Паднара́д ’падкладка ў абутку ад пад’ёму да наска’ (ТСБМ, Інстр. I, Сцяшк.), поднара́д ’тс’ (ТС). Рус. поднаря́д ’тс’, аддзеяслоўнае ўтварэнне ад поднарядить ’падшываць нарад або паанарад’ < нарядить < ряд. У бел., відаць, з рус., паколькі дзеясловы ад рад бел. м. не ўласцівыя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АДЛЮСТРАВА́ННЯ ТЭО́РЫЯ,

сукупнасць палажэнняў, катэгорый і прынцыпаў, якія выражаюць агульныя заканамернасці эвалюцыйнага развіцця ўсіх формаў адлюстравання ў неарганічнай і жывой прыродзе, у сац. рэальнасці. Зыходны прынцып адлюстравання тэорыі: вынікі пазнання павінны быць адносна адэкватныя сваёй крыніцы — арыгіналу. У якасці гнасеалагічнага прынцыпу адлюстраванне прызнавалася і ў стыхійным матэрыялізме, але разглядалася як пасіўнае, мёртвае «фатаграфаванне» навакольнага свету. Дыялектыка разглядае яго як складаны і супярэчлівы працэс узаемадзеяння пачуццёвага і рацыянальнага пазнання, мысліцельнай і практычнай дзейнасці. Пры гэтым свядомасць у сваім развіцці не вычэрпваецца паняццем адлюстравання, паколькі ўключае ў сябе творчасць і прадбачанне.

У распрацоўцы адлюстравання тэорыі вылучаюць 2 канцэпцыі: функцыянальную і атрыбутыўную. Прыхільнікі першай канцэпцыі сцвярджаюць, што ў неарганічных аб’ектах ёсць толькі перадумовы ўласцівасці адлюстравання, але не яго актыўнае праяўленне. Прыхільнікі другой настойваюць на ўсеагульнасці ўласцівасцяў адлюстравання. Збліжэнню гэтых канцэпцый садзейнічае ўсведамленне суадносін катэгорыі адлюстравання з агульнанавук. паняццем інфармацыі, далейшай распрацоўкай прынцыпу глабальнага эвалюцыянізму ў навуцы і сінергетыцы.

Катэгорыі і прынцыпы адлюстравання тэорыі ўвайшлі ў філас. абгрунтаванне тэорыі функцыянальных сістэм, канцэпцыі сістэмагенезу ў біялогіі, распрацаванай П.​К.​Анохіным. Асн. прынцыпы адлюстравання тэорыі процілеглыя прынцыпу тоеснасці мыслення і быцця, які з’яўляецца зыходным для філас. сістэм аб’ектыўнага ідэалізму, а ў шэрагу філас. вучэнняў (напр., у Спінозы, Спенсера) трактуецца ў духу паралелізму паміж зместам свету і зместам яго пазнання (гл. таксама Пазнанне).

Літ.:

Коршунов А.М. Теория отражения и современная наука. М., 1968;

Тюхтин В.С. Отражение. Системы. Кибернетика. М., 1972;

Петушкова К.П. Отражение в живой природе: Динамика теорет. моделей. Мн., 1988.

В.​Я.​Петушкова.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́ШНЯЯ АДУКА́ЦЫЯ,

