пустыня ў Паўн. Афрыцы, самая вялікая на зямным шары. Пл. каля 7 млн.км². Працягваецца на 5,7 тыс.км ад Атлантычнага ак. на З да Чырвонага м. на У. Шыр. да 2 тыс.км. На Пн мяжуе з паўд. перадгор’ямі Атласа і ўзбярэжжам Міжземнага м. На Пд пераходзіць у Сахель (паўд. мяжа можа перамяшчацца на Пн ці Пд у залежнасці ад вільготнасці года). На тэр. С. размешчаны поўнасцю або часткова дзяржавы: Марока, Туніс, Алжыр, Лівія, Егіпет, Зах. Сахара, Маўрытанія, Малі, Нігер, Чад, Судан. У рэльефе пераважаюць раўніны выш. 200—500 м, у Цэнтр. С. — нагор’і: Ахагар (г. Тахат, 3003 м), Тыбесты (г. Эмі-Кусі, 3415 м, найб.выш. С.); плато: Аір, Энеды, Адрар-Іфарас і інш. Уздоўж Чырвонага м. выцягнуты хр. Этбай (выш. больш за 2000 м). На Пн і У размешчаны шматлікія бяссцёкавыя ўпадзіны, некат. з іх ніжэй узр. м.: Катара (-133 м), Шот-Мельгір (-26 м) і інш. У ландшафтах С. пераважаюць пустыні: камяністыя і друзавыя (хамады), галечнікавыя (рэгі), гліністыя (серыры), пясчаныя (у т. л. эргі), саланчаковыя (себхі); астатнюю тэр. займаюць горныя ландшафты з друзавата-камяністымі пустынямі. Паверхню часта ўскладняюць градавыя пяскі (бываюць грады выш. да 200—300 м) і дзюны круглыя або зоркападобныя.
С. займае паўн.-зах.ч. Афрыкана-Аравійскай платформы, дакембрыйскі фундамент якой выходзіць у масівах Цэнтральна-Сахарскай зоны падняццяў (Рэгібацкае, Ахагар, Тыбесты, Эль-Увейнат) і зах. выступе Нубійска-Аравійскага масіву. На Пн і Пд знаходзяцца зоны пагружэнняў, запоўненыя адносна маламагутным чахлом фанеразойскіх адкладаў. Радовішчы нафты і газу (Сахара-Лівійскі нафтагазаносны басейн), жалезных і медных руд, фасфарытаў.
Клімат С. пераважна трапічны пустынны, на Пн — субтрапічны. Круглы год пераважае паўн.-ўсх. пасат. Частыя вятры скорасцю да 50 м/с (хамсін, самум, сірока, шэргі) і пыльныя буры. Сярэднія т-ры студз. 10 °C і больш (у гарах маразы); ліп. да 37 °C, абс.макс. 57,8 °C (Эль-Азізія ў Лівіі), абс.мінім. -18 °C (у Тыбесты). Вял. сутачныя амплітуды т-р паветра (больш за 30 °C) і глебы (да 70 °C). Характэрны сухое паветра (адносная вільготнасць 30—50%) і высокая выпаральнасць (да 6000 мм). На б.ч.тэр. С. ападкаў менш за 50 мм за год, на ўскраінах 100—200 мм. На Пн С. ападкі пераважна зімовыя, на Пд — летнія. С. — вобласць унутранага сцёку. Пастаяннымі вадацёкамі з’яўляюцца ўчасткі транзітных рэк Ніл і Нігер. Па сухіх рэчышчах (вадзі або уэды) эпізадычна сцякаюць ліўневыя воды. Вял. басейн падземных вод, у т. л. артэзіянскіх, забяспечвае жыццё ў аазісах. Свідраванне на ваду вядзецца ў раёнах здабычы нафты і газу. Характэрны прымітыўныя глебы трапічных пустынь і паўпустынь (пясчаныя, друзаватыя, галечныя, гліністыя), часта засоленыя. Пашыраны вапнякова-гіпсавыя коры. Расл. покрыва залежыць ад тыпу пустынь: хамады і рэгі без расл. або з моцна разрэджаным покрывам, эргі замацаваны доўгакаранёвымі бязлістымі хмызнякамі і злакамі (сахарскі дрок, эфедра, дрын). На Пд С. з дрэвава-хмызняковых найб. частыя акацыі, тамарыскі і інш. У горных раёнах захаваліся рэлікты неагенавай флоры (ядловец, алеандр, кіпарыс). Найб. пашыраныя прадстаўнікі жывёльнага свету: антылопа адакс, газелі, муфлон, фенек, гепард, гіена, шакал, пясчанкі, тушканчыкі, сахарскі заяц, сцынкі, вараны, рагатая гадзюка, кобра і інш. Качавая і паўкачавая жывёлагадоўля (вярблюды, авечкі, козы), земляробства ў аазісах (фінікавая пальма, збожжавыя, агароднінныя культуры), развіта горназдабыўная прам-сць, з 1950—60-х г. С. — буйнейшы нафтаздабыўны раён свету. Гал. гарады: Тугурт, Уаргла, Лагуат, Туат, Тыдыкельт (Алжыр), Куфра, Себха, Тазерба, Джагбуб, Мурзук (Лівія), Сіва, Дахла, Фарафра, Бахарыя (Егіпет). У перавозках грузаў, акрамя нафты і газу (транспартуюцца па трубаправодах), вял. значэнне маюць транссахарская аўтадарога ад Алжыра да Нігера з бітумным пакрыццём да г. Айн-Салах і авіялініі; чыгункі: Абадла — паўн. Алжыр — Марока, Тугурт — Міжземнаморскае ўзбярэжжа, Кедыя — д’Іджыль — узбярэжжа Атлантычнага акіяна.
