Габ ’вяз, Ulmus’ (Весці, 1969, 4, 125), габіна ’вяз гладкі, звычайны, Ulmus laevis L.’ (Гродз. Ан.; Кіс.) — Кіс., 135. Польск. gab, gabina ’тс’. Раней лічылі, што гэтыя слав. словы роднасныя з літ. guobà, gúobas ’тс’, лат. guôba (і далей з слав. назвамі дрэў *gabrъ, *grabrъ, *grabъ). Параўн. Буга (Rinkt., 1, 604), які параўноўвае слав. *gabrъ, польск. gab, gabina з балт. словамі і аддзяляе *grabъ (II, 104, 340; Фрэнкель, 1, 176–177). Непакупны (Лекс. балтызмы, 29) указвае, што польск. словы лакалізуюцца ў гаворках Аўгустоўскага павета па суседству з Гродзеншчынай. Польск. і бел. словы ўтвараюць пэўны арэал каля паўднёвай граніцы Літвы і з’яўляюцца запазычаннем з літ. мовы. Застаецца няясным пытанне пра шлях запазычання ў бел. мову (прама з літ. мовы ці праз польск.). Таксама няясна, як утварылася вытворнае габіна самастойна (ад габ) ці гэта запазычанне з польск. gabina? Формы габ могуць адлюстроўваць літ. gúobas, а габіна, gabina (< *gaba?), магчыма, узыходзяць да літ. guobà (для тыпу габіна гэта меркаванне не абавязковае: габіна можа быць утворана прама ад габ, а не ад габа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каю́к1 ’рачное вёслава-паруснае грузавое судна’ (ТСБМ); таксама ’лодка’. Рус. каю́к, укр. каю́к. Слова не вельмі яснага паходжання (прынамсі, што датычыцца фармальнага боку этымалогіі). Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў. Параўн. тат., тур., крым.-тат., казах. kajyk. Так у Фасмера, 2, 215 (гл. яшчэ Бернекер, 1, 469; Корш, AfslPh, IX, 507–508). Няясна, як узнікла форма каю́к, якая пашырана ва ўсх.-слав. мовах. Паводле Шанскага, 2, К, 107, упершыню назва каюк зафіксавана ў рус. дакументах у 1614 г. Адносна формы каю́к Шанскі, там жа, мяркуе, што гэта кантамінацыя слова кайык (kajyk ’лодка’ і чагат. каюк ’загнуты назад’.

Каюк2 ’канец, пагібель, смерць’ (ТСБМ, БРС, Шат., Бяльк.). Усх.-слав. утварэнне (параўн. рус. каю́к, укр. каю́к ’тс’). У слоўніках рус. мовы ўпершыню, як дыялектнае, адзначаецца ў 1909 г. Мяркуюць, што гэта назва ўзнікла на аснве ўжо існуючага слова каю́к ’лодка-душагубка’ (плаванне і такіх лодках было вельмі небяспечным) у выніку лексікалізацыі. Гл. Шанскі, 2, K, 107. Параўн. апісанне лодкі-каюка ў Даля: «долбушка, однодеревка без набоев или душегубка, лодченка, каючек» (т. II, 101).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́лкі, ме́лкій, ме́ленькі, віл. мялкі́ ’які мае невялікую глыбіню’, ’невысокі, з нізкімі краямі’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., ТС, Сл. ПЗБ), ст.-бел. мѣлкий ’дробны’, ’неглыбокі’, ’неістотны, малазначны’ (Булахаў, Гіст., 128); укр. мілки́й, рус. ме́лкий, ст.-рус. мѣлкий ’невялікі’, ’неглыбокі’, ’нязначны паводле колькасці’, ’бедны’, ’дробны’, польск. miałki, н.-луж. mjałki, měłki, в.-луж. niłki, чэш. mělký, славац. melký ’неглыбокі’, славен. mȋwka, mȋlka ’дробны рачны пясок’, ст.-серб.-харв. миоки ’плыткі’ (Бернекер, 2, 48). Прасл. mělъkъ. Далей няясна. Магчыма, ад melti ’малоць’ з падаўжэннем вакалізму асновы (Бернекер, там жа; Брандт, РФВ, 22, 356) і з дадаваннем фарманта і.-е. *‑qo‑, параўн. ст.-ісл. melr ’мель’ < mala ’малоць’. Буга (Rinkt, 1, 464; 2, 405), Мацэнаўэр (LF, 11, 169), Траўтман (165) і іншыя параўноўваюць прасл. mělъkъ з літ. maíla, maĩlius ’маляўкі’, лат. maĩle ’рыба ялец, Alburnus lucidus’, mailens ’сетка для малькоў’, ст.-ісл. mjór ’тонкі, дробны, вузкі, цесны’ і з прасл. mьnʼjь ’меншы’, — у чым Фасмер (2, 596) і Махэк₂ (359) сумняваюцца. Сюды ж віл. мелкаводзь ’мелкаводдзе’ (Сл. ПЗБ), мелкаслоіна, мелкаслойка ’драўніна з павівастым слоем’ (Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ня́хаць ’бегаць у пошуках спажывы’. Няясна; магчыма, звязана з Ахаць (яхыць) ’брахаць (пра сабаку, які праследуе здабычу)’, гл. Параўн. таксама нах‑нах! ’падзыўныя воклічы для сабакі’ (мсцісл., З нар. сл.), якое разглядаецца як фанетычнае перайманне голасу сабакі, што праследуе звера (Тура, Этнолингвистика текста. Семиотика малых форм фольклора, І. Тез. и предв. мат-лы к симп. М., 1988, 107); у такім выпадку змякчэнне можа мець экспрэсіўны характар, параўн. ня‑ня ’тс’ (гл.), рус. нех‑нех ’словы, якімі падклікаюць сабак’.

