ЛЕГЕ́НДА (лац. legenda літар. тое, што трэба прачытаць),

фальклорны і літаратурны жанр, у аснове якога фантаст. падзея або герой падаюцца як сапраўдныя. Рэальныя падзеі ў Л. пераплятаюцца з фантастычнымі. У параўнанні з паданнем, дзе расказваецца толькі пра мінулае, якое яшчэ помніцца, Л. менш ахоплівае гіст. і быт. абставіны дзеяння. Калі ў Л. свабодна развіваецца маст. выдумка, яна збліжаецца з казкаю. Падзяляюцца Л. на касмаганічныя, тапанімічныя, этыялагічныя, этнаганічныя, зааганічныя, рэлігійныя (апакрыфічныя), гіст., сац.-утапічныя і інш.

Спачатку Л.жыціе святога. Першы зб. лац. хрысціянскіх Л. «Залатая легенда» (13 ст.) перакладзены потым на многія мовы. Паступова назва пашыралася на ўсе маральна-павучальныя рэліг. апавяданні, якія фантастычна тлумачаць падзеі на падставе нар. рэлігійных, гіст., сац.-утапічных, этычных і інш. поглядаў. Самыя стараж. Л. касмаганічныя — пра стварэнне сусвету, Зямлі, Сонца, зорак і інш. У іх усё стварае Бог, дзейнічае д’ябал (запісы Е.Раманава, У.Дабравольскага, М.Федароўскага, А.Сержпутоўскага і інш.). Этыялагічныя Л. фантастычна тлумачаць паходжанне жывёл; тапанімічныя — узнікненне гарадоў, вёсак, рэк, азёр, урочышчаў і іх назваў; этнаганічныя — паходжанне народаў, плямён і інш. Шмат Л. пра вандроўкі Хрыста, святых. Гіст. Л. — пра важныя гіст. падзеі, вядомых асоб (Пятра I, каралёў Саса, Панятоўскага, вайну 1812 і інш.). Выкрыццё сац. несправядлівасці — асн. змест сац.-утапічных і быт. Л. Самы пашыраны сюжэт Л. — «Мадэй» (апубл. 43 польскія, 8 рус., 6 бел тэкстаў) — дараванне грахоў вял. грэшніку за забойства жорсткага прыганятага.

Літ. Л. часта грунтуюцца на фалькл. сюжэтах. Сюжэты, матывы і вобразы Л. выкарыстоўвалі І.В.Гётэ, А.Пушкін, М.Някрасаў, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, У.Караткевіч і інш.

Публ.:

Романов Е.Р. Белорусский сборник. Вып. 4. Витебск, 1891;

Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1. СПб., 1891;

Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 2. СПб., 1893;

Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T. 1—2. Kraków, 1897—1902;

Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911;

Яго ж. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Мн., 1926; Яго ж. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930; Легенды і паданні. Мн., 1983; Афанасьев А.Н. Народные русские легенды. Новосибирск, 1990; Легенди та перекази. Київ, 1985.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1. М., 1916;

Азбелев С.Н. Отношение предания, легенды и сказки к действительности // Славянский фольклор и историческая действительность. М., 1965;

Чистов К.В. Русские народные социально-утопические легенды XVII—XIX вв. М., 1967;

Беларуская народма-паэтычная творчасць. Мн., 1979.

І.У.Саламевіч.

