ПАРХІМО́ВІЧ (Віталь Міхайлавіч) (17.7. 1943, г. Разань, Расія — 15.1.1995),
бел. спартсмен (стралк. спорт). Засл. майстар спорту СССР (1970). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1973). З 1978 трэнер Спарт. клуба Узбр. Сіл Беларусі. Бронз. прызёр XIX Алімп. гульняў (1968, Мехіка). Чэмпіён свету ў камандным (6-разовы) і асабістым заліку (1970, г. Фінікс, ЗША; 1974, г. Тун, Швейцарыя), 7-разовы сярэбраны (1970, 1974) і бронз. (1970) прызёр у асобных практыкаваннях. 15-разовы чэмпіён Еўропы ў камандным заліку (1965, 1975, Бухарэст; 1969, г. Пльзень, Чэхаславакія; 1971, г. Зуль, Германія; 1972, Бялград; 1973, г. Лінц, Аўстрыя), 7-разовы сярэбраны (1965, 1969, 1971) і 3-разовы бронз. (1969, 1973) прызёр у асабістым заліку. 18-разовы чэмпіён СССР у асабістым заліку ў асобных практыкаваннях. Уладальнік абс. рэкордаў свету, Еўропы, СССР (1970, 1972) у асобных практыкаваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВІЛА АПЯРЭ́ДЖВАННЯ, правіла пастаянства месца пражывання,
заканамернасць, адпаведна якой паўн. вільгацелюбівыя расліны ў межах паўд. граніцы свайго арэала размяшчаюцца на паўн. схілах і на дне лагчын, а паўд. па меры руху на Пн пераходзяць на паўд. схілы, якія лепш праграваюцца. Вызначана рас. батанікам В.В.Алёхіным (1951).
Найб. праяўляецца П.а. на паўд. і паўн. межах лясной зоны. Напр., на паўд. схілах з сярэдняй тайгі далёка на Пн пранікаюць ельнікі-чарнічнікі і ельнікі-кіслічнікі. У Якуціі на паўн. схілах растуць холадатрывалыя лясы лістоўніцы даурскай, а паўд. схілы пакрыты хваёвымі лясамі. Адхіленні маюць адносны характар і звязаны з вуглом падзення сонечных праменяў. П.а. мае практ. значэнне для картаграфавання сучаснага і адноўленага расліннага покрыва, дазваляе прагназіраваць склад расліннасці на неабследаваных месцах і аднаўляць яе папярэдні склад там, дзе яна знішчана. П.а. можа праяўляцца і ў адносінах да жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПУ́ХІсапраўдныя
(Bufonidae),
сямейства бясхвостых земнаводных. Вядомы з верхняй юры і ніжняга мелу (каля 140 млн.г. назад). 21 род, 304 віды. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды і Аўстраліі. Найб.вял. род — уласна Р. (Bufo) — каля 200 відаў. Пераважна наземныя жывёлы. Актыўныя ў змроку. 6 відаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 3 віды Р.: зялёная (B. viridis); шэрая, або звычайная (B. bufo); чаротная (B. calamita), занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 25 см. Тулава звычайна шырокае, грузнае, канечнасці кароткія. Зубы ў большасці часткова або цалкам рэдукаваныя. Р. роду Bufo маюць гарыз. зрэнку, пальцы задніх канечнасцей часткова звязаны плавальнай перапонкай. За вачамі — буйныя ядавітыя залозы (паратыды), а па ўсёй спіне — дробныя. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. Большасць размнажаецца ў вадаёмах, некат. на сушы; ёсць яйцажывародныя і жывародныя віды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ПУШКІ,
рыбы сям. сіговых атр. ласосепадобных. 2 віды: Р. еўрапейская, або балтыйская, або сялява (Coregonus albula), і Р. сібірская, або зельдзь (C. sardinella). Прэснаводныя і паўпрахадныя рыбы, утвараюць мноства форм. Р. еўрап. пашырана ад Ірландыі да бас.Балт. і Баранцава м., трапляецца ў азёрах вярхоўя Волгі. Буйная Р. з Анежскага і Ладажскага азёр наз.рыпус. Р. сібірская пашырана ў рэках бас.Паўн. Ледавітага ак. ад Белага м. да Аляскі, трапляецца таксама ў вярхоўі Волгі. На Беларусі Р. еўрап. трапляецца ў азёрах бас. рэк Зах. Дзвіна і Нёман, у т. л.воз. Дрывяты, Нарач і інш.