Няха́ць, няхаіць ’адкладваць справу з-за гультайства ці нядбальства’ (Нас.), укр. нехати ’не рухаць’, нехаяти ’не дбаць; ігнараваць што-небудзь’, рус. нехати ’пакідаць, пушчаць’, польск. niechać ’дапускаць, дазваляць; не рухаць, пакідаць у спакоі, не звяртаць увагі’, чэш. nechati ’тс’, славац. nechať ’тс’, в.-луж. njechać, н.-луж. njechaś ’не цікавіцца, не мець жадання’, палаб. nechat ’пушчаць’, славен. nehati ’перастаць, пусціць’, серб.-харв. не xäjam ’не звяртаць увагі, не клапаціцца’, балг. нехая ’не турбавацца, не клапаціцца’. Прасл. *nechajati/*nechatiy утворанае ад *chajati/*chatiy этымалагічна не зусім яснага, параўн. Бязлай, 1, 190; Шустар-Шэўц, 13, 1010; Фасмер, 3, 70; Махэк₂, 394. Параўн. хаяць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пот1 ’вадкасць, вылучаемая падскурнымі залозамі’, ’вільготны налёт на прадметах’ (ТСБМ: пух., бяроз., КЭС; драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.; Сл. ПЗБ, Ян., ТС, Бяльк.), ст.-бел. пот (Сл. Скар.), сюды ж путкі ’потны’ (Нас., Касп., Байк. і Некр.). Параўн. укр. піт, рус. пот, польск. pot, в.-луж. pót, чэш. pot, славац. pot, славен. pȏt, серб. по̏т, харв. pôt, балг. пот, макед. пот, ст.-слав. потъ ’тс’. Няма адпаведнікаў у балтыйскіх мовах. Агульнапрынятая этымалогія (Міклашыч, 260; Махэк₂, 474; Скок, 3, 17; Фасмер, 3, 343; Голуб-Копечны, 288; Шустар-Шэўц, 2, 1141; Бязлай, 3, 94) ад *pok‑/*pek‑ (што звязана з пячы, гл.) > *pok‑tъ (дзе ‑іь‑ — суфікс, як у мост, молат і пад.) > *potъ. Даслоўна азначае ’выпек’, ’вынік перагрэву’. Семантычна блізкія н.-луж. znoj ’пот’, ст.-слав. варъ/вара ’тс’.

Пот2 ’воск’ (Анох.). Звязана з уяўленнем пра тое, што воск так выдзяляецца ў пчол, як пот з цела чалавека: пчолы воск поцяць. Гл. пот1.

Пот3 ’рыжы, непрыдатны асадак у дзёгці’ (Бяльк.). Няясна. Магчыма, да под ’ніз’ (гл.)

