ДЫЗЕНТЭРЫ́Я (ад дыз... + грэч. enteron кішка),

крываўка, эпідэмічная хвароба з групы кішачных. Узбуджальнік Д. ў чалавека — дызентэрыйныя бактэрыі (самы пашыраны від Флекснера і Зоне). Крыніца інфекцыі — хворыя на Д. і бактэрыяносьбіты. Пашырэнню Д. спрыяюць мухі, парушэнне асабістай гігіены і сан. стану ўстаноў водазабеспячэння і харч. прадпрыемстваў. З харч. прадуктамі і вадой бактэрыі трапляюць у страўнікава-кішачны тракт і выклікаюць спецыфічнае запаленне язваў на слізістай абалонцы тоўстага кішэчніка.

Інкубацыйны перыяд 2—3, часцей 3—7 дзён. Вострая Д. пачынаецца з павышэння т-ры (37—38 °C), агульнай млявасці, дрэннага апетыту, схваткападобнага болю ў ніжняй ч. жывата, вадкага (з крывёю і сліззю) і частага (5—10 разоў у суткі) надворку. У апошні час амаль у 80% хворых Д. бывае са слабымі клінічнымі прыкметамі. Цяжкая форма вострай Д.: высокая ліхаманка, ці гіпатэрмія, часты (30—40 разоў у суткі) надворак і інш. — трапляецца рэдка. Хранічная Д. перыядычна абвастраецца. Лячэнне: шпіталізацыя, лячэбнае харчаванне, антыбіётыкі, аральная дэгідратацыя салявымі растворамі.

Сярод с.-т. жывёл на Д. хварэюць ягняты і парасяты. Заражэнне адбываецца праз корм, пітную ваду і подсціл, забруджаныя выдзяленнямі хворых жывёл і бактэрыяносьбітаў.

П.​Л.​Новікаў.

т. 6, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОМАСЕКСУАЛІ́ЗМ (ад гома... + лац. sexualis палавы),

сексуальная інверсія, гомаэратызм, сексуальнае адхіленне, якое характарызуецца палавой схільнасцю да асоб свайго полу. Вядомы са старажытнасці. Сюжэты на гэту тэму трапляюцца на наскальных відарысах каменнага веку. Пашыранасць гомасексуалізму ў свеце вагаецца сярод мужчын ад 1 да 4%, у жанчын ад 1 да 3%. Пры мужчынскім гомасексуалізме задавальненне палавой цягі ажыццяўляецца рознымі шляхамі, у т. л. праз увядзенне палавога члена ў задні праход партнёра (педэрастыя), пры жаночым гомасексуалізме (гл. Лесбіянства) — шляхам узбуджэння палавых органаў рознымі часткамі цела партнёршы або шляхам імітацыі палавога акта. Гомасексуалізм можа быць пастаянны або часовы. На фарміраванне гомасексуалізму ўплываюць генетычныя фактары і асаблівасці індывід. развіцця.

Гомасексуалізм асуджаўся грамадствам ва ўсе часы. Адмоўныя адносіны да гомасексуалізму ўзмацніліся з пераходам да хрысціянства. У сярэднявеччы гомасексуалізм праследаваўся законам, царквой, інквізіцыяй. У наш час гомасексуалізм небяспечны ў сувязі з пашырэннем СНІДу, адной з крыніц якога з’яўляюцца гомасексуальныя кантакты. Сучасныя навук. ўяўленні зыходзяць з таго, што гомасексуалізм — толькі інш. сексуальная арыентацыя (не хвароба ці ненармальнасць). У шэрагу краін Амерыкі і Еўропы пачаліся працэсы легалізацыі гомасексуалізму. Прафілактыка гомасексуалізму заключаецца найперш у правільным гігіенічным і палавым выхаванні, фарміраванні ў дзіцяці адпаведных паларолевых паводзін і арыентацый.

