міжнародны орган у складзе міністраў замежных спраў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Кітая, які існаваў пасля 2-йсусв. вайны «для правядзення неабходнай падрыхтоўчай працы па мірным урэгуляванні». Засн. паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945. За час існавання Савета адбылося 6 яго сесій: 1-я 11.9—2.10.1945 у Лондане, 2-я 25.4—16.5 і 15.6—12.7.1946 у Парыжы, 3-я 4.11—12.12.1946 у Нью-Йорку, 4-я 10.3—24.4.1947 у Маскве, 5-я 25.11—15.12.1947 у Лондане, 6-я 23.5—20.6.1949 у Парыжы. Да 1947 правёў значную работу па выпрацоўцы праектаў мірных дагавораў з краінамі, што ўдзельнічалі ў 2-йсусв. вайне на баку нацысцкай Германіі — Італіяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй і Фінляндыяй (гл.Парыжскія мірныя дагаворы 1947). Аднак з-за рознагалоссяў бакоў не ўдалося падрыхтаваць праекты мірных дагавораў з Германіяй і Японіяй. Разглядаў і справы, перададзеныя яму па ўзгадненні паміж урадамі — членамі Савета (пытанні пра спагнанне рэпарацый з Германіі, пра перамешчаных асоб, пра дату склікання і працэдуру працы Парыжскай мірнай канферэнцыі 1946 і інш.). Спыніў дзейнасць у 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕН-ЖЭРМЕ́НСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1919,
адзін з дагавораў, падпісаны дзяржавамі-пераможцамі (ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй, Італіяй, Японіяй і інш.) у 1-йсусв. вайне 1914—18 з Аўстрыяй 10 вер. ў г. Сен-Жэрмен-ан-Ле (каля Парыжа). Дагавор зафіксаваў распад Аўстра-Венгерскай імперыі пасля паражэння ў вайне і стварэнне на яе тэр. шэрагу самастойных дзяржаў: Аўстрыйскай рэспублікі, Венгрыі, Чэхаславакіі і Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславія). Паводле дагавора Аўстрыі забаронена мець ваен. авіяцыю і ваен. флот, аб’яднанне з Германіяй; армія абмяжоўвалася колькасцю ў 30 тыс.чал. Аўстрыя абавязалася выплачваць рэпарацыі. Частка зямель імперыі перададзена Італіі (Паўд. Ціроль). Паўн. Букавіна — Румыніі, Закарпацце — Чэхаславакіі. С.-Ж.м.д. адлюстраваў змены ў Еўропе, што адбыліся ў выніку распаду Аўстра-Венгрыі. Разам з тым яго ўмовы, навязаныя дзяржавамі Антанты, стваралі падставы для міжнар. і міжнац. канфліктаў. Аншлюс Аўстрыі ў 1938 і інш. акты фаш. агрэсіі напярэдадні і ў час 2-йсусв. вайны 1939—45 азначалі гвалтоўную ліквідацыю ўмоў С.-Ж.м.д. і звязаных з ім інш. дагавораў Версальска-Вашынгтонскай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ЛІК-САРНО́ЎСКІ (Sulik-Sarnowski) Нікадзім (15.8.1893, в. Каменна-Стара Саколкаўскага пав. Гродзенскай губ., цяпер у Падляскім ваяв. Польшчы — 14.1.1954),
польскі ваен. дзеяч бел. паходжання. Ген. брыгады (1942). У час вучобы ў Пецярбургскай духоўнай семінарыі ўваходзіў у бел.нац. гурток. У 1-ю сусв. вайну на Валыні і Рум. фронце. З 1918 на камандных пасадах у Войску Польскім. У 1919—20 у І-йлітоўска-беларускай дывізіі. Удзельнік абарончай вайны Польшчы супраць фаш. Германіі ў вер. 1939. У 1939—41 у падп. Саюзе ўзбр. барацьбы ў Варшаве, потым у Вільні. У крас. 1941 арыштаваны органамі НКУС, у жн. вызвалены паводле савецка-польскага пагаднення 1941. З сак. 1942 у польскай Андэрса арміі, з крас. 1942 камандзір 5-й крэсавай дывізіі пяхоты, каля палавіны вайскоўцаў якой складалі беларусы і ўраджэнцы Зах. Беларусі. Удзельнічаў у Італьянскай кампаніі 1943—45. Станоўча ставіўся да бел. руху ў польскай арміі. З 1946 жыў у Вялікабрытаніі, дзе і памёр. У вер. 1993 перапахаваны на радзіме.
