представля́ть несов.

1. (подавать, приводить доказательства, справки и т. п.) падава́ць; прыво́дзіць; пака́зваць, прадстаўля́ць; прад’яўля́ць;

представля́ть спи́ски падава́ць спі́сы;

представля́ть на рассмотре́ние, утвержде́ние падава́ць на разгля́д, зацвярджэ́нне;

представля́ть соображе́ния прыво́дзіць (падава́ць) меркава́нні;

2. (доставлять в какое-л. место) дастаўля́ць; ста́віць;

представля́ть свиде́телей к допро́су дастаўля́ць (ста́віць) све́дак на до́пыт;

3. (знакомить, рекомендовать) знаёміць (каго, з кім), рэкамендава́ць; прадстаўля́ць (каго, каму);

представля́ть педагоги́ческому сове́ту но́вого преподава́теля рэкамендава́ць (прадстаўля́ць) педагагі́чнаму саве́ту но́вага выкла́дчыка;

представля́ть това́рища отцу́ знаёміць тава́рыша з ба́цькам;

4. (к ордену, награде и т. п.) прадстаўля́ць;

5. (изображать) малява́ць, пака́зваць, выво́дзіць;

представля́ть кого́-л. в смешно́м ви́де малява́ць (пака́зваць) каго́е́будзь у сме́шным вы́глядзе;

а́втор представля́ет свои́х геро́ев… а́ўтар малю́е (пака́звае, выво́дзіць) сваі́х геро́яў…;

6. (вызывать что-л., причинять) выкліка́ць; прычыня́ць; (составлять) склада́ць; (являться) з’яўля́цца;

э́та рабо́та не представля́ет больши́х затрудне́ний гэ́та рабо́та не выкліка́е (не склада́е) вялі́кіх ця́жасцей;

7. (принимать на себя образ кого-, чего-л.) прыкі́двацца (кім, чым), стро́іць з сябе́;

представля́ть сумасше́дшего прыкі́двацца вар’я́там, стро́іць з сябе́ вар’я́та;

8. (давать представление) театр. пака́зваць;

представля́ть сце́ну из но́вой пье́сы пака́зваць сцэ́ну з но́вай п’е́сы;

9. (воображать) уяўля́ць, прадстаўля́ць;

вы представля́ете себе́ таку́ю карти́ну? вы ўяўля́еце сабе́ такі́ малю́нак?;

10. (являться) з’яўля́цца; (быть) быць; (представлять собой) з’яўля́цца, уяўля́ць; (составлять) склада́ць, станаві́ць;

слу́жба в а́рмии представля́ет почётную обя́занность гра́ждан слу́жба ў а́рміі з’яўля́ецца пачэ́сным абавя́зкам грамадзя́н;

он представля́ет собо́й воплоще́ние че́стности ён з’яўля́ецца ўвасабле́ннем сумле́ннасці;

э́то представля́ет большу́ю це́нность гэ́та ўяўля́е (склада́е) вялі́кую кашто́ўнасць;

11. (быть представителем) прадстаўля́ць;

представля́ть интере́сы коллекти́ва прадстаўля́ць інтарэ́сы калектыву.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

дайсці́, дайду, дойдзеш, дойдзе; пр. дайшоў, ‑шла, ‑шло; заг. дайдзі; зак., да каго-чаго.

1. Ідучы ў пэўным кірунку, дасягнуць якога‑н. месца. Вера дайшла да сваёй хаты і прысела на лавачцы перад гародчыкам. Паслядовіч. Доўгім і вузкім дваром .. [Сцяпан з сястрой] дайшлі да пуні. М. Стральцоў. // Рухаючыся, дасягнуць якога‑н. месца (пра поезд, машыну, параход і пад.). Трактар дайшоў да канца і, завярнуўшыся, заняў новыя барозны. Паслядовіч. // Дасягнуць месца прызначэння (пра пісьмы, тэлеграмы і пад.). А маці, нібы адгадвала яго [сынавы] думкі, запытала: — Ліст наш ці дайшоў жа да цябе, што Макар пісаў? Галавач. // Звярнуцца да каго‑н. у вышэйшай інстанцыі (з заявай, скаргай і г. д.). — Я дайду да сакратара райкома! — крыкнуў Несцер Іпатавіч. Дубоўка.

2. Распаўсюджваючыся, дасягнуць слыху, нюху; данесціся (пра гукі, пахі і пад.). Крык не дайшоў да вушэй. □ Пах салодкі [праснакоў] дайшоў да гультайкі-дачкі. Дубоўка. // Стаць вядомым, распаўсюдзіцца (пра весткі, чуткі і пад.). Да Салаўёва неяк дайшлі чуткі, што яго збіраюцца замяняць. Шахавец. Вестка, што Язэпава золата знайшоў Базыль, дайшла і да Лукер’і. Сачанка. // Выклікаць якія‑н. пачуцці, знайсці водгук (у сэрцы, душы і пад.). [Купала:] — Ці ўдасца мне сказаць такое слова, каб дайшло яно да людскіх сэрцаў. Вітка. Выйшла маці і села побач. .. Відаць, яе паклікала сюды песня, чымсьці дайшла да сэрца. Пестрак. // Стаць зразумелым, асэнсаваным, пранікнуць у свядомасць. Да Нора не адразу дайшоў сэнс таго, што сказала гэтая прыгожая руская жанчына ў афіцэрскай форме. Шамякін. / у безас. ужыв. Мікалай стаяў і нібы не разумеў, што тут адбываецца. Нарэшце да яго дайшло. Чарнышэвіч. // Захавацца, зберагчыся да якога‑н. часу (пра паданні, помнікі пісьменнасці і пад.). Гэту ж казку-быліну людзі склалі ў свой час, а яна з той часіны і дайшла аж да нас. Машара. З глыбінь стагоддзяў дайшла да нас мара працоўнага чалавека вырвацца з няволі. «ЛіМ».

3. Змяняючыся, дасягнуць якога‑н. узроўню, распаўсюдзіцца да пэўнай мяжы (пра аб’ём, колькасць і інш.). Мароз дайшоў да дваццаці градусаў. Вада дайшла да краёў.

4. Прыйсці ў які‑н. стан, дасягнуць крайняй ступені праяўлення чаго‑н. Дайсці да знямогі. □ Толькі рускія махісты маглі дайсці да таго, каб сцвярджаць «спалучальнасць» юмаўскага агнастыцызму з матэрыялізмам Маркса і Энгельса. Ленін. Хлопец дайшоў ужо да такога стану разгубленасці, калі чалавек не здольны ні думаць, ні бачыць, ні гаварыць. Карпюк.

5. Разм. Дасягнуць разумення чаго‑н.; дадумацца, разабрацца, разведаць. Дзядзька Максім — чалавек цікаўны, пакуль да ўсіх дробязей не дойдзе — не адступіцца. Пянкрат. Мудры дзед. Век зжыў, пабадзяўся па людзях, пабачыў. Такія ў вёсцы — філосафы. Варожаць і на ўраджай і на пагоду. Дзе не розумам, то хітрасцю дойдуць... Пташнікаў.

6. Дабрацца да каго‑, чаго‑н. па парадку; настаць чыёй‑н. чарзе. Дайсці ў размове да галоўнага. □ І вось, калі першая чарка дайшла да .. [Лабановіча], ён падзякаваў гаспадару і перадаў чарку суседцы. Колас. Я адразу здагадаўся: справа дайшла да арыфметыкі. Зноў не атрымліваецца задачка. Няхай. // Дасягнуць пэўнага службовага становішча. Дайсці да чына палкоўніка.

7. Шчыльна прыстаць; стаць на сваё месца (аб тым, што падганяецца, дапускаецца, прыладжваецца). Дзверы добра дайшлі да пазоў.

8. Разм. Аслабець, выбіцца з сіл; памерці. Паранены звер дайшоў. □ — Не штука з голаду дайсці пры такой рабоце, — апраўдваючыся, пачаў Саша. Вітка.

9. Разм. Стаць гатовым (аб тым, што пячэцца, смажыцца і пад.). Пірагі дайшлі. // Даспець. Памідоры за пагодай яшчэ дойдуць.

•••

Дайсці да чыіх вушэй — стаць вядомым каму‑н.

Дайсці (да) ладу — разабрацца, дабіцца толку.

Дайсці да памяці — апрытомнець.

Дайсці да розуму — паразумнець, разабрацца ў чым‑н.

Дайсці (дабіцца) да ручкі — прыйсці ў крайне дрэнны, непрыгодны стан. — Цьфу, каб ты згарэла! — вылаяўся ён праз кашаль. — Ужо і курыць не магу. Дайшоў Антось да ручкі. Брыль.

Дайсці да смаку — адчуць задавальненне ад чаго‑н., праявіць вялікую цікавасць, любоў да чаго‑н.

Дайсці да торбы — вельмі збяднець, стаць жабраком.

Дайсці сваёй галавой (розумам) — самастойна разабрацца ў чым‑н. Не мог дайсці Мікіта сваім розумам, чаго так настойліва прасіў бацька не казаць Анісіму, што ў вёску надоечы прыехала з горада Вера. Сачанка.

Дайсці свайго — дабіцца пастаўленай мэты.

Рукі не дайшлі гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

turn2 [tɜ:n] v.

1. паваро́чваць; паваро́чвацца; пераваро́чваць; пераваро́чвацца;

turn inside out вываро́чваць навы́варат, вываро́чвацца навы́варат;

turn the corners of the page загіна́ць/загіба́ць старо́нкі;

turn upside down пераваро́чваць дагары́ нага́мі;

It turns my stomach. Мне моташна.

2. накіро́ўваць; накіро́ўвацца; змяня́ць напра́мак;

turn right паваро́чваць напра́ва;

turn to politics пачына́ць займа́цца палі́тыкай;

turn one’s attention (to) звярта́ць чыю́-н. ува́гу (на);

turn one’s hand to smth. бра́цца за што-н.;

turn one’s steps накіро́ўвацца

3. ператвара́ць; ператвара́цца; станаві́цца;

turn pale збяле́ць;

turn sour скі́снуць; сква́сіць (малако);

He’s turned forty. Яму пераваліла за сорак.

4. : turn smb.’s head круці́ць каму́-н. галаву́

turn (smb.) against smb./smth. настро́йваць (каго́-н.) су́праць каго́-н./чаго́-н.; паўстава́ць су́праць каго́-н./чаго́-н.;

as things turned out як аказа́лася

turn away [ˌtɜ:nəˈweɪ] phr. v.

1. адваро́чваць; адваро́чвацца

2. праганя́ць, выганя́ць; звальня́ць

turn back [ˌtɜ:nˈbæk] phr. v.

