агляну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Паглядзець, павярнуўшы галаву назад; азірнуцца. Вольга Віктараўна ідзе борзда, ні разу назад не аглянулася. Лабановіч стаіць, пазірае ёй услед. Колас. // перан. Кінуць погляд на мінулае, каб даць яму новую ацэнку. Вялікі Кастрычнік даў магчымасць беларускім пісьменнікам аглянуцца з вышыні заваёў сацыялістычнай рэвалюцыі на мінулае свайго народа. Дзюбайла.

2. Паглядзець вакол сябе. Лясніцкі памаўчаў, аглянуўся навокал і панізіў голас. Шамякін.

3. Апамятацца, заўважыць, прыкмеціць. І дзядзька наш не аглянуўся, Як і яго людская хваля Нясла, бы шчэпку ў перавале. Колас.

•••

Не паспець аглянуцца, як... гл. паспець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прабра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; пр. прабраў, ‑брала; заг. прабяры; зак., каго-што.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аказаць моцнае ўздзеянне (пра холад, мароз). Пад раніцу нас прабраў холад. Пянкрат. / у безас. ужыв. Я рушыў да вогнішча. — Прабрала ж цябе, — ажыў Мікола: у яго быў сіплы голас. Чыгрынаў. // перан. Ахапіць, авалодаць. Цяпер толькі [апамяталася] дзяўчына, што нарабіла, і сполах дурны прабраў яе. Нікановіч.

2. Разм. перан. Зрабіць суровую вымову за што‑н., вылаяць. Прабралі адстаючых, потым гаварылі аб лепшых. Шынклер. Вольга Усцінаўна глядзела на мужа са страхам: яе абразіла зяцева бестактоўнасць, але прабраць яго не адважылася. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ві́ваўка ’івалга, Oriolus galbula L.’ (Маш.), роднасная да іншых фанетычных палескіх варыянтаў: йі́волга, вʼі́волʼга, і́велга, велʼга́ і інш. (Ніканчук, БЛ, 5, 65–67). Рус. и́волга ’жоўты дрозд, Oriolus galbula’, польск. wywielga, wywiłga, wywiełga, wywilga, wilga, wilgła, wywiołga, wywiga, wyliga, fiołga, ст.-польск. wilga ’івалга’, чэш., славац. vľha, vilha, славен. vólga ’тс’, серб.-харв. ву̏га ’рэмез’, балг. авлига ’івалга’, ст.-слав. влъга. Прасл. vьlga (Брукнер, 621) або vlʼga (Струтынскі, Nazwy ptaków, 90 і Ніч., Wybór pism, 2, 29). Мае і.-е. адпаведнікі (Махэк, ZfslPh, 20, 49; Мюленбах-Эндзелін, 4, 498; Эндзелін, IF, 33, 126; Фасмер, 2, 114). Бел. форма ўзнікла, відаць, з праформы (i)vl̯ga з цвёрдым якое перайшло ў ‑у‑. Канчатак ‑к‑a з’яўляецца інавацыяй: аналогіі да іншых назваў птушак, назоўнікаў жаночага роду з памяншальным суф. ‑к‑a, напр., бел. зязюлька, качка, укр. євка (< йова), польск. fijółka ’івалга’. Прычынай было незвычайнае (для славян) фанетычнае афармленне (магчыма, гэта іншамоўнае запазычанне ў прасл. мове), адсюль розная рэфлексацыя ‑і‑ і пазнейшыя прыстаўныя; параўн. палес. йі́вола, і́лова, і́вова, ві́лова, вʼійа, йімала, и​ыулʼга́, укр. вольга, єва, вивільга, вільга і інш. з перастаноўкай ці заменай зычных у аснове (е̂вола ⟷ ілова, г → д або г → к: укр. іговда, польск. wywiołda, wywielk). Да івалга (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сма́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., што і без дап.

1. Гатаваць на агні (мяса, рыбу, грыбы і пад.). Раскладалі вялікі агонь, на ражнах смажылі сала. Чарнышэвіч. Не паспела паказацца ў пакоі Вольга Сцяпанаўна, як Тарас Іванавіч закамандаваў: — Смаж яечню! Колас.

