спрача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Весці спрэчкі (у 1 знач.); пярэчыць каму‑н., даказваючы што‑н. Спрачацца не прыйшлося — аднагалосна прызналі, што агонь важней. Маўр. А дзівакі Спрачаюцца заўзята, Які там да вайны Стаяў будынак. Аўрамчык. Доўга спрачаліся, нарэшце згадзіліся на тым: капаць студню. Ігнаценка. // Выступаць супраць чаго‑н., не згаджацца з чым‑н. Не прыходзіцца спрачацца, што паэтызацыя прыроды ў Коласа не ідзе ні ў якое параўнанне з пейзажнымі малюнкамі яго папярэднікаў. Навуменка. // Разм. Сварыцца. У Даўгінаве ўчора зноў крычалі, спрачаліся. Бажко. Суседзі цяпер не спрачаюцца, не злуюць адзін на аднаго. Прокша.

2. Аспрэчваць права на валоданне чым‑н. Спрачаюцца імператары і каралі За ўладу на добрай чужой зямлі. Куляшоў. Не будзем спрачацца за камні і вежы. Панчанка.

3. перан. Змагацца з чым‑н.; супраціўляцца чаму‑н. А нямоўчнае мора Спрачаецца з нордам. Макаль. Сцяпан будзе спрачацца з жыццём — і ўсё будзе іншым. Каваль. // Сапернічаць з кім‑, чым‑н.; не ўступаць каму‑, чаму‑н. Як на экспарт паветра. Азёры, Бары, Хоць ты з раем Спрачайся, Партызанскі мой краю! Барадулін. Красою спрачаюцца з небам яны [дываны тайгі], красою спрачаюцца з морам. Дубоўка.

4. Выступаць у спрэчках (у 4 знач.). Я не чуў, што рашалі, З кім спрачаўся Бурло, Покуль слова да Валі Па чарзе не дайшло. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адзна́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. Зрабіць знак на чым‑н. з мэтай паказаць на што‑н.; абазначыць. Адзначыць у плане выкананыя мерапрыемствы. Адзначыць камандзіроўку. □ Мы набліжаліся да крыніц. Праклятых, іх нават не адзначылі на самых падрабязных вайсковых картах-кіламетроўках. Карпюк. // Будучы знакам, абазначыць, вылучыць. — Вяху!.. Вяху садзі!.. — крычыць здалёку Жэнька. — Вяху... Яна ля зломанай бярозы. Вяхой адзнач! Пташнікаў.

2. Запісаць, паставіць адзнаку для ўліку, для рэгістрацыі. — О, значыць, вы халасцяк! — нібы ўзрадаваўшыся нечаму, усклікнула.. [Раіса Пятроўна]. — А чаму вы пра гэта ў дамавой кнізе не адзначылі? Ракітны.

3. перан. Звярнуць увагу на каго‑, што‑н.; заўважыць, прыкмеціць. «Значыць, ужо не Дануся, а Данута!» — адзначыў я сабе. Карпюк. // Звярнуць увагу на што‑н.; зазначыць. І яшчэ, што можна адзначыць з мінулага дзеда Талаша, дык гэта тое, што ў яго бацькі было дванаццаць дзяцей. Колас.

4. Вылучыць сярод іншых за якія‑н. заслугі (падзякай, узнагародай і пад.). Адзначылі іх усенародна, І іх так узрушыў той стан: Была ім [майстрам] прысвоена годнасць Пачэсных байцоў-партызан. Колас. Таму было б варта райкому На дошцы на мемарыяльнай Адзначыць удзельнікаў гэтай Будоўлі, патрэбнай і слаўнай. Танк.

5. Ушанаваць чым‑н. якую‑н. дату, падзею. Адзначыць свята поспехамі ў працы. □ Партызанскі атрад вырашыў адзначыць свята Кастрычніка разгромам нямецкага гарнізона. Васілеўская.

6. Вызначыць, выявіць. І трудна было адзначыць колер гэтых вачэй, што свяціліся, як дзве роўныя, прадаўгавата-круглыя ялінкі. Колас.

•••

Нельга не адзначыць — нельга не звярнуць увагі, нельга не нагадаць.

Трэба адзначыць — трэба звярнуць увагу, трэба нагадаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рух, ‑у, м.

1. У філасофіі — усеагульная і неабходная ўласцівасць матэрыі, асноўная форма яе існавання.

2. Змяненне становішча прадмета ці яго частак, перамяшчэнне; стан, супрацьлеглы нерухомасці, спакою. Вярчальны рух. Рытмічна рух. // Дзеянне, работа якога‑н. механізма. Вялізная аграмадзіна прыйшла ў рух і загрукатала, як каменедрабілка. Карпаў.

3. Перамяшчэнне ў прасторы ў якім‑н. кірунку. Вайсковы рух на гасцінцы ў тую ноч, можна сказаць, не спыняўся. Чорны. // Дзейнасць таго ці іншага віду транспарту. Трамвайны рух. □ Увесь таварны і пасажырскі рух спыніўся. Лынькоў. На вуліцы быў вялікі рух. Ішлі таксі, аўтобусы, тралейбусы. Няхай. // Язда і хада ў розных кірунках (на вуліцах, дарогах і пад.). З кожным днём рух на дарозе ўзмацняўся. Маўр. Пасля паўдня рух па шашы ажыўляецца. Васілевіч. Вясенняе сонца .. залаціла гарадскія вуліцы. У гэты ранні час, ды яшчэ ў нядзелю, рух быў малы. Корбан.

4. Змяненне становішча цела ці яго частак; жэст. Танцавала Зіна лёгка, папярэджваючы кожны рух партнёра. Шыцік. Яны сачылі за кожным рухам настаўніка. Якімовіч.