М.В.Лаўрыновіч.
Да арт.Сахара. 1 — вытачаныя эрозіяй рэшткі старажытных асадкавых фармацый, Эгіе-дзю-Сіс; 2 — рэг — участак пустыні, укрыты камянямі і галькай; 3 — аазіс Тагіт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ме́та1, ме́тка, ме́ціна ’штучны або радзімы знак, які адрознівае прадметы або істоты ад іншых падобных прадметаў, істот’ (ТСБМ, Нас., Бяльк.), ’прыкмета, знак’, ’пляма на целе, покрыва жывых істот’ (кругл., Бел. хрэст. дыял.; ТСБМ), ’мяжа, след, лінія, вышка, маяк, межавая насечка на дрэве’ (Сл. ПЗБ; слаўг., Яшк.), ме́тны ’прыкметны, вядомы, памятны’, ’зграбны, спрытны, лоўкі’ (Нас.; КЭС, лаг.; сувалк., КЭС; гарад., Нар. лекс.; даўг., Сл. ПЗБ), ме́ціць ’ставіць адметны знак, метку’ (ТСБМ, ТС). Укр. кіеўск. мєта ’драўляная бразготка на шыі ў скаціны’, мі́тити, рус.ме́тить, мета, ст.-рус.мѣта ’знак’; серб.-харв.за‑мијѐтити ’прыкмеціць’, балг.сметам ’лічу’, ’мяркую’, сметка ’рахунак’. Прасл.měta. І.‑е. адпаведнікі (балт. адсутнічаюць): ст.-інд.mātiš ’мера’, māti ’мерае’, авест.māta‑ ’памераны’, ’утвораны’, ст.-грэч.μῆτις ’рада’, ’задума’, ’кемлівасць’, μέτρν ’метр’, лац.mētior, ‑īrī ’мераць’, якія ўзыходзяць да і.-е. асновы *mē‑ ’мераць’, параўн. ме́ра (гл.) (Бернекер, 2, 54; Траўтман, 179; Фасмер, 2, 610; Скок, 2, 423). Менш верагодным з’яўляецца супастаўленне з гоц.maitan ’сячы, высякаць’ (Міклашыч, 196; Младэнаў, 596; Аткупшчыкоў, Из истории, 201).
Ме́та2, мі́та ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (петрык., Нар. сл.). Праз польск. пасрэдніцтва (параўн. кацеўск.mėt ’тс’) або непасрэдна з н.-ням.miete ці с.-гал.mite ’стог, сцірта’, ’капец (для караняплодаў)’, якія, аднак, з лац.mēta (foeni) ’сцірта, стог сена’, ’хлеў для сена’ (Васэрцыер, 152).
Ме́та3, ме́цішча ’лінія ў дзіцячай гульні’ (рэч., слаўг., чав., чэр., краснап., Яшк.), які і ме́та ’адлегласць’ (ТС), звязаны генетычна з ме́та1 (гл.), аднак у семантыцы можна бачыць агульнае з семантыкай мэта (гл.). Сюды ж меціць ’цэліць’, ’намервацца ажыццявіць якое-небудзь дзеянне’, ’імкнуцца заняць больш высокае становішча’ (ТСБМ, Яруш.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кава́ць1 ’ударамі молата або ціскам апрацоўваць распалены метал, надаваць яму патрэбную форму; падкоўваць, акоўваць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Сержп., Яруш.). Укр.ковати, кувати, рус.ковать, польск.kować, н.-луж.kowaś, в.-луж.kować, чэш.kovati, славац.kovať, серб.-харв.kòvati, славен.kováti, мак.ковам, балг.кава. Прасл.kovati, kovǫ: kovati, kujǫ ’апрацоўваць метал молатам і інш.’ Ад і.-е.kāu‑, kəu‑ ’біць, сячы, рубіць’, параўн. літ.káuti ’біць, забіваць’, лат.kaût ’тс’, ст.-ням.houwan, ням.hauen ’біць, сячы, каваць’ і інш. Трубачоў (Ремесл. терм., 345–347) звяртае ўвагу на спецыфічнасць значэння ’апрацоўваць молатам’ у славян параўнальна з кантынуантамі ў іншых і.-е. мовах. У гэтым славянскія мовы адрозніваюцца ад балтыйскіх. Падрабязна аб значэннях слав.kovati гл. Слаўскі, 3, 18–19; БЕР, 2, 506–509.