1. паваро́чваць наза́д, варо́чацца

2. праганя́ць

3. адваро́чваць, адгіна́ць, адгіба́ць (старонкі)

4. пераво́дзіць наза́д (стрэлку гадзі́нніка);

We cannot turn the clock back. Час не павернеш назад.

turn down [ˌtɜ:nˈdaʊn] phr. v.

1. змянша́ць, памянша́ць, убаўля́ць (газ, гучнасць)

2. адхіля́ць, адмаўля́ць, не прыма́ць;

I was turned down for the job. Мяне не ўзялі на работу.

turn in [ˌtɜ:nˈɪn] phr. v.

1. infml адпраўля́цца на бакаву́ю (спаць)

2. : take smb. in здаць каго́-н. у палі́цыю

3. : take smth. in аддава́ць наза́д, вярну́ць што-н.

turn off [ˌtɜ:nˈɒf] phr. v.

1. выключа́ць; закрыва́ць (кран)

2. зваро́чваць (з даро́гі)

3. infml выкліка́ць, адчува́ць агі́ду

turn on [ˌtɜ:nˈɒn] phr. v. запа́льваць, уключа́ць (святло, радыё);

She turned on all her charm. Яна пусціла ў ход усе свае чары.

turn out [ˌtɜ:nˈaʊt] phr. v.

1. тушы́ць, выключа́ць (святло)

2. выганя́ць (на вуліцу)

3. выпуска́ць, вырабля́ць праду́кцыю

4. ака́звацца, выяўля́цца;

as it turns out як ча́ста быва́е

5. станаві́цца;

After a wet morning it turned out a fine day. Пасля дажджлівай раніцы выдаўся добры дзень.

turn over [ˌtɜ:nˈəʊvə] phr. v.

1. пераваро́чваць; пераваро́чвацца; пераку́льваць; пераку́львацца

2. абду́мваць, разгляда́ць

3. перадава́ць (у паліцыю)

turn round [ˌtɜ:nˈraʊnd] phr. v. паваро́чвацца, абаро́чвацца

turn up [ˌtɜ:nˈʌp] phr. v.

1. знахо́дзіць, адкрыва́ць; выко́пваць

2. з’яўля́цца (нечакана)

3. узніма́ць, падніма́ць; уздыма́ць, падыма́ць угару́;

Don’t turn your nose up at the offer. Не адварочвай нос ад прапановы.

4. падшыва́ць, падкла́дваць (сукенку, спадніцу і да т.п.)

5. прыбаўля́ць (газу, святла і да т.п.)

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

вы́йсці, выйду, выйдзеш, выйдзе; пр. выйшаў, ‑шла; заг. выйдзі; зак.

1. Пайсці адкуль‑н., пакінуць межы чаго‑н. Выйсці з горада. Выйсці з машыны. □ Гулка бразнулі дзверы. З хаты выйшлі людзі. Лынькоў. Бацька спрытна саскочыў з кузава, адчыніў дзверы кабіны і дапамог выйсці маці. Чарнышэвіч. // Накіравацца куды‑н. Малады высокі салдат, развітаўшыся з сваімі таварышамі, выйшаў пеша ў дарогу. Чорны. Свякроў знала, што будзе бяда, і таму не пайшла ў лён, а выйшла палоць грады. Брыль. // Прарвацца, прабіцца адкуль‑н. Выйсці з блакады. Выйсці з акружэння. // перан. Перастаць удзельнічаць у чым‑н.; выбыць. Выйсці з вайны. Выйсці з гульні. Выйсці з падполля. □ Уладзімір Вялічка быў просты чалавек. Ён зусім.. не ўсвядоміў сабе ўсяго значэння той справы, з якой толькі што выйшаў. Чорны. // перан. Пакінуць месца знаходжання дзе‑н. Выйсці са шпіталя пасля ранення.

2. перан. Быць выдадзеным, надрукаваным. Кніга выйшла з друку. □ [Вэня:] — Матэрыялы могуць выйсці асобнай брашурай. Чорны. // Уступіць у дзеянне, сілу (пра закон, загад і пад.). — Значыць, наколькі я асмелюся думаць, тут інструкцыя такая выйшла для няўхільнага правядзення ў жыццё. Чорны.

3. Прыйсці куды‑н., з’явіцца, апынуцца дзе‑н.; паказацца. Выйсці на палявую дарогу. Выйсці на нарад. Выйсці ў тыл ворагу. Сонца выйшла з-за хмары. Выйсці на арбіту. □ Сасновы бор скончыўся, і мы выйшлі на паляну. В. Вольскі. // Падысці да каго‑, чаго‑н. Выйсці да стала. Выйсці да людзей.

4. з чаго, з-пад чаго. Перастаць быць у якім‑н. стане, становішчы. Выйсці з цярпення. Выйсці з-пад улады. □ Жэня ўбачыў маці і зноў устрапянуўся, выйшаў з .. цяжкага здранцвення. Шамякін.

5. безас. Прыйсціся, дастацца, выпасці. На кожнага выйшла па сто рублёў.

6. Зрасходавацца, кончыцца. Выйшлі ўсе запасы. Выйшлі грошы. □ Гранаты выйшлі, у ранцах ні галеты. Калачынскі. Маці думала аб тым, што дома выйшаў хлеб, а сена для худобы засталося так мала, што ніяк не хопіць дацягнуць да маладой травы. Сіняўскі. // Прайсці, мінецца (пра час).

7. (звычайна са словам «замуж»). Стаць жонкай каго‑н. Выйшла Аўгіня замуж за Васіля Бусыгу. Колас. — Які з цябе будзе муж! — сказала Мальвіна, калі Адам прапанаваў ёй выйсці за яго замуж. Корбан.

8. Атрымацца, удацца. Выйшла добрая рэч. Добра выйсці на фота. □ Зброя выйшла хоць куды! Маўр. Усмешка выйшла разгубленая, бездапаможная. Карпаў. Усе былі перакананы, што з яго выйдзе славуты лётчык. Мележ. // Стаць, зрабіцца кім‑, чым‑н. Выйсці пераможцам. Выйсці ў вялікія майстры. □ [Бондар:] — Мой брат, старэйшы, у камбрыгі выйшаў. Навуменка.

9. Пра паходжанне каго‑н. Выйсці з асяроддзя людзей працы. □ Увесь гэты сялянскі воблік і простая вопратка не былі падробліваннем пад народ. Чалавек, які выйшаў з народа, жыў яго інтарэсамі і спадзяваннямі,.. не мог і не жадаў чым-небудзь адрознівацца ад людзей. С. Александровіч.

10. Здарыцца, нечакана адбыцца ў выніку чаго‑н. Выйшла самае нечаканае. □ Я хацеў выклікаць жаласць у сэрцы Барыса, а выйшла наадварот... Бядуля. [Дзяўчына:] — Дом цягне.. А мяне з дому пацягнула, бо сутычка з татам выйшла. Пташнікаў.

•••

Бокам выйсці; вомегам выйсці — тое, што і бокам (вомегам) вылезці (гл. вылезці).

Выйсці з берагоў — разліцца (пра раку, возера і пад.).

Выйсці з галавы — зусім забыцца.

Выйсці з давер’я — перастаць карыстацца чыім‑н. давер’ем.

Выйсці з моды — перастаць быць модным.

Выйсці з раман — парушыць агульнапрынятыя нормы.

Выйсці з сябе — раззлавацца.

Выйсці з узросту; выйсці з гадоў — перарасці ўзрост, вызначаны для каго‑, чаго‑н.

Выйсці за рамкі — перайсці межы чаго‑н.

Выйсці з-пад пяра каго — быць напісаным кім‑н.

Выйсці (выбіцца) на дарогу — знайсці сваё месца ў жыцці, стаць самастойным.

Выйсці на пенсію (у адстаўку) — перастаць служыць, працаваць.

Выйсці (усплыць) наверх (на паверхню) — выявіцца, стаць вядомым.

Выйсці са строю — стаць непрыгодным, непрацаздольным. Першы і найлепшы яго друг і камандзір выйшаў са строю. Кавалёў.

Выйсці (выбрацца) сухім з вады — пазбегнуць заслужанай кары; астацца непакараным.

Выйсці ў колас — пачаць каласаваць (пра збожжавыя расліны).

Выйсці (выбіцца) у людзі — пасля доўгіх намаганняў дасягнуць трывалага або высокага становішча ў грамадстве. Нарадавацца не магла з Васіля: дабіўся, чаго хацеў, — у людзі, лічы, выйшаў. Мележ.

Выйсці ў свет — быць апублікаваным (пра друкаванае выданне).

Выйсці ў тыраж — выйсці з ужытку, стаць непрыгодным да чаго‑н.

Выйсці чыстым — аказацца непакараным.

На маё (яго) выйшла — так, як я (ён) хацеў.

(Нічога) не выйдзе — не атрымаецца, не ўдасца. [Іван:] — «Не, з чытання сёння нічога не выйдзе. Ці не пайсці развеяцца?» Гаўрылкін. — «Сцёпа, пачакай! — затрымала яго жонка. — Давай заўтра махнём куды-небудзь у раён. — Нічога не выйдзе, — адказаў Сцяпан Ягоравіч. — Заўтра.. буду заняты». Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

mchen

1. vt

1) рабі́ць; вырабля́ць, выко́нваць

2) склада́ць, раўня́цца;

zwei mal vier macht acht два ў чаты́ры бу́дзе [раўня́ецца] во́сем;

das macht viel гэ́та склада́е вялі́кую су́му; гэ́та ігра́е ва́жную ро́лю;

das macht fünf uro гэ́та склада́е пяць е́ўра;

das macht nichts гэ́та нічо́га не зна́чыць

2) прыво́дзіць у пара́дак;

das Bett ~ засціла́ць ло́жак;

die Hare ~ прычэ́свацца

3) з’яўля́цца, быць (кім-н.);

den Lhrer ~ разм. наста́ўнічаць

4) заключа́ць (саюз), утвара́ць (грамадства);

bnte Rihe ~ сядзе́ць упераме́шку (напр., мужчыны і жанчыны)

5) мець вы́нікам;

Plite ~ пацярпе́ць фія́ска [няўда́чу], збанкру́ціцца

6) падыма́ць, рабі́ць (шум);

Radu ~ шуме́ць, сканда́ліць;

grßes ufsehen ~ рабі́ць сенса́цыю

7) завяршы́ць, зрабі́ць;

ine Parte ~ згуля́ць па́ртыю (у шахматы);

nspruch auf etw. (A) ~ прэтэндава́ць на што-н.

