арда́, ‑ы, ДМ ‑дзе; мн. орды, ‑аў; ж.

1. Назва дзяржаўных утварэнняў, якія вылучыліся пасля драблення мангольскай дзяржавы Чынгісхана, а таксама стаўка, месцазнаходжанне яе правіцеляў. Залатая арда. Крымская арда. Астраханская арда. // Назва саюзаў вандроўных плямёнаў.

2. Мангола-татарскае войска, якое ўварвалася ў межы старажытнай Русі. // Пра полчышчы азвярэлых варожых войск. Фашысцкія орды. □ Паўстань, народ, злучы ўсе сілы Супроць тэўтонскае арды, Супроць пачвары тупарылай, Што нішчыць сёлы, гарады! Колас.

3. перан. Шумны і неарганізаваны натоўп, зборышча. Наляцелі скурадзёры — Паны чорнаю ардой. Танк.

[Ад цюрк. ordu — палатка хана.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бунчу́к

(кр.-тат. bunćuk)

1) доўгае дрэўка з шарам або завостраным верхнім канцом, з пасмамі конскіх валасоў і кутасамі наверсе як сімвал улады ўкраінскіх і польскіх гетманаў, казацкіх атаманаў у 16—18 ст.;

2) шумны музычны інструмент у некаторых ваенных аркестрах, упрыгожаны конскім хвастом.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Ра́йкаць ’квакаць’ (кобр., ДАБМ, камент., 895): жабы ра́йкаюць, сюды ж райкаце́ць ’тс’ (малар., там жа: райко́тять — вечарам). Дзеясловы на гукапераймальна-выклічнікавай базе (р)ай з адпаведным словаўтваральным афармленнем, параўн. адвыклічнікавыя рус. дыял. рай ’шумны, доўгі ці аддалены гул, грукат; водгалас, водгук, рэха’ і больш далёкае ц.-слав. раръ ’гук’. Першапачатковая семантыка дзеяслова была, відаць, менш спецыялізаванай, аб чым сведчаць рус. дыял. ра́йкий ’гучны, гулкі, з водгаласам’, ра́йкое место ’дзе голас гучыць і аддаецца рэхам’, ра́йко ’рэха, водгулле’, прысл. ’гулка, гучна, з рэхам’, ярасл. ’шумна’. Параўн. яшчэ ра́ўкаць (гл.). Гл. таксама Фасмер, 3, 436 (прапанова звязаць рус. дыял. рай з назвамі драпежных птушак, якія працягваюць прасл. *rarogъ, не пераконвае).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Патлу́міць 1 ’пабалакаць, пагаварыць’ (Нас.). Да тлу́міць ’празмерна дакучаць гаворкай, шумам’, ’марочыць, задурваць галаву’, тлу́мны ’шумны, гаманлівы’, тлум ’шум, гоман’ (Шамякін), якія да польск. tłumić, tłumny, tłum < прасл. tъlp‑m (Брукнер, 572), роднаснага да польск. tłopić < прасл. tъlpa/tьlpa > бел. на‑тоўп. Семантычны пераход ’натоўп’ > ’шум, гоман’, як у гоман (прасл. gomonъ < гоц. gaman ’натоўп’) (Мартынаў, вусн. паведамл.).

Патлуміць 2, ‑цца ’падавіцца (у праклёнах)’ (Шат.). Укр. потлуми́ти ’заглушыць, задавіць’, ’пабіць’, ’знішчыць’. Да тлу́міць (гл.). Запазычаны з польск. tłumić (чэш. tlumiti з польск.). Польск. і славац. tlmiť з прасл. tъlmiti, роднаснага да літ. stel̃bti ’заглушаць ценем (аб раслінах)’, stil̃bti ’слабець, гінуць ад заглушэння’, якое адпавядала б літ. фактытыву *stilbinti ’рабіць, каб што-небудзь слабела’ (Махэк₂, 646).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шматгало́сы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да шматгалосся (у 1 знач.); поліфанічны. Шматгалосы хор.