5. перан. Унутраны штуршок да якога‑н. дзеяння. Цяжка сказаць, чаму я даверыўся ёй у той момант. Бываюць душэўныя рухі, якія немагчыма растлумачыць. Шамякін.

6. перан. Грамадская дзейнасць, масавыя выступленні, якія ставяць пэўныя мэты. Рух прыхільнікаў міру. Нацыянальна-вызваленчы рух. Рэвалюцыйны рух. Партызанскі рух.

7. Колькаснае ці якаснае змяненне; рост, развіццё. Рух народанасельніцтва.

8. Развіццё дзеяння (у якім‑н. літаратурным творы). Драматычны рух апавядання.

•••

Паступальны рух — рух, пры якім усе пункты цела перамяшчаюцца паралельна адзін аднаму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

край 1, ‑ю, м.

1. Канечная лінія, якая абмяжоўвае якую‑н. паверхню, а таксама частка паверхні, што прылягае да гэтай лініі. Край стала. Край неба. □ Маша падышла, села на край ложка, палажыла руку на яго [Васілёву] галаву. Шамякін. Сымон Карызна выйшаў наперад, на самы край сцэны. Зарэцкі. / Пра канечную частку адзення, матэрыі і пад. Абрубіць краі хусцінкі. □ Даўгі бабчын андарак цягнуўся краем па падлозе. Мележ. // Самая аддаленая ад цэнтра частка чаго‑н.; ускраіна. Дом, дзе жыў Міхалка, стаяў на краі горада. Колас. Будынак урачэбнага ўчастка стаяў на краі вёскі. Шамякін. // Верхні абрэз сценак пасудзіны; верх якога‑н. паглыблення. Да самых краёў сырадой Запеніцца ў звонкай даёнцы. Аўрамчык. Калі [Зося] пачала піць, зубы дробна застукалі аб край шклянкі. Хомчанка.

2. Вобласць, мясцовасць, што вылучаюцца па якой‑н. характэрнай прымеце. Палескі край. Партызанскі край. Родны край. □ Паўночную частку Беларусі .. называюць краем блакітных азёр. В. Вольскі.

3. Буйная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў СССР. Краснаярскі край, Прыморскі край.

•••

Пярэдні край — першая лінія размяшчэння агнявых пазіцый пяхоты ў раёне баявых дзеянняў.

Біць (ліцца) цераз край гл. біць.

З краю ў край; з краю да краю; ад краю да краю — па ўсіх напрамках, з канца ў канец.

Канца-краю не відаць (няма) гл. відаць.

Краем вока — мімаходам, вельмі кароткі час (бачыць каго‑, што‑н.).

Краем вуха — а) выпадкова, мімаходам (чуць пра каго‑, што‑н.); б) няўважліва, урыўкамі (слухаць каго‑н.).

Край свету — вельмі далёка.

Мая хата з краю гл. хата.

На краі гібелі (магілы) — у непасрэднай блізкасці са смяртэльнай небяспекай (быць, знаходзіцца і пад.).

На краі свету (зямлі) — дзе‑н. вельмі далёка.

На край свету — куды‑н. вельмі далёка, абы-куды (пайсці, пабегчы і пад.).

Непачаты край чаго — вельмі многа, без ліку. Непачаты край работы.

Хапіць цераз край гл. хапіць.

Цераз край — у вялікай колькасці, з лішкам. А хараства, а пекнаты — аж цераз самы край бывала. Дубоўка.

край 2, прыназ. з Р.