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пярэ́слюга (пырэ́слюга) ’грузкая мясціна’ (кам., ЖНС), укр. переслю́га ’паласа, смуга, лінія’. Сюды ж, магчыма, харв. prȅslijež ’даліна паміж двух узгоркаў’. Няясна. Аўтары ЕСУМ (4, 346–347) звязваюць украінскае слова, а таксама укр. переслю́гуватий, перешлю́говатий ’няроўнамерны; з прагалінамі; няпоўны’, з слюга́ ’непагадзь, макрэча, слата’, што не здаецца пераканальным; больш верагодная сувязь з лат. sluogsne, sluõksne ’вузкая паласа’. Апошняе дазваляе далучыць сюды і рус. переслёга, пересле́жина ’брак у пражы’ (’тонкае месца ў пражы’?), славен. preslẹ̑gast ’з прасветамі, няроўнамерна размеркаваны’, preslegasto platno ’працёртае палатно, у якім відаць ніткі’, сувязь якіх з папярэднімі не здаецца відавочнай. Адносна апошніх гл. Фасмер, 3, 239. Бязлай (3, 115) далучае сюды і рус. пересле́га ’перакладзіна ў страсе’ і рэканструюе прасл. *per‑slěg‑ (*per‑sъlěg‑), што да *leg‑ti (гл. ляжаць, лажбіна)). Скок (3, 35) харвацкае слова ўзводзіць да *pręslo (гл. прасла), што ў выпадку абгрунтаванасці гэтай версіі выводзіць яго за межы ўсходнеславянскіх геаграфічных тэрмінаў. Параўн., аднак, балг. дыял. прешлу́га ’тоўстае месца на нітцы’, прешлю́га ’хвошч’, прешлю́гав ’няроўна спрадзены’, якія БЕР (5, 671) узводзіць да *pręsti (гл. прасці), што малаверагодна пры ідэнтыфікацыі названых слоў з адпаведнымі ўсходнеславянскімі (балг. пре‑ = рус. пере‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сціх1 ’супакой, цішыня’ (Барад., Юрч. Вытв.), ’спакой, канец’ (Сцяц. Сл.), стіх ’кароткі адрэзак часу’; у значэнні прысл. стіха́мі ’часамі’: стіхамі мніе голова боліт (беласт., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стих, стиг ’міг’, ’хвілінка, момант’, стих ’урок’ (Шымк. Сл.), рус. стих ’дзіўны стан, блазенства, нечаканы ўчынак’ у выразе стих нашёл, славац. stih ’вольны час, вольная хвіліна’. Няясна з-за разнастайнасці значэнняў. Хутчэй за ўсё, дэвербатыў ад сціхаць (гл.), падобна да міг ад мігаць; развіццё значэння ад ’раптоўная ціша’ да ’нечаканасць’ і ’момант’. У ЕСУМ (5, 414) дапускаюць сувязь з укр. сти́гнути (гл. засцігнуць); вывядзенне слова Зубатым (Studie, 163) з балцкіх моў лічыцца менш верагодным. Праабражэнскі (2, 387) выводзіць рускі выраз са стих ’палоска пры пляценні, радок лыка пры пляценні лапцей’, што, на думку Вінаградава (Этимология–1968, 167), сумніўна; не менш сумніўнай бачыцца і яго прапанова звязаць з грэч. στίχος ’радок у вершы’ (гл. сціх2) праз стадыю ’замова’. Сюды ж, відаць, і сціш ’цішыня’ (Ласт.).

Сціх2 ’верш’ (Сл. ПЗБ), сцішо́к ’вершык’ (Бяльк.). Запазычана з рус. стих, стішо́к ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асака́1 расліна Carex L.’ (БРС, Гарэц., Яруш.), осо́ка (Бесар.), палес. осока ’аер, Acorus Caramus’ (Бейл.), маг. сака́ ’Carex L.’ (Юрч., Гарэц.). Рус., укр. осока ’Carex’, польск. osoka ’Stratiotes aloides’ (балотная расліна, як і аер ці асака), ранейшы цытаваны прыклад (XIX ст.) у Дарашэўскага — з Мінскай губерні, таму, магчыма, польскае з беларускай. Няясна. Параўноўваюць з літ. ãšakà, лат. asaka ’рыбная костка’ (Мюленбах-Эндзелін, 1, 142; Фрэнкель, 18; Буга, Rinkt., 2, 295), а далей узводзяць да і.-е. кораня *ăkʼ‑ (гл. востры) (Міклашыч, 227). Міклашыч (290) звязваў і з коранем *sek‑ (гл. сячы), што вядзе да параўнанняў з ням. Säge ’піла’, англа.-сакс. secg ’асака, трыснёг’ (гл. Фасмер, 3, 163, і ўказ. там літаратуру). Магілёўская форма без а‑ можа тлумачыцца ці непасрэдна ад кораня sek‑, ці як вынік усячэння пачатковага а‑ (Зубаты, Studie, II, 2, 108, лічыў, што гэта а‑ ўспрымалася як прэфікс, але ў гэтым няма неабходнасці: а‑ магло ўспрымацца і як пратэтычнае).