8) рабі́ць, прычыня́ць, выкліка́ць;

j-m Angst ~ наганя́ць на каго́-н. страх;

j-m Vergnügen ~ прыно́сіць каму́-н. задавальне́нне

9) рабі́ць (сабе);

sich (D) über etw. (A) Gednken ~ турбава́цца, непако́іцца, хвалява́цца аб чым-н.;

es sich (D) bequm ~ уладко́ўвацца зру́чна [ёмка, вы́гадна]

10)

j-m Recht ~ дагадзі́ць (каму-н.);

j-m etw. dutlich ~ растлума́чыць каму́-н. што-н.;

sich an etw. (D) ~ бра́цца за што-н. (напр., за работу);

sich auf den Weg ~ выпраўля́цца ў даро́гу;

was macht dein Deutsch? як твае́ по́спехі з няме́цкай мо́вай?;

mach, dass du frtkommst! выбіра́йся [прэч] адсю́ль!;

sich dünn(e) [aus dem Staub] ~ разм. зні́кнуць, зліня́ць, уцячы́

2. vi разм.

1):

acht Stnden ~ працава́ць во́сем гадзі́н;

mach schnell!, mche, mche! хутчэ́й!;

ich mach ja schon! за́раз!, хвілі́нку!

2) (in D) гандлява́ць (чым-н.);

in Textli¦en ~ гандлява́ць ткані́най

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

сло́ва, ‑а, н.

1. Моўная адзінка, якая сваім гукавым саставам выражае паняцце аб прадмеце, працэсе, з’яве рэчаіснасці. Службовае слова. Іншамоўныя словы. □ Адно толькі слова: «сыночак» Шапочуць бацькоўскія губы. Колас. Чуваць былі асобныя словы, смех, паасобныя, вясёлыя выкрыкі. Лынькоў. Пасля пачалі складаць з літараў словы: «ма-ма», «та-та», «А-не-ля»... Брыль. «Мама», — якое гэта салодкае, ласкавае слова! Якімовіч.

2. толькі адз. Мова. Мастацкае слова паэта. Працаваць над словам. Культура слова. □ Магутнае слова, ты, роднае слова! Са мной ты на яве і ў сне. Купала. Родным словам мы грознай парою Гуртавалі рады змагароў. Гілевіч.

3. (адз. у тым жа знач., што і мн.). Фраза; выказванне; гаворка, размова. [Ягораў] меў звычай пагутарыць з байцамі перад боем, уведаць іх настрой, каго падбадзёрыць словам, каму падаць добрую параду. Краўчанка. Помніць да гэтага часу Хлопчык бацькавы словы. Аўрамчык. Доўга сядзелі [Ян і Андрэй] каля хворага, якому сёння было горш. Зрэдку перакідваліся словамі. Чарнышэвіч. Карызна зірнуў на .. [Зеленюка] такім поглядам, які ясна, без слоў, гаварыў: «Чаго табе яшчэ трэба?..» Зарэцкі. // Тое самае, з колькасным указаннем (прамым або такім, што падразумяваецца) у значэнні мала, многа, нічога і пад. (гаварыць, сказаць і пад.). [Жлукта:] Я хацеў сказаць вам некалькі слоў... Крапіва. [Каця] так расчулілася, што не магла вымавіць ні слова. Ваданосаў. Стары растлумачыў усё ў трох словах. Асіпенка. // Гаворка як процілегласць справе; пустаслоўе, балбатня. [Пацяроб:] — Менш слоў, а больш дзела. Зарэцкі. [Полазаў:] — Мы павінны ўступіць у барацьбу не на словах, а справаю. Арабей. Работу словам не заменіш. З нар.

4. толькі адз. Рашэнне, думка чыя‑н. [Пытляваны:] Мы яшчэ не чулі слова маладой. Крапіва. Дзядзька Мацей.. стаў завадатарам, да яго слова прыслухоўваліся. «Маладосць». Сёння прыйшоў да Вас з новымі вершамі, Чуць хачу Вашае слова. Непачаловіч.

5. толькі адз. Абяцанне зрабіць, выканаць што‑н. [Маёр:] — Абяцаю табе, што ранкам.. [жонка] будзе дома. Мы яе сілком прывядзём... Вось табе маё слова... Кучар. Мятла цвёрда абяцаў, а ён не пустазвон, а чалавек слова. Машара.

6. толькі адз. Права, дазвол гаварыць публічна, выступаць з прамоваю. Шэмет папрасіў слова для экстранага паведамлення. Лобан. Слова зноў атрымаў сакратар райкома. Хадкевіч. Гэту песню не спець не магу я. Гэтай песняй прашу сабе слова. Кірэенка. — Слова паэту! — выгукваюць госці. А. Александровіч. // з азначэннем. Прамова, выступленне на якую‑н. тэму. Пасля ўступнага слова дырэктар семінарыі ўзяў у рукі кнігу загадаў.. і пачаў чытаць. С. Александровіч. Сваё слова прысвяціў.. [паэт] росквіту савецкай зямлі. «Маладосць». Спачатку, як заўсёды, слова меў Баравік. Затым кіраўнік .. дэлегацыі ад усіх сваіх таварышаў выказаў падзяку пярэчанцам. Грамовіч.

7. толькі мн. (сло́вы, слоў). Літаратурны тэкст вакальнага твора. Новая песня на словы вядомага паэта. // Наогул тэкст якой‑н. прамовы, выступлення і пад. Запомніць словы прывітання. Вывучыць словы літаратурнай кампазіцыі. □ Піянерскай клятвы словы Мы не забываем. Колас.

8. толькі адз. Уст. Літаратурны твор у форме аратарскай прамовы, пропаведзі ці паслання. Слова аб палку Ігаравым.

•••

Друкаванае слова — тое, што надрукавана.

Загаловачнае слова — слова як элемент слоўніка, якое вылучаецца асобным шрыфтам і тлумачыцца ў слоўнікавым артыкуле.

Крылатыя словы — трапныя, характэрныя словы, якія сталі хадавымі, шырокаўжывальнымі.

Адным словам — карацей кажучы.

Ад слова да слова — усё цалкам, ад пачатку да канца (расказваць, чытаць і пад.).

Апошняе слова (навукі і тэхнікі) — самае высокае (навуковае, тэхнічнае) дасягненне, адкрыццё.

Без лішніх слоў — не размаўляючы доўга, не трацячы часу на размовы; рашуча, коратка.

Браць (узяць) слова гл. браць.

Браць (узяць) слова з каго гл. браць.

Браць (узяць) слова назад гл. браць.

Верыць (паверыць) на слова гл. верыць.

Гаспадар свайго слова гл. гаспадар.

Глытаць словы гл. глытаць.

Дар слова гл. дар.

Да слова (к слову) (прыйсціся) — дарэчы (прыйшлося) (пра што‑н. сказанае, расказанае і пад.).

Да слова сказаць гл. сказаць.

Даць слова гл. даць.

Двух слоў не звяжа гл. звязаць.

Жаваць словы гл. жаваць.

Жывое слова — а) вусная мова ў адрозненне ад пісьмовай; б) мова, цікавае слова, што хвалюе слухача. [Ладынін:] — Сорак хвілін — і ніводнай акрэсленай думкі, ніводнага жывога слова. Шамякін.

Закінуць (замовіць) слова гл. закінуць.

Залатыя словы — пра надта добрыя, разумныя, дзельныя словы, парады і пад.

За словам (па слова) у кішэнь (кішэню) не лазіць гл. лазіць.

З астатніх слоў, астатнімі словамі (абзываць, лаяцца) — абзываць, лаяцца апошнімі, вульгарнымі словамі.

З чужых слоў — на падставе расказу, гаворкі другіх людзей, а не ўласных ведаў.

Кідацца словамі гл. кідацца.

Кідаць (пускаць) словы на вецер гл. кідаць.

Лавіць на слове (словах) гл. лавіць.

Лёгкі на слова гл. лёгкі.

Мець слова гл. мець.

Моцнае слова — лаянка, грубыя словы.

Набор слоў гл. набор.

На два словы — для кароткай размовы, паведамлення (клікаць, выклікаць і пад.).

На словах — а) вусна; б) толькі ў размове.

Не абмовіцца (ні адным) словам гл. абмовіцца.

Не магчы (не ўмець) звязаць двух слоў гл. магчы.

Ні слова — зусім нічога (не разумець з прачытанага, сказанага і пад. або не гаварыць пра што‑н.).

Па апошняму слову чаго — у адпаведнасці з самымі новымі дасягненнямі.

Памінаць (успамінаць) добрым словам гл. памінаць.

Сваімі словамі — не літаральна, не даслоўна, а перадаючы толькі змест (расказваць, адказваць і пад.).

Сказаць сваё слова гл. сказаць.

Слова за слова (за словам); слова па слове — а) паступова, мала-памалу (пра развіццё гутаркі, размовы). [Сашка:], — Слова за словам, разгаварыліся, селі за стол. Машара; б) спрачаючыся, пасварыцца і пад. Слова за слова, схапіліся загрудкі. Пальчэўскі.

Слова ў слова — даслоўна, дакладна, без скажэння (пераказаць, паўтарыць, перакласці і пад.).

Слоў не хапае (не стае) гл. хапаць.

Слоў няма гл. няма.

Трымацца свайго слова гл. трымацца.

Трымаць слова гл. трымаць.

У адно слова — разам, адначасова (сказаць, падумаць і пад.).

У двух (трох) словах; у кароткіх словах — коратка, сцісла (сказаць, расказаць і пад.).

Успомніш маё слова гл. успомніць.

Цвёрдае слова — пра слова (абяцанне), якому можна даверыцца, якое не разыходзіцца са справай).

Чэснае слова — выраз запэўнення ў праўдзівасці чаго‑н. [Таццяна:] Але гэта апошні раз, Фёдар Фёдаравіч, чэснае слова. Васілёнак.