форма агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі ва ўмовах сям’і. У старажытнасці і сярэдневякоўі (да станаўлення сістэм адукацыі) забяспечвала саслоўна-прафес. пераемнасць. Элементарным тыпам Д.а. можна лічыць перадачу ад бацькоў дзецям ведаў, прафес. вопыту, асноў светапогляду, у т. л. рэліг. выхаванне. У зах. краінах з сярэдзіны 1970-х г. Д.а. набыла новыя рысы ў межах пед. руху «flexíschooling» (гібкая адукацыя), паводле якога акрамя школы месцам адукацыі можа быць дом, музей, б-ка і інш.; бацькі разглядаюцца як актыўныя партнёры школы; не абавязковай лічыцца прысутнасць настаўніка ў навуч. працэсе; вучоба скіравана на выяўленне і развіццё здольнасцей вучня; магчымасці дома (выкарыстанне сучасных тэхн. сродкаў навучання) разглядаюцца як кампанент школьнай праграмы. «Flexischooling» спалучае Д.а. з навучаннем у школе. У Рас. імперыі ў 18—19 ст. Д.а. мела важнае значэнне для фарміравання сістэмы агульнай адукацыі. З узнікненнем ун-таў, гімназій і інш. навуч. устаноў была абавязковым этапам для таго, каб прадоўжыць навучанне або паступіць на вайсковую службу, паколькі давала неабходную падрыхтоўку (ад праграмы пач. школы да поўнага гімназічнага курса). Пасля 1917 Д.а. як сістэма спыніла існаванне. З 1960-х г. для кампенсацыі недахопаў дзярж. сістэмы сярэдняй адукацыі атрымалі распаўсюджанне спецыфічныя формы Д.а. (прыватныя ўрокі, сямейныя семінары, рэпетытарства). У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. развіццё некаторых формаў Д.а. разглядаецца як адзін з варыянтаў садзеяння індывідуалізацыі навучання, рацыянальным суадносінам дамашняй і школьнай падрыхтоўкі. Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь прадугледжвае магчымасць самаст. атрымання грамадзянамі агульнай адукацыі з правам на дзярж. атэстацыю.

В.​М.​Навумчык.

т. 6, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМАРДАШВІ́ЛІ (Мераб Канстанцінавіч) (15.9.1930, г. Горы, Грузія — 25.11.1990),

грузінскі і рас. філосаф. Д-р філас. н. (1970), праф. (1972). Скончыў Маскоўскі ун-т (1954). У 1957—61, 1968—74 працаваў у час. «Вопросы философии», у 1961—66 у час. «Проблемы мира и социализма». З 1980 у Ін-це філасофіі АН Грузіі. У цэнтры яго філасофіі — ідэя свабоднай з’явы, або падзеі думкі, што можа адбывацца ў любой сферы чалавечай жыццядзейнасці, найперш у аспекце анталагічнай абароны трансцэндэнтальных асноў еўрап. культуры, выяўленых Р.Дэкартам і І.Кантам. Зыходзячы з апрыёрнасці ўмоў жыццёвага вопыту чалавека, падкрэсліваў немагчымасць адвольна і па жаданні назапашваць дадатковыя веды, паколькі жыццёвы час дыскрэтны. Сфармуляваў звязаны з самім фактам падзеі думкі апастэрыёрны падыход да аналізу падзеі ведаў або думкі. Паводле М., філосаф разважае не пра тое, што бачна, а пра тое, што бачна або пазнаецца ў той ступені, у якой маецца ўсведамленне бачнага або думка пра бачнае на ўзроўні рэфлексіі. Створаны фонд М., які выдае матэрыялы навук. чытанняў, прысвечаных М. («Конгеніяльнасць думкі», 1994; «Сустрэча з Дэкартам», 1996; «Зробленае і названае», 1998).

Тв.:

Классический и неклассический идеалы рациональности. Тбилиси, 1984;

Как я понимаю философию. 2 изд. М., 1992;

Картезианские размышления (январь 1981 г.). М., 1993;

Лекции о Прусте. М., 1995;

Стрела познания: Набросок естественноист. гносеологии. М., 1996;

Кантианские вариации. М., 1997;

Лекции по античной философии. М., 1997;

Эстетика Мышления. М., 1999;

Современная европейская философия, XX в. М., 1999.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́СКІ ДРУК,

від друку, пры якім друкавальныя і прабельныя элементы друкарскай формы знаходзяцца ў адной плоскасці. Заснаваны на выбіральным змочванні друкавальных элементаў тлустай фарбай, а прабельных — водным растворам (дасягаецца хім. апрацоўкай формы). Выкарыстоўваецца для друкавання газет, ілюстраваных часопісаў і кніг, геагр. карт, рэпрадукцыі карцін, упаковачнай прадукцыі і інш.

