Вясёлы ’пранікнуты весялосцю, радасцю; прыемны для погляду, не пануры’; ’той, хто дае, выклікае радасць’; ’яркі, светлы’ (БРС, КТС, Бяльк.), драг.высёло́ (прысл.) ’прыгожае месца, асветленае, з буйнай расліннасцю, магчыма, на ўзвышшы’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), укр.веселий, рус.весёлый ’вясёлы, радасны’, каз. ’хуткі’, смал. ’ласкавы’, у спалучэннях ’рознакаляровы (камень, кветкі)’; ’асветлены, светлы, ясны (пра ноч)’; ’шматлікасць (рыбы, суквецця)’, ст.-рус.веселый ’вясёлы, які радуе багаццем, дастаткам’; польск.wesoły (ст.-польск.wiesioły), н.-луж.wjasoły, в.-луж.wjesoły ’вясёлы’, чэш.veselý ’тс’, валаш.veseła ’карова з белымі нагамі і хвастом’, мар.veselý ’светлы, чырвоны (колер)’, славац.veselý ’вясёлы’, славен.vesę̑ł ’тс’, серб.-харв.ве̏сео ’прыгожы, пагодлівы (дзень, месяц’; ’светлы, ззяючы’; ’ясны, каляровы’; ’буйны, свежы (расліна)’; ’хуткі, жвавы’; ’цудоўны, незвычайны’, макед., балг.весел ’вясёлы’, ст.-слав.веселъ. Прасл.vesel‑ъ мела значэнне ’буйны, пышны, паўнакроўны; каляровы, які іграе жывымі, яснымі колерамі, які радуе, вясёлы’. Самымі блізкімі і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца лат.vęsęls ’здаровы, поўны, цэласны, цэлы, непашкоджаны’, прус.wessals, ілір. анамаст. Veselia ’Felicitas’ (Будзімір, RIEB, 1, 284; Краэ, IF, 57, 113). Відавочна, ‑elъ з’яўляецца суфіксам, тады корань ves‑ < і.-е.*u̯es‑ са значэннем ’добра’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 543) ці ’жыць’ (Праабражэнскі, 1, 78); таксама Младэнаў (63) і Покарны (826) звязваюць гэты корань з лац.vēscor ’атрымліваць асалоду ад ежы’, санскр.vas‑ ’ем’, vásu‑ ’добры’, кімр.gwest ’бяседа’, гоц.wisan ’банкетую’, ірл.feis ’есці’. Фасмер (1, 303) адносіць сюды яшчэ авест.vaηhu‑, voku, гальск.ves(u)‑ (ва ўласных імёнах Vesunertus, Vesclevesis), ірл.fíu ’варты, роўны’. Фік (545), Буасак (234) і Гараеў (1896, 46) адносяць аснову ves‑ да і.-е.*u̯ekʼ ’хацець’ (ст.-інд.vaś‑mi ’хачу, жадаю’, грэч.ἑκών ’ахвотны’, ἕκηλος ’спакойны’). Тое ж Махэк₂ (685), які праводзіць паралель паміж слав.vesel‑ъ і ням.lustig (< Lust ’радасць, захапленне, жаданне, ахвота’, ’юрлівасць’), суадносячы яго з лексемай vášeň ’страсць’. Торп (405), Скок (3, 578), КЭСРЯ (77) звязваюць вясёлы з лексемай вясна́ (гл.), што зусім імаверна, калі прыняць пад увагу значэнні лексемы ў паасобных слав. гаворках: ’месца з буйной расліннасцю’; ’рознакаляровыя кветкі’; ’свежыя, буйныя расліны’; ’здаровы, цэласны’, а таксама ўкр.квітень, польск.kwiecień — назвы вясенніх месяцаў. Сюды ж прысл. вясёла (КТС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
пе́сціць, пешчу, песціш, песціць; незак.
1.каго. Любоўна даглядаць, гадаваць каго‑н. Нічога асаблівага [Аўстра] не жадае: самой хадзіць па хаце, завіхацца каля печы, карміць і песціць дзяцей.Кучар.//пераважназадмоўем «не». Ствараць для жыцця, дзейнасці каго‑н. вельмі спрыяльныя ўмовы. Лёс не песціў вандроўнікаў космасу.Гамолка.Жыццё дарэмна іх [дзяўчат] не песціць, Яны не ў кветніку цвітуць.Пысін.Як малодшую, .. [Зіну] песцілі можа больш, чым трэба было, не адмаўлялі ні ў чым, хаця ў хаце было не густа.Шыцік.// Патураць усім жаданням каго‑н., балаваць; распешчваць. Песцяць дачку, псуюць яе. Як жа, адзіная дачка, толькі ёю і дыхаюць.Лынькоў.//перан.; што. З любоўю даглядаць, ахоўваць што‑н. Думаў Дзям’ян пра шмат што: пра зямлю, якую песціў і любіў; пра дом свой, пабудаваны за савецкія часы.Кавалёў.Старыя любяць сваю справу, старанна даглядаюць машыну, песцяць яе.Шынклер.
2.каго. Праяўляць ласку, лашчыць, галубіць каго‑н. Аляксей часта браў Люду на калені, песціў, гаварыў з ёю.Мележ.Славік пайшоў па руках, яго песцілі, падкідалі, як мячык.Гурскі.
3.перан.; каго-што. Дзейнічаючы на органы пачуццяў, выклікаць прыемныя адчуванні (пра вецер, сонца і пад.). Вецер песціць твар. □ Карціны роднага беларускага пейзажу мільгалі адна за другой, песцячы погляд мяккасцю і разнастайнасцю фарбаў.Васілевіч.Сонца, быццам знарок, свеціць проста ў твар, сагравае цябе, песціць.Лупсякоў.