Шукаць слоў (слова) гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калду́н1 ’вядзьмар, чараўнік’ (пух., КЭС; Мат. Гом., Сержп., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Сіг.; ганц., Сл. паўн.-зах.), калдунка ’вядзьмарка’ (барыс., Шатал.), калдуньнік ’вядзьмар’ (малар., Сіг.), калдуха ’чараўніца’ (рэч., Мат. Гом.; браг., Шатал.), сюды ж калдаваць (Сержп.), калдуваты, калдунство (Сіг.). Калдун ’гульня’ (гом., Мат. Гом.; гродз., Нар. словатв.), вет., маг. і рэч. калдун ’вядзьмар’. Зах.-палес. лексемы паводле фанетычнага крытэрыю лічыць спрадвечнымі нельга; Сержпутоўскі фіксуе гэта слова ў казках, аднак часцей ужываюцца лексемы ведзьмак і знахор, хоць, паводле іншых яго прац, на Случчыне і блізкай да яе тэрыторыі слова ўжываецца. Статус апошняга, як і наогул статус бел. слова, падазроны, аднак выключыць магчымасць захавання архаізма на поўдзень ад Мінска і на ўсх.-палес. тэрыторыі нельга. Паводле даных ЛАБМ (пытанне 3016), лексемы калдун, калдаваць і да т. п. адзначаюцца ў розных рэгіёнах Беларусі. Статус гэтых фіксацый (а іх нямала) не вельмі ясны, паколькі ў тых жа пунктах запісваюцца звычайна і больш пашыраныя знахар або чараўнік. Больш-менш кампактныя арэалы ўтвараюць гэтыя лексемы на поўначы і ўсходзе беларускай тэрыторыі. Шанскі (2, K, 196) прыводзіць як роднасныя серб.-харв. колдовати, славен. koldováti ’жабраваць’, што неверагодна, паколькі гэтыя словы разам з колдуш ’жабрак’ адносяцца да венг. koldus ’тс’. Параўн. тэрыторыю — славен., харв. (кайк., паўн.-чак.) і значэнне, якое супадае з венг. Меркаванне, быццам значэнне ’жабраваць’ утвараецца з ’жаліцца, плакаць’ < ’гаварыць’, нельга прыняць, паколькі венг. слова не запазычана з слав. моў, параўн. MESz, 2, 524. Адносна славен. і серб.-харв. слоў гл. яшчэ Скок, 2, 124; Безлай, 2, 55 (разглядаюцца як запазычаныя з венг. мовы). Такім чынам, слова як спрадвечнае надзейна можна кваліфікаваць толькі для рус. мовы, а бел. слова як магчымую бел.-рус. інавацыю. Пра запазычанне рус. лексемы з венг. мовы пісалі Міклашыч, 123; Бернекер, I, 544, што, як слушна адзначае Фасмер (2, 288), неверагодна — рус. слова шырока распаўсюджана і значэнне яго іншае. Даволі папулярнай з’яўляецца даўняя версія Ільінскага, РФВ, 62, 250 і наст., што роднаснымі да рус. з’яўляюцца літ. kalbà ’мова’, лат. kalada ’шум, спрэчка’, лац. calō, calāreвыклікаць, склікаць’, грэч. χαλέω ’клікаць, заклікаць’, χέλαδος ’шум’; фармальныя цяжкасці (‑д‑ у рус. адпаведніку) відавочныя, апрача таго, вельмі няяснай з’яўляецца адсутнасць паралелей у іншых слав. мовах. Калі дапусціць, што слова ніякай сувязі з адзначанымі іншаславянскімі лексемамі не мае, бачыць у ім архаізм праславянскага перыяду малаверагодна. Версія аб інавацыі (рус.?, бел.-рус.?) здаецца таксама не вельмі імавернай. Семемы слова ў рус. гаворках (’вядзьмар’, ’махляр’, ’чалавек, які нешта бурчыць сабе пад нос’) як быццам адносяцца да ’вядзьмар’, а значэнне ’знахар’ не з’яўляецца першасным. Так, рус. кастрам. колдун ’у дзіцячай гульні палка, якая доўга застаецца пад вадой, калі яе кідаць канцом у ваду’, разан. колдовина, колдовица ’нарасць на дрэве’, ’горб’: «На спине видала какая колдовица, с голову ведь сидит у горбатого» (СРНГ, 14, 116). Такім чынам, першапачатковая семантыка слова калдун магла быць ’той, хто гадае з дапамогай нейкіх сакральных прадметаў’, ’чалавек з нейкімі фізічнымі недахопамі’ > ’чалавек, які знаецца з нячыстай сілай’, ’вядзьмар’). Магчыма, іменна так неабходна разумець бел. колдыга ’парода лесуна’ (Кірк.), якое можна суаднесці з калдыга ’кульгавы чалавек’. Сярод шэрагу іншых варыянтаў найбольш цікавым уяўляецца наступны. Апрача форм тыпу калдун у бел. мове ёсць і лексемы з ‑г‑, параўн. тураў. голдун і голдунка. Не выключана, што гэта звычайны позні звонкі дублет у гаворках, аднак можна думаць, што тут даўні варыянт лексемы. Ва ўсякім разе ў рус. мове зафіксаваны дэрыват ад галдеть галдун ’той, хто любіць крычаць’, ’хто любіць ужываць непрыстойныя выразы’. Паводле семантычнага крытэрыю такое меркаванне таксама здаецца не вельмі надзейным. Вярэніч (БЛ, 2, 1972, 72–73) гаворыць аб сувязі бел. каўтун ’Plica polonica, хвароба’ і калдаваць, калдун. Сапраўды, даволі пашыранай на бел. тэрыторыі з’яўляецца форма калдун ’хвароба каўтун’. Форма калдун ’каўтун’ у рус. гаворках, за выключэннем некаторай часткі смаленскай (уласна беларускіх), не сустракаецца. Больш імавернай з’яўляецца думка Вярэніча (там жа і БЛ, 10, 1976, 57), што калдун ’каўтун’ < калдун ’чараўнік’. Але і тут лінгвагеаграфія перашкаджае, паколькі колдун ’чараўнік’ няма падстаў лічыць праславянскім, у той час як карп. і каш. назвы адпаведнай хваробы, відавочна, з’яўляюцца старымі. Паводле вусн. паведамл. Мартынава, ‑ун‑ суфіксацыя магла разумецца як аналагічная да суфіксацыі ў ведун ’знахар’, што пры адпаведным збліжэнні семантыкі прывяло да ўтварэння новай лексемы. Наступная ірадыяцыя і шырокая яго экспансія ў гаворках для слова такога роду — цалкам натуральная (напрыклад, з фальклорам, у працэсе знахарскай практыкі і да т. п.). Што датычыць пэўных фармальных цяжкасцей (суадносіны назоўніка колдун і дзеяслова колдовать), можна спаслацца на яўна другасны паўдн.-слав. дзеяслоў koldovati пры запазычаным з венг. назоўніку (гл. вышэй). Тэарэтычна таксама нельга выключыць, што гэта ўтварэнне на базе дзеяслова колтати або колтити, для якога можна рэканструяваць значэнне ’боўтаць, чараваць ваду для сурокаў’, параўн. рус. вяц. колтень ’атрута або нагаворная вада для сурокаў’. Да формы слова параўн. пск., цвяр. колтовка ’жанчына, якая любіць пагаварыць’ (суадносіцца з колотовка, ад колотить), да фанетыкі рус. колдобина, колтобань, калдубань і інш. Такую структуру можна суаднесці з пск. колтать ’кульгаць’, што вяртае нас да версіі, разгледжанай вышэй (гл. семантычную паралель да калдыга ’лясун’). У рус. колтать ёсць значэнне ’балбатаць і да т. п.’, у прынцыпе такая семантыка дапускае развіццё магчымых сакральных значэнняў, аднак яўных доказаў няма. Пра магчымае запазычанне колдун неабходна згадаць версію, прапанаваную Карловічам, AfslPh, 5, 168, аб сувязі рус. слова з грэч. χαλδαῖος ’халдзей, маг, чараўнік’. Аднак недакладнасці такога тлумачэння відавочныя. Магчымая праформа калдей, калі дапусціць яшчэ і субстытуцыю суфікса, блізкая па форме да рус. слова. Апрача таго, нельга выключыць і пранікнення грэч. слова натуральным шляхам — з гаворкамі вандроўных гандляроў. Адзначым, што ў рус. мове пісьмовыя фіксацыі разглядаемай лексікі параўнальна познія: колдование (XVII і XVIII стст.), колдовати (XVII ст.), колдовство (XVII ст.), колдун (XVII ст.), колдуниха і колдуница ’тс’, колдунья (XVII ст.). Гістарычныя матэрыялы рус. мовы сведчаць аб нейкай функцыянальнай спецыфіцы калдуна («Колдование и иное ведовъство», «того человека ворожба ни колдование не иметь», «Ворожа и колдуя много…», «…с тем корением не может тебя никакой колдун или еретик никакою порчею испортити», «Ездит тот муж золот на своем золотом коне… а страстит под собою землю и воду и люди худые… ведуна и вещицу, колдуна и колдуниху», «Огради меня ризою своею от колдуна и колдуниц, от ведуна и от вещ(иц)…» (Срезн.), аднак больш дакладвай інфармацыі, якая б дапамагла вытлумачыць унутраную форму лексемы, у нас няма. У шэрагу іншых фактаў гэты доказ становіцца аргументам супраць спробы аўтараў рус. этымалагічнага слоўніка (Шанскі, 2, К, 196–197) рэканструяваць праформу *koldъ ’чараўнік, чалавек, які замаўляе’, ’гаварун, чалавек, які гаворыць’, якая далей разглядаецца ў межах прапановы Ільінскага.

Калду́н2 ’Plica polonica, спецыфічная хвароба, якую раней лячылі праз запушчэнне каўтуна’ (Сцяшк.), калдуны ’пра заблытаныя, скудлачаныя валасы’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2), калдункі ’адходы пры прадзенні кудзелі’ (карэліц., Шатал.), сюды ж калдунаваты, калдуніцца, калдуніць ’блытаць, кудлачыць (пра валасы, шэрсць і пад.)’ (БРС, ТСБМ). Рус. колдун ’злямчаныя валасы; каўтун’ (смал., з новых запісаў 1973 г.), колдунить ’блытаць, заблытваць (пра валасы, пражу), чэш. мар. koldún, choldún ’каўтун’, ’ламота і да т. п.’ Чэш. форма з koltún, якое, як і чэш. koltoun, з польск. kołtun (Махэк₂, 271). Махэк не тлумачыць форму з ‑д‑, аднак відавочна, што гэта азванчэнне ўзнікла ўжо на мараўскай глебе. Рус. прыклад з’яўляецца дублетам бел. слова. Такім чынам, арэал распаўсюджання лексемы абмежаваны беларускай тэрыторыяй. Гэта можна разумець і як звонкі дублет да каўтун (< колтун), а можна і інтэрпрэтаваць услед за Вярэнічам, БЛ, 2, 1972, 72–73; БЛ, 10, 1976, 57, як прамое ўказанне на сувязь з колдовать, колдун.