Разм. Каля, ускрай. Сядзець край стала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЫ́КАЎ (Васіль Уладзіміравіч) (н. 19.6.1924, в. Бычкі Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1980). Герой Сац. Працы (1984). Вучыўся ў Віцебскім маст. вучылішчы на скульпт. аддзяленні. Удзельнік Айч. вайны, двойчы паранены. У 1956—72 працаваў у газ. «Гродненская правда», у 1972—78 сакратар Гродзенскага аддзялення СП Беларусі. З 1978 у Мінску. У 1990—93 прэзідэнт згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Друкуецца з 1947. У першай кнізе «Жураўліны крык» (1960), аповесцях «Здрада» (1961), «Трэцяя ракета» (1962, Літ. прэмія імя Я.​Коласа 1964), зб. апавяданняў «Адна ноч» (1965) паказвае штодзённы гераізм звычайнага чалавека ва ўмовах вайны, глыбока пранікае ў духоўны свет сваіх герояў. Суровая праўда ў адлюстраванні вайны, пераважна драм. і трагічных яе сітуацый, пільная ўвага да думак і пачуццяў чалавека, абвостраная чалавечнасць, высокая патрабавальнасць у сцвярджэнні маральных прынцыпаў, лаканізм, дакладнасць і выразнасць апавядальнай манеры, шчырасць і ўнутр. стрыманасць аўтарскага голасу — вызначальныя якасці творчай манеры пісьменніка. Аповесці «Мёртвым не баліць» (1965) і «Праклятая вышыня» (1968) — важны крок на шляху філас.-канцэптуальнага і жанравага падпарадкавання асабіста перажытага духоўным патрэбам сучаснасці. У канцы 1960-х г. звярнуўся да тэмы партыз. і падп. барацьбы бел. народа. «Круглянскі мост» (1969), «Сотнікаў» (1970), «Абеліск» (1971, разам з аповесцю «Дажыць да світання», 1973, Дзярж. прэмія СССР 1974), «Воўчая зграя» (1974, разам з аповесцю з франтавога жыцця «Яго батальён», 1975, Дзярж. прэмія БССР імя Я.​Коласа 1978), «Пайсці і не вярнуцца» (1978), «Знак бяды» (1982, Ленінская прэмія 1986) у творчасці пісьменніка складаюць своеасаблівы «партызанскі цыкл». Увага да гэтага пласта нар. жыцця ў Быкава не выпадковая. Элемент трагічнага — істотны элемент вайны — выявіўся тут на ўсю моц. Вельмі важная для пісьменніка адвечная тэма «выбару» ў партыз. вайне і на акупіраванай тэрыторыі вырашалася больш разнастайна, асабліва ўскладнена матываванасць чалавечых учынкаў. Творчасць Быкава 1970-х г. вылучаецца моцнай філас. насычанасцю, асаблівым трагічным напаўненнем, аголенасцю маральна-этычных канфліктаў, надзвычай адчувальнай сувяззю з сучаснасцю. Даследуючы паводзіны чалавека ў жорсткіх умовах вайны, у т.зв. гранічных сітуацыях, пісьменнік імкнецца выявіць духоўныя асновы яго паводзін, асновы яго мужнасці і няскоранасці. Абставіны заўсёды распрацоўваюцца на макс. адпаведнасць жыццёвай праўдзе, характары раскрываюцца з вял. уважлівасцю да самых дробных унутр. і знешніх рухаў, у іх арган. узаемадзеянні з абставінамі. Паглыбленне філас. зместу, маральна-этычная згушчанасць праблематыкі ў творах натуральна выклікалі інтэлектуальную завостранасць, строгасць, выверанасць жанравай формы, адпаведную мэтанакіраванасць сюжэтнага руху, выразную акрэсленасць кампазіцыйных прыёмаў, рэзкае змяншэнне колькасці дзейных асоб, напружаную, строгую і дакладную манеру апавядання. Быкаў не бытапісальнік вайны. Ён філосаф, грамадзянін, які ўвесь у сучаснасці, у пастаянным напружаным роздуме пра чалавека, яго месца ў сённяшнім драм. свеце. У ідэйна-маст. структуры твораў істотную ролю адыгрывае смерць героя, найперш галоўнага. Яна — неабвержны аргумент пісьменніка на карысць чалавечнасці, сумленнасці, справядлівасці. Для Сотнікава («Сотнікаў»), Іваноўскага («Дажыць да світання»), Мароза («Абеліск»), інш. станоўчых герояў гэтыя паняцці вышэй за ўсё, нават за жыццё, бо без іх жыццё траціла сэнс, станавілася ганьбай. У аповесцях «Знак бяды», «Аблава» (1989) узняў трагічную тэму сталіншчыны, раскулачвання, знішчэння дабрыні ў чалавеку, знішчэння гаспадара зямлі. Раман «Кар’ер» (1986), аповесці «У тумане» (1987), «Сцюжа» (1993), апавяданні «На Чорных лядах», «Перад канцом», «Бедныя людзі» і інш. пазначаны актыўнай аўтарскай пазіцыяй, маст. асваеннем новых гіст. пластоў жыцця, вострым эмацыянальна-этычным напалам, высокім трагізмам. Выступае і як публіцыст (зб. «На крыжах», (1992). Кнігі Быкава, поўныя высокага грамадз. пафасу, веры ў вял. духоўныя магчымасці чалавека, нянавісці да подласці, хлусні, здрадніцтва, актыўна служаць выхаванню чалавека. Быкаў — аўтар п’ес «Рашэнне» (1972) і «Апошні шанц» (паст. 1974), гумарыстычных і сатыр. апавяданняў (зб. «Ход канём», 1960), працуе і ў галіне драматургіі кіно, тэатра. Па яго сцэнарыях пастаўлены кінафільмы «Трэцяя ракета» (1963), «Альпійская балада» (1966), «Дажыць да світання» (1975), «Воўчая зграя» (1976), «Абеліск» (1977), 3-серыйны тэлефільм «Доўгія вёрсты вайны» (1976). Па матывах аповесці «Пайсці і не вярнуцца» створаны спектакль (1979), па аповесці «Сотнікаў» — кінафільм «Узыходжанне» (1977), па аповесці «Знак бяды» — кінафільм (1985). Бел. т-р оперы і балета па матывах «Альпійскай балады» (1964) паставіў аднайм. балет (1967, муз. Я.​Глебава), па аповесці «Воўчая зграя» — оперу «Сцежкаю жыцця» (1980, муз. Г.​Вагнера). В.​Дашук на кінастудыі «Беларусьфільм» стварыў пра Быкава фільм «Узыходжанне» (1985).

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1974;

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1980—82;

Зб. тв. Т. 1—6. Мн., 1992—94.

Літ.:

Буран В.А. Васіль Быкаў: Нарыс творчасці. Мн., 1976;

Дедков Я. Василь Быков: Очерк творчества. М., 1990;

Адамовіч А. На бестэрміновай перадавой // Адамовіч А. Здалёк і зблізку. Мн., 1976;

Бечык В. Таварыш, народ, Радзіма // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;

Бугаёў Дз. Пра дзве кніжкі Васіля Быкава // Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;

Яго ж Васіль Быкаў. Мн., 1987;

Яго ж. Праўда і мужнасць таленту. Мн., 1995;

Вярцінскі А. Подзвіг ратны, подзвіг творчы // Вярцінскі А. Высокае неба ідэала. Мн., 1980;

Каваленка В. Маладосць і мудрасць — сёстры // Каваленка В. Жывое аблічча дзён. Мн., 1979;

Андраюк С. Традыцыі і сучаснасць. Мн., 1981. С. 127—128, 132—136, 236—254.

С.​А.​Андраюк.

В.У.Быкаў.

