Бірко́вы ’танкарунны (аб авечках)’ (Влад.). Бясспрэчна, звязана з укр. би́рка, би́рька ’авечка’ і выклічнікамі, якімі завуць або адганяюць авечак: укр. бир, бирь‑бирь, рус. бы́рка ’авечка; авечая шкура’, быр‑быр, бырь‑бырь (выклічнік). Слова гэта не зусім яснага паходжання, ёсць у многіх мовах. Параўн. рум. bircă, bîrcă, bercă і г. д. ’парода авечак’, bîrcă‑bîrcă (выклічнік), венг. birka ’авечка’, чэш. birka, burka, bira ’парода авечак’. Таксама выклічнік вядомы ў многіх мовах. Да этымалогіі і магчымай гісторыі слова гл. Махэк₂, 54 (у аснове ляжыць выклічнік); Рудніцкі, 124; Кніежа, 92; Тамаш, 117–118; MESz, 1, 304–305. Врабіе (RornSl., XIV, 136) непераканаўча бачыць крыніцу ўсх.-слав. выклічніка ў рум. bîr, bîrr (супраць гэтага геаграфія слова). Да праблематыкі пытання параўн. яшчэ Клепікава, Паст. терм., 54–59; Губшмід, Этимология, 1967, 245–246.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аспа́ласць ’санлівасць, вяласць, неахайнасць’ (Нас., Др.-Падб., Гарэц.), аспала, аспалы (Нас.). Укр. оспалий, оспалість, польск. ospały, ospałość, чэш. ospalý, ospalost, славац. ospalý, ospalosť, паморск. u̯ospałi ’санлівы, вялы’, ’санлівасць, вяласць’. Ст.-бел. оспалый ’санлівы, вялы’ (з 1593 — Булыка, Запазыч., 231, дзе таксама: оспалость, оспальство, оспальца, оспале; параўн. Гіст. лекс., 96). Унутраная форма слова ясная: аспаласць і інш. утворана ад аспалы, якое ў сваю чаргу — дзеепрыметнік ад дзеяслова *аспаць. Паколькі, аднак, такі дзеяслоў у беларускай мове не фіксуецца, не без падстаў оспалый разглядаецца як паланізм. Але і ў польскай мове не зафіксаваны такі дзеяслоў. Між тым у старачэшскай ён быў вядомы (пач. XV ст.). Таму, магчыма, што крыніцай дзеепрыметніка для польскай была чэшская мова, адкуль слова магло трапіць у беларускую непасрэдна або праз польскае ці ўкраінскае пасрэдніцтва. Назоўнік утварыўся на беларускай глебе ці быў таксама запазычаны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахіне́я ’бязглуздзіца, выдумка’, укр. ахінея, рус. ахинея. Звычайна лічыцца т. зв. семінарысцкім словам, узнікшым на базе спалучэнняў тыпу «афинейские плетения», «ахинейская премудрость» сумбурная, цяжкая для зразумення прамова’ ад грэч. ἀθηνατος ’афінскі’ (з Афін), гл. Фасмер, 1, 97; Рудніцкі, 1, 43; паводле Шанскага, 1, А, 180, беларускае і ўкраінскае словы з рус. ахинея. Згодна з Вінаградавым (РР, н. с., 3 (1928), 28–46), ад хинить ’лаяць, ганьбіць’, хинь ’бязглуздзіца, глупства’ з адлюстраваннем на пісьме акання, што сведчыць пра паўднёварускае паходжанне слова (аднак пры гэтым не ўлічваецца, што зыходныя словы вядомы пераважна на паўночнай тэрыторыі). Па семантыцы бліжэй да царкоўнаславянскага (серб.) хынити ’хлусіць’, серб.-харв. хи́нити ’прытварыцца, быць няшчырым, хлусіць’, якія фанетычна адпавядаюць польск. chynąć, бел. хі́нуць ’сагнуць’, параўн. прастамоўе загнуць, загібаць, ’выдумляць, гаварыць бязглуздзіцу’, а таксама мсцісл. пускаць хі́нню ’марнатравіць’ (Юрч. Фраз. 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наза́ўтра ’на наступны дзень’. Іншыя формы: наза́ўтрэ, наза́ўтрае, наза́ўтрая, наза́ўтрыя, наза́ўтрага (Сл. ПЗБ, Жд. 1; жлоб., Мат. Гом.; калінк., З нар. сл.), наза́ўтро, наза́ўтрэй (ТС). Са спалучэння на і заўтра (гл.), што ўяўляе род. скл. адз. л. ад назоўніка *utro з прыназоўнікам *za. Паводле Карскага, апошняя форма часта разглядаецца ўжо як наз. скл. і можа стаяць пасля розных прыназоўнікаў, у залежнасці ад чаго змяняецца і канцавое ‑а: na zau̯tra, u̯ zau̯try, da zau̯try (Федар.), можа таксама прымаць канчаткі прыметнікаў (Карскі 2–3, 74–75), як гэта дэманструюць прыведзеныя формы. Падобныя ўтварэнні вядомы іншым славянскім мовам, параўн. рус. наза́втра, наза́втрие, наза́втрия, наза́втрее, наза́втраго і пад., укр. наза́втра, наза́втре, польск. nazajutrz, nazautrze, чэш. nazítrí, в.-луж. nazajtra, н.-луж. nazajtša і інш., аднак узніклі яны, відаць, самастойна ў кожнай з іх, параўн. Шустар-Шэўц, 13, 995.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ду́ма 1 ’дума, думка’, ду́маць, таксама дума́ ’думка’ (Нас., Касп., Шат.). Лексемы *duma, *dumati вядомы амаль ва ўсіх слав. мовах (акрамя чэш. і славац., дзе dumati, dumať запазычаны з польск.). Семантыка іх розная (’думаць’, ’памятаць’, ’гаварыць’, ’меркаваць’ і г. д.); падрабязны агляд форм, значэння гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 154–156. Найбольш абгрунтаванай этымалагічнай версіяй (агляд версій у Трубачова, там жа) з’яўляецца дапушчэнне сувязі *duma, *dumati з *dъmǫ, *dǫti ’дуць’ (адсюль і шматлікасць семантыкі адпаведных слоў у слав. мовах). Параўн. яшчэ Мартынаў, Лекс. взаим., 82–84. Ад *dumati ўтвораны бел. ду́мка, укр. ду́мка.