т. 5, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОЧАВЫДЗЯЛЯ́ЛЬНАЙ СІСТЭ́МЫ ХВАРО́БЫ,

хваробы нырак, мачаточнікаў, мачавога пузыра, мочаспускальнага канала ў чалавека і жывёл. Бываюць прыроджаныя, набытыя, вострыя і хранічныя. У норме функцыі органаў мочавыдзяляльнай сістэмы ўзаемазвязаны, і хвароба аднаго з іх вядзе да функцыян. парушэнняў інш. органаў. Вял. група хвароб уключае заганы (анамаліі) развіцця органаў мочавыдзяляльнай сістэмы (гідранефроз, падваенне нырак, мачаточнікаў і мочаспускальнага канала, прыроджаныя звужэнні мочаспускальнага канала і інш.). Найб. пашырана група запаленчых хвароб: запаленне ныркі (нефрыт), ныркі і нырачнай лаханкі (піеланефрыт), розныя формы запалення мачавога пузыра (цыстыты), мочаспускальнага канала (урэтрыт). Да спецыфічных запаленчых хвароб адносіцца туберкулёз нырак, пры якім пашкоджваюцца мачаточнікі і мачавы пузыр. Пры мочакамянёвай хваробе нырак камяні могуць мігрыраваць у мачаточнікі і выклікаць нырачную коліку, выходзіць у мачавы пузыр і па мочаспускальным канале — вонкі, што таксама суправаджаецца рэзкімі болямі, затрымкай мачы. Разрастанне камянёў у мачавым пузыры выклікае неабходнасць іх хірург. выдалення. Да М.с.х. належаць дабраякасныя пухліны нырак (ангіёмы, ліпомы, міёмы і інш.) і злаякасныя (нырачна-клетачны рак, папілярныя пухліны нырачных лаханак), якія могуць пашкоджваць таксама мачаточнікі і мачавы пузыр. Рак мочаспускальнага канала сустракаецца значна радзей. Да М.с.х. адносіцца і апушчэнне нырак (нефраптоз), пашкоджанні органаў мочавыдзяляльнай сістэмы. Лячэнне залежыць ад дыягназу.

М.​І.​Доста.

т. 10, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ЦКІ (Яўген Аляксандравіч) (15.3.1868, Мінск — 7.7.1942),

даследчык бел. фальклору і этнаграфіі, гісторык рус. л-ры. Скончыў Маскоўскі ун-т (1893). Удзельнічаў у фалькл. экспедыцыях на Пн Расіі, у Паволжа, Літву, на Беларусь (Палессе) і інш. Пасля Кастр. рэвалюцыі жыў у Празе, выкладаў у Карлавым ун-це. Збіраў і даследаваў бел. фальклор, нар. міфалогію: арт. «Уяўленні беларуса пра нячыстую сілу» (1890), «Хвароба і смерць ва ўяўленнях беларусаў» (1892) і інш. ў час. «Этнографическое обозрение». Аўтар даследаванняў пра стараж. пісьменнасць і «Слова аб палку Ігаравым», пра А.​Пушкіна, Л.​Талстога, Ф.​Дастаеўскага, І.​Ганчарова, А.​Чэхава, М.​Горкага і інш., рэцэнзій на працы М.​Доўнар-Запольскага, М.​Нікіфароўскага і інш. У 1927—28 у чэш. час. «Slavia» апублікаваў цыкл арт. «Нататкі па беларусазнаўству», у італьян. час. «Rivista de letterature slave» («Часопіс славянскай літаратуры», 1927) — арт. пра творчасць Я.​Коласа.

Тв.:

Несколько замечаний к вопросу о пословицах и поговорках. [Ч.] 1—5. СПб., 1897;

Материалы для изучения творчества и быта белорусов: Пословицы, поговорки, загадки. М., 1898;

Материалы по белорусской словесности и языку // Изв. Отд-ния рус. языка и словесности имп. Академии наук. 1904. Т. 9, кн. 4.