Кава́ць2 ’кукаваць’ (Мал., Сержп. Грам., Сцяц., зэльв.; Радч.). Укр.кувати, польск.kować ’тс’. Звяртаюць на сябе ўвагу значэнні слав.kovati ’апрацоўваць молатам, біць’ у розных мовах і гаворках, якія апісваюць манатонныя працэсы, напр. славін.kùevą, ku̯ovają ’гучна, манатонна стукаць дзюбай (звычайна пра дзятла) і да т. п.’ Слаўскі (3, 19) лічыць, што прасл.kovati мела значэнне ’кукаваць’. Ён прыводзіць семантычную паралель: bić ’біць’ і ’спяваць (аб перапёлцы)’. Лічыць гэты перанос (< kovati ’біць і г. д.’) старажытным нельга, паколькі каваць ’кукаваць’ адзначана на сумежных арэалах і можа ўяўляць познюю інавацыю. Да таго ж не выключана, што каваць можна суаднесці як другаснае з гукапераймальным kukovali, параўн. укр.кукувати, бел.кукаваць, рус.куковать, польск.kukować, в.-луж.kukować. Магчыма, працэс перараскладання або народнай этымалогіі мог прывесці да вычлянення каваць < кукаваць. Менш верагоднай уяўляецца думка аб старажытных сувязях каваць ’кукаваць’ і ст.-інд.kā́uti ’крычыць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прывя́зка ’вяровачка, шнурок, раменьчык для прывязвання чаго-небудзь’ (Байк. і Некр., ТСБМ), пры́вязка (Ян.), пры́візка, прі́візь ’тс’ (Бяльк.), пры́вязка ’прывязь у цэпе’ (гродз., навагр., ганц., клім., Шатал., Сл. ПЗБ), пры́везка, мн. л. прыве́зкі ’раменьчыкі ў цэпе’ (Выг. дыс., ТС), пры́візінь, прі́візінь ’раменьчык, якім прывязваюць біч да цапільна’ (Бяльк.), пры́вязка ’кальцо, якім замацоўваецца каса на касільне’ (нараўл., ДАБМ), пры́вязка ’галіна для прывязвання латаў да крокваў у саламянай страсе’ (Шат.; ашм., Стан.), ’тонкая жэрдка, якой прыціскаюць салому на страсе’ (арш., Шатал.; Мат. Маг., Сл. ПЗБ), пры́вязка, прі́візка ’тонкая жардзіна, якою прывязваецца рад саломы да латы на страсе ў час крыцця’ (Бяльк.), пры́вяз, пры́вязь, мн. л. пры́вязкі, прі́візкі, пры́везкі, пры́візкі, пры́віскі ’паплёт (у страсе паверх саломы)’ (ЛА, 4), з іншым суфіксальным афармленнем: пры́вязіна ’паплеціна’ (Сл. ПЗБ), прівязіно, мн. л. прівязіны ’жэрдкі, што ўтрымліваюць салому на страсе, да якой салома прымацоўваецца’ (П. С.). Ткацкую семантыку, развіццё якой звязана тут з асаблівасцямі ткання, калі ўток прыбіваў менш шчыльна і палатно атрымоўвалася горшае, як бы “прывязанае” да добрага, захоўваюць прывя́зка, пры́вязь ’палатно з горшага валакна; горшае валакно’ (Касп.); сюды ж пры́вызнына ’мяккія адходы валакна пры часанні льну’ (кам., Жыв. НС). Узыходзіць да прасл.*privęzъ, *privęza, *privęzъka (падрабязней у БЕР, 5, 700; ЕСУМ, 1, 442–443, з літ-рай). Ст.-слав., ст.-рус.привязати ’прывязаць, утрымаць’, привязъка ’прывязь, тальмах’ (Сразн.), ц.-слав.привѧзъ, привѧза ’вяровачка для прывязвання, шнур’, привяска ’звязванне’, серб.-харв.привеза, прывезак, балг.дыял.привез ’прывязка’, старое привезка ’хустка’, славац.privez, priveza, польск.przewiązka, рус.дыял.привя́зка ’прывязь для жывёлы; завязка’, ’тонкая жэрдка, якая ўтрымлівае страху’, ’частка цэпа’, укр.при́вʼязка, при́вʼязок, при́вʼязь ’шнурок, вяровачка ці што-небудзь падобнае, скарыстанае для прывязвання’. Гл. вяза́ць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ме́ра, ‑ы, ж.
1. Адзінка вымярэння. Меры даўжыні. Мера часу.
2. Народная назва адзінкі ёмістасці для чаго‑н. сыпучага, якая раўнялася прыблізна пуду збожжа; пасудзіна, якой мералася што‑н. сыпучае. Мера мукі.
3. Тое, чым вымяраюць што‑н.; мерка, крытэрый. Вымяраць кожны свой крок высокай мерай ідэалаў камунізма — такое патрабаванне ленінскай навукі кіравання будаўніцтвам новага грамадства.«Звязда».
4. Велічыня, ступень. Аканом меў дачыненні да Сімонавых спраў у такой жа меры, як Сімон да спраў Дгебуадзе.Самуйлёнак.//перан. Вызначаны рубеж, граніца. Мера цярплівасці.
