МА́ЗЕР (ад пач. літар англ. слоў Microwave Amplification by Stimulated Emission of Radiation узмацненне мікрахваль з дапамогай вымушанага выпрамянення),

квантавы генератар або ўзмацняльнік звышвысокачастотнага дыяпазону, у якім незатухальныя ваганні падтрымліваюцца вымушаным выпрамяненнем узбуджаных часціц. Найб. пашыраны М. сантыметровага і дэцыметровага дыяпазонаў на аснове парамагнітных крышталёў (напр., рубіну; гл. Парамагнітны ўзмацняльнік) і малекулярныя генератары на пучках малекул вадароду, аміяку, атамаў цэзію, рубідыю і інш. Выкарыстоўваюцца ў радыёастраноміі, радыёлакацыі, у якасці стандартаў частаты (гл. Квантавы гадзіннік), узмацняльнікаў і прыёмнікаў з малым узроўнем шуму для сістэм звышдалёкай сувязі, у т. л. касмічнай.

Л.​М.​Арлоў.

т. 9, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кератафі́р

[ад гр. keras, -atos = рог + (пар)фір]

магматычная горная парода, якая складаецца з дробназярністай масы і ўкрапаных крышталёў, пераважна альбіту.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тэтры́л

(ад тэтра- + гр. yle = рэчыва)

выбуховае рэчыва ў выглядзе бела-жаўтаватых крышталёў, нерастваральных у вадзе, якія выкарыстоўваюцца для вырабу дэтанатараў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

крышталіза́цыя

(ад гр. krystallizo = прасвечваюся, як крышталь)

працэс утварэння і росту крышталёў пры пераходзе рэчыва з газападобнага або вадкага стану ў крышталічны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АДСАРБЕ́НТЫ,

штучныя і прыродныя матэрыялы з развітой паверхняй, на якой адбываецца адсорбцыя рэчываў. Уласцівасці адсарбентаў залежаць ад хім. саставу, фіз. стану паверхні, характару сітавін і ўдз. паверхні. Адсарбенты бываюць несітаватыя і сітаватыя.

Несітаватыя адсарбенты (молатыя крышталі, часцінкі дыму, сажа, аэрасіл) з удз. паверхняй ад 1 да 500 м²/г атрымліваюць тэрмічным раскладаннем ці няпоўным згараннем вуглевадародаў, пры спальванні элементаарган. ці галагенных злучэнняў. Сітаватыя адсарбенты (сілікагель, алюмагель, актыўны вугаль), удз. паверхня якіх дасягае 1000 м²/г, атрымліваюць хім. спосабамі апрацоўкі зыходных матэрыялаў, высушваннем геляў, сінтэзам сітаватых крышталёў тыпу цэалітаў ці тэрмічным раскладаннем карбанатаў, аксалатаў, гідраксідаў металаў, некаторых палімераў. Гл. таксама Адсорбер, Храматаграфія.

т. 1, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІКАПРАТЭІ́ДЫ, глікапратэіны,

складаныя бялкі, у якіх ёсць вугляводы. Прысутнічаюць ва ўсіх тканках жывёл, раслін і ў мікраарганізмах. Мал. маса 15 000—1 000 000. Колькасць вугляводаў у глікапратэідах вар’іруе ад долей працэнта да 80%. Да глікапратэідаў належаць многія бялкі крыві (цэрулаплазмін, трансферын, фібрынаген, імунаглабуліны і інш.), бялкі сакрэтаў слізістых залоз (муцыны), апорных тканак (мукоіды), некаторыя ферменты (панкрэатычная рыбануклеаза Б), гармоны (эрытрапаэцын, тырэатрапін), структурныя бялкі клетачных мембран. Глікапратэіды клетачнай абалонкі ўдзельнічаюць у іонным абмене клеткі, імуналагічных рэакцыях, у з’явах міжклетачнай адгезіі і г.д. У крыві і тканках антарктычных рыб выяўлены глікапратэіды-антыфрызы, якія перашкаджаюць утварэнню крышталёў лёду ў арганізме рыб пры т-ры ніжэй за 0 °C.

т. 5, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ШАВІЦКІ КА́МЕНЬ З Я́МКАМІ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). За 1 км на Пн ад в. Пашавічы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл., каля воз. Дрысвяты. Валун сярэднезярністага граніту рапаківі з уключэннямі крышталёў палявога шпату. Даўж. 1,4 м, шыр. 1 м, выш. 0,4 м, у абводзе 4,3 м, аб’ём 0,3 м³, маса каля 0,8 т. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. гадоў назад з ПдУ Фінляндыі. Мае цэглападобную форму. На верхняй пляцоўцы захаваліся 11 выемак (глыб. да 3 см, у папярочніку да 5 см), якія высечаны чалавекам 2—2,5 тыс. гадоў назад. У старажытнасці меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дыхраі́зм

(ад гр. dichroos = двухколерны)

двухколернасць, уласцівасць некаторых крышталёў выяўляць розную афарбоўку ў залежнасці ад таго, у якім напрамку іх разглядаць; разнавіднасць плеахраізму.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

малеі́навы

(ад лац. malum = яблык)

звязаны з арганічнай кіслатой, якая ў форме бясколерных крышталёў выпрацоўваецца сінтэтычна і выкарыстоўваецца для сінтэзу розных хімічных злучэнняў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

шэелі́т

[ад шв. K. Scheele = прозвішча шв. хіміка (1742—1786)]

мінерал класа вальфраматаў і малібдатаў у выглядзе белых або шэрых крышталёў; руда вальфраму.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)