4.перан.; што. Жадаць здзяйснення чаго‑н. прыемнага; пялегаваць. Песціць надзею ў сэрцы. Песціць мару. □ Кожны глядзеў на полымя, песцячы свае пакуль нікому не адкрытыя думкі.Пестрак.
•••
Песціць вочы — пра што‑н. прыгожае, прыемнае на выгляд.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сакрэ́т1, ‑у, М ‑рэце, м.
1. Тое, што падлягае захаванню ўпотай, аб чым не гавораць усім; тайна. Выдаць сакрэт. □ Дзед Лукаш даўно здагадваўся, што ў Міколы ёсць сакрэты, пра якія ён маўчыць.Якімовіч.Асцерагаліся партызаны да пары, да часу выдаць свой баявы сакрэт.Лынькоў.//чаго. Скрытая прычына. Сакрэт поспеху. Сакрэт высокіх паказчыкаў працы. □ І ці не ў гэтым сакрэт і сэнс жыцця — сеяць прыгожае і з радасцю схіляць перад ім галаву...Навуменка.// Прыём, спосаб (вырабу, атрымання чаго‑н.), які невядомы іншым. Сакрэт вырабу сінтэтычнага валакна. □ Некалі сярод нашага брата — масцеравога хадзіла вера ў нейкі спадчынны вытворчы сакрэт.Кулакоўскі.// Пэўная інтэлектуальная рыса, якасць. [Удома] навучыўся сакрэту цярпення і ўменню хаваць ад другіх свае думкі і пачуцці.«Маладосць».Хаджу ў тэатр не толькі дзеля свайго задавальнення, але галоўным чынам вучыцца, пазнаваць сакрэты акцёрскага майстэрства.Сяргейчык.
2. Мудрагелістая канструкцыя механізмаў, прадметаў хатняга ўжытку, мэблі і пад. Замок з сакрэтам.
3. Дадатковы патайны пост, які размяшчаецца вартаўнічай аховай на найбольш небяспечных подступах праціўніка. Былі выстаўлены пасты, сакрэты, узмоцнена ахова — як на самай пярэдняй лініі.Асіпенка.Трэба было спяшацца, каб засветла выбраць, дзе паставіць сакрэт.Быкаў.// Месца патайнога паста. У Сцёпы было добрае сховішча, ім ён некалі карыстаўся, калі сядзеў у сакрэце.Зуб.
•••
Адкрыць сакрэтгл. адкрыць (у 7 знач.).
Не рабіць сакрэтузчагогл. рабіць.
Сакрэт палішынеля — уяўная тайна; сакрэт, які стаў вядомы ўсім.
Сказаць (расказаць) па сакрэту (пад сакрэтам)гл. сказаць.
Трымаць у сакрэцегл. трымаць.
[Фр. secret.]
сакрэ́т2, ‑у, М ‑рэце, м.
Прадукт дзейнасці залоз, неабходны для жыццёвых функцый арганізма.
[Ад лац. secretus — выдзелены.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
са́мы, ‑ая, ‑ае; займ.азначальны.
1. Ужываецца пры ўказальных займенніках «той», «гэты» для іх удакладнення ў значэнні: якраз, менавіта. З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў.. [Сяргею] крыху агледзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча.Колас.// Ужываецца пры асабовых займенніках, каб падкрэсліць, што гэта і ёсць тая асоба, пра якую ідзе гаворка. [Мужчына:] Гэта ж Гудовіч! [Жанчына:] Ён самы.Крапіва.[Маеўскі:] — Сяргей Фядотавіч?! [Прыборны:] — Ён самы.Шамякін.
2. Пры назоўніках са значэннем месца, прасторы або часу ўдакладняе прасторавую або часавую мяжу дзеяння. Па самыя гусеніцы зарыўся ў тваністы бераг перакулены танк.Лынькоў.У жнівеньскую поўнач, як і тады [даўно], гэтая зорка свеціць над самай тваёй галавой.Навуменка.Ужо на самым світанні прыляцелі падзяўбці насення шэрыя курапаткі.Ігнаценка.// У спалучэнні з назоўнікамі «рыба», «грыбы», «ягады» і пад. азначае: мноства. Цяпер самыя грыбы. □ — Адтуль, адтуль заходзь — там самая рыба ходзіць! — радзіць дзед.Лынькоў.// Пры назоўніках «час», «мера», «раз» і пад. азначае: іменна такі, які патрэбен, падыходзіць. Самая пара была ісці дамоў.М. Стральцоў.
3. З назоўнікамі месца і часу выражае гранічна высокую ступень праяўлення ў іх якой‑н. уласцівасці. Жыта канчала налівацца, нават на ўзгорках, далей ад лесу, на самым санцапёку месцамі ледзь-ледзь яно запалавела.Чорны.[Міхась:] — Арол! Ведае, чым узяць народ. За такім камандзірам кожны ў самае пекла пойдзе.Машара.// Пры назоўніках колькасці і меры абазначае крайнюю ступень колькасці. Самы мінімум. □ [Турсевіч і Лабановіч] лічылі, што ведаюць адзін аднаго да самых што ні ёсць маленькіх дробязей.Колас.// Пры назоўніках, якія абазначаюць крайнія межы ў часе або прасторы. Самы пачатак. Да самага канца. На самым версе. У самым нізе. □ Ладымер і ўсе ў нас ведаюць Костуся з самых малых дзён яго.Чорны.А мора падкідвае раз’юшаныя хвалі ў самае неба.Бядуля.