т. 3, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗЕ́ТА,

друкаванае перыядычнае выданне, якое публікуе матэрыялы пра падзеі ў паліт. эканам. і духоўным жыцці грамадства; адзін з асн. сродкаў масавай інфармацыі. Вызначаецца аператыўнасцю, фарматам, перыядычнасцю. Змяшчае афіц. і паліт. дакументы, карэспандэнцыі і каментарыі, хранікальныя паведамленні і маст. творы. Першыя газеты з’явіліся ў Зах. Еўропе ў пач. 17 ст., у Расіі — у 1702 пад назвай «Ведомости». Папярэднікамі бел. газет былі аднадзёнкі, першая з іх «Новіны грозные а жалостлівые...» выйшла ў пач. 1563 у Нясвіжскай друкарні. Першай у ВКЛ была «Газэта літэрацка Віленьска» (засн. ў 1760, выдавалася Віленскай езуіцкай акадэміяй). На тэр. сучаснай Беларусі былі «Газэта Гродзеньска» (1776—83) і «Вядомосьці Гродзеньске» (1792). З канца 1830-х г. афіц. друкаваным выданнем Паўд.-Зах. краю стаў «Виленский вестник» (з 1841 выходзіў на польск. і рус., з 1865 — на рус. мове). З 1838 выдаваліся афіц. газеты губернскіх праўленняў: «Виленские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Гродненские губернские ведомости», «Минские губернские ведомости», «Могилевские губернские ведомости». З канца 1860-х г. выходзілі афіц. царк. «Епархиальные ведомости». У Вільні выдавалася грамадска-паліт., літ. і эканам. газета «Северо-Западное слово» (1898—1905). Першым нац. перыядычным органам была газета «Мужыцкая праўда», якую выдавалі нелегальна ў 1862—63 К.​Каліноўскі і яго паплечнікі. У 1886 у Мінску выйшла першая прыватная грамадска-паліт. і літ. Газета «Минский листок» (з 1902 «Северо-Западный край»).

У пач. 20 ст. на Беларусі ў многіх губ. і павятовых цэнтрах выдаваліся газеты розных кірункаў: «Белорусский вестник», «Северо-Западный голос», «Северо-Западное слово», «Бобруйская жизнь», «Витебский вестник», «Голос провинции», «Окраина», «Полоцкий листок» і інш. Вялікім дасягненнем бел. журналістыкі быў выхад першых масавых газет на бел. мове «Наша доля» і «Наша ніва», якія сталі цэнтрамі нац.-вызв. руху. За 1817—1916 на Беларусі выдадзена 249 выданняў, з іх беларускамоўных (кірыліцай ці лацінкай) 13.

У час 1-й сусв. вайны і пасля Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917 у Беларусі быў наладжаны выпуск афіц., парт., салдацкіх і інш. газет: «Фронт», «Гоман», «Вольная Беларусь», «Звезда» (гл. «Звязда»), «Вестник Минского губернского комиссариата» і інш. (усяго больш за 80 выданняў на бел., рус., польскай і яўр. мовах). У грамадз. вайну выходзілі толькі тыя газеты, якія падтрымлівалі сав. ўладу: «Дзянніца» (Петраград, Масква), «Революционная ставка», «Набат», «Белорусская правда», «Минский пролетарий» і інш. У 1920-я г. створаны шэраг газет, якія былі афіц. органамі Саветаў і парт. к-таў усіх узроўняў, што вызначала іх змест і задачы. Выходзілі газеты: «Беларуская вёска», «Рабочий» (гл. «Советская Белоруссия»), «Красная смена» (гл. «Чырвоная змена»), «Заря запада» (гл. «Віцебскі рабочы»), «Полесская правда» (гл. «Гомельская праўда») і інш. У 1924 утвораны акруговыя газеты. У пач. 1930-х г. на базе акруговых, шматтыражных калгасна-саўгасных і некат. фабрычных газет пачалі выходзіць раённыя; з 1932 — «Літаратура і мастацтва». У 1933—34 створана каля 100 шматтыражных газет — органаў палітаддзелаў МТС і саўгасаў. З 1938 пачалі выдавацца абл. газеты. У 1940 выходзілі 252 газеты гадавым тыражом 192,7 тыс. экз.

У 1921—39 у Зах. Беларусі ў легальных і нелегальных умовах выходзілі газеты «Беларускія ведамасці», «Беларуская справа», «Наша праўда», «Народны звон», «Наша воля», «Родны край», «Беларуская крыніца», «Барацьба», «Малады камуніст» і інш. Многія з іх вялі барацьбу за сац. і нац. вызваленне бел. народа, нешматлікія выступалі ў падтрымку ідэй БНР, а некат. адкрыта падтрымлівалі паланізатарскую палітыку ўлад, прапаведавалі нацыянал-сацыялізм (гл. Заходнебеларускі друк).

У гады Вял. Айч. вайны на акупіраванай тэр. Беларусі падпольна выдавалася больш за 170 рэсп., абл. і раённых газет, распаўсюджваліся газеты, што выдаваліся ў сав. тыле: «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь», «Раздавім фашысцкую гадзіну» і інш. (гл. Падпольны і партызанскі друк на Беларусі ў гады Вял Айч. вайны). Калабарацыяністы выдавалі «Беларускую газэту» і інш. (гл. Друк акупацыйны ў гады Вял. Айч. вайны).