Тв.:
Okruchy wspomnień. Białystok, 1993.
Літ.:
Весялкоўскі Ю. Няясна мроіліся новыя дарогі. Лондан, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРА́Н,
прыём, які выкарыстоўваўся ў паветр., танк. і марскім баях. Паветр. Т. — удар фюзеляжам, крылом або лопасцямі вінта самалёта ў паветр. баі па самалёце праціўніка. Першы паветр. Т. здзейсніў рас. лётчык П.М.Несцераў у 1-ю сусв. вайну. У першы дзень Вял.Айч. вайны лётчык-знішчальнік П.С.Рабцаў тараніў ням. самалёт у небе над Брэстам. Начны Т. упершыню здзейсніў лётчык-знішчальнік В.В.Талаліхін на подступах да Масквы (жн. 1941). Беларус Б.І.Коўзан стаў адзіным у свеце лётчыкам, які тараніў 4 самалёты праціўніка. У гады 2-йсусв. вайны лётчыкі наносілі таксама таранныя ўдары па варожых караблях, калонах з тэхнікай (напр., подзвіг экіпажа самалёта М.Ф.Гастэлы і інш.). Танкавы Т. — удар корпусам танка па борце або карме танка (бронемашыны) праціўніка. Прымяняўся ў выключных выпадках, калі не было магчымасці інш. спосабам знішчыць танк праціўніка. Марскі Т. (таранны ўдар) — удар спец. выступам насавой падводнай часткі карабля (таранам) у борт варожага карабля з мэтай яго затаплення. Выкарыстоўваўся ў вяслярным, ветразева-вяслярным, пазней (у 2-йпал. 19 ст.) у браняносным флоце; у 20 ст. — зрэдку надводнымі караблямі супраць падводных лодак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУ́МЭН (Truman) Гары Спенсер (8.5.1884, Ламар, штат Місуры, ЗША — 26.12.1972),
палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Быў клеркам, бухгалтарам, фермерам, саўладальнікам магазіна. Удзельнік 1-йсусв. вайны на тэр. Францыі, капітан. Пасля вайны чл.Дэмакр. партыі. З 1926 старшыня акруговага суда ў штаце Місуры.
З 1934 сенатар ад гэтага штата. Са студз. 1945 віцэ-прэзідэнт ЗША у адміністрацыі Ф.Д.Рузвельта, пасля яго смерці прэзідэнт краіны ад Дэмакр. партыі (1945—53; выбраны ў 1948). Урад Т. з 1946 канфрантаваў з пануючымі ў кангрэсе ЗША прадстаўнікамі Рэсп. партыі, з 1949 працягваў рэформы ў духу «новага курсу» Рузвельта, але абмяжоўваў дзейнасць прафсаюзаў паводле Тафта—Хартлі закона. У час Патсдамскай канферэнцыі 1945 Т. загадаў скінуць ядз. бомбы на яп. гарады Хірасіму і Нагасакі (6 і 9.8.1945). Пасля 2-йсусв. вайны імкнуўся процідзейнічаць пашырэнню сферы ўплыву СССР у свеце, дзеля чаго былі прыняты Трумэна дактрына і Маршала план, засн.Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне і Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавора, войскі ЗША удзельнічалі ў карэйскай вайне 1950—53. Аўтар мемуараў.