5. Дзеянне або сукупнасць дзеянняў, сродкаў для ажыццяўлення чаго‑н. Прыняць меры. Вышэйшая мера пакарання. □ Папярэджанне, вымова, штраф на некалькі працадзён былі частымі мерамі ўплыву на нядбайнікаў.Дуброўскі.
•••
Квадратныя меры — меры плошчы.
Кубічныя меры — меры аб’ёму.
Лінейныя меры — меры даўжыні.
Метрычная сістэма мергл. сістэма.
Без меры — а) у вялікай колькасці, вельмі многа; б) у вялікай ступені, бязмерна.
Ведаць (знаць) меругл. ведаць.
Канца-меры нямагл. няма.
Мера і вера — дакладна. — А колькі табе, Андрэй, [за малатарню] плаціць? — запытаўся Юзік у Пошты. — У мяне мера і вера: пуд у дзень давай.Крапіва.
Не ў меру — больш, чым трэба.
Ні ў якой меры — ніяк, ніякім чынам.
Па меншай меры — не менш чым. [Галчанаў:] — Цяпер я быў бы па меншай меры дырэктарам завода.Васілёнак.
Па меры сіл (магчымасцей) — адпаведна з сіламі, з магчымасцямі.
Перабраць меругл. перабраць.
Поўнаю мераю (плаціць) — столькі ж, колькі было атрымана.
У адной меры — без змен.
У меру — дастаткова. [Цімафей Міронавіч] убачыў жанчыну пакору і звярнуўся да яе тонам у меру строгім, але такім, які даваў зразумець, што .. усё ідзе па-ранейшаму.Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПАЎДНЁВАЯ АМЕ́РЫКА,
мацярык у Зах. паўшар’і, разам з Паўночнай Амерыкай утварае частку свету Амерыка. Пл. з астравамі 18,28 млн.км², без астравоў 18,1 млн.км². Паўн. пункт — мыс Гальінас 12°25′паўн. ш., паўд. — мыс Фроўард 53°54′паўд. ш. (мыс Горн на в-ве Горн — 55°59 паўд. ш.), усх. — мыс Кабу-Бранку 34°46 зах. д., зах. — мыс Парыньяс 81°20′зах. д. Працягласць з Пн на Пд 7150 км, з У на З да 5150 км. На Пн Панамскім перашыйкам злучана з Паўн. Амерыкай, абмываецца Карыбскім м., на У — Атлантычным ак., на З — Ціхім ак., на Пд — Магеланавым пралівам. Берагі пераважна прамыя, на ПдЗ значна парэзаны фіёрдамі. Асобныя залівы глыбока ўразаюцца ў сушу: на З — Гуаякіль, на Пн — Венесуэльскі і возера-лагуна Маракайба, на ПдУ — Ла-Плата. Да П.А. адносяць архіпелагі Вогненная Зямля і Чылійскі, а-вы Галапагас, Фалклендскія (Мальвінскія) і інш.
Рэльеф. Сярэдняя вышыня П.А. над узр. м. 580 м. На З — горная сістэма Андаўвыш. да 6960 м (г. Аканкагуа), складаецца з горных ланцугоў і высокіх плато паміж імі. На УБразільскае пласкагор’е і Гвіянскае пласкагор’е. Паміж Андамі і пласкагор’ямі Амазонская нізіна, раўніны і нізіны Гран-Чака, Лаплацкая нізіна і нізіна Арынока; паверхня іх раўнінная, рачныя даліны ўрэзаны слаба. На Пд плато Патагоніі.
Геалагічная будова. У тэктанічных адносінах вылучаюцца 2 асн. структуры: геасінклінальная на 3, платформавая на У. Фарміраванне Андаў пачалося ў познім палеазоі — мезазоі. Гораўтварэнне не закончылася (бываюць землетрасенні і вулканічныя вывяржэнні). На У платформавыя структуры: Паўд.-Амерыканская і Патагонская платформы. Стараж. архейскі фундамент выходзіць на паверхню ў Гвіянскім, Зах.-Бразільскім і Усх.-Бразільскім шчытах. За межамі шчытоў тэр. платформ перакрыты пераважна кантынентальнымі адкладамі. Паміж платформавай і геасінклінальнай абласцямі — тэктанічныя ўпадзіны Арынока, Гран-Чака, Ла-Плата; паміж Андамі, Гвіянскім і Зах.-Бразільскім шчытамі — Амазонская ўпадзіна. Упадзіны запоўнены марскімі адкладамі і прадуктамі разбурэння гор. Платформы пачалі фарміравацца ў дакембрыі, у кембрыі злучыліся ў адзін масіў. У трыясе ў бас.р. Парана ўтварыліся разломы і адбыліся вывяржэнні базальтавых лаў.