т. 9, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Стварэ́нне ‘жывая істота, усё жывое’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Касп., Сл. ПЗБ, Стан., Сержп. Прымхі). Ужыванне назоўніка стварэ́нне ‘тварэнне, твор’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Стан.) ад дзеяслова ствары́ць (гл. тварыць) у спецыяльным значэнні ‘створанае Богам’. Параўн. польск. stworzenie з аналагічным значэннем, якое, згодна з Сяткоўскім (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 347), лічыцца семантычным багемізмам. Запазычаннем з чэшскай лічыцца польск. stworzyciel ‘тварэц’ (там жа), параўн. таксама ствары́цель ‘тс’ (Нас., Ласт., Гарэц., Стан.), укр. створи́тель ‘тс’, старое макед. створител ‘тс’. Як самастойныя ўтварэнні можна разглядаць створы́цца ‘зрабіцца’ (ТС), стварэ́нне ‘твар, вобраз, выгляд’; стварэння ні знаіць (пра бруднага, замурзанага) (Скарбы), стварэ́нец ‘чалавечая істота’ (Стан.), стварэ́ц ‘творца’ (Ласт.), створ ‘твор’ (Гарэц.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрыхо́ўка ‘прылада для выраўноўвання саломы пры крыцці страхі’ (ТСБМ, Янк. 1, Пятк. 1), стрыхо́ўка, страхо́ўка, стрыха́лка, страха́лка, стры́хаўка (Сл. ПЗБ), стрыха́лка, стрыха́ўка (Сцяшк.), стрэха́лка, стрэха́ўка (ТС), стрыха́лка, стрыхо́вец ‘тс’ (Шатал.), стрыхо́ ‘тс’ (Сцяшк.), стрыха́рка ‘прылада для выраўноўвання гліны’ (Скарбы), стрыхава́ць ‘раўняць (збожжа пры насыпанні)’ (Сержп. Прымхі), ‘фармаваць, надаваць пэўную форму гліне’ (Скарбы), стрыхава́ць, стрэхава́ць ‘падраўноўваць стрыхоўкай салому’ (Янк. 1). Праз польск. strych, strychulec ‘дошчачка для выраўноўвання сыпкіх матэрыялаў’, якое паходзіць з нова-в.-ням. Streichholz ‘тс’ (Брукнер, 521), y < î пад уплывам strych < ням. Strich ‘лінія’ (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 344–345). Націск беларускіх слоў указвае на магчымае пасрэдніцтва польскага strychówka, параўн. strychować ‘раўняць’ < ням. streichen.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сухаве́й ’сухі гарачы вецер’ (ТСБМ, Некр. і Байк.; ашм., Стан.; Сцяшк.), ’сухое ветранае надвор’е’ (Сл. ПЗБ), ’сухі сцюдзёны вецер’ (Варл.), ’зарніца’ (Растарг.), сухове́й ’суша, сухі вецер’ (ТС), сухаве́я ’тс’ (Сцяшк.), ’летняя начная маланка без грому’ (Мат. Маг.), сухаве́іца ’сухое ветранае надвор’е’ (Бяльк., Сержп. Прымхі), сухаве́йка ’сухі паўдзённы вецер’ (Арх. Федар.). Укр. сухові́й ’сухі вецер; усходні вецер’, рус. сухове́й ’сухі гарачы вецер; суша, засуха’. Утворана на базе спалучэння слоў су́ха (гл. сухі) і ве́яць (гл.); параўнанне ў якасці генетычнай паралелі з літ. saũsvėjis ’тс’ (Аткупшчыкоў, Этимология–1984, 193) недакладнае, паколькі літоўскае слова ўзнікла на базе зыходнага словазлучэння saũsas vė́jas ’сухі вецер’ і, на думку Трубачова (Этногенез₂, 245), з’яўляецца калькай рус. суховей.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сялі́ба ’населены пункт у сельскай мясцовасці (пасёлак, сяло і пад.)’ (ТСБМ), ’двор, месца з жылым памяшканнем і прыналежнымі да яго пабудовамі і агародам’, ’жытло, дамоўка’, ’пасяленне’ (Ласт.), ’селішча’, ’месца пасялення’ (Мядзв., Шн. 2, Нік., Оч., Сержп. Прымхі), ’сядзіба’ (Касп., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Яшк., Бяльк.), сялі́бішча ’месца, дзе была сядзіба’ (Сл. ПЗБ). Да сяліць, па ўзору сядзіба (гл.) з суф. ‑іба, якому прыпісваецца балтыйскае паходжанне, гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 130; Мартынаў, SlW, 66 і інш.; параўн. больш раннія формы сялі́дба (сели́дба) ’будоўля’ (Нас., Шымк. Собр.), ст.