2. безас. Пра сухасць у роце, выкліканую смагай, жаданнем піць. Ад селядца смажыць. □ Смажыць. Даўно апаражнілі бутэлькі з вадой, што былі ў дзяўчат. Пташнікаў. На другім ад Ланска прыпынку.. [Мікалай] сказаў Данілу, што ідзе напіцца халоднай вады — смажыла надта пасля сала, — і выйшаў. Пальчэўскі.

3. Апякаць прамянямі, паліць (пра сонца). Сонца не пякло, а смажыла зямлю. Капыловіч. Калі ўспыхвае пунсовы ранак, сонца неміласэрна пачынае смажыць стэп. Лукша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ІПА́ТАВА (Вольга Міхайлаўна) (н. 1.1.1945, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1967). З 1965 у Гродзенскім гаркоме камсамола, на абл. студыі тэлебачання. У 1970—73 у газ. «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена». З 1985 гал. рэдактар літ.-драм. перадач Бел. тэлебачання, заг. аддзела, нам. гал. рэдактара час. «Спадчына». У 1991—96 рэдактар штотыднёвіка «Культура», з 1998 нам. старшыні Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1956. Паэзія (зб-кі «Раніца», 1969, «Ліпеньскія навальніцы», 1973, «Парасткі», 1976) шматгранная — ад пейзажнай і любоўнай лірыкі да публіцыст. вырашэння складаных праблем гіст. лёсу роднага народа. У апавяданнях і аповесцях (кн. «Вецер над стромай», 1977) «Дваццаць хвілін з Немезідай», 1981, «Перакат», 1984) узняты складаныя маральна-этычныя праблемы, пытанні сувязі моладзі з роднай зямлёй, пошуку месца ў жыцці. Распрацоўвае гіст. тэматыку: аповесць «Прадыслава» (1971; прысвечана Ефрасінні Полацкай), «За морам Хвалынскім» (1989, пра падарожжа і трагічны лёс палачаніна Алексы), «Чорная княгіня» (1989; пра трагедыю княгіні Лізаветы Астрожскай). Гіст. постаці Полацкага княства 11—13 ст., ВКЛ у 16 ст., Беларусі ў 19 ст. адлюстраваны ў аповесці «Агонь у жылах крэменю» (1989), апавяданнях («Набег», «Мара», «Святаслава», «Расанка», «Давыд Гарадзенскі», «Гайна і Мікаш», «Ваўкалакам абярнуся»). У рамане «Залатая жрыца Ашвінаў» (1997) рэстаўрыравала далёкую старонку бел. міфалагічнай мінуўшчыны — індаеўрап. карані беларусаў. Аўтар балад, нарысаў, п’ес, паэм, кніг вершаў для дзяцей. Выступае як крытык, публіцыст, перакладчык.

Тв.:

Паміж Масквой і Варшавай. Мн., 1996.

Літ.:

Бечик В. Обретение высоты // Неман. 1981. № 3;

Савік Л. Спасціжэнне чалавечнасці // Полымя. 1983. № 6;

Быкаў В. Праўдай адзінай. Мн., 1984.

І.У. Саламевіч.

В.М.Іпатава.

т. 7, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ШЧАНКА (Аляксандр Міхайлавіч) (13.5.1933, в. Белы Калодзеж Багучарскага р-на Варонежскай вобл., Расія — 11.11.1997),

бел. мастак. Нар. маст. Беларусі (1991). Скончыў Львоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1960). У 1963—70 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у манум. і станковым жывапісе, дэкар.-прыкладным мастацтве. Адыграў вял. ролю ў адраджэнні мастацтва габелена на Беларусі, заснаваў у ім манум.-дэкар. кірунак: «Чалавек пазнае свет» у холе гасцініцы «Турыст» (1970, з А.​Бельцюковай, Г.​Гаркуновым), «Раніца. Абуджэнне» (1972, з Бельцюковай), «Ленінізм» (1977) і «СССР. Этапы барацьбы і перамог» (1979, з М.​Савіцкім; Дзярж. прэмія Беларусі 1980) для канферэнц-залы ў будынку СМ Беларусі, габелен-заслона і 6 габеленаў («Беларусь», «Музыка», «Космас», «Рэвалюцыя», «Песняры», «Скарына») для фае Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі (1978—85), «Чарнобыль» для будынка ААН у Нью-Йорку, «Габелен стагоддзя» (1995, Дзярж. прэмія Беларусі 1996). Творчасці ўласцівы метафарычная сімволіка, філас. роздум над праблемамі жыцця і часу, жанравая і тэматычная разнастайнасць. Сярод манум.-дэкар. работ: размалёўка «Эстафета пакаленняў» (1973, з Савіцкім) у санаторыі «Беларусь» у Місхоры (Крым); мазаічныя кампазіцыі «Беларусь партызанская» на фасадзе гасцініцы «Турыст» (1973), 4 пано («Горад-воін», «Горад навукі», «Горад культуры», «Горад-будаўнік») на тарцах жылых дамоў у мікрараёне Усход 1 (1978, усе ў Мінску) і інш.; станковыя творы: «Дзяўчына са сланечнікам» (1968), «Старшыня. 1943» (1970), «Габеленшчыцы» (1975), «Уваскрэсенне» (1979), «Вольга» (1982), «На балконе» (1990), «Сляпы прарок» (1996) і інш. Іл. гл. таксама да арт. Беларусь.

