РАЦЭМА́ТЫ,
сумесі энатыямераў, якія не праяўляюць аптычнай актыўнасці. Існуюць у выглядзе рацэмічных сумесей крышт. энантыямераў (кангламерат — простая сумесь аптычных антыподаў, узятых у эквімалекулярнай колькасці) ці рацэмічных змешаных крышталёў, утвораных абодвума энантыямерамі (гл. Аптычная ізамерыя), і малекулярных злучэнняў (сапр. Р.), утварэнне якіх абумоўлена вадароднымі сувязямі, індукцыйным і дысперсійным узаемадзеяннямі. Атрымліваюць Р. пры хім. (неасім.) сінтэзе, а таксама пры рацэмізацыі — абарачальным узаемным ператварэнні энантыямераў, якое адбываецца звычайна не самаадвольна, а, напр., пад уздзеяннем кіслот, шчолачаў, пры павышэнні т-ры. Вылучэнне энантыямераў з іх рацэмічнай сумесі наз. расшчапленнем Р. (працэс адваротны рацэмізацыі).
т. 13, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)