Даўж. да 46 см, маса Р. еўрап. да 1,2 кг (на Беларусі даўж. да 25 см, маса да 200 г), сібірскай каля 0,5 кг. Цела верацёнападобнае. Кормяцца планктонам, ракападобнымі, дробнай рыбай. Аб’екты промыслу і акліматызацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБА́ЧЫЯ.
воўчыя, псовыя (Canidae), сямейства млекакормячых атр. драпежных. 15 (12) родаў, 35 (29) відаў. Пашыраны паўсюдна, акрамя Антарктыды і некат. астравоў (Мадагаскар, Новая Зеландыя, Сулавесі, Тайвань, арх. Меланезія і Палінезія). Жывуць у разнастайных, пераважна адкрытых ландшафтах. Селяцца ў норах або логавах. Трымаюцца паасобна, часам парамі, некат. — сямейнымі групамі і зграямі. На Беларусі пашыраны воўк, ліс, янотападобны сабака.
Даўж. да 160 см, маса да 80 кг. Афарбоўка разнастайная, пераважна аднатонная. Галава падоўжаная, морда вострая, вушы стаячыя. Футра густое, звычайна пушыстае. Хвост доўгі. На пярэдніх лапах па 5 пальцаў (у гіенавага сабакі — 4), на задніх — па 4; кіпцюры тупыя, не ўцягваюцца. Драпежнікі, спажываюць і расл. корм. Манагамы. Нараджаюць 3—4 (зрэдку да 13—16) шчанят 1 раз на год. Многія С. — аб’екты промыслу і зверагадоўлі (ліс, пясец і інш.). Да С. адносяцца ўсе пароды сабак свойскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКАЯ (Ніна Васілеўна) (10.1.1914, г. Асіповічы Магілёўскай вобл. — 22.3.1986),
бел. гісторык. Чл.-кар.АН Беларусі (1959). Д-ргіст.н. (1959), праф. (1961). Засл. дз. нав. Беларусі (1981). Скончыла Магілёўскі пед.ін-т (1937). З 1944 ст.навук. супрацоўнік, заг. сектара, нам. дырэктара, дырэктар (1965—69) Ін-та гісторыі АН Беларусі, у 1962—64 дырэктар Ін-та гісторыі партыі пры ЦК КЛ(б)Б, у 1969—74 прарэктар, заг. кафедры гісторыі БССР Мінскага пед. ін-та. Даследавала праблемы гісторыі Беларусі, Кастр. рэвалюцыі і ўсталявання сав. улады, грамадзянскай вайны ў Беларусі, утварэння БССР.
Тв.:
Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Мн., 1946;
Вялікая Кастрычніцкая Сацыялістычная рэвалюцыя і ўтварэнне БССР. Мн., 1954;
Первые социалистические преобразования в Белоруссии. Мн., 1957;
Белорусский народ в борьбе за Советскую власть (1919—1920 гг.). Мн., 1963;
Становление народного образования в Белоруссии (1917—1920 гг.). Ми., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЦЭ́ВІЧЫ,
пасёлак у Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл.; чыг. станцыя на лініі Калінкавічы — Лунінец. Цэнтр сельсавета. За 17 км на ПнЗ ад г.Петрыкаў, 191 км ад Гомеля. 1378 ж., 602 двары (1997).
У 16 ст. сяло ў Мінскім ваяв.ВКЛ. У 1886 у Ляскавіцкай вол. Мазырскага пав., 292 ж., 37 двароў, царква, вінакурня. З 1884 чыг. ст. У 1888 адкрыта царк.-прыходская школа. У 1904 прадпрымальнікі браты І. і А. Кеневічы заснавалі лесапільны з-д. Напярэдадні 1-й сусв. вайны адкрыта чыг.нар. вучылішча. З 1924 у Петрыкаўскім р-не. З 15.7.1935 рабочы пасёлак. У 1942 і 1943 ням. фашысты загубілі ў К. 63 жыхары. З 24.8.1951 вёска, пазней пасёлак. У 1971 у К. 1915 жыхароў.
