стаячай лесвіцы, накшталт тых, што бываюць у бібліятэках. Шамякін.

3. перан. Паслядоўнае размяшчэнне па ўзыходзячай лініі, ад ніжэйшага да вышэйшага (якіх‑н. прадметаў, асоб, чыноў і пад.). Іерархічная лесвіца. Класіфікацыйная лесвіца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)