Ду́ма 2 ’ганарыстасць, пыха’ (Нас.). Запазычанне з польск. duma ’тс’, якое звычайна лічыцца герм. па паходжанню. Гл. Слаўскі, 1, 179; Брукнер, 103. Параўн. і ду́мны ’горды, ганарысты’ (гл.). Гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 5, 154–156.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́дка 1 ’невялікая кадзь, кадушка’ (ТСБМ, Бяльк., Нас., Сцяшк.). Слаба зафіксавана ў гаворках, што, улічваючы іншыя назвы для гэтай рэаліі, можа ўказваць на запазычанне. Слова вядома ў некаторых слав. мовах, аднак шырока засведчана толькі ў рус. мове. Магчыма, стар. утварэнне суфіксам ‑ъka ад kadь (гл. кадзь).

Кадка́ 2 ’тупы канец яйка’ (Нас.). Можна параўнаць з рус. (зах.-бран.) кадка ’дно ў бутэльцы’, што пашырае геаграфію слова і, відавочна, сведчыць аб пераносным ужыванні слова кадка (гл.) на ўсх.-бел. тэрыторыі для абазначэння падобных да маленькай бочкі прадметаў. Больш шырока такія другасныя назвы вядомы гаворкам рус. мовы: параўн. рус. арл. кадка ’адтуліна ў сцяне печы для абпальвання цэглы; праз яе накладваюць цэглу’; ярасл. ’патоўшчаны канец ручкі цэпа, у якім замацоўваецца раменьчык’, цвяр., наўг., алан. і інш. ’драўлянае дзяржанне цэпа з патоўшчаным верхнім канцом’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАНДА́РНЫЯ ВЫ́РАБЫ,

драўляныя ёмістасці з клёпак для вадкіх, паўвадкіх і сыпучых прадуктаў і бытавых патрэб. Ва ўжытку беларусаў вядомы з глыбокай старажытнасці. Шматлікія іх рэшткі (ад невял. конавак да бочак на некалькі сотняў літраў) выяўлены пры археал. раскопках у пластах 11—14 ст. Форма клёпак (падоўжаныя трапецападобныя ці акруглыя выпуклыя) абумовіла форму бандарных вырабаў — кадзепадобную (канічную) ці бачарную (пукатую). Паводле прызначэння вылучаюць пасудзіны для вады і вадкіх рэчываў (трансп. бочка, кадушка, вядро, біклага, барылка, конаўка), для с.-г. прадуктаў (бочка, кадзь, бачурка, кубелец), для бытавых патрэб (кубел, жлукта, балея, цэбар, ражка, дзяжа, даёнка, бойка, бельчык), меры ёмістасці (асьміна, шаснастка, гарнец, карэц). Большасць бандарных вырабаў вызначалася функцыянальнай мэтазгоднасцю, вонкавай прастатой, практычнасцю. Некаторыя вырабы невял. памераў аздаблялі разьбой і выпальваннем. У наш час многія бандарныя вырабы саступілі месца разнастайным металічным, фарфора-фаянсавым, пластмасавым і інш. ёмістасцям.