Агароднінасушыльны з-д, дрэваапр. цэх, акц.т-ва «Жыткавічлес». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНАЯ ЭКАЛО́ГІЯ,
галіна экалогіі, якая вывучае ўзаемаадносіны прыродных з’яў і ўзаемадзеянне паміж з’явамі ў межах пэўнай экасістэмы. Тэрмін уведзены ням. географам К.Тролем (1939). Асновы Л.э. распрацаваны рас. вучонымі В.В.Дакучаевым, Г.Ф.Марозавым, Р.І.Аболіным у пач. 20 ст. Заканамерныя спалучэнні экасістэм у межах пэўнай тэр. ці акваторыі, характэрных у розных адносінах (напр., геамарфалагічных на сушы або гідралагічных у водным асяроддзі), утвараюць сістэму больш высокага ўзроўню — ландшафт. Экасістэмы, што ўтвараюць ландшафт, звязаны паміж сабой паверхневым і грунтавым сцёкамі, з якімі адбываецца асн. перанос рэчываў ад аўтаномных (водападзельных) да акумулятыўных (падначаленых) экасістэм праз пераходныя (транзітныя); пераносам рэчываў паветраным шляхам (ветрам), а таксама актыўнай міграцыяй жывёл. Кожная з экасістэм злучана з інш. экасістэмамі сувязямі, якія вызначаюцца яе ўнутр. ўласцівасцямі і становішчам у ландшафце. Экасістэмы кожнага ландшафту адчуваюць уздзеянне вонкавых па адносінах да іх фактараў: атм., літалагічных, гідрагеал. і антрапагенных. Задачы Л.э. вырашаюць таксама біягеацэналогія і ландшафтазнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РАСТ,
адкладанне рыбамі і кругларотымі спелых ікры і малака з далейшым апладненнем. Адбываецца пры пэўных для кожнага віду ўмовах (сезон, т-ра, салёнасць вады, глыбіня, скорасць цячэння, субстрат і інш.), адным ці некалькімі заходамі. Субстратам для Н. літафільных рыб (асятры, ласосі, галавень, жэрах і інш.) служыць камяніста-галечнікавы грунт, псамафільных (напр., гальцы, печкуры) — пясок, часам карэньчыкі раслін, фітафільных (карп, лешч, плотка, сазан, шчупак і інш.) — расліны, астракафільныя (напр., гарчакі) адкладаюць ікру ў мантыйную поласць малюскаў, пад панцыр крабаў і інш., пелагафільныя (белы амур, камбалы, таўсталобікі, чахонь і інш.) — у тоўшчу вады. У трапічных і субтрапічных рыб сезонны Н. слаба выяўлены, расцягнуты, выспяванне ікры і Н. часта парцыённыя, раз за некалькі месяцаў. Большасць рыб халодных і ўмераных шырот нерастуюць раз за год, некат. прахадныя рыбы — 1—2 разы за жыццё. У час Н. ў многіх рыб развіваецца шлюбны ўбор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЦЫРНЫЯ ЖГУЦІКАНО́СЦЫ, перыдынеі (Peridinea, або Dinoflagellata, або Dinophyceae),
атрад жгуцікавых кл. раслінных жгуціканосцаў тыпу прасцейшых. Вядомы з канца палеазою (каля 240 млн.г. назад). 4 падатр., 50 сям., каля 1000 відаў. Пашыраны ва ўсіх вадаёмах. Уваходзяць у склад планктону. Адны з найб. важных прадуцэнтаў арган. рэчываў у біяцэнозах. Могуць выклікаць «цвіценне» вады, афарбоўку пяску на беразе. На Беларусі найб. трапляюцца перыдыніум сталярны (Peridinium tabulatum), цэрацыум п’яўкападобны (Ceratium hirudinella) і інш.
Даўж. ад 5 мкм да 2 мм. Цела яйцападобнае, з падоўжнымі адросткамі або без іх, укрыта панцырам з клятчаткавых пласцінак, афарбаванае (у фотасінтэзуючых) і бясколернае. Маюць 2 жгуцікі; адзін ідзе назад, другі (папярочны) размешчаны ў жолабе і абкружае цела па экватары. У марскіх П.ж. ёсць вочкі і жыгучая капсула. Большасць аўтатрофы, некат. гетэратрофы. Размнажэнне пераважна бясполае — дзяленнем папалам, радзей палавое — капуляцыяй. Гл. таксама Жгуцікавыя, Начасветкі.
А.М.Петрыкаў.
Да арт.Панцырныя жгуціканосцы. Цэрацыум п’яўкападобны.