Калду́н3 ’варэнік з мясам або з грыбамі’ (Сцяшк., Яруш.), ’бульбянік’ (Мат. Гом.), калдуны ’клёцкі, начыненыя мясным або іншым фаршам’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Грыг.; мінск., Шпіл.). Апрача бел. мовы слова ведаюць у рус. гаворках, статус іх, аднак, няясны. Паводле Даля (III выд.), рус. колдуны ’варэнікі з начынкай з рубленага мяса’ заходняе (беларускае). СРНГ падае раз. колдуны ’смажаныя піражкі’, свярдл., с.-урал. ’варэнікі’. Колтуны ’род варэнікаў, якія вараць, а пасля падсмажваюць’ таксама заходняе (Даль), як і ковтуны ’тс’. У польск. гаворках kołdun — ’разнавіднасць піражка, фаршыраванага сырым мясам’, літ. koldūnai ’тс’, запазычанне з бел. мовы або польск. перыферыйнага дыялекта. Польск. слова або пашырана ў перыферыйным дыялекце («крэсавая» інавацыя), або запазычана з бел. мовы. Бел. слова ў такім выпадку інавацыя на базе ўкр. кавдун ’бруха’, польск. kałdun ’бруха, вантробы’, в.-луж. kałdona, khaldona, kalduny, kałdony, н.-луж. kałduna, kołduny, дыял. kałdyna, kałdyny ’вантробы’, чэш. kaldoun, kaltoun, ст.-чэш. kaltun ’трыбух’, магчыма, першапачаткова ’адвараныя трыбухі’ → ’варэнікі, піражкі з трыбухой’ → ’варэнікі з мясам’. Зах.-слав. лексіка запазычана з ням. мовы, параўн. с.-в.-ням., с.-ням. kaldūne (з XIV ст.), ням. Kaldaunen ’ядомыя вантробы, трыбухі’, якое з с.-лац. caldūna, нар. лац. крыніца *caldumen ’цёплыя яшчэ вантробы забітых жывёл’, якое да лац. calidus ’цёплы’. Параўн. з шматлікай літаратуры Слаўскі, 2, 35; Махэк₂, 236. Бел. калдун ’страўнік’ (гарад., Сл. паўн.-зах.), калдун, калдуны ’галушкі з мясам’ у гаворках і на захадзе, і на ўсходзе, што ў большай меры нагадвае бел. інавацыю. Гом. калдун ’бульбянік’ — далейшае развіццё семантыкі беларускага слова.

Калду́н4 ’страўнік’ (гарад., Сл. паўн.-зах.). Іншыя фіксацыі адсутнічаюць, аднак не выключана, што слова ведаюць больш шырока. Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю запазычана з польск. перыферыйнага дыялекту, дзе kałdun ’страўнік, вантробы, бруха і да т. п.’ Пра этымалогію гл. падрабязней калдун3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

біць, б’ю, б’еш, б’е; б’ём, б’яце; заг. бі; незак.

1. каго. Наносіць удары каму‑н. з мэтай прычыніць боль; збіваць. Біў-біў Іван ведзьму, пакуль яна прасіцца не пачала. Якімовіч. // Хвастаць чым‑н. гнуткім. Высокі авёс біў дзяўчынку мяцёлкамі па твары і руках, асыпаўся ў кошык. Сіняўскі. Пальцы рукі нецярпліва перабіралі лазовы дубец, якім .. [афіцэр] раз-поразу біў па халявах ботаў. Лынькоў.

2. каго-што. Вынішчаць, забіваць (пра людзей). // Забіваць на паляванні (пра жывёл). Адны па пушчах і лясах Звяроў лавілі, білі. Танк.

3. каго-што. Перамагаць каго‑н.; наносіць паражэнне. [Дзядзька:] — Цябе [Цімоха] яшчэ .. і заваду на свеце не было, як я яго, германца, біў. Брыль. [Талаш:] — Мы звяжам тут рукі панам,.. будзем нападаць на іх абозы,.. без літасці біць таго, хто будзе стаяць за паноў. Колас.

4. перан.; каго-што. Весці барацьбу з кім‑, чым‑н., накіроўваць сваё дзеянне супраць каго‑, чаго‑н. І вашы [Маякоўскага] вершы Зноў дакладна б’юць Па мордах розных чэрчыляў і клеяў. Панчанка. [Радзевіч Варанецкаму:] — Але май на ўвазе: дэмагогаў трэба біць фактамі! Дуброўскі. // Прычыняць непрыемнасці, прымушаць перажываць. Нават самыя збітыя, газетныя выразы з .. [Бародкавых] вуснаў гучэлі са сваёй першароднай сілай — пранікнёна, свежа і моцна, словы білі, як камяні. Шамякін.

5. Стукаць, удараць. [Людзі] пабеглі да акна і пачалі біць па яго жалезных кратах. Лынькоў. Конь бяжыць, капытом зямлю б’е. Якімовіч. [Качкі] таксама не могуць лётаць, а толькі плаваюць і пры гэтым хутка, і гучна б’юць па вадзе крыламі. Маўр. // Парывіста, моцна ўдараць у што‑н. (пра хвалі, дождж, вецер і пад.). Вецер свістаў у вушах, калючыя і гарачыя сняжынкі білі ў твар. Мікуліч. Хвалі білі ў бераг усё часцей і часцей. Кулакоўскі. / у безас. ужыв. Часам.. трапляліся глыбокія лагі, і .. [Марта з Паўлам] абавязкова заглядалі ў іх — адтуль, як з сутарэння, біла пранізлівым холадам. Вышынскі. // Рэзка, моцна дзейнічаць на пачуцці чым‑н., імкліва пранікаць куды‑н. (пра святло, гарачыню, пах, гукі і пад.). Першакурсніца Люда Нагорная.. прыплюшчыла вочы, бо вельмі ветлівы фатограф даволі нахабна біў ёй у твар святлом. Брыль. Праз шчыліну ў сцяне ў вочы біў тонкі сонечны прамень. Грахоўскі. Плынь гарачага паветра ішла сюды і біла горача ў твар. Чорны. У нос б’е едкі кіслы тытунь: дыму поўна хата, як зачыніць. Пташнікаў.

6. у што. Б’ючы чым‑н. аб што‑н., утвараць стук, звон, гул і пад. Біць у рэйку. □ Пятрусь Кравец, званар, сядзеў на званіцы, дзержачы ў руках вяроўку, і зрэдку біў у звон. Колас. А дзядок нейкі крычаў «горка» І з захапленнем у бубен біў. Кірэенка.

7. што і без дап. Гучаць, вызвоньваць, званіць. У чыстым пакоі прахрыпеў насценны гадзіннік і пачаў біць. Лобан. Б’юць крамлёўскія куранты на Спаскай вежы. Кавалёў. Гарманісты іграюць, нібы на вяселлі, Бубны б’юць, маладыя гучаць галасы. Куляшоў.

8. Быць у пастаянным рытмічным руху; пульсаваць (пра сэрца, кроў). Сэрца моцна біла ў грудзях. Дамашэвіч.

9. Страляць, абстрэльваць. Артылерысты пачалі біць .. простай наводкай. Чорны. Камсамолачка Дарота! Пойдзем разам ваяваць, — Буду біць я з кулямёта, Ты — патроны падаваць. Крапіва. // Страляць (пра зброю). Захліпаліся нямецкія кулямёты.. Білі яны трасёрамі. Шамякін.

10. што. Разбіваць, ламаць. Па гаршку цаляць не буду: Я ж не дурань біць пасуду. Крапіва.

11. Выцякаць імклівым струменем; вылівацца з сілай. Ракой, фантанамі з зямлі б’е нафта. Купала. Каля самага берага б’е з-пад зямлі крыніца з серабрыстай сцюдзёнай вадой. В. Вольскі. Я вылез з-пад .. [каня] і бачу: пярэднія ногі перабіты, кулямётная чарга прашыла таксама жывот. Адусюль б’е кроў. Няхай. Сервант насцеж, шыфаньер насцеж, усе футаралы на падлозе, з крана вада б’е, на абрусе лужына, дзверы не зачынены, — цэлы пагром! Гарбук. // З сілай вырывацца, шугаць (пра полымя). Бушуе, б’е полымя ўвысь, Выкідвае дым. Колас. // перан. Выбівацца (пра бурныя, поўныя невычарпальнай сілы праявы энергіі). Са Смольнага, дзе — біла плынь імкненняў, Дзе браў раўненне пераможны клас, Ён [Ленін] справы новых бачыў пакаленняў. Ён бачыў нас. Ён добра бачыў нас. Кірэенка. / у безас. ужыв. [Дзяўчат] ахапіў працоўны запал, ад іх біла маладосцю, здароўем, натхненнем, азартам. Карпюк. // перан. Свяціцца, выяўляцца (пра пачуцці). Эх, сонечная раніца, Цямней ты нам за ноч! Маўчалі людзі хмурыя, А помста біла з воч. Панчанка.

12. каго-што. Разм. Трэсці (пра хваробу, хваляванне, страх і пад.). Ад ранішняй вільгаці і страху .. [Сашу] пачала біць ліхаманка. Шамякін. Дым лезе ў вочы, цябе б’е кашаль, але ты трымаешся. Шахавец. Шуру, нягледзячы на цёплы кажух, білі дрыжыкі. Навуменка.

13. У спартыўных гульнях — удараць па чым‑н., кідаць што‑н., імкнучыся папасці. Біць па варотах.

14. што. Прабіваць; свідраваць, капаць. Мы білі штольні дынамітам. Звонак. Апошняя куля трапіла ў бутлю, прызначаную для людзей, якія заўтра павінны былі пачаць біць студню на Кагутовай сядзібе. Караткевіч.

15. Убіваць, заганяць, забіваць. Білі ў дно рачное палі, Клалі бэлькі і брусы. Зарыцкі.

16. Раздзяляць на больш дробныя часткі. Яшчэ зранку, на досвітку, пайшоў наш дзядзька на рум біць калоды. Колас. Людзі бачылі, што за горадам, дзе кладуць новую шашу, паміж малатабойцаў, што білі каменне, ёсць адзін вельмі малады. Чорны.

17. што. У некаторых рамёствах — вырабляць пэўным спосабам. Біць масла. Біць валёнкі.

18. У гульні ў шахматы, шашкі — браць фігуру праціўніка. Дошка малая, ды і манеўранасць шашак абмежавана жорсткімі правіламі: хадзіць толькі ўперад, біць абавязкова! «Маладосць». // У картачнай гульні — выйграваць, раскрываючы большую карту. Біць козырам.

•••

Байды біць — пазбягаць работы, займацца глупствам.

Бібікі (лынды) біць — гультаяваць, бяздзейнічаць; займацца пустымі справамі.

Біць адбой — а) даваць сігнал на спыненне якога‑н. дзеяння; б) адмаўляцца ад свайго рашэння, думкі; адступаць ад свайго намеру. На начальніка з раёна як хто халоднай вады цэбар узліў. Пачаў біць адбой. Чорны.

Біць з гарматы па вераб’ях — тое, што і страляць з гарматы па вераб’ях (гл. страляць).

