ныра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Поўнасцю апускацца ў ваду. Вада была ласкавая і мяккая, як шоўк, і хлопчыкі з асалодай ныралі і плавалі. Бяганская. Качкі збіліся ў шэры гурт, ныраюць, пераклікаюцца адна з адной. Лупсякоў.
2. Лётаючы ў паветры, крута і хутка апускацца ўніз. Дзед Антон стаяў ля сваёй хаты і бачыў, як.. [самалёты] з вышыні ныралі ўніз і сыпалі бомбы на варожыя войскі. М. Ткачоў. У небе бясконца ныраў уніз і зноў узмываў угору, заліваючы наваколле спевам, палявы жаўрук. Мыслівец.
3. перан. Разм. Хутка знікаць з вачэй, хаваючыся куды‑н. Шэсць чалавек ныраюць у лес і зараз жа знікаюць з вачэй. Колас. Ліхтар гасяць. Двое «шахцёраў» ныраюць у зеў падполля. Мікуліч. Коні сыходзяць з дарогі і разам з вазком ныраюць пад навіслыя галіны сосен і ялін. Лупсякоў. // Знікаць з вачэй і зноў з’яўляцца. Па небе павольна плыў няпоўны месяц, зрэдку ныраў за белаватыя воблакі. Шамякін.
4. У боксе — ухіляцца ад бакавых удараў праціўніка ў галаву.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
са́ла, ‑а, н.
1. Тлушчавае адкладанне ў целе жывёльнага арганізма. Так кормяць у нас багацейшыя гаспадары парсюкоў, калі хочуць нагадаваць тоўстае сала. Якімовіч.
2. Прадукт, што атрымліваецца з тлушчавага рэчыва, які ўжываецца для харчавання. Таня пакорпалася ў сваім кошыку і выцягнула кавалак сала, тоўстага, белага з тонкай жоўтай скуркай. Новікаў. // Растоплены тлушч; тук. Дзеля госця Марта напякла скавародку сала, і ўсе мачалі ў яго бульбу і елі ўрачыста, па-святочнаму. Брыль. Пэўна, у печы на вялізнай скаварадзе аржаныя бліны ў сале топяцца... Бядуля.
3. Змазачнае рэчыва мінеральнага або расліннага паходжання. Машыннае сала. Свечачнае сала.
4. Ледзяная кашка, якая ідзе па паверхні вады перад замярзаннем вадаёма. Аднойчы раніцай я выйшаў на палубу і ўбачыў, што ўсё мора пакрыта нібы рыбнай луской. Гэта быў малады, зусім дробны лядок, які на мове маракоў называецца салам. Бяганская. Сала па рацэ плыло. Густа-густа. А каля берагоў, гэтак на метр, лёд завязаўся. Шашкоў.
•••
Скурнае сала — тлушчавае рэчыва, якое выдзяляецца залозамі скуры.
Заліць за скуру сала гл. заліць 1.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хіста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. каго-што. Прыводзіць у хістальны рух; ківаць з боку ў бок. Парывісты моцны вецер хістаў і згінаў вяршаліны дрэў, шкуматаў густую лістоту. Бяганская. Хістае вецер спелае палессе, І хваля хвалю гоніць — не кране. Тарас. // безас. Кідаць з боку ў бок (пры хваробе, стомленасці і пад.). Ад стомы яе [Надзю] хістала, шумела ў галаве, натруджаныя пальцы зводзіла сутарга. Бураўкін. Ледзь дачакалася [Ніна] раніцы. Трэба ісці на работу, а галава як волавам налітая, хістае ў бакі. Лобан. // Ківаючы, рабіць хісткім; расхістваць. Маладая дужая рука хістала крыж. Пташнікаў.
2. чым. Рабіць хістальныя рухі чым‑н. На голых, спаленых дзялянках Хвоі хістаюць задымленым веццем. Куляшоў. Бор наш сумнай хістаў галавой. Броўка.