2. Які складаецца з шматлікіх галасоў, гукаў, што гучаць адначасова; які ўтвараецца шматлікімі галасамі. З двара казармы вецер данёс шматгалосы гоман. П. Ткачоў. І раптам на тым баку вёскі пакацілася густое шматгалосае «ура!» Грахоўскі. // Які ўтварае многа гукаў; шумны. Натоўпы людзей шматгалосыя радамі ўліваюцца шчыльнымі. Пабачыш усе тут [у метро] прафесіі, сыноў розных нацый і рас. Панчанка. Помню цэх шматгалосы і змену начную, Помню ў шуме і громе, у промнях святла Кранаўшчыцу, кержачку вясёлую Нюру, Што з гарэзлівай песняй па цэху ішла. Дайнека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Арда́ ’татарскае войска’, ’саюз плямён, дзяржава ў старажытных усходніх народаў’, ’шумны, неарганізаваны тлум’ (БРС), ’дружына жаніха, што едзе за нявестай’ (таксама ірда — Нікольскі, 55), арду тварыць суматоха, дзіцячыя гульні’ (Нас. Сб.; Янкоўскі, докт. дыс., 1, 333). Старажытнарускае (з 1307) працягваецца ў старабеларускай, дзе таксама горта ’арда’ (Булыка., Запазыч., 228). Рус., укр. орда́ ў розных значэннях. Канчатковая крыніца цюрк. ordu (ortu) ’лагер, стан войска, рэзідэнцыя хана’ ўжо ў старажытнацюркскіх мовах (Др.-тюрк.), вядома ў многіх цюркскіх мовах. Усходнеславянскае слова з цюркскай; ст.-бел. горта (1691) праз польскую з нямецкай (параўн. Брукнер, 381). Фасмер, 3, 150; БМ, 43, Курс суч., 161. Ірда, магчыма, з украінскай. Думка Бугі, 2, 507 (параўн. таксама Жучкевіч, Топон., 159), пра паходжанне бел. арда ’шум, беспарадак’ з літ. ardà ’спрэчка’ малаверагодна: аналагічныя значэнні вядомы і ў іншых славянскіх мовах. Супрун, Зб. Крымскаму, 126–127.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тлумі́ць ’марочыць, дакучаць’ (ТСБМ), ’збіваць з толку, задурваць, блытаць’ (Нас.), ’прыгнятаць’ (Ласт.), ’турбаваць’ (чэрв., ЛА, 3), ’заблытваць, збіваць з панталыку’ (Байк. і Некр.), ’ачмураць шумам’ (Касп.), ’псаваць, таптаць (пасевы); жартаваць, гаварыць абы-што’ (Нас.), ’дурыць’ (пух., Жд. 2; бялын., Янк. Мат.), ’несці лухту’ (Шымк. Собр.), тлумы́ты ’стрымліваць, затрымліваць’ (драг., Ск. нар. мовы), ст.-бел. тлуми́ти ’ўціхамірваць’, ’стрымліваць’ (1574 г., КГС), сюды ж тлумі́цца ’страчваць увагу, блытацца’ (Нас.), ’туліцца, жыць у цеснаце’, ’дурэць’, ’прадаваць, рабіць доўга’ (Мат. Гом.), тлуми́тис ’таўчыся’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), тл́умны ’нястрыманы, шумны, неспакойны’ (ТСБМ), ’сварлівы, бесталковы’ (Байк. і Некр.). Параўн. укр. тлу́ми́ти ’знішчаць, нявечыць; заглушаць; біць, лупцаваць’, польск. tlumić ’прыглушаць, глушыць, прыгнятаць (пра агонь), стрымліваць; таўчыся, біцца’, ст.-польск. tlomić ’тс’, чэш. tlumit ’прыглушаць, стрымліваць, змякчаць’, славац. tlmiť ’тс’. З польск. tlumić ’прыглушаць, стрымліваць’ (Борысь, 635; Брукнер, 572; Махэк₂, 646; Куркіна, Этимология 1983, 24–26).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тлу́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які прыводзіць да адурэння, пазбаўляе здольнасці ўспрымаць, разумець што‑н. Тлумная работа. □ Кастусь стаміўся ад гаворак, ад тлумнай духаты, а таму з асалодай дыхаў свежым начным паветрам. Гаўрылкін. // Пазбаўлены здольнасці ўспрымаць, разумець што‑н. Юра пакруціў цяжкай, тлумнай ад катаванняў галавой і працадзіў скрозь зубы: — Ні слова... Ні слова... Бураўкін. // Незразумелы, небяспечны. Чаго яму [Хрысцюку] лезці ў гэтыя тлумныя справы! Зачэпіш яшчэ каго — бяды на сябе паклічаш. Дуброўскі.

