лінія, якая ў кожным сваім пункце датыкаецца да адной лініі сям’і. Напр., усякая крывая з’яўляецца агінальнай для сям’і сваіх датычных; агінальная сям’і акружнасцяў аднолькавага радыуса R з цэнтрамі на адной прамой — пара прамых, кожная з якіх ляжыць на адлегласці R ад лініі цэнтраў (гл.рыс.). Ураўненне агінальнай сям’і ліній на плоскасці, якія вызначаюцца ўраўненнем 𝑓(x, y, C) = 0, можна знайсці з сістэмы 𝑓(x, y, C) = 0, 𝑓c (x, y, C) = 0 выключэннем параметра C пры ўмове, што 𝑓(x, y, C) мае неперарыўныя першыя частковыя вытворныя па ўсіх пераменных.
Агінальныя сям’і акружнасцяў з цэнтрамі на адной прамой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКЛІ́ЧНІК,
часціна мовы, якая аб’ядноўвае словы, што выражаюць пачуцці і пабуджэнні, але не называюць іх. Вызначаецца нязменнай формай, не мае самаст. лексічнага і граматычнага значэння, марфалагічна непадзельны, сінтаксічна не звязаны з членамі сказа, а адносіцца да зместу ўсяго сказа, напр.: «О, колькі песень з сэрца рвецца!» (Я.Купала).
У бел. мове сярод выклічнікаў выдзяляюцца: паводле структуры — простыя («а!», «ой!», «ух!», «эй!», «ого!»), састаўныя («вось яно што!», «да пабачэння!», «вось табе і на!»); паводле паходжання — невытворныя («э!», «ай!», «ох!», «но!», «гм!»), вытворныя («бацюхны!», «дудкі!», «айда!»); паводле значэння — эмацыянальныя («о!», «у!», «ах!», «эх!», «эге!»), імператыўныя («ша!», «ну!», «гэй!», «цыц!»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЗЕЛЬНАЕ ПА́ЛІВА,
вадкае паліва з нафты для дызеляў і газатурбінных установак; сумесь вуглевадародаў, якая мае да 4% прымесей (азот-, сера- ці кіслародзмяшчальныя вытворныя вуглевадародаў). Атрымліваюць дыстыляцыяй нафты. У вытв-сці Д.п. для быстраходных дызеляў выкарыстоўваюць газнагазойлевыя фракцыі (tкіп 180—360 °C, шчыльн. 790—860 кг/м³) з т-рай застывання ад -55 да -5 °C і згарання 35—61 °C, для ціхаходных — цяжкія вязкія фракцыі (tкіп 250—420 °C, шчыльн. 930 кг/м³) з т-рай застывання ад -5 да 10 °C і загарання 65—85 °C. Эксплуатацыйныя ўласцівасці (хуткае загаранне і павольнае гарэнне) характарызуюцца цэтанавым лікам (аптымальнае значэнне яго для Д.п. 45—60).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНІ́НЫ (ад грэч. kineō рухаю),
фізіялагічна актыўныя поліпептыды: брадыкінін, лізілбрадыкінін і метыяніллізілбрадыкінін. У жывёл утвараюцца ў плазме крыві ці міжклетачных прасторах пры расшчапленні неактыўнага папярэдніка — кінінагена. Рэгулююць мясц. крывацёк, абумоўліваюць скарачэнне гладкай мускулатуры органаў, бронхаў, кішэчніка, маткі, выклікаюць болевую рэакцыю. К. таксама тое, што цытакініны, гармоны раслін, вытворныя 6-амінапурыну (напр., зеацін). Прысутнічаюць у выглядзе свабодных асноў, рыбазідаў і рыбатыдаў. Сінтэзуюцца гал. чынам у мерыстэме кораня, паступаюць у парасткі, удзельнічаюць у рэгуляцыі абмену рэчываў у надземных органах: стымулююць рост клетак, сінтэз РНК і бялку, раскрыццё вусцейкаў і інш. Выкарыстоўваюцца ў эксперыментах; у практычных мэтах — для атрымання сартавых раслін метадам культуры тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫШ’ЯКАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у малекулах якіх ёсць сувязь мыш’як — вуглярод (As—C). Сінтэзаваны ў 1760 Л.Кадэ дэ Гасікурам.
Найпрасцейшыя М.з. — арганаарсіны з агульнай ф-лай RnAsH3-n (R — арган. радыкал, n=1—3) — вадкасці (метыларсін CH3AsH2 — газ), раствараюцца ў арган. растваральніках, устойлівыя пры награванні. З інш. М.з. найб. даследаваныя алкіл- і арыларсонавыя к-ты агульнай ф-лы RAs(O)(OH)2, крышт. рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе і этаноле. Выкарыстоўваюць М.з. як лек. сродкі (напр., асарсол 3-ацэтаміна-4-гідроксіфенілорсонавая к-та процісіфілісны сродак), рэагенты ў аналіт. хіміі. Многія М.з. і іх вытворныя атрутныя рэчывы (напр., адамсіт, люізіт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБЛІ́ЖАНАЕ ДЫФЕРЭНЦАВА́ННЕ,
знаходжанне вытворнай (або дыферэнцыяла) функцыі набліжанымі або лікавымі метадамі. Выкарыстоўваецца, калі метады дыферэнцыяльнага злічэння не прыдатныя (напр., функцыя зададзена таблічна) або выклікаюць значныя цяжкасці (напр., функцыя мае складаны аналітычны выраз).
Алгарытмы Н.д. часта выкарыстоўваюцца для апрацоўкі вынікаў эксперыментаў, якія маюць абмежаваную дакладнасць. У такіх выпадках патрабуецца іх папярэдняе згладжванне. Дакладнасць алгарытмаў, заснаваных на інтэрпаляцыйных формулах істотна залежыць ад спосабу інтэрпаляцыі і часам бывае вельмі нізкай нават для дастаткова гладкіх функцый і вял. ліку вузлавых пунктаў. Большую дакладнасць маюць алгарытмы, заснаваныя на сплайн-інтэрпаляцыі, дзе будуецца інтэрпаляцыйная формула (сплайн), якая мае неперарыўныя вытворныя зададзеных парадкаў на зададзеным адрэзку інтэрпаляцыі.
Пагроб, пагроп, пагробы ’грузд’ (Сл. ПЗБ). Рус.пск.подгреб ’тс’. Вытворныя ад паграбаць, падграбаць, таму што грузды звычайна растуць на тоўстай падсцілцы.