4. У спалучэнні з якаснымі прыметнікамі служыць для ўтварэння найвышэйшай ступені. Кузьма быў самы вясёлы на сяле чалавек і гарманіст адменны.Кавалёў.Самы большы той шчупак, што з кручка сарваўся.Прыказка.// У спалучэнні з якаснымі прыметнікамі выражае значэнне: звычайны, натуральны. Міхась нагнуўся і ўбачыў у густой траве... аўтамат. Самы сапраўдны баявы аўтамат...Якімовіч.// Разам з адноснымі прыметнікамі часавага і прасторавага значэння ўказваюць на грапічную мяжу прыметы. У самую апошнюю хвіліну. Самая крайняя хата. □ Мікуцева поле самае бліжэйшае ад калгаснага.Чорны.
5. Тое, што і сам (у 1, 2 знач.). Самы горад акружае прыгожае каменнае ўзбярэжжа, дзе заўсёды прагульваецца шмат вясёлых, шчаслівых людзей.Маўр.Яна рванула канверт гэтак, што парвала самы ліст.Чорны.
•••
Над самым вухамгл. вуха.
На самай справегл. справа.
На тым самым месцы сесцігл. сесці.
Пад самым носам; перад самым носамгл. нос.
Папасці ў самую кропкугл. папасці.
Па самую завязкугл. завязка.
Самае малоегл. малы.
Самы раз; у самы разгл. раз.
Самы той! (іран.) — азначае: не на таго напалі.
Самы часгл. час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Рай1 ’месца, куды накіроўваюцца і дзе знаходзяць шчаслівае існаванне душы праведнікаў пасля смерці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Бел. міф.), ра́йства ’тс’ (Сл. ПЗБ), ра́йство ’збавенне, райскае жыццё’ (ТС), параўн. укр., рус.рай, польск., в.-луж., н.-луж.raj, чэш.ráj, славац.raj, славен.ràj, серб.-харв.pȃj, балг.рай, макед.paj, ст.-слав.рай. Слова выключна славянскага моўнага арэалу, не мае іншамоўных адпаведнікаў з такім самым значэннем; літ.rõjus ’тс’, хутчэй за ўсё, запазычанне са славянскіх моў. Перадусім азначаецца як ’месца, дзе жылі Адам і Ева’, ’прыгожая краіна’, у тым ліку ’сад, кветнік, жытло, прытулак прабацькоў’, ’чароўны край, дзе не бывае зімы’. Этымалогіі прасл.*rajь пераважна абапіраюцца на асноўныя хрысціянскія ўяўленні пра рай як пра сад, параўн.: кругом сад, бацца у раю (Сержп.). Прынята, што ў бел. міфалогіі захавалася “класічная, найстаражытная” канцэпцыя рай — ’сад, у якім заўжды шмат усяго, што душа прымае, і заўсёды цёпла, бо стаіць вечнае лета’ (Бел. міф., 421), тое ж адносіць Брукнер (452) да першаснага значэння рай, што не зусім правільна. Славянскія ўяўленні пра рай не абмяжоўваюцца значэннем ’сад’, і рай, відавочна, з’яўляюцца агульнаславянскім рэлігійным паняццем, якое перш за ўсё мела семантычную сувязь з дахрысціянскім светам памерлых, насуперак меркаванню Борыся (509), што сувязь рая з душамі памерлых усталёўваецца з прыняццем хрысціянства. Рай як агульнаславянскі хрысціянскі тэрмін мог замацавацца пазней. Пошукі роднасці слав.*rajь з ’сад’, відавочна, падмацоўваюць распаўсюджаныя ў іншых мовах утварэнні з грэч.παράδεισος, што звязана з паняццем ’сад, парк, агароджанае месца’ ці ’прыемнае прыгожае месца’. Фармаванне рэлігійнай семантыкі формы рай не мае адназначнага тлумачэння. Прызнаецца роднасць слав.*rajь з авест.rāy ’багацце, шчасце’, ст.-інд.rā‑, rās ’маёнтак, скарб, багацце’, rayís ’падарунак, уласнасць’ (Младэнаў, 556; Мацэнаўэр, Cizí sl., 16, 163; Фасмер, 3, 435; Глухак, 516; БЕР, 6, 163; ESJSt, 12, 746; Борысь, 509 і інш.). Адсюль выводзіцца першасная семантыка рай ’край багацця’ (Сной, 521), ’край, дзе пануе багацце і шчасце’ (Борысь, 509). Трубачоў (Этногенез₂, 189–190, 417, 421, 424) выказвае сумненні адносна сувязі слав.*rajь з інд.-іран.rāy‑ ’багацце’ паколькі названыя формы не з’яўляюцца сакральнымі. Менавіта вывядзенне рай з апафанічнага шэрагу *rei‑/*roi‑ з шырокай семантыкай дае новы накірунак этымалагічным даследаванням. Найбольш імавернае вывядзенне рай з дахрысціянскіх уяўленняў пра свет памерлых праз паняцці воднай прасторы, параўн. *raj < *roj, як свет памерлых, што знаходзіўся пад вадой, плынню (Голуб-Копечны, 309) *rajь < і.