3. перан.; што. Рабіць няўстойлівым; падрываць. Хістаць аўтарытэт. □ Моладзь несла вялікія страты заўжды — Ад асілкаў з далёкіх паданняў, былін, Што мячом і шчытом нашых продкаў былі, Да паўстанцаў, што трон самаўладдзя хісталі І свой лёс — на падбрэхічаў лёс не змянялі. Грачанікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заве́сціся, ‑вядуся, ‑вядзешся, ‑вядзецца; ‑вядзёмся, ‑ведзяцеся; пр. завёўся, ‑вялася, ‑лося; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). З’явіцца, зрабіцца наяўным. Грошы завяліся. // Узнікнуўшы, распладзіцца, размножыцца. [Дзядуля] даглядае дрэўцы, абразае сухія галінкі, падвязвае маладыя парасткі вінаграду, сочыць, каб не завяліся ў садзе якія шкоднікі. Бяганская. // Арганізавацца, наладзіцца. — У нашым раёне яшчэ дзве трусіныя фермы завяліся. Адна — у «Партызане», а другая... у Пажарках. Ракітны.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Устанавіцца, пачацца. З першых дзён Зеленюковага прыезду ў Сівец у іх завялася з Віктарам цёплая дружба. Зарэцкі. Так завяліся ў містэра Лаяна шырокія сувязі як у дзелавым, так і ў афіцыйным свеце. Лынькоў.
3. Разм. Пачаць бойку, спрэчку і пад. з кім‑н. Сымон яшчэ змалку паказаў сваю злосць. Раз ён завёўся за нешта са сваёй сястрой Марцэляй. Колас. — Я сам злосны і, магчыма, бываю несправядлівы. .. Дык што ты, і мяне знішчыш? — горача насядаў Ходас на Косцю. — Завёўся ўжо! — папракнула яго Вера. Шамякін.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць дзейнічаць у выніку заводу 2 (у 1 знач.). Гадзіннік завёўся. Матор завёўся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
навалі́ць, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак.
1. што і чаго. Налажыць, узваліць што‑н. на каго‑, што‑н. Наваліць сучча на агонь. □ Паставілі [друкарскі станок] у кутку каля ложка, пакінулі на яго коўдру, зверху навалілі адзежы. Арабей. Назаўтра цэлы дзень балелі рукі, ныла спіна, нібы хто наваліў на яе цяжкі камень. Хадановіч. // перан. Ускласці на каго‑н. многа работы, абавязкаў. — Пшанічны! — паклікаў старшына. — Давай памагай. Што на аднаго хлопца наваліў столькі [работы]. Быкаў.
2. чаго. Налажыць, накідаць у беспарадку многа чаго‑н. Каля падвала навалілі нямала розных скрынак: відаць, усё з магазіна выкідвалі. Даніленка.
3. чаго. Нагрузіць, накласці многа чаго‑н. Наваліць воз дроў. Наваліць машыну зямлі.
4. звычайна безас. што і чаго. Нападаць у вялікай колькасці (пра лісце, снег і пад.). І хоць тут [у лесе] было зацішней, але снегу жваліла ў пояс, і быў ён жорсткі, [сынкі]. Лынькоў. Месцамі.. [пурга] наваліла высокія гурбы, а месцамі амаль да самай зямлі вылізала снег сваім калючым ледзяным языком. Бяганская.
5. безас. Прыйсці, сабрацца ў вялікай колькасці. На першы вечар народу наваліла поўная школа, нават месцаў не хапала. Колас.
6. чаго. Зрабіць, прыгатаваць шляхам валення ў вялікай колькасці. Наваліць валёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чай, ‑ю, м.
1. Высушаныя і асобым спосабам апрацаваныя лісты вечназялёнага чайнага дрэва, на якіх настойваюць духмяны напітак. Пачак чаю. □ Абсалям Чыка тлумачыць нам, як трэба гатаваць чай па-мараканску. У медны чайнік засыпаецца зялёны чай і кладзецца столькі цукру, колькі можа змясціцца ў чайніку. В. Вольскі. // Вечназялёная расліна, дрэва або куст, сямейства чайных, з лісця якой атрымліваюць духмяны напітак. Куст чаю.
2. Гарачы напітак, настоены на лісці гэтай расліны. Напіўшыся чаю, дзед сказаў: — А ты, сынку, што, вячэраць не будзеш? Якімовіч. Змітрок узяў шклянку і наліў з чайніка трохі чаю. Ваданосаў. // Настой на травах, карэннях, кветках і пад., які замяняе такі напітак. Знялі чайнік з агню і пачалі піць духмяны, завараны на .. ліпавым цвеце чай. Капыловіч.