В.​С.​Цітоў.

Бандарныя вырабы.

т. 2, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРШЧЭ́ЎНІК (Heracleum),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 70 відаў. Пашыраны ва ўмеранай і субтрапічнай зонах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 2 дзікарослыя — баршчэўнік сібірскі (Heracleum sibiricum), які расце на ўзлесках, уздоўж дарог, каля жылля, на пустках і схілах, і звычайны (Heracleum sphondylium) — рэдкая расліна, занесеная ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь, каля 10 інтрадукаваных відаў, з якіх найб. вядомы баршчэўнік Сасноўскага (Heracleum sosnowskyi), што вырошчваўся як эксперым. сіласная культура і добра натуралізаваўся каля дарог, жылля, палёў і ў далінах рэк.

Двух- або шматгадовыя травяністыя расліны з тоўстым прамастойным галінастым сцяблом выш. да 5—6 м. Лісце чаргаванае, трайчастае, перыстае або двойчыперыстае. Кветкі дробныя, белыя, зеленавата-жоўтыя, ружовыя, у складаных парасоніках. Плод — яйцападобны або адваротнаяйцападобны плоскі віслаплоднік. Кармавыя, лек., дэкар., харч., меданосныя і эфіраалейныя расліны. Сок большасці відаў, асабліва баршчэўніка Сасноўскага, выклікае дэрматыты.

Баршчэўнік Сасноўскага.

т. 2, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛФАСТ (Belfast),

горад, адм. ц. Паўн. Ірландыі (Вялікабрытанія). 297 тыс. ж. (1989). Порт на беразе зал. Белфаст-Лох, вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. 2 аэрапорты. Буйны цэнтр суднабудавання. Развіты таксама самалёта- і машынабудаванне, эл.-тэхн., прыладабуд., тэкст. (пераважна льняная), хім., мэблевая, харч., швейная, абутковая прам-сць. Ун-т (з 1845). Арх. помнікі 19—20 ст. (сабор, будынкі музея, парламента і інш.). Музей, маст. галерэя.

Вядомы з 1117 як умацаваны замак нарманаў, неаднаразова разбураўся і аднаўляўся. У 1613 атрымаў гар. правы. У канцы 17 ст. праз р. Лаган пракладзены мост, які садзейнічаў развіццю горада, у сярэдзіне 19 ст. здадзены ў эксплуатацыю суднабуд. верфі. Пасля расколу Ірландыі ў 1921 адзін з цэнтраў нац вызв. барацьбы ў Паўн. Ірландыі. З 1969 месца крывавых сутычак і тэрарыстычных актаў паміж ірл. католікамі і англ. пратэстантамі.

Да арт. Белфаст. Будынак Каралеўскага універсітэта.

т. 3, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЖЫЧ ((Božič) Мірка) (н. 21.9.1919, Сінь, гіст. вобл. Далмацыя, Харватыя),

харвацкі пісьменнік. Правадз. чл. Югаслаўскай акадэміі навук і мастацтваў, чл.-кар. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў. Вывучаў права ва ун-тах Бялграда і Заграба (1938—41). Аўтар раманаў «Курланы верхнія і ніжнія» (1952), «Нявыплаканыя» (1955), «Шоўкавыя пантофлі» (1958), аповесцяў «Каланела» (1975), «Бомба» (1976), «Цела і дух» (1981), зб. эсэ «Запісы між іншым» (1975). Пісаў п’есы («Мост», 1947; «Стрэлка», 1951; «Арэлі на сумнай вярбе», 1957; «Праведнік», 1960), кінасцэнарыі, радыёдрамы. Асн. ўвага Божыча засяроджваецца на крытычных момантах жыцця чалавека, праблемах асобы і грамадства. Вядомы і як оперны спявак.

Тв.:

Drame. Zagreb, 1950;

Novele. Zagreb, 1952;

Drame. Zagreb, 1960;

Рус. пер. — Курланы верхние и нижние. М., 1959;

Колоннелло // Современная югославская повесть, 70-е годы. М., 1978;

Легенда о девушке и дубе // Повести и рассказы югославских писателей. М., 1978.

І.​А.​Чарота.

т. 3, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)