НЯЯ́СЫЦІ(Strix), род птушак сям. савіных атр. совападобных. 12 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Паўн. Афрыцы. Жывуць у лясах, гарах, парках пераважна ў дуплах, часам у чужых гнёздах, на зямлі, у норах. Аселыя. На Беларусі 3 віды: няясыць барадатая, Н. даўгахвостая, або уральская (S. uralensis), якія занесены ў Чырв. кнігу, і Н. звычайная, або шэрая (S. aluco).
Даўж. да 84 см, маса да 1,2 кг. Апярэнне густое, рыхлае, мяккае, шэрае або рыжаватае са стракацінкамі. Галава вял., круглая, тваравы дыск добра развіты. Вочы з бурай радужынай. Дзюба моцная. Крылы шырокія, закругленыя. Хвост сярэдняй даўжыні. Пальцы звычайна апераныя. Актыўныя ўначы. Кормяцца грызунамі, птушкамі, жабамі, беспазваночнымі. Нясуць 2—6, зрэдку да 8 яец.