3. Працэс піцця такога напітку. Пасля чаю мама пачала прасіць дзядулю расказаць нам аб яго мінулым жыцці. Бяганская.
•••
Зялёны чай — разнавіднасць чаю, які дае зеленавата-жоўты настой з моцным пахам і гаркавата-вяжучым смакам.
Адправіцца да святых на чай (чай піць) гл. адправіцца.
На чай — як узнагароду за дробныя паслугі (даць, атрымаць і пад.); чаявыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
со́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. сох, ‑ла; незак.
1. Рабіцца сухім, траціць вільгаць; высыхаць (пра што‑н. мокрае). Над палаткамі сохлі недаробленыя палазы. Чорны. Ля кастроў гаманілі вясёлыя хлопцы, сохла мокрая вопратка. Брыль. Увачавідкі сохне трава ў валках. Васілевіч. // Рабіцца занадта сухім, трацячы неабходную вільгаць; смагнуць. Нешта сціскала сэрца, у галаве стаяў сапраўдны тлум, ад смагі сохлі губы. Хадкевіч. Зямля пачала прыкметна параваць і сохнуць. Мележ. / у безас. ужыв. У горле сохне. // Рабіцца цвёрдым, трацячы вільгаць; засыхаць. Хлеб сохне. // Выпарацца, высыхаць (пра вадкасць, вільгаць). Раса на лузе сохне. / Пра вадаёмы. Рэчка сохне. Сажалка сохне.
2. Вянуць, гінуць (пра расліны). [Юрка:] — Мы з Наташай былі ў парку, што летась увосень пасадзілі камсамольцы. Дрэўцы сохнуць. Ніхто не налівае. Пяць таполяў зусім засохла... Бяганская.
3. перан. Разм. Худзець (ад хваробы, цяжкай працы, перажыванняў). На тутэйшай зямлі Дзве сястрыцы жылі, Як забытыя ў лесе, каліны; Жыватворных крыніц Не было для сястрыц, Яны вялі і сохлі націнай. Купала. Маці ўпотайкі выцірала слёзы, ёй здавалася, што Алёша ад працы сохне. Шамякін. // Пакутаваць ад кахання, ад гора. Сохнуць сэрцы ў разлуцы, у горы. Астрэйка. Патанцавалі вечар у школе, а праводзячы дадому, Аніс сказаў: — Даўно праз цябе сохну. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цьмя́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Ледзь прыкметы, ледзь бачны; няяркі (пра святло, агонь і пад.). Цьмяны агеньчык запалкі аблізаў па чарзе кожны з шнуроў. Лынькоў. Вечар поле цемраю ахутае, Цьмяны месяц прыплыве здалёк. Панчанка.
2. Цёмны, пацямнелы. Жаўранкі не баяцца такога дажджу, як сёння. Іх не відаць у цьмяным небе, а толькі песня звініць. Брыль. Мабыць,.. [жанчына] не спала ўжо некалькі начэй, — пра гэта сведчылі цьмяныя кругі пад вачыма. Васілёнак. // Без бляску, без выразнага колеру. [Андрэйка] ўзяў цьмяны каменьчык, пацёр яго аб шчаку, і той адразу нібы ажыў, заблішчаў. Бяганская. Калі на падаконніках і дзвярах фарба стала цьмянай, ёй можна надаць бляск. «Беларусь». // Невыразны, няясны. Цьмяны экземпляр машынапісу. □ З канверта вываліўся цьмяны здымак, зроблены фатографам-аматарам. Даніленка.
3. перан. Без бляску, невыразны (пра вочы, погляд). Вочы .. [маці] цьмяныя, калісьці шэрыя, ажыўляла прыкметная трывога і надзея. Мележ. Перад .. цьмяным, несвядомым позіркам [першабытнага чалавека] рассцілаліся тыя ж самыя голыя схілы скал. В. Вольскі.
4. перан. Без яснага, выразнага сэнсу; незразумелы. Цьмяная фармуліроўка. □ З далёкай Нямеччыны прыходзілі цьмяныя чуткі аб надыходзячай там рэвалюцыі. Лынькоў. // Ледзь улоўны, слабы; нязначны. Першы перавод прынёс у дом не толькі грошы, але і цьмяны пробліск надзеі. Пальчэўскі. Яшчэ здалёк Іна пазнала Артура, яе першае каханне, яе мару і цяперашнюю цьмяную надзею. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
злучы́ць 1, злучу, злучыш, злучыць; зак., каго-што.
