ВЕГЕТАТЫ́ЎНАЕ РАЗМНАЖЭ́ННЕ,
утварэнне новага арганізма з часткі мацярынскага, адзін са спосабаў бясполага размнажэння. У жывёльных арганізмаў ажыццяўляецца пачкаваннем (губкі, кішачнаполасцевыя, некат. чэрві, імшанкі, абалоннікі) або дзяленнем (прасцейшыя, плоскія і кольчатыя чэрві), у ніжэйшых раслін (напр., у водарасцей) — часцей дзяленнем, радзей пачкаваннем (некат. сумчатыя грыбы, напр., дрожджы, некат. базідыяльныя грыбы), у ніжэйшых шматклетачных раслін — распаданнем цела на часткі, здольныя да рэгенерацыі. Вышэйшыя расліны могуць размнажацца карэнішчамі (шматгадовыя травы), чаранкамі (сцябловымі — агрэст, вярба, ружа, таполя; лісцевымі — бягонія, седум; каранёвымі — ажына, вішня, маліна, сліва), адводкамі (яблыня, груша, ягадныя культуры), цыбулінамі (цыбуля, часнок), клубнямі (бульба, тапінамбур) і інш. Вегетатыўнае размнажэнне мае шэраг пераваг перад палавым: лёгкасць размнажэння, хуткае развіццё і ранні пачатак плоданашэння, захаванне ў патомстве прыкмет і ўласцівасцей мацярынскай расліны. Выкарыстоўваецца ў пладаводстве, агародніцтве, лесаводстве.
т. 4, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРО́ЖДЖЫ,
група аднаклетачных мікраскапічных грыбоў, у якіх адсутнічае сапраўдны міцэлій. Вядома каля 500 відаў, што належаць да 3 класаў — аскаміцэты, базідыяльныя грыбы і недасканалыя грыбы (дэйтэраміцэты). Пашыраны ў глебе, прадуктах, у раслін, жывёл і чалавека. Клеткі Д. шарападобнай, авальнай або цыліндрычнай формы, бясколерныя ці пігментаваныя, нерухомыя, даўж. 5—10 мкм і больш. Размнажаюцца пераважна пачкаваннем, некат. віды — дзяленнем. Д. ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у глебе, фарміраванні яе структуры і ўрадлівасці. Многія выклікаюць спіртавое браджэнне. Багатыя бялком, вітамінамі групы B. Выкарыстоўваюцца ў вінаробстве, піваварэнні, хлебапячэнні, сельскай гаспадарцы (гл. Дрожджы кармавыя, Дражджавая вытворчасць) і інш.; піўныя Д. — у медыцыне пры гіпавітамінозе B1, парушэннях абмену рэчываў, фурункулёзе і інш. Патагенныя формы Д. выклікаюць хваробы чалавека і жывёл — бластамікозы, кандыдамікозы.
А.П.Красільнікаў.
т. 6, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
мікало́гія
(ад міка- + -логія)
раздзел батанікі, які вывучае грыбы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
чарві́вець, ‑ее; незак.
Станавіцца чарвівым. У гэтых лясах, здавалася, і ягады былі сакаўнейшыя, як дзе, і грыбы, здавалася, не чарвівелі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КСІЛАБІЁНТЫ [ад ксіла... + біёнт(ы)],
арганізмы, якія жывуць у драўніне. Найб. характэрныя прадстаўнікі — сярод насякомых (дрэвагрызы, караеды), грыбоў (дрэваразбуральныя і дрэвафарбавальныя грыбы). Пры пэўных умовах шкодзяць лясной гаспадарцы, драўляным пабудовам. Супраць К. апрацоўваюць драўніну антысептыкамі, інсектыцыдамі. Аздараўленню лесу ад шкодных відаў жывёльных К. спрыяюць насякомаедныя птушкі (асабліва дзятлы).
т. 8, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
засма́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.
Прыгатаваць для яды смажаннем. Засмажыць гусака. □ Антаніна Міхайлаўна засмажыла грыбы, шчодра заправіла іх смятанай. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дасалі́ць, ‑салю, ‑соліш, ‑соліць; заг. дасалі; зак., што.
Скончыць саленне чаго‑н., засаліць усё да канца. Дасаліць грыбы. // Пасаліць дадаткова. Дасаліць суп.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Варушкі ’вясеннія апенькі’ (Інстр. II); ’род грыбоў’ (Грыг.). Параўн. рус. дыял. (смал., пск.) вару́шки ’грыбы, роднасныя апенькам’. Здаецца, утварэнне ад слав. *variti ’варыць’, г. зн. першаснае значэнне ’грыбы, якія вараць, адварваюць’. Да гэтага параўн., напр., у Даля: отвару́хи ’маласольныя грыбы’, отвару́шка ’від грыбоў’. Далей, магчыма, сюды адносяцца і бел. гавару́шкі ’апенькі’, рус. говору́шки ’тс’, а таксама бел. авяру́шкі ’вясеннія апенькі’ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ва́ранкі ’вараныя грыбы’ (Мат. Гом.). Да ва́рань < варыць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
грыб, -а, мн. -ы́, -о́ў, м.
Асаблівы арганізм, які спалучае прыкметы раслін і жывёл, звычайна размнажаецца спорамі.
Ядавіты г.
Воўчыя грыбы.
○
Чайны грыб — плеўка з мікраарганізмаў на паверхні салодкага чайнага раствору.
|| памянш. грыбо́к, -бка́, мн. -бкі́, -бко́ў, м.
|| прым. грыбны́, -а́я, -о́е.
Грыбная пара.
Г. дождж.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)