Літ.:

Крепак Б.А. А.​Кищенко: Человек. Земля. Вселенная: [Альбом]. М., 1988.

Б.​В.​Шаранговіч.

А.М.Кішчанка.
А.Кішчанка. Габелен «Раніца. Абуджэнне». 1972 (з А.​Бельцюковай).

т. 8, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РХЕЛЬ (Таццяна Рыгораўна) (н. 19.1.1939, в. Шпакоўшчына Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1984). Скончыла Бел. театр.-маст. ін-т (1963). З 1963 у Гродзенскім, з 1967 у Магілёўскім абл. драм. т-рах, з 1970 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа, з 1987 у Т-ры-студыі кінаакцёра, з 1994 у Рэсп. т-ры бел. драматургіі. Характарная актрыса. Створаныя М. вобразы вылучаюцца лірызмам, дакладнасцю псіхалагічнага малюнка, пранікненнем у сутнасць нац. характару, мілагучнай мовай. Найб. значныя ролі: у т-ры імя Я.​Коласа — Маці і Ганна («Сымон-музыка» і «На дарозе жыцця» паводле Я.​Коласа), Вольга Усцінаўна («Снежныя зімы» паводле І.​Шамякіна), Бажашуткава («Амністыя» М.​Матукоўскага), Ганна («Вечар» А.​Дударава), Іхметава («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.​Дастаеўскага), пані Проціч («Доктар філасофіі» Б.​Нушыча); у Т-ры-студыі кінаакцёра — Батлейшчыца («Дзіця з Віфлеема» М.​Пінігіна паводле бел. нар. песень, запісаных М.); у т-ры бел. драматургіі — Магрэта («Паваліўся нехта» паводле У.​Галубка і Л.​Родзевіча), герцагіня Йоркская і Ведзьма («Рычард III» і «Макбет» У.​Шэкспіра), Гіра («Узлёт Артура VI, які можна было спыніць» Б.​Брэхта), Мірчуткіна («Шампань-скага!» паводле жартаў А.​Чэхава «Сватаўство», «Юбілей») і інш. Першая выканаўца партыі жаночага голасу ў 3-й сімфоніі «Белая вежа» А.​Янчанкі, а таксама бел. нар. песень у спектаклі «Сымон-музыка», тэлеспектаклі «Новая зямля», кінафільме «Людзі на балоце» і інш. Пранікнёнасць гучання голасу, свабодная імправізацыйная манера блізкія да народна-песеннай выканальніцкай традыцыі. Здымаецца ў кіно («Подых навальніцы», «Трэцяга не дадзена», «Кантрольная па спецыяльнасці», «Радаўніца», «Плач перапёлкі», «Маці Урагану», «Яўдоха» і інш.).

А.​В.​Скорабагатчанка.

Т.Р.Мархель.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́ЛАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС, Кёнігсбергскі летапіс,