Карысныя выкапні. П.А. багата карыснымі выкапнямі. Радовішчы нафты і прыроднага газу ў міжгорных і перадгорных прагінах, у прагінах платформ. Найб. запасы ў Венесуэле, Аргенціне, Бразіліі, Калумбіі, ёсць у Эквадоры, Перу, Чылі, Балівіі. Каменны вугаль у Бразіліі, Калумбіі, Венесуэле, Чылі. Вял. запасы медных (Чылі, Перу), жал. (Бразілія, Перу, Венесуэла), марганцавых, тытанавых і хромавых (Бразілія), ванадыевых (Венесуэла, Бразілія, Чылі), вальфрамавых (Балівія, Перу), залатых (Бразілія, Аргенціна, Чылі, Перу), малібдэнавых (Чылі), нікелевых (Бразілія, Калумбія, Венесуэла), алавяных (Бразілія, Балівія), сурмяных (Балівія), уранавых (Бразілія, Аргенціна, Перу), плацінавых (Калумбія), свінцовых і цынкавых (Перу, Бразілія), сярэбраных (Перу, Балівія) руд; баксітаў (Бразілія, Венесуэла, Сурынам). Ёсць рэдкаметальныя руды (берыліевыя, літыевыя, ніобіевыя, танталавыя, цырконавыя), горнахім. сыравіна (барый, борныя руды, калійныя солі, самародная сера, натрыевая салетра. флюарыт, фасфарыты і інш.), алмазы, каштоўныя і вырабныя камяні і інш.
Клімат П.А. абумоўлены размяшчэннем яе пераважна ў экватарыяльным і паўд. трапічным паясах. Характэрна вял. і амаль раўнамернае (акрамя крайняга Пд) паступленне сонечнага цяпла. Сезонныя кліматычныя адрозненні залежаць ад сонечнай радыяцыі, агульнай цыркуляцыі атмасферы, цэнтраў высокага ціску атмасферы. Пераважае экватарыяльная і мусонна-пасатная цыркуляцыя паветра з Атлантычнага ак. На З Амазонскай нізіны вільготны экватарыяльны гарачы клімат без сухога перыяду, на У Амазонскай нізіны — субэкватарыяльны, на Пд — субтрапічны і ўмераны клімат. У паўн. раўніннай частцы т-ра паветра ўвесь год каля 20—28 °C. Ападкаў 2000—3000 мм за год у бас. рэк Арынока і Амазонка. У студз. на Бразільскім пласкагор’і 20—28 °C, у ліп. 12—25 °C, на Лаплацкай нізіне адпаведна 20—24 і 8—16 °C, у Патагоніі 12—23 і 3 °C. Ападкаў на Бразільскім пласкагор’і ад 500 мм на ПнУ да 2000 мм у большай частцы і да 3000 мм на ПдУ, на Лаплацкай нізіне ад 500 мм да 1000 мм, у Патагоніі каля 250 мм. Снегавая лінія ў гарах экватарыяльнай зоны на выш. каля 5 тыс.м, на Пд на выш. каля 1000—1200 м. Максімум ападкаў — да 10 000 мм у гарах на З Калумбіі, да 7000 мм на Пд Чылі; на ўзбярэжжах Перу і Паўн. Чылі (у пустыні Атакама) менш за 100 мм за год.
Унутраныя воды. Па велічыні гадавога сцёку П.А. займае 2-е месца ў свеце — каля 20% сцёку рэк Зямлі (каля 7900 км³/год), па сярэднім слоі сцёку (440 мм) на 1-м месцы ў свеце. Больш за 90% тэр. мацерыка адносіцца да бас. Атлантычнага ак.Найб. рэкі: Амазонка (самая мнагаводная і вял. па пл. басейна ў свеце), Арынока, Парана з Парагваем, Сан-Франсіску, Магдалена. Пераважае дажджавое жыўленне рэк, на Пд Патагоніі снегавое, у Андах месцамі ледавіковае. У экватарыяльных раёнах летнія дажджавыя паводкі і памяншэнне расходаў зімой. Пастаянна паўнаводныя рэкі на З Амазонскай нізіны і на Пд Бразільскага пласкагор’я. Максімум сцёку рэк позняй вясной і летам у Патагоніі і Сярэднім Чылі. На Пн Чылі ў пустыні Атакама сцёк толькі перыядамі. Буйныя азёры Маракайба (на Пн), Тытыкака (на выш. 3812 м) і інш. У Андах ледавікі (больш за 20 тыс.км²), найб. на Пд і на Вогненнай Зямлі.