2. Шумны, гаманлівы, неспакойны. Дасціпныя і праз меру адданыя канвойнікі наводзілі парадак у .. тлумным і стракатым натоўпе. Колас. У вагоне я доўга не мог заснуць — ці не таму, што нарэшце вырваўся з тлумнага горада, еду далей ад рэдакцыйнага клопату і дробных жыццёвых турбот, што буду, хоць і не надта доўга, вольны. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крыклі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які многа крычыць, любіць крычаць, гучна гаварыць. Крыклівае дзіця. □ Байцы трошкі крыўдавалі за яго залішнюю строгасць, але ў баях цанілі крыклівага старшыну. Быкаў. Меў .. [Ніканор] пяток дзяцей і крыклівую бабу. Яна заўсёды крычала па яго, што ён гультай. Бядуля.

2. Гучны, моцны, прарэзлівы (пра голас, гукі). Крыклівы голас. // Які мае такі голас, з такім голасам. У густых верхавінах елак цэлымі днямі кружацца ля сваіх гнёздаў крыклівыя вароны, нібы сварацца між сабой. Якімовіч.

3. Які суправаджаецца крыкам; шумны, сварлівы. Крыклівая размова.

4. перан. Які прымушае звярнуць на сябе ўвагу сваёй яркасцю, стракатасцю. Крыклівая рэклама. □ Фінця Паўлаўна прытрымлівалася ранейшага рэжыму і заставалася прыгожай. Аднак увесь гэты нейлон, перлон цяпер на ёй быў крыклівы. Грамовіч. [Візэнера] не радавалі крыклівыя паведамленне аб паспяховым наступленні нямецкіх войск... Чаго варта гэтае наступленне. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жва́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны жыццёвых сіл; бадзёры, рухавы; проціл. вялы. Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар — жвавы, імклівы. Маўр. Зіна была ўся ў бацьку: жвавая, гаваркая, знаходлівая, у грамадскім жыцці актыўная, у сяброўстве — чулая, спагадлівая. Кавалёў. // Ажыўлены, выразны, жыццярадасны (пра вочы, твар). Энергічным і жвавым рабіўся твар старшыні. Якімовіч. [Ніканор] пастарэў.. Толькі вочы — маладыя і жвавыя. Бядуля. // Рэзвы, вясёлы, гуллівы. Птушак жвавых шчэбет хвілі не сціхаў, Кружыўся з белым кветак пылам. Купала. На процілеглай ад ложка сцяне скакаў жвавы зайчык, як бы дражнячыся з намі. Сабаленка.

2. Бойкі, ажыўлены, шумны (пра гаворку). Завязалася жвавая, перасыпаная жартамі і смехам размова. Краўчанка.

3. Поўны руху, ажыўлення, дзейнасці. У маладым калгасе адразу занялося жвавае, бадзёрае жыццё. Зарэцкі. — Усё-такі падабаецца ён мне, Мінск. Жвавы, шумлівы, заклапочаны. Мележ. // Хуткі па тэмпу, шпаркі. Жвавыя рухі. □ Жвавым не па гадах подбегам Клім кінуўся да плота. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)