-е.roi̯‑ з першапачатковым значэннем ’зарэчны’ ў сувязі з *rěka (дыскусію гл. Этимология–1994–1996, 13–14; 23–24; Этногенез, 173–175; Этногенез₂, 190), гл. рака. Аднак у дахрысціянскіх славянскіх вераваннях не існуе адназначнай сувязі паміж раем і менавіта ракой, параўн. сведчанні даследчыка славенскай міфалогіі З. Шмітака, што ў славенскай абраднасці вандроўны на той свет павінен перайсці шмат водаў, паколькі воды аддзяляюць гэты свет ад таго, а ў старажытнай карынційскай малітве памерламу жадаюць, каб на моры яму дзьмуў добры вецер (Шмітак, Mit., 42). Бязлай (Onomastica Jugoslavica, 6, 57–70) лічыць, што слав.рай суадносіцца з паняццем не толькі воднай прасторы, але і паветранай, можа азначаць ’мора’ і ’неба’, ’край мора’ і ’край гарызонтаў што пацвярджаюць і іншыя вераванні (скандынаўскія, сірыйскія — Бязлай, там жа), параўн. таксама авест.źrayas‑ ’мора, сусветны акіян’, ст.-інд.jrayas ’мора, прастора’. Паводле Трубачова (Этногенез₂, 417, 421), рай у славян не з’яўляўся супрацьлеглым паняццем да пекла (гл.), як гэта прадстаўлена ў хрысціянскіх уяўленнях, а мог азначаць “потусторонний мир вообще”, куды “переселяются все умершие”, гэта проста “тот свет”, месца, “связанное c/или находящееся за водой”. Сной (521), як варыянтнае, разглядае першаснае значэнне рай як ’тое, што звязана з патокам, цячэннем, адносіцца да воднай ці падводнай сферы’. Вывядзенне рай з прасл.*iroi‑ (параўн. і.-е.*erei‑ ’цячы, рухацца’) дазваляе параўноўваць рай з вір (гл.; пра гатую сувязь згадвалася ў літ-ры, гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920) і вырай (гл.), а таксама з іх славянскімі варыянтамі: вырай ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’ і ’старажытная назва раю’, укр.вир, вірій, ірій ’край, куды адлятаюць увосень птушкі і дзе жывуць памерлыя’, укр.обрій ’гарызонт’, рус.дыял.ирей, вырей, ирий ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’, ст.-рус.ірій ’далёкі казачны край, магчыма, рай’, польск.wyraj ’тс’, польск.iść na wyraj ’пачаць лепей жыць, адысці на пакой’. Істотна для параўнання рай, вырай з вір. Параўн. бел.вір ’вір, вадаварот’, рус.вир, выр ’тс’, славен.ir, virij, izvir ’вір’. Параўн. да гэтага славен.rajanje ’завіванне і адвіванне ўдзельнікаў абраднага танца на могілках’ (Шмітак, Mit., 45–46). Rajanje сімвалічна павязвала жыццё і смерць, як бы заключаючы ў лабірынт нячыстую сілу, у тым ліку душа памерлага праходзіла праз вадаварот, кола, лабірынт забыцця ў краіну мёртвых (там жа). Параўн. рус.дыял.вырей ’рачны вядзьмак, вадзянік’ і славенскую міфалагічную постаць вадзяніка, што праз вір уцягвае ахвяры ў свет памерлых. Роднасць рай, рус.дыял.райдуга ’вясёлка’, вір і вырай можа пацвярджаць імавернасць міфалагічнага ўяўлення, што райдуга ўцягвае ў сябе дождж, ваду, з’яўляецца нябесным вірам (Даль, 3; Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 22–76), насуперак меркаванню Талстога, што райдуга (падае Даль, 4, 56) мае народна-этымалагічнае паходжанне (Талстой, тамжа, 29). Адсюль рай‑дуга можа азначаць ’мяжу свету памерлых’, ’акрай, браму рая’, ’нябеснае акно’ (Талстой, там жа, 56), а сам рай, роднасны да вір і вырай, магчыма, даўней азначаў не столькі ’свет памерлых’, сколькі ’праход у свет памерлых’, так званы “апошні шлях”, вадзяны ці паветраны вір, праз які душы трапляюць на той свет, параўн. да гэтага ўстойлівае рус.проводить в последний путь, рус.дыял.птичья дорога ’назва Млечнага шляху’, славен.večna pot, bogova cesta ’назва Млечнага шляху’, што звязвала душы з богам (Шмітак, Mit., 38), славенскае міфалагічнае ўяўленне пра тое, што па mavrici ’вясёлцы’ нябожчыкі, як па нябесным мосце, пераходзілі ў рай. Адносна сувязі рай і рака, адпаведна вырай і райдуга, параўн. с.-ірл.rīan ’рака, дарога’, ням.Rain ’мяжа’, швед.ren‑ ’мяжа’ і ’край канавы’. Да таго ж у беларусаў — змеі ідуць у вырай у норы (Чарвонцава, Куфэрак Віленшчыны, 3, 142), што адначасова пераносіць (вы)рай не толькі да нябеснай, але і да падземнай прасторы і можа азначаць, што (вы)рай мог звязваць неба і падземны свет як сферы незямныя. Сумніўна параўнанне рай з рад‑ і прасл.*radъ як ’край радасці’ (Бязлай, 3, 145; Сной, 521), а таксама з рости/расти (Страхаў, Palaeoslavica, 11, 2, 115). Агляд праблематыкі і літ-ры гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920–921.