Глебы і расліннасць. На раўнінах П.А. шыротная занальнасць глеб і расліннасці. У бас.р. Амазонка і на Гвіянскім пласкагор’і вільготныя лясы (гілея) на чырвона-жоўтых латэрытах. Шмат балот. Расліннасць багатая і разнастайная: пальмы, дрэвападобныя папараці, гевея, сейба, фікусы, архідэі. На Пн і Пд ад экватарыяльнай зоны ўмерана вільготныя вечназялёныя лясы і саванны розных тыпаў (льянасы ў бас.р. Арынока, кампас і каатынга на Бразільскім пласкагор’і) на чырвоных, карычнева-чырвоных, чырвона-бурых латэрытных тыпах глеб. Расліннасць у каатынзе — засухаўстойлівыя бутэлечныя і калючыя дрэвы, лісцевыя і сцябловыя сукуленты, у кампасе менш засухаўстойлівыя нізкарослыя дрэвы, кусты і злакі, у льянасах — акацыі, мімозы, кактусы, травы. На Пд Бразільскага пласкагор’я лясы з бразільскай араўкарыі, лісцевых дрэў, кустоў. У бас.р. Парана і на Лаплацкай нізіне на Пн трапічныя лясы і рэдкалессі (кебрача, альгараба і інш.), глебы карычнева-чырвоныя, шэра-карычневыя, шэразёмы, на Пд пампа — злакавае разнатраўе на чарназёмах. У Патагоніі расліннасць паўпустынная, куставая, на бурых, пераважна друзавых, глебах. У Андах выяўляецца верт. пояснасць: у паўд. Андах лясы з паўд. буку, араўкарый, на ўсх. схілах пераважна лясная, на З, Паўн. Чылі і Перу, а таксама ва ўнутр. раёнах — пустынная і паўпустынная расліннасць. П.А. — радзіма бульбы, тытуню, батату, маніёку, гевеі, арахісу і інш.
Жывёльны свет. П.А. ўваходзіць у Неатрапічную біягеаграфічную вобласць. Жывёльны свет багаты і своеасаблівы. Для большай ч. мацерыка характэрны браняносцы, тапіры, пекары, ягуар, грывасты воўк, малпы, яноты, скунсы, дзікабразы; з птушак — туканы, папугаі, калібры, гаацын, кондар; у рэках — ламанціны, рачныя дэльфіны, каля 2 тыс. відаў рыб. Мноства насякомых і павукоў. У саваннах і рэдкалессях алені, грызуны, страус нанду, на Пд у пампе, стэпах і паўпустынях пума, пампасны алень, грызуны. У пустынных высакагор’ях — гуанака і вікунья, рэліктавы мядзведзь-акулярнік. Шмат эндэмікаў: шыраканосыя малпы, ляніўцы, мурашкаеды, апосумы.
Насельніцтва. У П.А. жыве каля 350 млн.чал. (1999). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 19,1 чал. на 1 км². Найбольшая (больш за 100 чал. на 1 км²) у міжгорных далінах Андаў, у сярэдняй ч. Чылі, найб. асвоеных раёнах Аргенціны і Бразіліі. Найменшая шчыльн. (каля 1 чал. на 1 км²) у асобных раёнах бас.р. Амазонка, самых высакагорных раёнах Андаў, на Пд Патагоніі, на Фалклендскіх а-вах і інш. У краінах П.А. пераважае гарадское насельніцтва, найбольш у Уругваі (91%), Аргенціне (88%), Венесуэле (86%), Чылі (84%), Бразіліі (79%). Карэнныя жыхары П.А. — індзейцы. З канца 15 ст. П.А. пачалі заваёўваць і каланізаваць іспанцы і партугальцы, яны прывозілі як рабоў афр. неграў. У выніку каланізацыі, распаўсюджаныя цяжкіх хвароб мноства абарыгенаў загінула, шмат плямён вымерлі. Сярод сучасных індзейскіх народаў найбольшыя кечуа (14,9 млн.), аймара (2,2 млн.), араўканы (0,9 млн.). Паводле расавага складу насельніцтва П.А. мангалоіды (індзейцы), еўрапеоіды, негроіды, метысы (ад змяшання еўрапейцаў з мясц.нас.), мулаты (еўрапеоідна-негрыцянскага паходжання), самба (змешаны індзейска-негроідны антрапал. тып). Ёсць нядаўнія эмігранты — іспанцы, партугальцы, італьянцы, немцы, яўрэі, палякі, рускія, украінцы, японцы. У Аргенціне жывуць беларусы (каля 5 тыс.) і іх нашчадкі; ёсць звесткі пра групы беларусаў і іх нашчадкаў у Парагваі, Уругваі, на Пд Бразіліі. У П.А. пашыраны раманскія мовы — ісп. (большасць краін), партуг. (Бразілія), франц. (Гвіяна Французская). Англ. (Гаяна і Фалклендскія а-вы) і галандская (Сурынам) мовы адносяцца да германскай групы. У Парагваі гавораць на мовах ісп. і гуарані. Вернікі — пераважна католікі, ёсць пратэстанты і праваслаўныя; выхадцы з Азіі вызнаюць іслам, будызм, сінтаізм і інш., некат. індзейскія плямёны прытрымліваюцца сваіх традыц. вераванняў. Гл. таксама Народы Амерыкі.
Палітычны падзел. На тэр. мацерыка размешчана 12 дзяржаў: Аргенціна, Балівія, Бразілія, Венесуэла, Гаяна, Калумбія, Парагвай, Перу, Сурынам, Уругвай, Чылі, Эквадор. Гвіяна Французская — уладанне Францыі, Фалклендскія а-вы належаць Вялікабрытаніі (аспрэчвае Аргенціна). Пра дзяржавы і ўладанні гл. адпаведныя артыкулы.
Да арт.Паўднёвая Амерыка. Ландшафт цэнтральнай часткі Эквадора.Пласкагор’е Альтыплана ў Балівіі.На беразе Амазонкі.Перадгор’і Андаў у Аргенціне.Узбярэжжа Ціхага акіяна ў Чылі.
