Кажухо́ваць, акажуховаць хату ’ашаляваць’ (Федар., рук.), кожухіўка ’шаляваная сцяна’ (кам., Нар. сл.). Рус. арл., болх., свярдл., с.-ур. кожушить ’шаляваць’, кожушка ’абшалёўванне’, польск. kożuchować ’шаляваць’, kożuchowanie, апошняе вядома з першай палавіны XVI ст., відавочна, прапускае. Бел. слова паводле фармальных адзнак і лінгвагеаграфіі неабходна лічыць паланізмам. Польск. да kożuch ’пакрыццё, аблямаванне’, параўн. дыял. kożuch ’аблямаванне з гліны, якое пакрывае ганчарную печ’. Рус. таксама вытворнае ад кожух, аднак статус яго (суадносіны з польск. словам — запазычанне? незалежныя ўтварэнні?) няясны, патрабуецца распрацоўка пытання на ўзроўні рэалій.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казе́лкі ’кружкі ў «чапёлках» красён, па якіх праходзіць вяровачка і рухае ніты’ (Інстр. II). Калі дэфініцыя правільная, можна меркаваць аб субстытуцыі назвы кабылка, якая абазначае гэтыя і іншыя дэталі красён. Незалежная дэрывацыя ад казёл, казёлак менш верагодная па семантычных прычынах. Можна, аднак, дапусціць, што тут адлюстраваны выпадак адвольнага выбару тэрміна для дэталі, якая ў ліку іншых традыцыйна называецца рознымі дэрыватамі ад заонімаў і жорсткая прывязка тэрміна неабавязковая. Звяртае на сябе ўвагу другая назва рэаліі — качолкі, якая магла зрабіць уплыў на структуру разглядасмага слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казе́льчык ’конік’ (ашм., смарг., Шатал.). Рэгіянальнае ўтварэнне ад асновы казёл- ’маленькі казёл’, што або паводле паводзін насякомага, якое скача, або семантычная калька ці субстытуцыя такіх назваў, як конік, кабылка і пад. Звяртае на сябе ўвагу заходні рэгіён фіксацыі лексемы, аднак структурныя адпаведнікі ёсць і ў рус. гаворках. З суседніх можна прывесці смал. козельчик ’казляня’, росл., смал. ’узоры, якія маюць выгляд рагулек’, бран. ’дэталь калаўрота’, смал. ’кветка’, ’грыб масляк’; гэтыя прыклады сведчаць, што бел. казельчык магло быць пераносам з *казельчык ’казляня’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казлі́ць ’пець непрыемным, прарэзлівым голасам’ (Нас.). Празрыстае ўтварэнне ад казёл1, матывацыя таксама зразумелая. Дакладных адпаведнікаў няма, рус. козлить, козлиться ў значэнні ’весці сябе як казёл і інш.’ можна разглядаць як незалежныя ад бел.; аднак мадэль, па якой утвораны гэтыя лексемы, з’яўляецца, відаць, архаічнай. Бел. казліць можа захоўваць вельмі старажытную канструкцыю, якая ў выніку яе экспрэсіўнасці магла і змяняць структуру (клас дзеяслова) і спецыялізаваць значэнні. Рус. лексему, такім чынам, можна разглядаць як найбольш блізкую да архетыпу, хоць, зразумела, вельмі ўмоўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Какажу́х, кокожух ’твань, дрыгва; зыбкае месца’ (тур., ДАБМ). Рэгіянальнае ўтварэнне ад кажух ’тс’ (гл.). На думку Талстога (геагр., 185), — падваенне пачатковага складу, не выключана, аднак, што гэта ўтварэнне па аналогіі да кобагня і пад., г. зн. з эфемерным прэфіксам у выніку дзеяння мадэлі ўтварэння, пабудаванай на этымалагічным пераасэнсаванні. Калі тут рэдуплікацыя складу, то аналагічнымі ўтварэннямі можна лічыць рус. смал., паўдн. і зах., паводле Даля, какаты ’абутак з лыка або бяросты і інш.’ (каты), укр. какабат. «Лучшая кошуля ніж какабат» (Грынч., 2, 208).