І.​К.​Цішчанка.

Я.А.Ляцкі.

т. 9, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Жубрава́ць ’доўга старанна працаваць’, ’выпрошваць’ (Юрч.). Польск. żubrować ’ачышчаць збожжа ад восцей, прапускаючы яго праз спецыяльны апарат żubrównik’. Першае бел. значэнне магчыма тлумачыць як развіццё запазычанага польск., другое адлюстроўвае гукавую змену жабраваць (гл. жабра́к). Але і першае магло ўзнікнуць непасрэдна на бел. глебе ў выніку семантычнага развіцця паводле мадэлі ’выпрошваць’ > ’пакутаваць’ > ’цяжка працаваць’ (параўн. слав. trǫdъхвароба’ > ’праца’). У сувязі з другім значэннем параўн. яшчэ серб.-харв. жу̏борити ’рабіць лёгкі шум’, балг. дыял. жуборя ’шумець’, макед. жубори ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́мжа ’пахмурнае, імглістае надвор’е’ (Гарэц., Др.-Падб.), ’пошасць, напасць’ (Касп., Нік. Очерки). Рус. смал. памжа ’надвор’е (звычайна дрэннае)’, цвяр. ’санлівасць, дрымота’, пск., паўдн. ’бяда, напасць; хвароба, смерць; аб чым-н. кіслым; лаянк. чорт; аб няўдачніку’. У сувязі з апошнімі рус. значэннямі, магчыма, сюды ж адносіцца і славен. pamž, pamža ’крыкун, крыклівае дзіця’, але гэта няпэўна. Аддзеяслоўны дэрыват з суф. -а ад *памжыць < мжыць (гл.). Паколькі прымыкае да рус. моўнай тэрыторыі, магчыма, і пранікненне з рус. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пралес: шкіра ў лес, на пралес, здароўе ў хаце, хвароба ў лес (Шн. 3), пралес ’пералесак’ (Нікан.). Прыназоўнік на (пралес) у прыкладзе з Шэйка, як быццам бы, сведчыць аб тым, што значэнне тут ’нейкае месца ў лесе’, магчыма, ’прагаліна, паляна’ (параўн. значэнні пралесак). Тады пралес — дэрыват ад пра- (< пера‑? гл.) і лес, у адрозненне ад укр. праліс, польск. prałs і чэш. prales ’некрануты, даўні лес’, якія ад пра- і лес (параўн. Банькоўскі, 2, 756). Параўн. пра́мара.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сап1 ’заразная хвароба коней і іншых непарнакапытных, якая небяспечна і для людзей’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ). Укр., рус. сап ’тс’, польск. дыял. sapa ’катар носу, насмарк’, sapy ’сап’. Звязана чаргаваннем галосных з *sopeti (гл. сапсці́), гл. Фасмер, 3, 558; Брукнер, 481.

Сап2 ’багна’, ’нізкае месца’ (Сл. ПЗБ). Этымалагічна тое ж, што і сап1; назва па гуку, які робіць багна, калі па ёй ідуць. Значэнне развілося, відаць, пад польскім уплывам, параўн. польск. sapowisko ’багно’ ад sapać ’сапсці’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тэ́танус

(лац. tetanus, ад гр. tetanos = напружанне, сутарга)

1) працяглае скарачэнне мышцаў чалавека і жывёл пад уздзеяннем рада частых раздражненняў;

2) вострая інфекцыйная хвароба чалавека і жывёл, выкліканая слупняковай палачкай; слупняк.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ша́нкер

(фр. chancre, ад лац. cancer = рак)

інфекцыйная венерычная хвароба, якая суправаджаецца з’яўленнем язваў на месцы заражэння;

цвёрды ш. — першае бачнае праяўленне захворвання сіфілісам;

мяккі ш. — самастойнае венерычнае захворванне, выкліканае стрэптабацылай.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)