Лунь3 ’маўклівы, скаваны ў рухах чалавек’ (міёр., З нар. сл.), ’марудлівы, пасіўны’ (паст., віл., глыб., брасл., Сл. ПЗБ), ’стары чалавек, жывёліна без энергіі’ (паст., глыб., Нар. лекс.), ’разумова недаразвіты, здурнелы, разгублены’ (глыб., брасл., паст., гарад., Нар. лекс.; глыб., в.-дзв., паст., Сл. ПЗБ), ’здань, прывід’ (чэрв., Сл. ПЗБ; віл., Нар. лекс.); лунь, луніца ’самотны’ (глыб., віл., Нар. лекс.); паст., брасл.аблуне́ць ’стаць зацюканым, прыгнечаным’; паст., віл., глыб., гродз.лунява́ты ’дурнаваты’ (Нар. лекс., Сл. ПЗБ); в.-дзв., брасл., лаг.лунь ’той, хто ходзіць без справы’, ’гультай, маруда’ (КЭС, лаг.). Да луна́1 (гл.). Аткупшчыкоў (Из истории, 238) лексему лунь выводзіць з *louk‑s‑nis. Семантычна блізка стаіць да луне́ц, луна́цік (гл.). Усё семантычнае поле гл. Мацкевіч₂ (Нар. лекс., 165–167).
Лунь4 ’глыбокае, небяспечнае месца на балоце’ (гродз., Яшк.). Да луні (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Калма́ты ’пакрыты густымі скудлачанымі валасамі, поўсцю, касматы, кудлаты’, ’зроблены са скуры з доўгай густой поўсцю; з доўгім ворсам’, ’аброслы валаскамі, пушынкамі; нягладкі’ (БРС, ТСБМ). У гаворках: ’ускудлачаны, непрычасаны; касматы’ (Мал., Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Шат.). Ёсць таксама форма камлаты ’тс’ (івац., Бір., Працы ІМ, 6; саліг., Нар. словатв.; Сл. паўн.-зах., ТС, Федар. I). Дакладных адпаведнікаў да гэтага слова як быццам няма. Сустракаецца яно толькі ў с.-бел. гаворках; сказаць цяжка, ці вядома шырэй; таксама з дзвюх форм цяжка выдзеліць першасную. Відавочная інавацыя або архаізм, нельга таксама выключыць запазычання слова. Калі зыходзіць з архетыпу калм‑, можна прывесці некаторыя паралелі з суседніх рус. гаворак (гл. калмач і камлак), аднак у лінгвагеаграфічным аспекце яны неістотныя. Для такой структуры можна меркаваць аб праформе kl̥m‑, магчыма, паралельную да kl̥t‑ і да т. п. (параўн. калдыга і інш., гл. вышэй). Аб імавернасці такога меркавання сведчыць зах.-бран.калманоги ’кульгавы’, у такім выпадку можна думаць аб даўняй семантыцы ’боўтаць’, ’боўтацца’ і ’кульгаць’ (’хадзіць, перавальваючыся’?). Не выключана, што сюды можна аднесці і ўкр.калмичити ’змочваць снапы ў вадкай гліне перад пакрыццём даху’. Калі зыходзіць з першаснай формы камл‑, неабходна мець на ўвазе магчымасць утварэння такой асновы і з больш ранняй *кабл‑. Такая магчымасць уяўляецца тым не менш малаверагоднай, хоць выключыць яе поўнасцю нельга (параўн. камлук, каблук). Можна меркаваць аб магчымай сувязі з лахматы. Калі метатэза халматы сапраўды мела месца, наступнае азванчэнне зычнага не здаецца неверагодным. Апрача ўсяго гэтага, тут мог рэалізавацца субстратны ўплыў (параўн. жанік ∼ жаніх і інш. у бел. зоне моцнага балтыйскага ўплыву). У такім выпадку лёгка можна вытлумачыць параўнальна вузкі арэал распаўсюджання бел. слова. Адносна запазычання нічога пэўнага сказаць нельга. Таксама няясна, ці ёсць падставы лічыць разглядаемае слова архаізмам, паколькі нельга падмацаваць такое меркаванне надзейнымі доказамі. Адносна формы калматы параўн. яшчэ полац.хамлак (гл. падрабязней пад калмык).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ме́сяц, ме́сіц, ме́сец, ме́січык, ме́сячка, ме́сячак, ме́сячко, ме́сечык, ме́січак, ме́сечок, ме́сячык, ветк.ме́сячка, стол.мі́сац, драг.мі́сяц(ь) ’планета, найбліжэйшая да Зямлі’, ’12‑я частка астранамічнага года’ (ТСБМ, Яруш., Бес., Шат., Касп., ТС, Сл. ПЗБ, Кліх, Янк. 1, Бяльк.; бых., Янк. Мат.), ’рагалік на вясельным караваі’ (Маш.). Укр.мі́сяць, рус.ме́сяц, польск.miesiąc, н.-луж.mjasec, в.-луж.měsac, чэш.měsíc, славац.mesiac, славен.mẹ̑sec, серб.