Рай2 ’дажыначная песня’, ’пучок нязжатага жыта, прыбраны кветкамі’ (глыб., віл., Сл. ПЗБ): нада рая́ убраць (ЛА, 3), ’міфічная істота, што дапамагае жнейкам жаць жыта, клапоціцца пра зжатае збожжа’, адсюль заклік Рай, Рай, хадзі да нас! (Пятк., 2), гл. раёк. Як назва абраду лексема вядомая на ўсходзе Украіны, параўн. харк.ходи́ти в рай ’звычай абмывання рук парадзіхі і інш. на другі дзень хрэсбінаў, пасля чаго ўдзельнікі (апрача парадзіхі) ідуць у шынок частавацца за кошт бабкі’, а таксама ў рэдукаваным выглядзе на паўднёва-рускай тэрыторыі, параўн. тыпалагічна блізкае стаўрап.рай ’абрад, які здзяйсняецца на другі дзень пасля хрэсбінаў, калі гасцей абвязваюць стужкай’. Не зусім ясна. Магчыма незалежнае развіццё ад формы і семантыкі рай1 (гл.). Відавочна, вынікае з язычніцкай абраднасці славян і ад міфалагічнай істоты ці назвы міфалагічнай прасторы, напрыклад, вялікага лесу, ад чаго пазней, магчыма, адбыўся перанос на песню, на сноп жыта ці каравай. Параўн. таксама рус.паўдн.раи́на ’пірамідальная таполя’, рай‑дерево ’бэз’, райник ’вялікі лес’, што звязанае з уяўленнямі пра рай як пра міфалагічнае рытуальнае дрэва ў славян (Іванаў-Тапароў, Слав. яз. мод. системы, 247; Іванаў–Тапароў, Зб. Крапіве, 163–175). Таксама Глухак (Глухак, 516) апісвае святое дрэва *rajь як паганскі пантэон. Праз семантычную сувязь з багаццем, дастаткам, урадлівасцю не выключана блізкасць да інд.-іран.rāy‑ ’багацце, шчасце (гл. рай1). Меней верагодна сувязь з рад‑, што да ра́дасць (гл.), аднак параўн. пачатак дажыначнай песні: “Рада, рада баба, што лета даждала, што жыта пажала” (Сл. ПЗБ).
Рай3 у фразеалагізме з добрага раю ’дабравольна, з хацення’; ’нізавошта, без прычыны’ (Янк. БФ, Сержп. Прык.). У пэўнай ступені супрацьлеглыя ў адносінах адно да аднаго значэнні ўстойлівага выразу сведчаць на карысць існавання незафіксаванага *рай ’парада’ < ра́іць (гл.). Але ў адносінах семантыкі параўн. яшчэ рус.уладз., раз.рай у значэнні выказніка ’удача, шчасце’, ’аб чым-небудзь прыемным, лёгкім’, што, безумоўна, звязана са стрыжнёвай семантыкай рай1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
МАКЕДО́НІЯ (Македониjа),
Рэспубліка Македонія (Република Македониjа), дзяржава ва ўнутр.ч. Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Югаславіяй (часткова з б.аўт. краем Косава), на У з Балгарыяй, на Пд з Грэцыяй, на 3 з Албаніяй. Пл. 25,3 тыс.км². Нас. 2009 тыс.чал. (1998). Дзярж. мова — македонская. Сталіца — г.Скоп’е. Падзяляецца на 34 абшчыны. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (2 жн.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу, выканаўчая — ураду на чале з прэм’ер-міністрам. Дзярж. герб не зацверджаны.
Прырода. Большую ч.тэр. займаюць сярэдневышынныя горы (выш. да 2764 м, хр. Карабі на мяжы з Албаніяй). Горы падзелены тэктанічнымі паніжэннямі, занятымі азёрамі або далінамі рэк. Частыя землетрасенні (у 1963 дзесяцібальным землетрасеннем разбураны г. Скоп’е). Карысныя выкапні: храміты, свінцова-цынкавыя, марганцавыя, вальфрамавыя, нікелевыя, жал. руды, азбест, буры вугаль і інш. Клімат пераходны ад умеранага да міжземнаморскага. У далінах і катлавінах лета гарачае і сухое, зіма параўнальна цёплая і дажджлівая, сярэднямесячныя т-ры ў студз. 4 °C, у ліп. — 22—25 °C. Ападкаў за год 900 мм на 3, 400 мм на У. У гарах халадней, зімой выпадае снег, ападкаў больш. Гал. рака Вардар. У катлавінах значныя азёры — Ахрыдскае (на мяжы з Албаніяй), Прэспа (на мяжы з Албаніяй і Грэцыяй), Дайранскае (на мяжы з Грэцыяй). Даліны і катлавіны асвоены, на схілах да выш. 2000 м — мяшаны лес і хмызнякі, вышэй — горныя лугі. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэрыторыі. З жывёл захаваліся ў гарах буры мядзведзь, рысь, дзік, воўк, алень, лань, сарны, дзікія козы і інш.Нац. паркі: раён г. Охрыд (уключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны), Маўрава, Галічыца, Пелістар.
Насельніцтва. 65% складаюць македонцы, нар.паўд.-слав. моўнай групы. Жывуць таксама албанцы (21%; найб. на ПнЗ), туркі (3%), цыганы, сербы і інш. Сярод вернікаў праваслаўных 67%, мусульман 30%. Сярэднегадавы прырост 0,68% (1997). Сярэдняя шчыльн. 79 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 200 чал. на 1 км²) заселены даліны і катлавіны. У гарадах жыве 54% насельніцтва. Найб. горад Скоп’е — 541,3 тыс.ж. (1994). Каля 50 тыс.ж. у гарадах Куманава, Цітаў-Велес, Бігала, Охрыд. Каля 40% працоўных занята ў прам-сці, каля 35% — у сельскай гаспадарцы.