1. Змацаваць адно з другім пры дапамозе чаго‑н., якім‑н. чынам. Злучыць канцы правадоў. // перан. Звязаць якімі‑н. адносінамі, пачуццямі і пад. [Паўлінка:] Калі, калі ўжо надыдзе тая часінка, што нас злучаць навекі, і мы ўжо ніколі не расстанемся? Купала. — Ты — мой любы і жаданы, і я мой лёс злучу з табой. Машара.
2. Устанавіць зносіны, сувязь з чым‑н., паміж чым‑н. Злучыць новыя гарады чыгункай. Злучыць сельсаветы тэлеграфнай сувяззю. □ Каналамі злучылі мора з морам, Стан Волга абняла Масквы-ракі... Купала. // Зрабіцца сродкам зносін, сувязі паміж чым‑н. І мост над глыбокай ракою Падняўся, што выгіб дугі, Навекі злучыў між сабою Крутыя яе берагі. Калачынскі. // Падключыць нумар абанента для тэлефонных перагавораў. [Кісель] прайшоў у кабінет Яўгена Данілавіча і папрасіў тэлефаністку пошты злучыць яго з кватэрай. Паслядовіч. [Камісараў:] Зараз жа злучыце мяне з тэлеграфам. Маўзон.
3. Сабраць разам, аб’яднаць; утварыць адно цэлае. — Паўстань, народ, глучы ўсе сілы Супроць тэўтонскае арды. Колас. [Трактар] выйшаў на зарэчныя палі, каб заараць усе межы і ўсе палеткі злучыць у адно шырокае калгаснае поле. Бяганская.
4. Прывесці ў хімічнае ўзаемадзеянне. Злучыць вадарод з кіслародам.
5. Звязаць, спалучыць. Злучыць тэорыю з практыкай.
злучы́ць 2, злучу, злучыш, злучыць; зак., каго.
Звесці самку і самца для палавога акта з мэтай атрымання прыплоду.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
салёны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўтрымлівае ў сабе соль, насычаны соллю (пра вадаёмы) і проціл. прэсны. Салёнае мора. Салёнае возера. □ Увесь час пытай зямлю, чаго яна хоча: кіслага ці салёнага? Кулакоўскі. // Якому ўласцівы спецыфічны смак солі (пра вільгаць). Салёныя пырскі. □ У салёнай белай пене Шэпты галькі навакол, Бы Манахава маленне Ціха падае на дол. Крапіва. Хвалі салёныя — чыстыя слёзы, Мо ў твае рэчкі плакалі лозы? Кавалюк. / Пра паветра, вецер. Салёны вільготны вецер дзьмуў.. [хлопчыкам] у твар, свістаў ля вушэй, упіраўся ў грудзі. Бяганская.
2. Прыпраўлены соллю, занадта пасолены. Салёная страва. Салёная зацірка. □ Навечна будзь благаславёны, Запрацаваны ў поце хлеб — Не квашаны і не салёны, Для важных спечаны патрэб! Глебка. / Пра смак крыві, слёз, поту. Салёны пот. □ Мірошкін адчуў салёны смак у роце і зразумеў, што гэта слёзы Галі — апошняе адчуванне, звязанае з гэтай прыгожай, каханай дзяўчынай. Пятніцкі. / у перан. ужыв. Развітаўся з салёнаю службай марской, Месцам вахты працоўнай Стаў ціхі пакой. Жычка.
3. Прыгатаваны ў запас з соллю, у салёным растворы (пра харчовыя прадукты). Салёная рыба. Салёныя агуркі. □ Грыбную ікру можна прыгатаваць з сушаных або салёных грыбоў. «Звязда».
4. перан. Разм. Дасціпны да рэзкасці, непрыстойнасці. Салёнае слоўца. Салёны анекдот. □ Пры рабоце адпускалася многа жартаў, салёных і смешных. Лужанін. Размаўлялі .. [рыбакі] паміж сабой вольна, нярэдка перасыпаючы гаворку салёнымі слоўцамі. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)