помнік старажытнарускага летапісання, летапісны звод пач. 13 ст.; зместам блізкі да Лаўрэнцьеўскага летапісу. Складаецца з «Аповесці мінулых гадоў» і летапісу за 1112—1206, прысвечанага пераважна гісторыі Паўн.-Усх. Русі. Вядомы адзіны ілюстраваны спіс канца 15 ст., зроблены, напэўна, у Смаленску, у канцы яго змешчана «Хаджэнне Данііла ігумена...». У 16—1-й пал. 17 ст. рукапіс зберагаўся на Беларусі. Апошні ўладальнік Р.л. Багуслаў Радзівіл завяшчаў Кёнігсбергскай б-цы, куды рукапіс трапіў у 1671. З 1758 знаходзіцца ў Расіі. У летапісе шмат каштоўных звестак з гісторыі ўсх. славян эпохі ранняга сярэднявечча, якія за 9—11 ст. пададзены паводле летапісу Нестара, за 12 ст. — уладзімірскага летапіснага зводу пач. 13 ст. Пад 1128 змешчана аповесць пра Рагнеду Рагвалодаўну поўнай рэдакцыі, якая складзена, найб. верагодна, у Кіеве ў 2-й пал. 11 ст. паводле вуснага апавядання Яна Вышаты, прапраўнука Дабрыні (дзядзькі кн. Уладзіміра Святаславіча). Вялікую культ.-гіст. каштоўнасць маюць 617 каляровых мініяцюр, якія адлюстроўваюць розныя бакі жыцця (ваен. паходы і бітвы, паўстанні, нар. святы і абрады, паліт. дзейнасць князёў, розныя сцэны з выявамі помнікаў архітэктуры), матэрыяльную культуру (прадметы побыту, мэблю, адзенне, зброю і інш.) усх. славян, з’яўляюцца своеасаблівым маст. летапісам сярэднявечча. Шэраг мініяцюр звязаны з гісторыяй бел. зямель: «Рагнеда і Рагвалод», «Бітва на Нямізе», пра паланенне і вызваленне Усяслава Полацкага і інш. У некат. мініяцюрах адчуваецца ўплыў зах.-еўрап. традыцый. Рукапіс зберагаецца ў б-цы Расійскай АН у Санкт-Пецярбургу.

Літ.:

Полное собрание русских летописей. Т. 38. Радзивилловская летопись. Л., 1989;

Радзивилловская летопись: Факс. воспр. рукописи: Текст. Исслед. Описание миниатюр. СПб.;

М., 1994.

В.​А.​Чамярыцкі.

Вольга і Святаслаў. Малітва Вольгі. Мініяцюры з Радзівілаўскага летапісу.

т. 13, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

спец, ‑а, м.

Разм.

1. Прадстаўнік інтэлігентнай прафесіі, спецыяліст (ужывалася пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі да сярэдзіны 20‑х гадоў у адносінах да выхадцаў з непралетарскага асяроддзя). Турбіну манціравалі замежныя спецы. Гроднеў. Бацька, вялікі спец, інжынер, які прыехаў у Расію яшчэ да імперыялістычнай вайны і астаўся жыць пасля рэвалюцыі, хацеў, каб адзіная яго дачка стала ўрачом. Навуменка.

2. Вельмі дасведчаны ў чым‑н. чалавек, майстар сваёй справы. Прыходзіць, стомленая за дзень, мая суседка, кабардзінка з Нальчыка, спец па віну. Лось. [Іван:] — Як ты лічыш, хто нам соткі ўзарэ — баба, Вольга, Лявонка? А можа ты? Ты ж на ўсё спец. Паўлаў. // Іран. Лоўкі, хітры, пранырлівы чалавек. Тавару дастаць усякага .. [Віктар] спец. І ніколі не пратаргаваўся яшчэ. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нака́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. чаго. Наліць па каплі нейкую колькасць чаго‑н. Вольга Усцінаўна дрыготкімі рукамі накапала лекаў. Шамякін.

2. перан. Разм. Нагаварыць на каго‑н., данесці аб чым‑н. [Зіна:] — Брыгадзір накапаў. Падліза. У чалавека жонка хворая, спазніўся, ну я і не адзначыла ў табелі. Шыцік.

накапа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., што і чаго.

1. Капаючы, нарабіць паглыбленняў. Накапаць ям. Накапаць канаў. □ Уздоўж.. [тракту].. калгаснікі накапалі траншэяў, акопаў, і наша камандаванне сцягвала туды войскі. Чыгрынаў. // Капаючы, зрабіць што‑н. У цемры ночы невыразна чарнеў высокім хрыбтом ладны бруствер, які накапаў гэты баец. Быкаў.

2. Капаючы, здабыць нейкую колькасць чаго‑н. Накапаць мех бульбы. Накапаць пяску. □ [Лабановіч:] — Пойдзем у лес, накапаем дрэўцаў і пасадзім іх у ямкі, што вы сёння прыгатавалі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)