Гісторыя. У антычнасці паўд. частка сучаснай М. ўваходзіла ў склад Македоніі Старажытнай, у 5 — пач. 20 ст. ўсе тэр. (Вардарская М.) у складзе гіст. вобласці Македонія. Пасля 2-й Балк. вайны (гл.Балканскія войны 1912—13), якая завяршылася Бухарэсцкім мірным дагаворам 1913, гіст. вобласць М., што раней была пад уладай Турцыі, падзелена паміж Сербіяй (большая ч. — Вардарская М.), Грэцыяй (Эгейская М.) і Балгарыяй (Пірынскі край). У 1918 Вардарская М. ў складзе Сербіі ўвайшла ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 2-ю сусв. вайну з часоў Балканскай кампаніі 1941 большай ч. Вардарскай М. валодала Балгарыя, зах. частку акупіравалі італьян. войскі. На акупіраваных землях М. разгортваўся партыз. рух. Пасля вызвалення з 1945 Вардарская М. — адна з 6 рэспублік у складзе Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславіі (з 1963 Сацыяліст. Федэратыўная Рэспубліка Югаславія). У час грамадз. вайны ў Грэцыі 1946—49, у якой удзельнічалі і грэч. македонцы, камуніст. партыя Грэцыі намагалася далучыць да Югаславіі Эгейскую М.; частка македонцаў эмігрыравала ў Югаславію і СССР (каля 20 тыс.чал., пасяліліся пераважна ў г. Ташкент). У выніку распаду югасл. федэрацыі М. стала самаст. дзяржавай. У вер. 1991 на рэсп. рэферэндуме большасць выказалася за суверэнітэт і дзярж. самастойнасць М., 17.11.1991 прынята яе канстытуцыя. З 1992 незалежнасць М. прызналі Рас. Федэрацыя, Турцыя, Балгарыя, Славенія, Харватыя, Філіпіны, Літва і інш. Незалежную М. не прызнае Грэцыя (у яе складзе ёсць вобласць М. з цэнтрам у г. Салонікі), кіраўніцтва якой патрабуе перайменаваць М. ў Рэспубліку Скоп’е. М. — чл.ААН (з 1993), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (з 1995). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў студз. 1993.
У М. дзейнічаюць Унутр.макед.рэв.арг-цыя — Дэмакр. партыя за макед. нац адзінства, Дэмакр. альтэрнатыва, Партыя дэмакр. працвітання, Дэмакр. партыя албанцаў, С.-д. саюз М., Ліберальна-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя, Саюз цыганоў М., прафс. аб’яднанне — Асацыяцыя прафсаюзаў М.
Гаспадарка. М. — аграрна-індустр. краіна. Штогадовы даход на 1 чал. складае 1060 дол. ЗША (1998). У канцы 1990-х г. на эканоміку адмоўна ўплываюць: аслабленне эканам. сувязей з б. рэспублікамі Югаславіі, паліт. спрэчкі з Грэцыяй, ваен. дзеянні ў суседніх раёнах і вял. прыток бежанцаў з Косава. Гал. галіны прам-сці: маш.-буд., лёгкая (пераважна тэкстыльная), харчасмакавая (асабліва тытунёвая і кансервавая), горназдабыўная і энергетычная. Новыя галіны прам-сці: каляровая металургія, хім. і буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 5,4 млрд. кВт∙гадз (1995), 87% выпрацавана на ЦЭС (працуюць пераважна на імпартнай нафце). Ёсць некалькі ГЭС, найбольшая — «Маўрава» на р. Чорны Дрын. Найбольшыя прадпрыемствы машынабудавання ў Скоп’е, Бітале і інш., дзе вырабляюць станкі, аўтобусы, с.-r. машыны, халадзільнікі, электрапрылады, аўтадэталі, інструмент. Асн. цэнтры тэкст. прам-сці — Цетава (камбінат шарсцяных вырабаў), Шціп (баваўняны камбінат), Цітаў-Велес (шаўкаткацкі камбінат). Тытунёвыя вырабы выпускаюць ф-кі ў Прылепе і Скоп’е. Харч.прам-сць (мукамольная, алейная, цукр., мясная, плодакансервавая, вінаробчая) пашырана ўсюды, гал. цэнтры Скоп’е, Куманава, Бітала, Прылеп. На базе лясных рэсурсаў сфарміравалася дрэваапр. і папяровая прам-сць (Прылеп, Кочані і інш.). Чорная (Скоп’е, Ягунаўцы, Куманава) і каляровая (Цітаў-Велес, Ягунаўцы, Скоп’е) металургія. Хім.прам-сць (Скоп’е) дае пластмасы, сінт. валокны, сродкі аховы раслін і інш. Развіты прам-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, мармур, керамічныя вырабы, вогнетрывалыя матэрыялы) і горназдабыўная. Здабываюць свінцова-цынкавыя (цэнтр Злетава), хромавыя (Скоп’е, Цетава, Куманава), жал., марганцавыя, сурмяныя, нікелевыя руды і буд. матэрыялы. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, мэблевай, паліграф., фармацэўтычнай і інш. галін прам-сці. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы Скоп’е. Развіты нар. промыслы і саматужныя рамёствы, асабліва выраб прадметаў хатняга ўжытку і сувеніраў, дыванаткацтва, вышыўка, разьба па дрэве, чаканка па серабры і інш. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,3 млн. га зямель, палавіна іх пад ворывам і шматгадовымі культурамі, палавіна пад пашай. Раслінаводства развіта ў далінах і катлавінах, жывёлагадоўля — пераважна на горных пашах. Са збожжавых вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, рыс (83 тыс. га арашальных зямель), з тэхнічных — тытунь (штогадовы збор 17—20 тыс. т), цукр. буракі, бавоўну, опіумны мак, кунжут, арахіс, аніс і інш. Развіты агародніцтва (экспартнае значэнне маюць памідоры і перац), садоўніцтва (найб. яблыкі і слівы, на Пд аліўкі, інжыр, тутавае дрэва), вінаградарства (штогадовы збор каля 200 тыс. т). З галін жывёлагадоўлі лепш развіта авечкагадоўля. Пагалоўе (1997, тыс.гал.): авечак — 1800, буйн. раг. жывёлы — 300, свіней — 200, коней — 66,5, буйвалаў — 1. Птушкагадоўля. Рыбалоўства на буйных азёрах. Лясная гаспадарка. Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 699 км, у т.л. 232 км электрыфікавана, аўтадарог 8,5 тыс. км, у т.л. з цвёрдым пакрыццём 5,4 тыс. км. У краіне 263 тыс. легкавых, 23 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Важнае міжнар. значэнне маюць чыгунка і аўтамагістраль Бялград (Югаславія) — Скоп’е — Салонікі (Грэцыя). Амаль усе знешнегандл. сувязі праз грэч. порт Салонікі. У краіне 14 аэрапортаў, у т.л. міжнар. каля Скоп’е і Охрыда (курортны і турыст. цэнтр). У 1996 экспарт складаў 900 млн.дол., імпарт — 1,4 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць прамысл. тавары, харч. прадукты, віно і тытунёвыя вырабы, у імпарце — машыны і трансп. сродкі, хімікаты, паліва. Гал.гандл. партнёры — рэспублікі б. Югаславіі, Балгарыя, Германія, Італія. Гандаль з Беларуссю (1997, млн.дол.): экспарт — 4,3, імпарт — 1,9. М. — краіна развітога міжнар. турызму. Грашовая адзінка — дэнар.