-харв.мје̏сец, макед., балг.месец, ст.-слав.мѣсѧць. Прасл.měsęcь, якое, паводле Махэка₂ (360), мела значэнне як ’месяц-свяціла’, так і ’месяц (30 дзён)’. І.‑е. *mēs‑ (< *mēns‑): літ.mė́nuo, mė́nesis, лат.mēnesis ’месяц’, mēness ’30 дзён’, ст.-прус.menins ’свяціла’, гоц.mēna ’тс’, mēnōþs ’30 дзён’, лац.mēnsis ’тс’, ст.-грэч.μήν ’тс’, іян., ат.μείς < *μενς < μηνς, дар.μής ’тс’, μήνη ’свяціла’; алб.muai, ірл.mī, ст.-інд.mās‑ (mā́sas) ’месяц’, авест.må, новаперс.māh, тах.Amañ, тах.Bmeñe, арм.amis ’месяц’. Слав.měsęcь разглядалася этымолагамі як аснова mē‑, пашыраная элементамі ‑n‑ і ‑es‑ (як у балт. мовах), якая прысутнічае ў лексеме мера (měra): месяц мерае час. Суфікс *‑ko‑ (> ‑ьcь) у *měsenьcь той жа, што і ў лексемы sъlnьce, і ўся лексема носіць табуістычны характар (задобрыванне). Гл. Бернекер, 2, 51; Траўтман, 179; Шпехт, KZ, 66. 53; Мее, 336; Фасмер, 2, 608–609; Скок, 2, 437–438; Бязлай, 2, 179; БЕР, 3, 755–756. Развадоўскі (Rozprawy, 25, 425) прапануе прыняць першапачатковае значэнне ’які мяняецца’ і выводзіць лексему měsecь з і.-е. асновы *mei̯‑/*moi̯‑ ’мена’. Непераканаўча. Як і Трубачоў (ВЯ, 1980, 3, 5), які выводзіць з і.-е.*menyos ’менш’. Атрэмбскі (Балто-слав. сб., 186–192) лічыць, што слав.měsęcь і балт.mė́nuo з’яўляюцца варыянтамі аднаго і таго ж славяна-балтыйскага слова (< і.-е.*mē(n)s).
Ме́сяц2 ’від танца’ (кап., Жыв. сл.; Інстр. III). З рус.ме́сяц з назвы песні «Чудный месяц», на матыў якой танец выконваўся.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пяро́ ’пяро птушкі; пяро для пісання; зялёны ліст цыбулі ці часнаку; лопасць у інструментах’ (ТСБМ), ’птушынае пяро’ (Шымк. Собр., Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’плаўнік’ (свісл., Шатал.), перо́ ’пяро ў птушкі’ (Сержп., Каз.), ’лапатка ў вясле; перыстая трава; плаўнік у рыбы’ (ТС), ’лускавінка ў шышцы; сцябло цыбулі’ (ПСл), пэро́ ’шырокая частка вясла’ (Маслен.), ж. р. пяра́ ’птушынае пяро’ (даўг., Сл. ПЗБ), пяры́на ’адно птушынае пяро’ (ТСБМ), пяры́нка ’пёрка’ (Бяльк.), укр.перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік’, піры́на ’адно пяро’, рус.перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; шырокая частка вясла’, польск.pióro ’птушынае пяро; крыло; пяро для пісання; лопасць’, чэш.pero, péro ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; лопасць’, славац.pero ’птушынае пяро; пяро для пісання’, палаб.perü ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; лопасць’, в.-луж.pjero ’пяро; плаўнік’, н.-луж.pjero ’птушынае пяро; пяро для пісання’, славен.perȏ ’птушынае пяро; пружына гадзінніка; пяро для пісьма; вастрыё пілы; язычок ключа’, серб.-харв.пѐро ’птушынае пяро; плаўнік; ліст’, балг.перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; ліст расліны; лопасць; зялёны ліст цыбулі’, макед.перо ’птушынае пяро; восць коласа; ліст кукурузы; пяро для пісання’. Праслав.*pero ’пяро’, роднаснае літ.spar̃nas ’крыло, лопасць’, лат.spàrns ’тс’, ст.-інд.parnám ’крыло, пяро’, авест.parəna‑ ’пяро, крыло’, перс.parr ’тс’, ням.Farn ’папараць’, што ўзыходзяць да і.-е.*per‑/*sper‑ гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання (перадае трымценне), параўн. Фасмер, 3, 243; Шустар-Шэўц, 2, 1081; Глухак, 475. Менш верагодная іншая версія, згодна з якой праславянская форма параўноўваецца з грэч.πτερόν ’пяро, крыло’, πέιομαι ’ляцець’, ст.-інд.pátram ’крыло, пяро’, лац.penna ’тс’, ст.-в.-ням.fedara ’пяро’, ням.Feder ’тс’, што да і.-е.*ptero < *pet‑ ’ляцець’, параўн. Бязлай, 3, 27; Сной₂, 507; БЕР, 5, 179, насуперак ESJSt, 11, 636, дзе па словаўтваральных крытэрыях аддаецца перавага апошняй версіі.