Пасля вайны на Беларусі адноўлена сетка абл., раённых, гар. і аб’яднаных газет, створаны новыя выданні: «Мінская праўда», «Савецкі селянін», «За вяртанне на Радзіму» (гл. «Голас Радзімы») і інш. У 1950—53 у зах. абласцях Беларусі выходзілі 124 шматтыражныя газеты — органы палітаддзелаў МТС. У 1954 з’явіліся аб’яднаныя (раённыя і гар.) газеты. У 1955 на Беларусі выдавалася 218 газет гадавым тыражом 233,2 млн. экз. У 1962 выдаваліся міжраённыя газеты. У 1965 раённыя газеты былі адноўлены. У 1967 выйшла першая вячэрняя газета на Беларусі «Вячэрні Мінск». У 1980 выходзілі 193 газеты, у т. л. 11 рэспубліканскіх, 6 абл., 11 аб’яднаных, 3 гар., 106 раённых, 54 шматтыражныя. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (1991) акрамя афіц. сталі выходзіць газеты шматлікіх партый і рухаў, грамадскіх, культ. і інш. аб’яднанняў, творчых і прафес. саюзаў, калектываў, прыватных асоб: «Народная газета», «Рэспубліка», «Беларускі час», «Свабода», «Народная воля», «Товарищ», «Мы и время», «Цэнтральная газета», «Набат» і інш. У 1993 выдавалася 491 газета, у т. л. 120 раённых і аб’яднаных. У 1990-я г. пашырылі выдавецкую дзейнасць прадстаўнікі бел. дыяспары ў ЗША, Канадзе і інш. краінах. На 1.1.1997 у Беларусі зарэгістравана 579 газет. Інфармацыю пра замежныя газеты гл. ў раздзеле Друк, радыё, тэлебачанне ў артыкулах пра краіны.

Літ.:

Периодическая печать Белоруссии, 1817—1916 гг.: Библиогр. указ. Мн., 1960;

Перыядычны друк Беларускай ССР. Вып. 2. Газеты (1917—1959 гг.). Мн., 1960;

Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліягр. паказ. / Склад. В.​С.​Адамовіч. Мн., 1975;

Перыядычны друк Беларусі. Мн., 1981;

Газеты Беларускай ССР. Ч. 1—2. Мн., 1984—85;

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;

Булацкі Р.В., Сачанка І.Л., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979;

Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.). Мн., 1974;

К.​Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;

Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст. Мн., 1960.

С.​В.​Говін.

Сучасныя беларускія газеты.

т. 4, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ (КПЗБ). Створана ў кастр. 1923 на канферэнцыі Беластоцкага, Брэсцкага і Віленскага акр. к-таў Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП), скліканай паводле рашэння II з’езда КПРП, з лют. 1925 Камуністычная партыя Польшчы, КПП. У КПЗБ увайшлі члены б. арг-цый КП(б)Б і КП Літвы, што перайшлі ў падполле, чл. КПРП. У снеж. 1923 у КПЗБ улілася Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), кіраўнікі якой І.​К.​Лагіновіч (П.​Корчык), Л.​І.​Родзевіч (Антось), А.​Р.​Капуцкі (Лёкса) былі кааптаваны ў склад Цэнтральнага Камітэта КПЗБ, што садзейнічала павелічэнню бел. элемента ў кіраўніцтве КПЗБ. Функцыянавала да жн. 1938 на правах тэр.-аўтаномнай арг-цыі КПП, зыходзіла з яе праграмных установак. КПЗБ змагалася за сацыяліст. рэвалюцыю, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу сялянам зямлі без выкупу, за права самавызначэння Заходняй Беларусі і ўз’яднанне з БССР. Працавала нелегальна ва ўмовах паўакупац. рэжыму ў краі. Польскія ўлады праследавалі членаў КПЗБ, знявольвалі іх у турмы, Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, наладжвалі масавыя палітычныя працэсы. На час стварэння КПЗБ у яе парт. арг-цыях налічвалася 528 чал.; у канцы 1924—2296 чал., у канцы 1927—3254 чал. У 1924—29 дзейнічала 6 акруговых (Баранавіцка-Слонімскі, Беластоцкі, Брэсцкі, Віленскі, Гродзенскі, Пінскі) і больш за 50 раённых к-таў КПЗБ. У сак. 1932 у КПЗБ налічвалася 3600 членаў, з іх 20% пражывалі ў гарадах і каля 80% на вёсцы; у 1933—3800—4000 членаў, дзейнічала 11 акруговых (дадаткова Лідскі, Маладзечанскі, Навагрудскі, Пастаўска-Глыбоцкі, Свянцянска-Браслаўскі) і больш за 90 раённых к-таў партыі. Прыкладна палова членаў КПЗБ знаходзілася ў турмах і канцлагеры. Сярод бел. паліт. партый, што дзейнічалі ў краі, КПЗБ была найб. шматлікай і ўплывовай. Пад яе кіраўніцтвам дзейнічалі Камуністычны саюз маладзі Заходняй Беларусі, Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі. За час існавання КПЗБ адбыліся 2 з’езды і 3 канферэнцыі. Практычную работу партыі ўзначальваў ЦК КПЗБ, які складаўся з Бюро ЦК КПЗБ і Краявога сакратарыята ЦК КПЗБ. Частка членаў Бюро і ЦК знаходзілася ў Мінску з мэтай кіраўніцтва Прадстаўніцтвам ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б, замежнай часткай Цэнтр. рэдакцыі і Мінскай школай КПЗБ. Цэнтр. орган КПЗБгаз. «Чырвоны сцяг», з 1924 выдаваўся тэарэт. час. ЦК КПЗБ «Бальшавік». Легальнымі органамі партыі былі газ. «Барацьба», «Беларуская газета», «Наша воля», сатыр. час. «Асва».