Біць крыніцай — бурна развівацца, квітнець. Як толькі пачыналася раніца, у заезджым доме Гірша Дрэйзіна пачынала крыніцаю біць жыццё. Чорны.

Біць на што — імкнуцца да чаго‑н., дамагацца чаго‑н. Біць на вонкавы эфект.

Біць па кішэні — уводзіць у вялікія выдаткі.

Біць паклоны — пры малітве рабіць нізкія паклоны; нізка кланяцца.

Біць трывогу — а) даваць сігналы аб небяспецы або нападзе ворага; б) заклікаць да барацьбы супраць каго‑, чаго‑н.; звяртаць увагу на пагрозу чаго‑н.

Біць у вочы — быць прыкметным, прыцягваць увагу.

Біць (сябе) у грудзі — а) біць сябе кулаком у грудзі, запэўніваючы ў чым‑н.; клясціся, запэўніваць у чым‑н. — Я — сацыяліст-рэвалюцыянер, — б’е сябе ў грудзі аграном. Якімовіч; б) біць сябе кулаком у грудзі ў роспачы; каяцца ў чым‑н.

Біць у званы — а) балбатаць, малоць языкамі, пустазвоніць; б) тое, што і біць у набат.

Біць у (адну) кропку — накіроўваць увагу, словы, дзеянні на што‑н. адно.

Біць (пляскаць) у ладкі (далоні) — удараць далонню аб далонь; адбіваць такт. — А, дзядзька, дзядзечка, саколік! Насып мне ягад у прыполік! — Дай мне дубец! — А мне дай вуды! — крычаць малыя шалапуды, Бягуць і скачуць, б’юць у ладкі... Колас.

Біць у лёт — тое, што і страляць у лёт (гл. страляць).

Біць у набат — а) пры дапамозе звана склікаць людзей з выпадку бедства; б) выклікаць трывогу, звяртаць увагу грамадства на што‑н.

Біць (даваць) у нос — пра востры, едкі пах чаго‑н.

Біць у хамут — рэзка рэагаваць, выяўляючы крыўдлівасць.

Біць у цэль (міма цэлі) — а) пападаць (не пападаць) у цэль; б) дасягаць (не дасягаць) патрэбнага выніку.

Біць (ліцца) цераз край — праяўляцца з вялікай сілай (пра пачуцці, энергію і пад.).

Біць чалом — а) прасіць каго‑н. аб чым‑н. [Гаруноў:] — Не буду чалом біць і не буду прасіць, каб мяне не паміналі ліхам. Дуброўскі; б) пачціва кланяцца каму‑н., вітаць каго‑н. Зямля мая! Мой дом, мой хлеб адзіны, Я вечна твой, я б’ю табе чалом. Дайнека.

З-за вуха біць — гаварыць прама, рэзка.

Ногі біць — натруджваць ногі працяглай і дарэмнай хадзьбою.

Час б’е чый або каго-чаго — а) надыходзіць, набліжаецца канец; б) надыходзіць час што‑н. рабіць.

Язык аб зубы біць — гаварыць пустое; малоць языком.

Як у бубен біць — жыва і настойліва перадаваць якую‑н. чутку, гаварыць у адзін голас пра што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цягну́ць, цягну, цягнеш, цягне; незак.

1. каго-што. Узяўшы за край, канец чаго‑н., перамяшчаць, набліжаць да сябе з сілай, намаганнем. Цягнуць канат. □ [Зёлкін:] (цягне за ручку дзвярэй). Замкнёна. Крапіва. [Дзеці] давай скакаць вакол маці і цягнуць за фартух і спадніцу. Бядуля. // Імкнуцца завесці, наблізіць да сябе, да якога‑н. месца. Малы.. лавіў неспадзеўкі сваю ўласную нагу і цягнуў яе ў рот. Крапіва. / у перан. ужыв. Кожны млын на сваё кола ваду цягне. Прымаўка. // Ухапіўшы, трымаючы за што‑н., прымушаць каго‑н. ісці з сабой ці за сабой. Пніцкі трымаў.. [цыгана] пад руку і цягнуў наперад. Чорны. Насустрач беглі жанчыны, цягнулі за рукі дзяцей. Лынькоў. Каза ленавата спускаецца ўніз і цягне за сабой Марыльку. Кулакоўскі. // Замацоўваць, пракладваць паступова ў пэўным напрамку (провад, трубы і пад.). Цягнуць лінію сувязі. Цягнуць трубаправод.

2. каго-што. Перамяшчаць за сабой з сілай, намаганнем, не адрываючы ад паверхні; валачы. Усе будаваліся, кожны як мог — на кані, на валах, а сёй-той і на сабе — цягнуў з лесу бярвенне, жэрдкі, плахі. Сачанка. Раз’юшаны Франц трымаў адной рукой за адарваны каўнер Эдзіка, а другой цягнуў, як якую качаргу, па зямлі вінтоўку. Даніленка. // Пакідаць за сабой (след, баразну і пад.). Чалавек сядзеў на санках бокам, ногі яго цягнулі па белай роўнядзі перарывістую баразну. М. Стральцоў. А ліс-хітрэц, выжыга чуткі, Па снезе цягне шнур раўнюткі: Слядок з слядочкам супадае, Бы лапка тут адна ступае. Колас.

3. што. Выцягваць, працягваць у якім‑н. напрамку (шыю, рукі і пад.). Чарада індыкоў і качак цягнула шыі праз плот да яды. Чорны. Дзюбку цягне з гнязда птушаня, просіць есці. Барадулін. // Накіроўваць куды‑н. у час росту (лісты, кветкі і пад.). А дзівосны дзівасіл Цягне кошыкі з бурштыну Пад блакітны небасхіл. Агняцвет.

4. што. Падаўжаць або пашыраць выцягваннем, нацягваннем. Цягнуць шкурку зайца. // Спец. Вырабляць выцягваннем. Цягнуць дрот. // Спец. Апрацоўваць, выцягваючы для атрымання дроту, ніцей. Цягнуць серабро.

5. каго-што. Сілай цягі перамяшчаць за сабой, везці. Сёстры, маткі спіны гнулі, На сабе плугі цягнулі. Броўка. Болей не знаем Сох на загонах, — Трактар нам цягне Плугі, бароны. Купала. Буйвалы.. павольна цягнулі скрыпучую арбу. Самуйлёнак. // і без дап. Быць здольным перамяшчаць што‑н., мець тую або іншую сілу цягі (пра машыны, жывёлу і пад.). Гняды часта фыркаў, але цягнуў добра, без натугі. Чыгрынаў. // Адцягваць уніз, перамяшчаць у пэўным напрамку сілай цяжару, сілай цячэння і пад. Мокрае адзенне і рухацца перашкаджала і ўніз цягнула. Маўр. Вада круціла [Надзю], шалёна кідала ў бок, уладна цягнула на дно. Лынькоў. // перан. Выклікаць, мець што‑н. вынікам. [Слабасць канфлікту] звычайна цягне за сабой слабасць кампазіцыі, вяласць сюжэта, схематызм і бледнасць у паказе дзеючых асоб. «ЛіМ».

6. каго-што. Разм. Несці што‑н. цяжкае або ў вялікай колькасці. Летняя ноч кароткая, а цягнуць камень праз лес цяжка. С. Александровіч. Мне не было ніколі ў галаве, Што буду я .. Цягнуць к варожым штабам на плячы Гранат цяжкія звязкі, Скрынкі з толам. Астрэйка.

7. што. Прыкладаючы сілы, намаганні, несці якія‑н. абавязкі, выконваць якую‑н. работу (звычайна цяжкую). Скончыўшы школу, Якім пайшоў у калгас на сталую работу і ўсё цягнуў нароўні з дарослымі мужчынамі. Дуброўскі. // каго-што. Дапамагаць у вучобе, службе; садзейнічаць поспеху. [Язэпа] мучыла адна думка: чаму Гаравы выбраў іх калгас, каб цягнуць яго ў перадавікі па раёне? Асіпенка. Не той наперадзе, хто адагнаў, а той наперадзе, хто за сабою цягне. Прымаўка.

8. каго-што. Даставаць адкуль‑н., падымаючы на паверхню. Узлез [Банадысь] на лёд, растапырыў ногі, упёрся каленьмі ў тын, прысядаў і цягнуў ваду. Чорны. [Дзядзька:] — Цягну, а ён [шчупак] аж гне вудзільна, Ну, чуць не вырве яго з рук. Колас. // Вымаць, выцягваць (тое, што засела, замацавалася). Цягнуць цвік. // Разм. Вымаць, даставаць што‑н. з сярэдзіны. [Астап:] — Давай, дачка, цягні з печы, што ў цябе там. Лынькоў.

9. што і без дап. Смактаць, уцягваць (што‑н. вадкае). Невядома было, адкуль яны [сосны] цягнулі смалу на адным чэрствым жоўтым пяску. Пташнікаў. [Пятрусь:] — Ён [камар] давай гэта носам торкаць, шукаць сабе шчыліны. Чакай, думаю, цягні. Брыль. // Піць, уцягваючы губамі; піць павольна. Стрэлачка смешна пакручвала галавой, узмахвала хвосцікам і, зажмурыўшыся, з асалодай цягнула з бутэлькі малако. Даніленка. Нейкі час мы моўчкі цягнулі піва, цягнулі павольна, глыток за глытком. Васілёнак. Дэголевец .. павольна цягнуў з бакала [віно]. Шамякін. // Убіраць у сябе (дым); курыць. Дзядзька нездаволена соп і цягнуў густы дым цыгарэты. Пянкрат.

10. каго-што. Разм. Прымушаць ці пераконваць ісці, ехаць і пад. з сабой, за сабой куды‑н. Цягнуць на каток. □ Марынка цягнула Яўгена ў кіно, у тэатр, у парк, на які вечар ці канцэрт. Хадкевіч. // перан. Схіляць на чый‑н. бок, на якія‑н. пазіцыі. Рыгор, мусіць, ужо так і думае, што Верамейчык цягне за багатага. Крапіва. // перан. Прыцягваць да адказнасці, аддаваць пад суд. [Полька:] — А нас у суд цягнуць — пакража з узломам. Грахоўскі.

11. каго-што. Вабіць да каго‑, чаго‑н., куды‑н. Зусім іначай жыў Анісім зімою, калі лес цягнуў у свае прыціхлыя, заснежаныя сховы і нетры кожнага, у каго хоць калі білася ў жылах кропля паляўнічай крыві. Сачанка. Раней мяне сюды [у музей] цягнула таямнічая маўклівасць старажытных рэчаў. Карпюк. Грыбы цягнулі ў лес мяне, Хоць ногі ў лагчыне зяблі. Свірка. / у безас. ужыв. Мяне цягнула ў гэтыя ўрочышчы, карцела даведацца, а што далей, там, за імі. Марціновіч. Ніну ўсё больш і больш цягнула да Васіля Кузьміча. Лобан. // безас. каго-што да чаго і з інф. Мець імкненне да якога‑н. занятку. Андрэя Завацкага не дужа цягнула да навукі. Ваданосаў. Вучоная кар’ера .. не спакусіла Адама, яго больш цягнула да гаспадаркі. Кудраўцаў.