Літаратура. Прыгожае пісьменства на макед. мове зарадзілася ў 19 ст. і звязана з дзейнасцю асветнікаў К. і Дз.Міладзінавых, П.Зографскага, К.Самарджыева і інш. У станаўленні новай макед. пісьменнасці і л-ры вял. роля належыць К.Місіркаву, які даў першы ўзор кадыфікацыі макед.літ. мовы. У рэчышчы рэв. і нар.-патрыят. традыцый развівалася паэзія (К.Нядзелкаўскі, В.Маркоўскі), рэаліст. тэндэнцыі выявіліся ў драматургіі (В.Ілёскі). Першы паэт.зб. на макед. мове — «Белыя досвіткі» К.Раціна (1939). Пасля 2-й сусв. вайны засн. Саюз макед. пісьменнікаў (1946), Т-вамакед. мовы і л-ры (1954), пачалі выходзіць літ.перыяд. выданні. Найб. росквіту дасягнула паэзія (С.Янеўскі, Б.Хонескі, А.Шопаў, Г.Тадароўскі) і навелістыка (У.Малескі, І.Бошкаўскі, Г.Абаджыеў). Асновы новай драматургіі заклалі К.Чашуле і Ілёскі. У 1950—60-я г. вядучым літ. жанрам стаў раман («Вёска за сямю ясенямі» i «І боль, і гнеў» Янеўскага, «Тое, што было небам» і «Ткацкі станок» Малескага, «Пабрацімы» і «Глухія досвіткі» І.Леава, «Зоркі падаюць самі» С.Дракула), зарадзілася аповесць (Дз.Солеў). Асн. тэмы твораў — нац.-вызв. барацьба, чалавекі рэвалюцыя, антыфаш. супраціўленне, сацыяліст. пераўтварэнні. У гэтыя гады ў л-ры адзначыўся т.зв. працэс дэдагматызацыі, адмаўлення ад лініі развіцця, вызначанай сав. ўзорамі, сацыяліст. рэалізмам; дэклараваліся ідэйна-эстэт. плюралізм, разнастайнасць творчай метадалогіі. У 1970-я г. ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі. Найб. прыкметныя творчыя здабыткі належалі паэтам Тадароўскаму, Р.Паўлоўскаму, А.Попаўскаму, М.Матэўскаму, празаікам Ж.Чынгу, Дракулу, Т.Геаргіеўскаму, Дж.Абаджыеву, драматургам Ілёскаму, Т.Арсоўскаму. Для сучаснай л-ры М. характэрна суіснаванне разнастайных ідэйна-эстэт. і маст. кірункаў. На бел. мове выдадзены макед. казкі ў зб. «Ці страшны страх?» (1970), «Югаславянскія казкі» (1999) і апавяданні ў зб. «Югаслаўскія апавяданні» (1975). На бел. мову паасобныя творы макед. пісьменнікаў перакладалі Н.Гілевіч, П.Кавалёў, М.Паслядовіч, А.Разанаў, М.Ракітны, І.Чарота.