На этапе станаўлення КПЗБ карысталася падтрымкай з боку КП(б)Б. З ліп. 1924 да лют. 1925 у Мінску існавала Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі пры ЦК КП(б)Б. Да стварэння КПЗБ асноўнай формай рэв. і нац.-вызв. руху на анексіраваных Польшчай бел. землях была партыз. барацьба, якая ў 1923—24 ахапіла большасць паветаў (гл. Партызанскі рух у Заходняй Беларусі). На Другой канферэнцыі КПЗБ (ліст. 1924) арганізацыйна аформілася антыпарт. групоўка, якая зыходзіла з курса на ўзбр. паўстанне, патрабавала адасаблення КПЗБ ад КПРП (гл. Сэцэсія). Трэцяя канферэнцыя КПЗБ (студз. 1926) прызнала памылковым курс на ўзбр. паўстанне і вызначыла новую тактыку па збіранні сіл рабочых, сялян і нац. інтэлігенцыі. Гэта тактыка далей развіта ў рашэннях Першага з’езда КПЗБ (чэрв.ліп. 1928). Па ініцыятыве ЦК КПЗБ бел. паслы (дэпутаты) у польск. сейме стварылі ў чэрв. 1925 асобны куб — фракцыю Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ), якая перарасла ў больш як стотысячную арг-цыю і фактычна стала легальным асяродкам КПЗБ. Пасля разгрому ў студз. 1927 Грамады правадніком ідэй Кампартыі ў сейме быў бел. рабоча-сял. пасольскі клуб «Змаганне». КПЗБ была ў авангардзе барацьбы супраць рэжыму Ю.​Пілсудскага, узначальвала большасць выступленняў рабочых у абарону сваіх эканам. і паліт. правоў. Праз БСРГ, «Змаганне», Таварыства беларускай школы Кампартыя арганізоўвала масавыя акцыі супраць нац. ўціску, што стрымлівала працэс паланізацыі бел. насельніцтва. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. палітыка КПЗБ характарызавалася лявацка-сектанцкім падыходам, адмоўным стаўленнем да бел. нац. паліт. партый і арг-цый — Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Беларускай санацыі, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, кваліфікуючы іх як састаўную частку нацыянал-фаш. лагера. Арыентацыя на сацыяліст. рэвалюцыю і выключэнне з рэв. лагера дэмакр. сіл звузіла фронт апазіцыйнага да пілсудчыкаў бел. дэмакр. лагера і стала адной з прычын спаду нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі ў пач. 1930-х г. На яго аслабленне адмоўна паўплывалі і рэпрэсіі палітычныя ў 1930-я г. ў БССР у адносінах да кіраўнікоў БСРГ, «Змагання» і ЦК КПЗБ, якія ў 1932 па абмене палітзняволенымі перададзены ў СССР. У рэзалюцыях ЦК КПЗБ 1934 па нац. пытанні БРА трактавалася як агентура бел. нацыяналізму ў радах КПЗБ. У 2-й пал. 1930-х г. Кампартыя ўзяла курс на аб’яднанне дэмакр. сіл. У рашэннях Другога з’езда КПЗБ (май 1935) выпрацаваны новыя тактыка і стратэгія, скіраваныя на адзінства дзеянняў і стварэнне шырокага антыфашысцкага народнага фронту. Забастоўкі, мітынгі, дэманстрацыі ў 1936—37 праходзілі пад заклікамі барацьбы супраць наступу сіл фашызму і вайны, увядзення антыдэмакр. канстытуцыі, за амністыю палітзняволеным, салідарнасць з рэсп. Іспаніяй, разрыў саюза з гітлераўскай Германіяй і за супрацоўніцтва з СССР. У 1938 дзейнасць КПЗБ спынена. Паводле рашэння Выканкома Камінтэрна КПП і яе састаўныя часткі КПЗБ і КПЗУ ў жн. 1938 на аснове беспадстаўнага абвінавачання былі распушчаны. Роспуску папярэднічалі рэпрэсіі ў 1937 у адносінах да кіруючага актыву партыі. Абвінавачанні супраць КПЗБ і яе актыву зняты пасля апублікавання 21.2.1956 у газ. «Правда» заявы Цэнтр. Камітэтаў Кампартый Сав. Саюза, Балгарыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі, у якой дадзена высокая ацэнка дзейнасці КПП, падкрэслена, што роспуск яе быў неабгрунтаваны.

Літ.:

Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР’ Док. и материалы. Т. І—2. Мн., 1962—72;

Революционный путь Комларгии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;

Полуян В.А., Полуян И.В. Революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии в 1920—1939 гг. Мн., 1962;

Мацко А.Н. Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против гнета буржуазии и помещиков 1918—1939 іт. Мн., 1972;

Воткович Г.Б. КПЗБ в борьбе за интернациональное единство трудящихся (1929—1933 гг.). Мн., 1975;

Ладысеў У.Ф. КПЗБ — арганізатар барацьбы працоўных за дэмакратычныя правы і свабоды (1934—1938 гг.). Мн., 1976;

Яго ж. В борьбе за демократические права и свободы. Ми., 1988;

Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. Мн., 1983;

Зелинский П.И. Политическая работа КПЗБ в массах, 1923—1938. Мн., 1986;

Мисаревич Е.А. На освобожденной земле. Мн., 1989;

Bergmann A Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1984.

У.​Ф.​Ладысеў.

Дэлегаты II з’езда Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. 1935.

т. 7, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ірва́ць 1 і рваць 1, (і)рву, (і)рвеш, (і)рве; (і)рвём, (і)рвяце; незак., каго-што.

1. З сілай выхопліваць, рэзкім рухам вырываць, зрываць. Ножык, шапку з крыкам [людзі] З рук маіх ірвуць. Бядуля. У комінах вятры раўлі да рання, Ірвалі дахі, білі, што ў званы. Астрэйка. // Аддзяляць, адрываць ад сцябла, галінак (кветкі, плады і пад.). Ірваць яблыкі. □ Нагнуўшыся нізка-нізка, Люба краскі рвала, пляла вяночак. Мурашка. Адам ішоў памалу, .. ірваў жытнія каласы, выбіраў адтуль малочныя зярняткі і дробненька іх перажоўваў. Нікановіч. // Убіраць з поля, вырываючы з коранем (пра лён, каноплі і пад.). На славу вырас даўгунец! Але столькі работы... Закончыць ірваць. Абабіць. Спяшацца слаць. Мыслівец. Лубін ірвалі і вязалі ў снапы. Ермаловіч. // Выдаляць хірургічным шляхам (пра зубы). Ірваць старыя карані.

