Ра́йкаць ’квакаць’ (кобр., ДАБМ, камент., 895): жабы ра́йкаюць, сюды ж райкаце́ць ’тс’ (малар., там жа: райко́тять — вечарам). Дзеясловы на гукапераймальна-выклічнікавай базе (р)ай з адпаведным словаўтваральным афармленнем, параўн. адвыклічнікавыя рус. дыял. рай ’шумны, доўгі ці аддалены гул, грукат; водгалас, водгук, рэха’ і больш далёкае ц.-слав. раръ ’гук’. Першапачатковая семантыка дзеяслова была, відаць, менш спецыялізаванай, аб чым сведчаць рус. дыял. ра́йкий ’гучны, гулкі, з водгаласам’, ра́йкое место ’дзе голас гучыць і аддаецца рэхам’, ра́йко ’рэха, водгулле’, прысл. ’гулка, гучна, з рэхам’, ярасл. ’шумна’. Параўн. яшчэ ра́ўкаць (гл.). Гл. таксама Фасмер, 3, 436 (прапанова звязаць рус. дыял. рай з назвамі драпежных птушак, якія працягваюць прасл. *rarogъ, не пераконвае).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)