Архітэктура. Ад часоў неаліту і бронз. веку на тэр. М. захаваліся рэшткі кругавых паселішчаў, каменных і глінабітных дамоў, умацаванняў, складзеных насуха з неабчасанага каменю. Сярод помнікаў архітэктуры 5—11 ст. рэшткі цыклапічных абарончых сцен Скоп’е (535), замка балг. цара Самуіла каля г. Охрыд, крэпасці ў Струміцы (абодва 11 ст.). Найб. ранні тып культавай архітэктуры — 3-нефавая базіліка з купаламі і харамі, часам з трансептам (сабор св. Сафіі ў Охрыдзе, каля 1037—50). У 12—14 ст. усталяваўся тып крыжова-купальнага, звычайна квадратнага ў плане храма з купалам (цэрквы св. Клімента ў Охрыдзе, 1295; Міхаіла і Гаўрыіла ў Леснаве, 1341) ці з 5 купаламі (царква св. Панцеляймона ў Неразі, 1164). Будавалі таксама 1-нефавыя скляпеністыя цэрквы (св. Міколы ў Варашы каля г. Прылеп, 1299). У перыяд тур. панавання ў Скоп’е, Бітале, Шціпе і інш. узводзілі цагляныя і каменныя купальныя мячэці, мінарэты, заезныя дамы («ан»), крытыя базары («безістэн»), лазні («амам»), вежападобныя ўмацаваныя жытлы («кулы»). Да 18—19 ст. належаць маляўнічыя ансамблі манастыроў (Іаана Бігорскага), разнастайныя прыклады нар. дойлідства: на раўнінах — 1-павярховыя 2-часткавыя дамы (стойла і жылы пакой з ачагом), у горных раёнах — 2-павярховыя (унізе стойла і кухня, наверсе — жыллё) з навесам-галерэяй, дамы тур. тыпу з сіметрычным размяшчэннем пакояў вакол сенцаў і ізаляваным ад вуліцы дваром. У гарадах будавалі 2—3-павярховыя дамы з эркерамі, лоджыямі ці балконамі. Своеасаблівыя крытыя чарапіцай дамы Охрыда з драўлянымі каркаснымі верхнімі паверхамі, гладкія атынкаваныя сцены якіх навісаюць над ніжнім паверхам, складзеным з каменю. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў буйных гарадах будавалі ў духу еўрап. эклектычнай архітэктуры. Пасля 2-й сусв. вайны разгарнулася рэканструкцыя гарадоў і сёл, пабудаваны буйныя прамысл. комплексы са зборнага жалезабетону, раёны 2—3-секцыйных і вежавых жалезабетонных жылых дамоў і грамадскіх будынкаў у ’сучасных стылях. У Скоп’е пасля землетрасення 1963 паводле праекта яп.арх. Тангэ Кэндзо ўзведзены будынкі Гіст. архіва, Макед.нар.т-ра, акадэміі навук і мастацтваў і інш. Ствараюцца новыя жылыя раёны. Раён г. Охрыд уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З часоў неаліту і бронзавага веку захаваліся керамічныя пасудзіны, мадэлі дамоў, фігуркі людзей і жывёл, помнікі мастацтва ілірыйцаў (залатыя маскі і інш. з Трэбенішце каля Охрыда, 6 ст. да н.э.), з 2 ст. да н.э. — рэшткі мазаік і фрэсак, скульптура. У 6—7 ст. развівалася культура стараж. славян. У мастацтве сярэдневякоўя важную ролю адыгрываў самабытны фрэскавы жывапіс, які дасягнуў росквіту ў 11—14 ст.: размалёўкі ў храме св. Сафіі ў Охрыдзе (сярэдзіна 11 ст.), у царкве св. Панцеляймона ў Неразі (1164), у цэрквах св. Клімента ў Охрыдзе (пасля 1295) і св. Георгія ў Стара-Нагарычане (1317—18, у абедзвюх майстры Міхаіл і Яўціхій, малявалі таксама абразы), у царкве Маці Божай у Мацейчы (каля 1355) і інш. Высокага ўзроўню дасягнула разьба па дрэве, якая мела фалькл. характар (разныя дзверы з плеценымі ўзорамі, фігурамі святых і ваяроў, выявамі звяроў, царква св. Міколы Болнічкага ў Охрыдзе, 12—13 ст.). 17—19 ст. — росквіт глыбокай і ажурнай разьбы з расл. ўзорамі і рэаліст. фігуркамі жывёл і людзей (у т.л. аўтапартрэтамі рэзчыкаў), у якой візант. і грэч. ўплывы, элементы барока і ракако спалучаліся з рысамі наіўнага гратэску. У эпоху асманскага панавання развіццё жывапісу запаволілася. Паступовы адыход ад стараж. канонаў пачаўся з 2-й пал. 18 ст. пад уплывам мастацтва Зах. Еўропы і Расіі (сям’я Фрчкоскіх). У канцы 19 — пач. 20 ст. Дж.Зографскі і Дз.Андонаў уключалі ў царк. жывапіс фалькл. і сатыр. матывы, патрыят. кампазіцыі, партрэты, пейзажы, сцэны нар. жыцця. У 1920—30-я г. жывапісцы Л.Лічэноскі, М.Марціноскі і інш. ў свабоднай дэкар. манеры стваралі нац. пейзажы, жанравыя кампазіцыі, партрэты і нацюрморты. Сярод першых прафес. скульптараў Дз.Тадароўскі, П.Хаджы-Бошкаў і інш.Вял. ўклад у развіццё выяўл. мастацтва М. зрабілі жывапісцы Р:Анастасаў, П.Мазеў, скульптар Б.Мітрычэўскі і інш. У 1960—80-я г.рэаліст. традыцыі часта спалучаліся з пошукамі новых сродкаў пластычнай выразнасці (жывапісцы Д.Кандоўскі, Г.Чэмерскі, С.Шэмаў, Т.Шыяк, графік Д.Перчынкаў, скульптар С.Манеўскі і інш.). Развіваюцца нар. промыслы (чаканка па серабру, вышыўка, выраб дываноў і інш.).
Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.А.Чарота (літаратура).
Сцяг Македоніі.Да арт.Македонія. Узбярэжжа Ахрыдскага возера.Да арт.Македонія. Удзельнікі нацыянальна-вызваленчага паўстання 1903.Да арт.Македонія. Царква святога Клімента ў г. Охрыд. 13 ст.Да арт.Македонія. Аплакванне Хрыста. Размалёўка царквы святога Панцеляймона ў Нерэзі. 1164.