2. Рэзкім рухам раздзяляць на часткі; разрываць. Ірваць паперу. Ірваць ніткі. □ Да свята пасылку шле дзецям яна, Ірве на ўпакоўку сшытак. Лось. // перан. Спыняць, разрываць (адносіны, сувязі і пад.).

3. Кусаць, грызці (пра драпежных жывёл). Мурза.. з гучным гаўканнем накінулася на мядзведзя і давай ірваць яго зубамі за заднія ногі. Бядуля. Тарыел убачыў доўгае цела, .. бурую поўсць Мітрафанавага сабакі, які рваў за горла вялікага плямістага звера. Самуйлёнак.

4. Разбураць, узрываць што‑н. з выбухам. Партызанскі атрад «За Радзіму» наносіў удары па ворагу, ірваў чыгункі, граміў гарнізоны паліцыі. Жычка. Лёд ірвуць на Заходняй Дзвіне — Падпіраюць неба слупы ледзяныя. Барадулін. // перан. Рэзка парушаць цішыню, змрок і пад. [Гулкія выбухі] рвалі перадранішнюю цішыню, абуджалі трывогу і смутак. Карпаў.

5. безас.; перан. Разм. Імкнуць куды‑н., да каго‑, чаго‑н. Нешта само рвала .. [Кацярыну] наперад. Якімовіч.

6. Разм. Нарываць. Палец ірве. // безас. Пра рэзкі, пякучы боль. Зуб ірвала ўсю ноч.

7. Разм. Хутка і многа рабіць. [Касперскі:] Значыць, будзе [Бондар] з хлебам. Цяпер ён пойдзе рваць! Моцны чалавек! Гурскі. // Хутка, парывіста імчаць, бегчы. Варшаўскі злосна сцёбае пугай жарабца, той з месца рве галопам. Жычка. // Бурна, інтэнсіўна праяўляцца (пра сілы прыроды). Вецер ірве. Бура рве.

•••

Ірваць бакі (жываты) — моцна смяяцца, заходзіцца ад смеху.

Ірваць горла (глотку) — тое, што і драць горла (глотку) (гл. драць).

Ірваць жылы (кішкі, пуп) — цяжка працаваць, надрывацца на якой‑н. рабоце.

Ірваць з зубоў — сілаю адбіраць у каго‑н. што‑н.

Ірваць з рук — купляць нарасхват.

Ірваць на сабе валасы — быць у адчаі; моцна перажываць, дакараць сябе.

Ірваць на часткі каго — не даваць спакою каму‑н., бесперапынна турбуючы справамі, даручэннямі і пад.

ірва́ць 2 і рваць 2, (і)рве; безас. незак., каго.

Разм. Ванітаваць. Галя казінага малака не ела. Як толькі паднясе к роту — ірваць верне. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падабра́ць, падбяру, падбярэш, падбярэ; падбяром, падбераце; зак., каго-што.

1. Сабраць, падняць што‑н. з зямлі, падлогі. Падабраць рассыпаныя арэхі. □ Дзяўчынка борздзенька падабрала з зямлі букецік палявых кветак, жвава ўстала. Каршукоў. // Разм. Знайшоўшы, узяць з сабою. Падабраць раненых. □ Мы падабралі чалавека і занеслі ў партызанскі лагер. Сачанка. [Чарэнда:] — Жонку маю .. забіла асколкам, а дачка засталася жывая. Падабраў яе тады на шашы хтосьці з мясцовых. Чыгрынаў. // перан. Разм. Узяць да сябе (аб кім‑н. пакінутым). Падабраць бяздомнага ката. // Разм. Захапіўшы па дарозе, падвезці каго‑н. [Машына] падабрала Міколу і разам з іншымі раненымі перакінула ў клінічны гарадок. Якімовіч.

2. Схаваць пад што‑н. Падабраць валасы пад хустку. // Сагнуўшы, падцягнуць пад сябе (пра часткі цела). [Жанчына] зноў падабрала пад сябе ногі, зірнула на хлопца, які нават і не паварухнуўся, і ўздыхнула. Ракітны. Сабака падабраў хвост і кінуўся прэч пад павець. Лупсякоў.

3. Падмяць пад сябе, апынуўшыся наверсе. — Калясом пакаціліся — то я яго пад сябе падбяру, то .. [Сенька] наверх выкарабкаецца... Краўчанка.

4. Прыўзняць уверх. Падабраць спадніцу. □ Франя агледзелася, ці бачыць хто яе, падабрала ў руку падол сарафана. Лось.

5. Адабраць, стварыць шляхам падбору. Падабраць брыгаду. □ З мясцовай моладзі .. [Палякаў і Любімаў] падабралі сабе добрых памочнікаў і пачалі праходку ствалоў. Кулакоўскі. // Адбіраючы, выбраць нешта патрэбнае, адпаведнае. Падабраць ключ. Падабраць пасаду. □ Бяроза доўга не магла падабраць слоў, каб дайсці да галоўнага, да таго, што здарылася з імі ў дарозе. Няхай. Ужо трэба было ісці, а Ніна плацця не магла падабраць. Лобан. [Каціны] лыжы .. [старшына] забракаваў. Падабраў другія, лёгкія, праверыў мацаванне. Алешка. // Размясціць у пэўным парадку па якой‑н. агульнай прыкмеце. Падабраць карты па масці. Падабраць ніткі па ўзору. // Адбіраючы для пэўнай мэты, сабраць неабходнае. Падабраць цытаты. □ Аляксей разам з Верай схадзіў у бібліятэку, памог ёй падабраць кнігі і з ёй пайшоў на Зарадзвінне. Гаўрылкін. // Выбраць зручны момант, час. Размова ішла так, што самы раз было сказаць тое, што .. [Андрэй] павінен быў сказаць.. Лепшага выпадку не падбярэш. Арабей. [Стары:] — Я табе, Тамаш, скажу ў вочы, — не мог ты, ліха табе, падабраць іншага якога, святочнага, скажам, дня, а то напалі моду адрываць людзей ад работы. Чорны.