-бел. сели́дьба ’пасяленне’ (Козыраў, Очерки, 171), рус. наўг., пск. сели́тьба ’сядзіба’, макед. сели́дба ’перасяленне’ і пад., селідзе́бнэ ’вялікі прысядзібны ўчастак’ (лун., Выг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тавары́ства ’сукупнасць людзей аднаго рамяства або звання’ (Нас.), ’група людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі’, ’блізкасць, заснаваная на такіх адносінах’, ’арганізацыя, у якую ўваходзяць раўнапраўныя ўдзельнікі’ (ТСБМ), ’асацыяцыя, суполка’ (Ласт., Некр. і Байк.), ’кампанія; людзі аднаго ўзросту’ (Сержп. Прымхі; узд., Жд. 1), тавары́ство ’аднагодкі, равеснікі’ (іўеў., чэрв., капыл., лях., пух., Сл. ПЗБ), ’дружбакі, сябры’ (ваўк., лях., пух., Сл. ПЗБ). Дапускаецца запазычанне з польск. towarzystwo з шырокім колам значэнняў, аднак, паводле Векслера (Гіст., 176), у выніку адзначанага ў XV-XVI стст. спрашчэння збегу зычных шляхам адпадзення пачатковага ш перад с: таварыш > таварыства, параўн. у Насовіча: тавары́шства (товари́шство) побач з тавары́ства (товари́ство) ’прыяцельства, сяброўства’, ’група людзей аднаго рамяства або звання’ (Нас.). Гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарака́н ’насякомае чорнай або рыжай афарбоўкі’, ’смярдзючы чорны жук’ (Ласт.), ’падобны на прусака, але чорны’ (Некр. і Байк., Арх. Вяр., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТСБМ, Касп.; кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), ’прусак, рыжы таракан’ (валож., Жыв. св.), тарако́н ’прусак’ (ігн., Сл. ПЗБ), тараґан ’тс’ (лях., Янк. Мат.), тарака́н ’тс’ (Нас.), ст.-бел. таракан ’тс’ (1640 г., КГС). З рус. тарака́н ’тс’, у якой вядома з XVI ст., запазычанне з цюркскіх моў, відаць, з тат. тарака́н (taraḳan), звязваюць таксама са ст.-рус. то́рхан, та́рхан (ганаровы тытул), што са ст.-цюрк. таркан (гл. Дабрадомаў, Бел. лекс., 43; Фасмер, 4, 20; ЕСУМ, 5, 518; Чарных, 2, 228; Орлась, RS, 32, 1, 31–37).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́мень, ка́мінь, ка́мынь, ка́мэнь ’цвёрдая горная народа ці абломак з яе рознай велічыні і формы’, ’абточаны камень у жорнах’ (Сл. паўн.-зах., ТСБМ, Сержп. Прымхі; Бяльк.; драг., Жыв. сл.; Федар. I; Бес., Яруш., Яшк.), каме́нне (зб.) ’камяні’ (ТСБМ, Радч., Сержп.; стаўбц., Нар. словатв.; Яшк., Гарэц.; мсцісл., З нар. сл.), каміене (Бес.), каме́ння ’тс’ (бяльк.), каме́чо, каме́чча ’тс’ (слонім., Жыв. сл.; гродз., З нар. сл.; Сл. паўн.-зах.; свісл., Сцяшк. Сл.); каме́ньчык ’малы камень’ (Сержп. Прымхі; Бяльк., Янк.), ’костачка ў сліве, вішні’ (браг., Нар. словатв.; Ян., Янк. 2; нараўл., Мат. Гом.), камянёк ’тс’ (полац. Янк. 2); каме́ньчыкі ’гульня’ (гродз., Нар. словатв.); ка́мень ’мера вагі (≈ 10 кг, ≈ 1 кг)’ (Інстр. III); камяны́ ’зроблены з каменя’ (КЭС, лаг.), каме́нный ’тс’ (Бяльк.), каме́нны ’з каменя або з цэглы зроблены’ (ТСБМ, Сцяшк.); каме́нык ’крэпкі хлопчык’ (Бяльк.); ка́менка, ка́мінка ’печ з камення (у лазні)’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяц.; усх., КЭС); укр. ка́мінь, рус. ка́мень, польск. kamień, н.