СФЕРАЛІ́Т (ад грэч. sphaira шар + lithos камень),

шарападобны агрэгат тонкіх ігольчатых крышталёў радыяльна-прамяністай будовы. Па паходжанні блізкія да канкрэцыйных утварэнняў (гл. Канкрэцыя). Трапляюцца ў магматычных і асадкавых горных пародах.

У магматычных пародах С. — эндагенныя кантактавыя ўтварэнні на краявых участках дыябазаў; у кіслых лавах — прадукты кансалідацыі пераважна ў шклістай масе пры яе застыванні; у асн. лавах (варыёлітах) наз. варыёлі. С. фарміруюцца таксама ў газавых пустотах цвёрдай пароды пры другасным выпадзенні цэалітаў, кварцу і інш. (т.зв. псеўдасфераліты). У асадкавых пародах трапляюцца С. карбанатныя, марганцава-жалезістыя, фасфатныя, халцэдонавыя і інш.

т. 15, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)