Літ.:
Маныкин А.С. «Эра демократов»: партийная перегруппировка в США. 1933—1952. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРЭ́ЦКА-НАЛІБОЦКАЕ ШКЛО,
мастацкія вырабы са шкла, створаныя на Урэцкай шкляной мануфактуры і Налібоцкай шкляной мануфактуры ў 1-йпал. 18 ст. — 1860-я г. Пераважна гэта посуд з каляровага, бясколернага і малочнага шкла і хрусталю (келіхі, бакалы, кілішкі, наборы для напіткаў, збаны, бутлі, бутлікі, пляшкі, кварты, посуд у форме булавы, усечанага конуса, цюльпана і інш.), а таксама люстраныя насценныя рэфлектары, жырандолі, свечачнікі, кандэлябры, дробная пластыка для аздобы вырабаў, флаконы для парфумерыі, аптэчны посуд. Вырабы аздаблялі граненнем («у брыльянт», «у карпаву луску», «у паскі»), гравіроўкай, гарэльефнай разьбой, размалёўкай плацінай, золатам, серабром і фарбамі, упрыгожвалі накладнымі медальёнамі. Гравіраваныя кампазіцыі 1-йпал. 18 ст. — геральдычныя і фігуратыўныя, партрэтныя выявы каралёў і асоб княжацкіх родаў, у сярэдзіне 18—19 ст. — надпісы фалькл. характару, геам. і расл. арнамент, букеты кветак, вінаградная лаза, сельскія і арх. пейзажы, выявы жывёл, міфалагічных і жанрава-быт. сцэн.
Літ.:
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;
Яе ж. Беларускае мастацкае шкло, XIX — пачатак XX ст.Мн., 1984;
Buczkowski K. Dawne szkła artystyczne w Polsce. Kraków. 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСВЕ́ЙКА.
Усвіж-Бук, Альшанка, рака ў Талачынскім і Чашніцкім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р. Ула (бас.р.Зах. Дзвіна). Даўж. 116 км, пл. вадазбору 708 км². Пачынаецца за 400 м на У ад в. Курчэўская Усвейка Талачынскага р-на. Цячэ па Аршанскім узв. і Чашніцкай раўніне, вусце за 2 км на ПдУ ад г. Чашнікі. Асн. прыток — Чарвінка (справа). Даліна трапецападобная, шыр. ў верхнім цячэнні да 300 м, найб. 1—1,5 км, схілы сярэдне стромкія, выш. 10—20 м. Пойма двухбаковая (шыр. 200—300 м), у ніжнім цячэнні зліваецца з балотамі. Рэчышча ў сярэднім і ніжнім цячэнні звілістае і моцназвілістае, у ніжнім цячэнні на працягу 28 км каналізаванае; шыр. 2—5 м, у сярэднім і ніжнім цячэнні 6—10 м, у вусці да 28 м. Берагі стромкія. выш. 2—4 м, месцамі 8—10 м. Ледастаў ад сярэдзіны снеж. да канца сакавіка. Разводдзе з 3-й дэкады сак. да 3-й дэкады мая. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 68% гадавога сцёку. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,5 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. вод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯКУ́ЦКАЯ МО́ВА,
мова якутаў, адна з цюркскіх моў (усх. галіна, уйгура-агузская група). Пашырана ў Рэспубліцы Саха (Якуція), часткова ў Амурскай, Магаданскай, Сахалінскай абл., Таймырскай і Эвенкійскай аўт. акругах Расіі. Вылучаюць 4 групы гаворак: цэнтр., вілюйская, паўн.-зах., таймырская. Я.м. ўласцівы: у фанетыцы — паслядоўны сінгарманізм; у марфалогіі — аглюцінацыя, выкарыстанне асабовых займеннікаў 1-й і 2-й асобы адз. л. толькі ў асн. склоне, існаванне (акрамя 6 асн. склонаў, агульных з інш.цюрк. мовамі) прыватнага, творнага, сумеснага, вінавальнага зборнага і 2 параўнальных склонаў; сінтаксіс пераважна тыпова цюркскі; у лексіцы шмат запазычанняў з манг., эвенкійскай і рус. моў. Першы тэкст на Я.м. (пераклады малітвы) выдадзены ў 1705 у Амстэрдаме. Агульнанар. пісьменнасць з 1922 (алфавіт С.А.Наўгародава), з 1929 алфавіт заменены на лацінку, з 1939 — на аснове рус. графікі. Літ. мова развілася на базе размоўнай мовы цэнтр. раёнаў Якуціі. Адзін з аўтараў «Слоўніка якуцкай мовы» (вып. 1—13, 1907—30) — Э.К.Пякарскі.