-луж., в.-луж. kamjeń, палаб. komói, чэш. kámen, славац. kameň, славен. kámen, серб.-харв. ка̏мен, макед., балг. камей, ст.-слав. камы. Прасл. kamy (род. kamaee). Блізкія і.-е. адпаведнікі: літ. akmuõ (akmeñs), лат. akmens ’тс’, ст.-інд. áśmā, áśrnan‑ ’камень’, ’неба’, авест. asman‑ ’тс’, ст.-грэч. ἄκμών ’кавадла’, ’неба’ < і.-е. *akʼ/*okʼ (Слаўскі, 2, 37–38). Фасмер (2, 173–174) далучае да і.-е. яшчэ ст.-в.-ням., ст.-сакс. hamar, ст.-ісл. hamarr ’молат’ (параўн. Мартынаў, Слав. акком., 160–161).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стры́гчы ‘зразаць, падрэзваць ножніцамі, машынкай (валасы, шэрсць і пад.)’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат.; ашм., Стан.; Сцяшк., Бяльк.), стрыгчы́ ‘тс’ (Ласт.), стры́хчы, стры́кчы, стры́хці ‘тс’, ‘рэзаць ножніцамі; кроіць’ (Сл. ПЗБ), стры́гці ‘тс’ (Сержп. Прымхі), стрыгці́ ‘тс’ (ТС), ст.-бел. с​ѕтрычи ‘тс’ (XVI ст., Карскі 2–3, 277); сюды ж стры́гчы вуша́мі ‘паводзіць вушамі, прыслухоўвацца’ (ТСБМ), стры́гці вуша́мі ‘тс’ (Сержп. Прымхі, ЛА, 1). Укр. стри́гти, рус. стричь, стараж.-рус. стричи, польск. strzyc, в.-луж. třihać, н.-луж. stśigaś, чэш. střihati, славац. strihať, серб.-харв. стри̏ћи, славен. stříči, балг. стрига́, макед. стриже ‘тс’, ст.-слав. стришти. Прасл. *strigti звязана чаргаваннем галосных з рус.-ц.-слав. стрѣгъ ‘стрыжка’, стрѣжьць ‘той, хто стрыжэ’, суадноснымі з с.-в.-ням. streich ‘удар, замах’ і роднаснае ст.-прус. strigli ‘чартапалох’, ст.-в.-ням. strîhhan ‘гладзіць, церці’, гоц. striks ‘паласа’, ст.-англ. strican ‘мазаць; праводзіць’, лац. stringere ‘дакранацца; здзіраць’, strigilis ‘скрабок’ (гл. Траўтман, 289; Мікала, Ursl. Gr., 3, 77; Фасмер, 3, 778), што ўзыходзіць да і.-е. *streig‑ ‘удараць’, з далейшай спецыялізацыяй ‘апрацоўваць вострай прыладай’ (Бязлай, 3, 329; Борысь, 584). Махэк₂ (588) параўноўвае з літ. riẽkti, riekaù ‘рэзаць’, riekė̃ ‘луста хлеба’, дапускаючы рухомае s‑. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1546; ЕСУМ, 5, 440. Параўн. стругаць. Сюды ж стры́жава ‘воўна, састрыжаная з авечкі (авечак) за адзін раз’ (Сл. ПЗБ), стрыгу́н, стрыгуно́к ‘аднагадовае жарабя, якому звычайна падстрыгаюць грыву’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., ЛА, 1), ‘конь ва ўзросце двух год’ (Ян.; віц., Жыв. НС). Гл. таксама стрыгнуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кала́ ’каля’ (Бяльк., Жд. 2; капыл., Жыв. сл., мсцісл., З нар. сл.; Сержп. Прымхі, Сцяц., Шат.). Рус. зах.-бран. кала, калуж. кала, кыла ’тс’, апошняе супадае з усх.-бел. формамі: кыла (Бяльк., З нар. сл.). СРНГ не фіксуе шэрагу адпаведнікаў да бел. лексемы, што дазваляе меркаваць аб магчымым беларускім паходжанні калуж. слова (вынік міграцыі насельніцтва). Сустракаецца ў гаворках акала ’каля’. Этымалагічна бел. кала — склонавая форма лексемы кола ’кола’, канцавое ‑а не вельмі яснае. Лексема фіксуецца ў ст.-бел. гаворках і гэта не выключае магчымага працэсу ўплыву на засведчанае ў шэрагу моў коло ’каля’ бел. прыназоўніка каля. Форма коло адзначаецца ў паўдн.-зах. гаворках, адносна каля гл. адпаведны артыкул. З літ. гл. Копечны, ESSJ, SG, I, А, 88. 89.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)