12. безас. каго-што на што і да чаго. Адчуваць патрэбу ў чым‑н., хіліць на што‑н. (пра які‑н. фізічны, псіхічны стан). У аўтобусе — доўгім і раскошным — калыхала ззаду і цягнула на сон. Пташнікаў. А цяпер Андрэя не цягнула да жартаў. Ён сядзеў у гурце каля агню, курыў, а думкі луналі далёка. Чарнышэвіч. // з інф. Хацець, мець жаданне. [Няміру] ўсё цягнула пайсці зноў глянуць на попелішча свае хаты. Чорны. Сцяпан усё мацней і мацней захапляўся Маяй. Цягнула падысці да яе, загаварыць, але ён не знаходзіў прычыны. Дуброўскі.

13. што. Разм. Патрабаваць, вымагаць (грошы). Кажуць, быў вялікі хабарнік гэты царскі служка. Цягнуў і з жывога і з мёртвага, хто яго не ведаў! В. Вольскі. // і без дап. Незаконна браць, прысвойваць што‑н.; красці. Саўка не з тых вартаўнікоў, якія самі цягнуць і другім патураюць. Ермаловіч.

14. што і без дап. (са словамі «клін», «шнур» і пад.). Ісці, рухацца ў пэўным парадку. Жураўлі па небу цягнуць клін З родных месц к цяплу, На дальні поўдзень. Астрэйка. Касцы ідуць то грамадою, То шнурам цягнуць, чарадою, То паасобку, то па пары. Колас.

15. Слаба дзьмуць, рухацца, ісці (пра паветра). З акна цягнула свежае паветра, відаць былі зоры. Гурскі. // безас. чым. Веяць, абдаваць (цяплом, холадам, якім‑н. пахам і пад.). Ад вады цягнула холадам, хвалі, невысокія, прасвечаныя па-шкляному наскрозь сонцам, мякка цмокалі ў бераг. Хомчанка. А з гары цягнула пахам ліповага цвету, дбайна назапашанага Рагінаю на доўгую зіму. Адамчык. Ад грубкі цягне прыемным цяплом. Гаркавата пахнуць асінавыя дровы. Каршукоў. // што. Прыносіць з сабой (пра паветра). Узнімаўся вецер, цягнуў вострую свежасць. Чорны.

16. што. Марудна рабіць, занадта доўга займацца чым‑н. Цягнуць судовую справу. // без дап. Марудзіць з ажыццяўленнем чаго‑н. Сімон не любіў доўга цягнуць, калі датычылася справы. Самуйлёнак. [Эма:] — Збірайся [Таня], а я пайду за рамізнікам. Вырашылі, дык няма чаго цягнуць. Машара.

17. што. Павольна, марудна гаварыць, спяваць і пад. Бурат .. на невялічкім мангольскім коніку аб’язджае незлічоную атару і цягне бясконцую стэпавую песню. Корбан. Адно Рыгор сядзеў на прызбе пад грушай і цягнуў жахлівае апавяданне. Сабаленка. Я люблю, калі мужчыны, Чаркі звёўшы, у цішы Забываюць пра маршчыны — Цягнуць песню ад душы. Свірка. / у перан. ужыв. Лес адвечны бесканечны Цягне, цягне гоман свой. Купала.

•••

За вушы цягнуць каго — памагаць таму, хто сам не стараецца, не імкнецца што‑н. рабіць.

Ледзь ногі цягнуць — тое, што і ледзь ногі цягаць (гл. цягаць).

Цягам цягнуць — праз сілу, жывасілам валачы каго‑н.

Цягнуць (спяваць) адну і тую ж песню — паўтараць адно і тое ж.

Цягнуць валынку — марудзіць з ажыццяўленнем якой‑н. справы.

Цягнуць воз — выконваць усю асноўную работу.

Цягнуць жылы з каго — мучыць, знясільваць, зморваць; вымотваць непасільнай работай, празмернымі патрабаваннямі.

Цягнуць за душу каго — даймаць, назаляць чым‑н. непрыемным, нудным.

Цягнуць за язык — змушаць расказаць што‑н., адказаць; прымушаць выказацца.

Цягнуць (разводзіць) каніцель — а) рабіць, гаварыць, выконваць і пад. што‑н. аднастайна, нудна; займацца чым‑н. аднастайным, нудным; б) марудзіць, зацягваць якую‑н. справу, здзяйсненне чаго‑н.

Цягнуць ката за хвост — нудна, наўмысна павольна гаварыць.

Цягнуць лямку — займацца цяжкай аднастайнай справай, працай.

Цягнуць на вяроўцы каго — памагаць з усіх сіл заняцца якой‑н. дзейнасцю таму, хто не здольны да гэтай дзейнасці або не хоча ёю займацца.

Цягнуць руку чыю, каго — падтрымліваць каго‑н., чые‑н. погляды, думкі.

Цягнуць рызіну (гуму) — адцягваць, адкладваць якую‑н. справу, работу і пад. надаўжэй; марудліва, павольна гаварыць, рабіць і пад. што‑н.

Цягнуць ярмо — бесперапынна і цяжка працаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

браць, бяру, бярэш, бярэ; бяром, бераце, бяруць; незак.

1. каго-што. Авалодваць якім‑н. прадметам, абхопліваючы пальцамі рукі. Браць кнігу. // У спалучэнні з назоўнікамі «рот», «зубы», «губы» — захопліваць, сціскаць. Браць карандаш у зубы. □ Кіслінкі-журавінкі, Чырвоныя бакі, Бяруць у рот дзяўчынкі, Бяруць і хлапчукі. Галіноўская. // Дакранацца да чаго‑н., чапаць што‑н. рукою. Рукамі не браць. □ Узнепакоеная тым, што.. [Захара Зынгі] доўга няма, прыходзіла дачка яго Рыта, брала.. пад руку і заводзіла дадому. Чорны. // Аддзяляць частку чаго‑н. для даследавання. Браць пробу, кроў, аналізы. // Зачэрпваць, набіраць. Бяру рукамі чорную раллю. Свірка. Жалудоў было так многа, што іх можна было браць проста прыгаршчамі. Шамякін. // Захопліваць, паглыбляцца. Бярэ парог усё глыбей, глыбей. Зарыцкі. // У спалучэнні з назоўнікамі «рукі», «плечы» і інш. — узвальваць які‑н. груз на сябе. Браць на плечы мяшок. □ Сяргей падыходзіў да Рагіны і, моўчкі паглядаючы на яе, браў на рукі дачку і нёс у хату. Адамчык. / у перан. ужыв. Чым.. [Рая] пакрыўдзіла старэйшых, у чым вінавата? Хіба не для таго, каб аддзякаваць вось гэтым жанчынам за ўсё добрае, старалася, ўставала на досвітку, брала на свае плечы цяжкую працу? «Маладосць». // Збіраць (пра ягады, грыбы). Гаварылі пра брусніцы. Іх было гэтым летам хоць вазамі вазі. Сястра мне расказала, дзе яна іх брала — у якім лесе, на якіх барах і касагорах. Ермаловіч. // Збіраць нектар (пра пчол). Была акурат тая пара, калі пчолы бралі гаючы ліпавы мёд. Сабаленка. // Набіраць чаго‑н., запасіць што‑н. Паравоз сапраўды браў дровы. Лынькоў. // Прыхопліваць што‑н. з сабою ў дарогу. Ёй [Марынцы] бабка Ева памагае, А дзед дарады падае, Што браць з сабою, рэч якая Патрэбна болей для яе. Колас. Штурман.. заўсёды браў у палёт гранату. Шамякін. // Красці. Воўк і лічанае бярэ. Прыказка. // Хапаць насадку, кляваць. Раніцай, на досвітку, карась, як правіла, бярэ са дна. Матрунёнак. На блешню і мармышку з матылём бярэ акунь. «Беларусь».

2. Сілай захопліваць што‑н., дамагацца ў барацьбе. Браць уладу ў свае рукі. Браць ініцыятыву. // Згаджацца ўзначальваць што‑н. Паклікаў мяне завуч у дырэктарскі кабінет ды кажа: — Табе, Сцяпан Пятровіч, прыйдзецца дзесяты клас браць. Ермаловіч.

3. Прымушаць несці якую‑н. службу, выконваць які‑н. абавязак. Браць у салдаты. Браць на зборы. // Прымаць, залічваць у склад чаго‑н. Браць на работу. □ Бралі ў атрад толькі зусім надзейных, пасля грунтоўнай праверкі. Брыль. // Прымушаць пайсці за сабою; арыштоўваць, знявольваць. Каты лютыя бралі Ганулю Казей, з хаты роднае бралі, ад родных людзей. Дубоўка. // Наймаць. Браць фурманку. // Забіраць сілай, адбіраць. Браць у палон. // Згаджацца, каб хто‑н. суправаджаў, не пакідаць; запрашаць. Зімою часта прыязджалі з горада шэфы і бралі з сабой некалькі чалавек дэлегатаў.. паказаць сваё жыццё. Чорны. Князь любіў ездзіць на паляванне і заўсёды браў з сабою Кірылу. Колас.

4. З боем авалодваць чым‑н. Дзед Пятрусь у Вялікую Айчынную вайну быў партызанам, затым браў Берлін і нават на сцяне рэйхстага пакінуў свой подпіс. Сіняўскі. Маладосць! Гэта ты ў ватоўцы рабочай Зімні брала дажджлівай кастрычніцкай ноччу. А. Вольскі. Смеласць гарады бярэ. Прыказка.

5. Збіраць, спаганяць што‑н. Дорага браць. Браць плату, хабар. // Карыстацца чыімі‑н. дабротамі. Нічога не давала ты радзіме. Усё брала ад яе, прызвычаілася браць, як належнае, як законнае. Лынькоў. // Запазычваць. Браць з чужога вопыту. // Збіраць, атрымліваць (пра ўраджай). Там, на калгасных агародах Багаты бралі ўраджай. Глебка.

6. Жаніцца з кім‑н. Браць за жонку. □ Прыйшлося [Пятрэсю] браць касавокую Хіму, што заседзелася ў дзеўках. Арочка.