Паколькі тлушч і вада не змешваюцца, папярэдне ўвільготненыя прабельныя ўчасткі формы не ўспрымаюць фарбу і яна кладзецца толькі на друкавальныя элементы; пры ўвільгатненні формы вада не змочвае слой фарбы, але ўспрымаецца прабельнымі ўчасткамі. Пры друкаванні форму папераменна змочваюць вадой і закатваюць фарбай, якая з формы перадаецца затым на паперу ці інш. матэрыял. Першы спосаб П.д. — літаграфія (вынайдзена ў 1798), якая з сярэдзіны 20 ст. страціла сваё значэнне з пашырэннем плоскага афсетнага друку (вынайдзены ў 20 ст.). Плоскадрукавальная друкарская машына створана ням. вынаходнікам Ф.​Кёнігам у 1811. Да спосабаў П.д. адносіцца таксама фотатыпія (вынайдзена ў 1855). Плоскадрукавальныя машыны літаграфскага і фотатыпнага друку маюць плоскую форманясучую паверхню (талер) і цыліндрычную прыціскальную (друкавальны цыліндр). Гл. таксама Кнігадрукаванне.

Літ.:

Полянский Н.Н. Основы полиграфического производства. 2 изд. М., 1991;

Технология печатных процессов. М., 1989;

Чехман Я.И., Сенкусь В.Т., Бирбраер Е.Г. Печатные машины. М., 1987.

У.​М.​Сацута.

Плоскі друк: а — прынцыповая схема друкавання (1 — друкарская форма, 2 — матэрыял, 3 — Друкавальны цыліндр, 4 — фарба); б — друкарская форма плоскага афсетнага друку (1 — друкавальныя элементы, 2 — прагальныя элементы, 3 — фарба, 4 — водны раствор); в — плоскадрукавальная машына (1 — транспарцёр, 2 — саманаклад, 3 — друкавальны цыліндр, 4 — талер, 5 — фарбавальны апарат; 6 — прыёмны стол).

т. 12, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калама́ніца ’чарнільніца’ (ваўк., Сцяшк.). Нельга выключыць памылковага запісу каламарніца або каламажніца. Менш верагодна дапускаць спрашчэнне групы зычных, паколькі пазіцыя тут даволі тыповая і ў іншых адпаведных выпадках спрашчэння не назіраецца. Або, магчыма, тут было фармальнае збліжэнне лексем каламажка, каламазь і каланіца? Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дро́нак ’тоўстая палка, якой закрываюць у хляве выхад з дзвярэй; металічны вал, што злучае малатарню з прывадам’ (Сцяц.). Запазычанне (як і дронг ’жэрдка’, гл.) з польск. drąg ’жэрдка і г. д.’ Паколькі drąg вымаўляецца [dronk], то ‑к‑ успрымалася як суфіксальная частка; адсюль форма дро́нак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дудне́нне ’гудзенне’ (Сцяшк.). Паколькі слова адзначаецца на абмежаванай тэрыторыі (у зах. гаворках), можна меркаваць, што гэта запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. dudnieć ’глуха гучаць, грымець’ (аб прасл. групе слоў з праформы *dud(ь)něti гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 149–150).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Закро́п ’прынада з пахучай травы для пчол’ (Сл. паўн.-зах.). Паколькі крапі́ць (гл.) азначае ’абпырскваць вулей рэдкай прынадай’ (Анох., 337), закроп трэба разглядаць як бязафіксны назоўнік ад дзеяслова закрапіць. Параўн. рус. дыял. окроп, укр. окріп ’квецень, вар’ (гл. Фасмер, 3, 130–131).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́падзь ’пагібель’ (Нас.), ц.-слав., ст.-слав. пропадь ’цясніна, пропасць’. Прасл. *propadь, дэрыват з суф. ‑ь ад *propadǫ, *propasti ’прапасці’ (Слаўскі, SP 2, 50) першапачаткова nomina abstracta. У Насовіча, відаць, з царкоўнаславянскай, паколькі ў гаворках слова не зафіксавана. Развіццё значэння аналагічна пропасць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)