6. Падшукаць, знайсці правільнае або патрэбнае музычнае выражэнне. [Лена:] — От зайграла я на баяне. А Барыска пачуў песню і просіць: «Дай, мамачка, зайграць...» І што ж вы думаеце?.. Падабраў адразу мелодыю. Кірэенка. Поля, у якой быў магнітафон, прапанавала падабраць музыку і зрабіць тэкст да кінафільма. Шыловіч.

7. Разм. Сабраць усё, усіх; сабраць усе рэшткі. [Шутаў] падабраў усе рэзервы, усе дапаможныя падраздзяленні і ўмацаваў батальёны. Мележ. Бульбу ў калгасе пакапалі, лён і каноплі падабралі і во-во пачнуць вазіць на завод. Лупсякоў.

8. перан. Разм. Узяць пад сваю ўладу; захапіць. [Сідаровіч:] — Вядома, ёсць за каго [Данілу] заступацца. Гэтакую гаспадарку пад сябе падабраў... Чарнышэвіч.

•••

І крошкі падабраць — быць вельмі падобным на каго‑н. з бацькоў або родных.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Кінуць што‑н. цераз каго‑, што‑н. Прайшоўшы некалькі крокаў, белабрысы [хлопчык] спыніўся, азірнуўся, пасля падбег да высокага плоту і, размахнуўшыся, перакінуў бант цераз плот. Арабей. // Штуршком, махам перамясціць цераз што‑н. — Дзядзька Сцяпан! — ускрыкнуў я і, перакінуўшы цераз драбіны ногі, саскочыў з воза. Брыль. Русаковіч прыпыніўся, дастаў з меха нямецкі аўтамат і перакінуў яго рэмень цераз галаву. Паслядовіч. // Імклівым рухам перамясціць якую‑н. рэч на другое месца або з месца на месца, перавесці ў іншае становішча. Перакінуць мяшок з аднаго пляча на другое. □ [Міхаська] нагнуўся і выхапіў з прыску бульбіну, перакінуў яе з далоні на далонь, здзьмухнуў попел, пачаў абіраць. Сіняўскі. Віцька зачыніўся, намацаў на дзвярах ручку і перакінуў яе на скабу. Паўлаў. // перан. Накіраваць, звярнуць (погляд, зрок, гнеў і пад.). Галілей борздзенька перакінуў свой погляд з акна на печку. Зарэцкі. — Не перабівай! — грозна крыкнуў дзед, падкідаў ламачча на агонь і далей баяў, не збаўляючы грознага тону, нібы гнеў свой перакінуў з унука на герояў байкі. Бядуля. // цераз што. Павесіць так, каб канцы чаго‑н. свабодна звісалі; перавесіць. Скуратовічык ірвануў пастушка за плечы, дэманстрацыйна і злосна перакінуў цераз сваё плячо, галавой назад, нагамі сабе ў рукі, і панёс. Чорны. Канстанцін Пятровіч узяў сваё паліто, але не стаў надзяваць яго, а проста перакінуў цераз руку. Васілёнак.

2. Закінуць далей, чым трэба.

3. Перамясціць, адправіць на новае месца. Гвардзейскі полк па загаду Стаўкі знялі з Заходняга фронту і спехам перакінулі ў сталіцу. Сабаленка. [Оберст] перакінуў у раён бою ўсю тэхніку, амаль усе падначаленыя яму часці. Шахавец. // Накіраваць, перавесці на другое месца працы, для выканання іншага задання. Вера сказала, што яе перакінулі на работу на камбінат у якасці табельшчыка. Мікуліч. // Перавезці, даставіць. [Мікола] пачаў расказваць мне пра .. партызанскі бой, пра самалёт, які перакінуў яго пасля ранення цераз фронт. Брыль. Раніцай партыя геолагаў пачне работу і трэба паспець за ноч перакінуць ёй усё неабходнае. «Звязда».

4. Палажыць што‑н. упоперак чаго‑н. для пераправы, пераходу. Перакінуць кладку цераз ручай. □ Рэчка там звужвалася, можна было нават жэрдкі з берага на бераг перакінуць. Кулакоўскі. // перан. Пралажыць, пракласці што‑н. над чым‑н., цераз што‑н. Над возерам перакінула сваё каляровае каромысла радуга, але вясёлы, бліскучы грыбны дожджык усё яшчэ ішоў. В. Вольскі.

5. Разм. Рэзка перавярнуць што‑н. на бок, перакуліць. // Хутка перагарнуць, перабраць (старонкі кнігі, рукапісу і пад.). Пісар тым часам борзда перакінуў паперы, спыніўся. Колас.

6. і чаго. Даць, перадаць, пераслаць што‑н. Язэп памагаў нам сім-тым, — то солі выкраіць якое кіло, то з харчоў што-кольвечы перакіне. Сачанка. — Можа калі па-суседску і нам якога дэфіцыту перакіне, — жартаўліва гаварыў я агрэсіўна настроенай Соні. Даніленка.

7. Даць больш, чым патрэбна, перадаць.

8. Тое, што і перакуліць (у 2 знач.). Ідзе ён [Міхал] смела, не баіцца Праборкі дома за гарэлку: Вяліка важнасць, што кватэрку Ён з гора тога перакінуў! Колас. [Казік:] — Пасля ўсяго страху варта было б перакінуць чарку. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)