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калада́н, колодан ’гаспадарчы нож з драўлянай ручкай’ (ТС). Дакладных адпаведнікаў з суфіксацыяй ‑ан няма. Бліжэйшыя паралелі: укр. колодач ’вялікі нож’, ’нож, які носяць у ножнах па поясе’, зах.-укр. колодачик, рус. дан., тульск. колодей ’вялікі кухонны нож з драўлянай ручкай’, хоць у гэтым прыкладзе суфіксацыя не вельмі тыповая для такіх утварэнняў. Параўн., аднак, рус. смал. колодейка ’невялікі абрубак дрэва, цурбан’, дзе суфіксацыя, магчыма, генетычна суадносіцца з папярэдняй. Матывацыя ўтварэнняў празрыстая — ’нож, які ўбіваецца ў калодку’ (у адрозненне ад нажоў з тронкамі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Квіча́ць ’вішчаць, крычаць’ (Сл. паўн.-зах., З нар. сл., Нар. лекс.), параўн. квік. Укр. квичати, рус. квичать, балг. квича, макед. квичам, серб.-харв. цвичати, славен. kvičati, польск. kwiczeć, чэш. kvičeti, славац. kvičať, в.-луж. kwitet, н.-луж. kwicaś ’тс’. Гэта праславянскае гукапераймальнае ўтварэнне (kvičeti) мае балтыйскія паралелі, якія прадстаўлены першасным дзеясловам: літ. kvykti, лат. kvTkt ’тс’. Аднак магчымасці балта-славянскай інавацыі пярэчыць ням. паралель quieken. Тым не менш не выключана яе славянскае паходжанне (Бернекер, 656–657; Траўтман, 147; Слаўскі, 3, 484).⇉.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скры́пель, скры́пень ‘гу́ба’ (мазыр., Жыв. сл.), скрыпе́ль ‘тс’ (ТС, Пятк. 2, Ян.; мазыр., Жыв. сл.), скры́пель ‘тс’ (бярэз., Сл. ПЗБ), скры́пень ‘губка для высякання агню’ (бабр., ЛА, 4). Карскі (Труды, 479) заўважае “толькі палескае”, аднак гл. скры́пель, скрыпе́ль ‘грыб-трутавік’ (асіп., бярэз., бых., саліг., стол., лельч., ельск., ЛА, 1), скрыпе́нь ‘тс’ (добр., ганц., барыс., ЛА, 1). Да скрыпець (гл.). Параўн. балг. скрипе́ц ‘від ядомага грыба, які расце на дрэве’; дэрываты ад гэтага дзеяслова існуюць таксама ў іншых славянскіх мовах. Гл. БЕР, 6, 798.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрэмялі́на ‘брызгліна, Enonymus L.’ (гродз., Кіс.). Відаць, да стрэмя (гл.), паводле знешняга падабенства пладоў, параўн.: “каробачка, выспеўшы, лопаецца, і чорнае насенне вісіць некаторы час на валокнах”, гл. Янышкава, Этимология–1985, 42. Параўн. таксама польск. trzemielina ‘тс’, якое выводзяць з przemielina (Махэк, Jména, 141–142) або ад trzmiel ‘чмель’ (з-за двухколернасці чмялёў), гл. Брукнер, 581. Гл., аднак, польск. дыял. strzemielina ‘брызгліна’ (Варш. сл., калі гэта не з беларускай), што пацвярджае зыходную сувязь з *(s)tremę або другаснае з ім збліжэнне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трупі́знік ‘малы лясок, маладняк’ (Ян.). Няясна; відаць, звязана з укр. трипиза́ ‘непраходнае месца, бездарожжа’ няяснага паходжання (ЕСУМ, 5, 640); сюды ж, магчыма, трэбэза́ ‘густы зараснік на балоце ці рацэ’ (Бес.), trapeza, trepeza ‘ламачча, хвораст’, ‘багна’ (гл. трапеза1). Апошнія Лапіч (БЛ, 11, 64) звязвае з літ. trapus ‘крохкі, слабы’, што праз літ. traupùs ‘рэдкі, няшчыльны’, trupėti ‘крышыць, драбіць’ дае магчымасць узвесці да прасл. *trupiti, утворанага ад *trupъ (гл. труп). Аднак фанетычныя і семантычныя адрозненні не дазваляюць аб’яднаць названыя словы этымалагічна. Гл. таксама трапяза.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)