ЧЭМПІЯНА́Т,
афіцыйныя спарт. спаборніцтвы вышэйшага ўзроўню ў якім-н. відзе спорту для пэўных калектываў, тэрыторыі (раёна, горада, вобласці, краіны, кантынента, свету); розыгрыш першынства з мэтай вызначэння пераможцы — чэмпіёна (спартсмена або каманды). Паводле структуры адрозніваюць Ч. камандныя, асабістыя і асабіста-камандныя. У асобных выпадках паняцці «Ч.» і «першынство» адрозніваюцца (напр., Ч. па футболе, хакеі — сярод дарослых, а пяршынствы краіны — сярод юніёраў, спарт. клубаў). Адкрыты Ч. — афіц. спарт. спаборніцтвы з мэтай вызначэння чэмпіёна са свабодным допускам ці запрашэннем спартсменаў інш. прыналежнасці (інш. клуба, краіны). Тэрмін «Ч.» ужываюць таксама ў адносінах да выставак-спаборніцтваў жывёл (напр., коней, сабак і інш.) з мэтай выяўлення лепшых у якой-н. пародзе.
А.М.Петрыкаў.
т. 17, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)