7. Знаходзіць. — Эдэм! Эдэм!.. — смяялася яна [Наста]. — Адкуль бярэш ты гэтакія словы!.. З. Астапенка.

8. Спыняцца на чым‑н., выбіраючы з многага. Рэаліст Багдановіч браў чалавека такім, якім ён быў у жыцці, з усімі станоўчымі і адмоўнымі рысамі. Майхровіч. Малашонак браў не сутнасць заметкі, а калючыя яе бакі. Ермаловіч.

9. Выдаткоўваць, займаць, выкарыстоўваць. Машына бярэ многа бензіну. □ Крышталічныя трыёды не бяруць энергіі на напал катода. «Беларусь». / у перан. ужыв. Вайна брала ўсё новыя ахвяры. Колас.

10. Надзяваць, прывязваць. Браць каня на аброць. Браць цяля на вяроўку. // Абмяжоўваць якое‑н. дзеянне, перагароджваць. Браць ваду на застаўкі. // Асаджваць, змяшчаць. Браць партрэт у рамку.

11. Рабіць якое‑н. фізічнае або псіхічнае ўздзеянне на каго‑н., што‑н., разбіраць, апаноўваць. Мароз бярэ за вушы. Зайздрасць бярэ. □ Іржа яе не брала. Была цвёрдай сталь. Танк. Жагула пачынаў злаваць, і хмель яго не браў. Крапіва. А пад хваінаю на грудзе Вакол стажка аж кішаць людзі, Гарачка ўсіх бярэ такая, Што пот ім вочы залівае. Колас. Міхалку ўжо браў сон. Чорны.

12. Перамагаць у схватцы. «Пірат» лёгка браў ліса і на рэдкасць разумна вёў зайца. Карамазаў. // перан. Перамагаць з дапамогай чаго‑н. Браць не сілай, а розумам. / у безас. ужыв. Тваё бярэ. // Адольваць, паражаць, праліваць (часцей з адмоўем). Яго ні куля ні штык не бярэ. // Добра рэзаць (пра нож, брытву, касу). Каса не косіць — каса брые І шчытнякі бярэ сухія, Бо ў дзядзькі рукі залатыя. Колас. / у безас. ужыв. Хоць білі гарматы па сыну Ўрала ды бронь баявую снарадам не брала! Вялюгін.

13. Набіраць хуткасць, дасягаць пэўнага ўзроўню. Браць разгон. Браць вышыню. □ Дзе чыгунка ішла чыстым полем, цягнік браў самы шпаркі свой рух. Чорны. // Паўтараць за кім‑, чым‑н. які‑н. гук, дамагаючыся падабенства; выклікаць гучанне, дакрануўшыся да струн і пад. Браць ноту. Браць верхняе до. □ [Захар Зынга] падсядае туды бліжэй і ціхенька бярэ на гармоні некалькі нясмелых акордаў. Чорны. // Накіроўвацца, схіляцца. Браць управа. Браць кірунак. □ У гэтым месцы зеілістая сцежка, наткнуўшыся на зялёную заслону, брала крута ўверх. Арочка. // Лавіць, авалодваць чым‑н. Мячы.. [настаўніца] брала на дзіва прыгожа і ўмела. Васілевіч. // Насцігаць, паражаць. Ружжо на паўкіламетра бярэ.

14. Пачынаць рухацца, пераадольваючы перашкоду, цяжкасць. Машына рыўком бярэ з месца. Шамякін.

15. Дамаўляцца аб выкарыстанні чаго‑н. Браць адпачынак, адгул. // Даваць згоду што‑н. выканаць, зрабіць. Браць заказ, падрад. Браць абавязацельства. // Даваць згоду на выкарыстанне чаго‑н. Стрончык.. нікога чужога ў сваю хату браць не хацеў. Ядвігін Ш. // Праявіць клопат аб кім‑н., аказаць падтрымку каму‑н., пашырыць уладу на каго‑н. Браць пад абарону, пад сваю ўладу, пад ахову.

16. Умоўна прымаць, лічыць. За кіламетр на мясцовасці браць міліметр на паперы.

17. Удзельнічаць; згаджацца. Браць удзел. Браць чый-небудзь бок.

18. Купляць. Глядзі, каб ягад без білета У лесе бабы не збіралі І на грыбы каб білет бралі. Колас.

19. Разм. Атрымліваць (зарплату, пенсію і пад.). [Анна Паўлаўна:] Вядома ж, ты тры тысячы ў месяц бярэш. Крапіва.

20. Есці, спытваць (часцей з адмоўем). Нічога ў рот не браць.

21. Мацнець. Нанач бярэ мароз.

•••

Браць (блізка) да сэрца — пакутліва, хваравіта ўспрымаць што‑н.

Браць (узяць) быка за рогі — пачынаць дзейнічаць энергічна, адразу і з самага галоўнага.

Браць (узяць) верх над кім — дамагацца (дамагчыся) перавагі, адольваць (адолець) каго‑н.

Браць (узяць) волю над кім — навязваць (навязаць) каму‑н. свае жаданні, сваю волю.

Браць (узяць) голымі рукамі — авалодваць (авалодаць) кім‑н. без асаблівых цяжкасцей.

Браць горлам — дамагацца чаго‑н. крыкам.

Браць (узяць) грэх на душу — паступіцца сваім сумленнем, перакананнем, зрабіць учынак, які пярэчыць устаноўленым нормам і прынцыпам маралі, закону ў інтарэсах каго‑, чаго‑н.

Браць (узяць) за горла (за глотку, жабры) — прыставаць (прыстаць), сілай прымушаць (прымусіць) да чаго‑н.; ставіць (паставіць) у бязвыхаднае становішча.

Браць (узяць) за душу — з глыбокай уразлівасцю ўспрымаць (успрыняць) які‑н. выпадак, здарэнне.

Браць (узяць) за жывое — даймаць (даняць) чым‑н., расстройваць, прымушаць (прымусіць) нервавацца.

Браць (узяць) за каўнер, за карак — прыцягнуць да адказнасці.

Браць (узяць) за сэрца — хваляваць, рабіць (зрабіць) моцнае ўражанне.

Браць (узяць) з бою (боем) — а) у працэсе бою авалодаць тэрыторыяй, умацаваннямі праціўніка; б) дамагацца чаго‑н. энергічнымі дзеяннямі.

Браць (узяць) зморам; браць (узяць) на змор — а) адольваць (адолець) каго‑, што‑н., давёўшы да поўнай страты сіл; б) дамагацца (дамагчыся) чаго-небудзь ад каго‑н. настойлівым, назойлівым уздзеяннем.

Браць каўшом — тое, што і чэрпаць каўшом (гл. чэрпаць).

Браць (узяць) на абардаж — атакаваць варожае судна, шчыльна наблізіўшыся да яго.

Браць на арапа — браць ашуканствам, падманам.

Браць на бога — выпытваць што‑н., ставячы правакацыйныя пытанні.

Браць (узяць) на буксір — памагаць каму‑н., хто адстае, выконваць што‑н.

Браць (узяць) на веру што — верыць, давяраць, калі па якой‑н. прычыне нельга ўпэўніцца ў чым‑н., праверыць што‑н.

Браць (узяць) на заметку (на карандаш) — звяртаць (звярнуць) на што‑н. увагу, запамінаць (запомніць), запісваць (запісаць) для памяці.

Браць (узяць) на мушку (на прыцэл) — а) прыцэльвацца (прыцэліцца) у каго‑, што‑н.; б) сканцэнтроўваць (сканцэнтраваць) увагу на кім‑, чым‑н.

Браць на ўсе застаўкі — старацца з усіх сіл бегчы, што‑н. рабіць.

Браць (узяць) напрамак (кірунак) — пачынаць рухацца, ісці ў якім‑н. напрамку.

Браць на пуп (груб.) — перанапружвацца фізічна.

Браць (узяць) на сябе што — а) згаджацца (згадзіцца) быць адказным за што‑н.; б) выказваць (выказаць) гатоўнасць зрабіць што‑н., асабіста ручацца (паручыцца) за выкананне чаго‑н.

Браць на цыгундар — прыцягваць да адказнасці.

Браць ногі на плечы (у рукі) — хутка, паспешна ўцякаць.

Браць (узяць) пад абстрэл гл. узяць.

Браць (узяць) пад казырок — аддаваць (аддаць) чэсць, вітаць, прыкладваючы правую руку да галаўнога ўбора.

Браць (узяць) пад каравул — узяць над варту, арыштаваць.

Браць (узяць) пад увагу — заўважаць (заўважыць), улічваць (улічыць) што‑н., выносячы якое‑н. рашэнне.

Браць (узяць) прыклад — пераймаць (пераняць) у каго‑н. што‑н.

Браць (узяць) сваё — дамагацца (дамагчыся) жаданага, мець чакання вынікі.

Браць (узяць) след — высочваць (высачыць) звера.

Браць (узяць) слова — папрасіць (прасіць) на сходзе, нарадзе і пад. дазволу выказаць сваю думку.

Браць (узяць) слова з каго — дамагацца (дамагчыся) ад каго‑н. абяцання выканаць што‑н.

Браць (узяць) слова назад — адмаўляцца (адмовіцца) ад дадзенага абяцання, абавязацельства.

Браць (узяць) сябе ў рукі — авалодваць (авалодаць) сабой.

Браць (узяць) у абарот — аказваць (аказаць) рашучае ўздзеянне на каго‑н., прымушаць (прымусіць) весці сябе як належыць.

Браць у апрацоўку — уздзейнічаць на каго‑н., імкнучыся схіліць да чаго‑н., зрабіць уплыў на каго‑н.

Браць (узяць) у галаву што — многа думаць пра што‑н.

Браць (узяць) у лоб — груба, просталінейна дамагацца (дамагчыся) чаго‑н.

Браць (узяць) у разлік — улічваць (улічыць), прымаць (прыняць) пад увагу.

Браць у рукі каго, што — рабіць каго‑н., што‑н. паслухмяным, падатлівым, пакорным сваёй волі.

Браць (узяць) у шоры — моцна трымаць у руках, рашуча і жорстка абмяжоўваць каго‑н. ва ўчынках.

Браць (узяць) шлюб — выходзіць (выйсці) замуж, жаніцца.

Дзіва бярэ гл. дзіва.

Ліха яго бяры гл. ліха.

Наша (ваша, іх) бярэ (возьме, узяло) — мы (вы, яны) перамагаем.

Ні кроплі (каплі) у рот не браць — зусім не піць спіртнога.

Смех бярэ гл. смех.

У рот не браць — нічога не есці.

Хоць рукамі бяры — пра тое, чаго вельмі многа, чым лёгка авалодаць.

Цераз сябе браць — рабіць цераз сілу.

Чорт не бярэ гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)