Літ.:
Убрятова Е.И. Якутский язык // Языки народов СССР. М., 1966. Т. 2;
Дьячковский Н.Д. Звуковой строй якутского языка. Ч. 1—2. Якутск, 1971—77.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКУ́ЛІЧ (імя невядома),
бел. пісьменнік-палеміст 1-й трэці 17 ст. Належаў да уніяцкага брацтва Св. Тройцы ў Вільні. У 1630 выдаў у Святатроіцкай друкарні «Сняданак віленскім брацкім схізматыкам...», напісаны адразу пасля Львоўскага сабора 1629. У ім М. адлюстраваў складаную рэліг.-дзярж. сітуацыю ў 1-й трэці 17 ст., калі «грэчаскае» набажэнства Русі было падзелена на тры часткі (віленскія і кіеўскія русіны грэч. абраду, што падпарадкоўваліся канстанцінопальскаму патрыярху, русіны, якія знаходзіліся ў адзінстве з рымска-каталіцкім касцёлам, — рымскаму папу). М. лічыў, што ўсе правы і прывілеі, дадзеныя праваслаўным у папярэднім стагоддзі, законна належаць уніятам, а тыя, хто прызнае духоўную ўладу канстанцінопальскага патрыярха, знаходзяцца па-за законам у дзяржаве. Правасл. выданні, у т. л. творы М.Сматрыцкага і Л.Карповіча, лічыў ератычнымі; сцвярджаў, што яны спрыялі бунтам і непаслушэнству прастакоў, што з-за іх быў забіты уніяцкі архіепіскап І.Кунцэвіч, прыняў пакутніцкую смерць прапаведнік А.Граковіч. На старонках «Сняданка...» шмат біягр. звестак пра тагачасных пісьменнікаў, нетрадыц. трактоўкі гіст. падзей у дзяржаве.
Літ.:
Кароткі У.Г. ...І памёр, і ўваскрос // ЛІМ. 2001. 5 кастр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРАНГО́ВІЧ Пётр Міхайлавіч (май 1893, в. Качаны Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 18.1.1938),
удзельнік грамадз. вайны і баёў на Беларусі. Камдыў (1935). Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1913) і Ваен.-акад. курсы (1924). З 1915 у арміі, паручнік. З 1918 у Чырв. Арміі, на Усх. і Зах. франтах, нач. штаба 27-й Омскай стралк. дывізіі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні аперацыі па разгроме войск Калчака. У 1920 удзельнічаў у вызваленні Беларусі ад польскіх войск; вызначыўся пры ліквідацыі іх прарыву ў раёне Беластока і Ваўкавыска. У 1921 на чале дывізіі ўдзельнічаў у падаўленні Кранштацкага паўстання і ліквідацыі бандытызму на Волзе. З 1922 нач. штаба, камандзір 16-га стралк. корпуса, пам.нач. ўпраўлення, нач. 5-га аддзела штаба Бел.ваен. акругі. З 1931 ст. выкладчык, заг. кафедры Ваен.-паліт. акадэміі імя М.Г.Талмачова. Аўтар кн. «Гістарычны нарыс 27-й Омскай стралковай дывізіі РСЧА» (1922). У жн. 1937 арыштаваны, абвінавачаны ў дачыненні да т.зв. контррэв. афіцэрскай арг-цыі, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Яго імем названы вуліца ў г. Мядзел.