Асака́2 ў выразе «асакою лезці (скакаць) у вочы» (з варыянтамі: ас(в)ою, сляпіцаю) ’назойліва прыставаць, невыносна дакучаць’ (Янк. БП, 396; Янк. БФ, 57). Магчыма, кантамінацыя слоў аса і асака, падмацаваная беларускімі экспрэсіўнымі ўтварэннямі на ‑ка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Варушы́ць ’варушыць, пераварочваць’ (Гарэц., Шат., Касп., Бяльк.); ’рухаць’ (Яруш., БРС), варушы́цца ’рухацца, катацца’ (Касп., Гарэц., БРС, Яруш., КЭС, лаг.). Сюды ж вару́хаць, вару́хацца ’рухаць, рухацца, кратацца’ (Др.-Падб.), варо́хаць (Гарэц., Др.-Падб.). Рус. вороши́ть, ворохну́ться ’варухнуцца’, укр. ворухну́ти ’варухнуць’, воруши́ти ’варушыць’. Відаць, утварэнне ад прасл. *vorxъ ’куча, ворах’: укр. во́рох, ц.-слав. врахъ, балг. врах ’ток, снапы, прыгатаваныя для абмалоту’. Прасл. vorxъ з *vorsъ. Няясна, ці сюды ж польск. zawroch ’вецер са снегам, віхар’. У аблаутнай форме сюды прасл. *veršti (*verx‑ti) *vьrxǫ ’малаціць’, ц.-слав. врѣшти вьрху ’тс’, балг. връха́ ’малачу’, серб. вре́ћи, славен. vršiti ’малаціць збожжа, пускаючы жывёлу таптацца па ім’. І.‑е. *u̯ers‑: лат. vârsms (vàrsmis) ’збожжа, прыгатаванае для абмалоту, ворах правеянага зерня’, грэч. ἔρρω ’цягнуся, валачуся і да т. п.’ (*u̯ersi̯ō), лац. verrō ’цягну, валаку, замятаю’ (*versō), ст.-в.-ням. wërran ’блытаць, заблытваць, рабіць беспарадак’ (першаснае значэнне і.-е. *u̯ers‑ ’валачы, цягнуць’). Укр. ворухну́ти, воруши́ти з ворохну́ти і да т. п. як рэзультат укаючага вымаўлення ‑о‑ не пад націскам або хутчэй пад уплывам семантычна блізкага дзеяслова тыпу ру́хати (бел. ру́хаць). Аб гэтым сведчыць і бел. форма варушы́ць (замест фанетычнага *варашы́ць). Гл. Фасмер, 1, 355.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Знібе́ць ’аднастайна, тупа балець’ (Юрч. Сін., Мат. Гом.), знібіла ’ныцік, плакса’ (Юрч. Вытв.), — у Юрчанкі без націску. Рус. знобить ’адчуваць холад’, смал. знобе́ть ’пакутаваць’, смал., паўд.-сіб., алан., ярасл., паўн. зноби́ть ’пакутаваць’, укр. зноби́ти ’прастуджваць’, польск. дыял. znobić ’халадзіць’, чэш. znobiti ’астуджаны, адчуваць холад’, славац. znobiť ’марозіць, халадзіць’. Ст.-рус. знобити ’марозіць, халадзіць’ (XII∼XVII стст.). Параўн. балг. дыял. зно̀ба ’хваравіты стан’. У бел. захавалася форма з дзеяслоўным вакалізмам у адрозненне ад адназоўнікавай формы тыпу рус. знобить, якая прадстаўлена ў зазноба (гл.). Бел. і рус. дыял. значэнне ’балець’ магчыма разглядаць як пашырэнне значэння ’адчуваць холад’, якое можа лічыцца першасным. Znobiti ’марозіць’ звязваюць з zęb (гл. зяб1). Міклашыч, 401; Фасмер, 2, 101, БЕР, 1, 650; тут магла быць метатэза *zenb‑ > *zneb‑ (?) У супастаўленне ўключаюць зіма (гл.). Праабражэнскі, 254, Махэк₂, 707–708. Выдзяляюць прасл. корань *zьn‑, да якога далучаецца суфікс ‑ob‑a (але як тады быць з бел. формай?). Шанскі, 2, З, 102; Скок, 3, 659. Параўноўваюць з і.-е. *gʼen‑ ’нарадзіць, нарадзіцца’. Трубачоў, ВЯ, 1957, 2, 90; Трубачоў, Ист. терм., 153–154. Не выключана энатыясемічная сувязь з znojь (гл. зноіць); гл. зазноба. Адзінцоў, Этимология, 1974, 117–120. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)