КУЛАКО́ЎСКІ Аляксей Мікалаевіч (24.12.1913, в. Кулакі Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 9.4.1986),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1974). Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т (1939). Працаваў у прэсе. У 1953—58 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1965 нам. адказнага сакратара, адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1977 дырэктар Літ. музея Я.Купалы. Друкаваўся з 1932. Людзям пасляваен. вёскі прысвяціў першы зб. апавяданняў «Сад» (1947), маладым рабочым — аповесць «Гартаванне» (1948). Складаныя гасп. і духоўныя праблемы вёскі, чалавек працы, яго клопаты і турботы, багаты ўнутр. свет у зб-ках «Новыя сустрэчы» (1950), «Хораша ўзыходзіць сонца» (1952), «Незабыўнае рэха» (1956) і аповесці «Тры зоркі» (1963). Значнасцю грамадскай праблематыкі, высокім этычным пафасам, маст. дасканаласцю вылучаецца аповесць «Нявестка» (1956). Аповесці «Тут я жыву...» (1960), «Расце мята пад акном» (1966), зб-кі «Першае чаканне» (1965), «Родныя шыроты» (1978), раман «Васількі» (1979) адлюстроўваюць жыццё горада з першых пасляваен. гадоў. Вайна ў яе суровым і мужным абліччы ў рамане-дылогіі «Расстаёмся ненадоўга» (1953—54) і «Сустрэчы на ростанях» (1961—62), рамане «Сцежкі зведаныя і нязведаныя» (1972), аповесцях «Да ўсходу сонца» (1957), «Твой шлях перад табою» (1965), «Дзе каму жыць» (1971), «Маршрут ад Клічава» і «Хлебарэз» (абедзве 1983). У аповесці «Дабрасельцы» (1958) моцна выявіўся сатыр. пачатак. Яго творам уласцівы асаблівая ўвага да бытавой дэталі, паказ сацыяльна і грамадска значнага праз штодзённыя людскія клопаты, турботы, у яркіх быт. карцінах і характарах і ўзаемаадносінах. Зрабіў літ. запіс кнігі В.І.Казлова «Людзі асобага складу» (1952). На бел. мову перакладаў творы рус., укр., узб. і інш. пісьменнікаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1970—71;
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1984;
Белы Сокал: Аповесці. Мн., 1985;
Тры зоркі: Аповесці. Мн., 1988.
Літ.:
Гусак С.А. Аляксей Кулакоўскі. Мн., 1967;
Пашкевіч Н. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965. С. 265—349;
Канэ Ю. Дзень сённяшні. Мн., 1962. С. 185—220;
Герцовіч Я. Творчае крэда. Мн., 1970. С. 118—150;
Андраюк С. Пісьменнікі. Кнігі Мн., 1997. С. 143—153.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛ,
горад, цэнтр Мядзельскага р-на Мінскай вобл., паміж азёрамі Мястра і Баторын. За 160 км ад Мінска, 35 км ад чыг. ст. Княгінін на лініі Маладзечна—Полацк, на аўтадарозе Мінск—Нарач. 7,7 тыс.ж. (1998).
Паводле археал. даследаванняў у 11 ст. памежны горад Полацкай зямлі. Да 20 ст. падзяляўся на Стары і Новы М. Стары М. упамінаецца ў 1454 з нагоды буд-ва тут касцёла; уладанне Саковічаў, Радзівілаў, Францкевічаў, Райскіх, Грабоўскіх, Кошчыцаў, Дваржэцкіх, Козел-Паклеўскіх. У 1500 у час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500—03 разбураны і разрабаваны. З 1736 мястэчка Віленскага ваяв. У 1754 пабудаваны касцёл і кляштар. У 1762 атрымаў магдэбургскае права. З 1793 у Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1886—254 ж., царква, яўр. малітоўны дом, царк.-прыходская школа, бровар, піваварня, карчма. Новы М. вядомы з 1463. У 1519 у час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1512—22 разбураны. Драўляным мостам злучаўся з каралеўскім замкам на востраве воз. Мястра (гл.Мядзельскі замак). З 1588 уладанне Сапегаў, Бжастоўскага, М.Аскеркі, Ф.Праўскага. У сярэдзіне — 2-й пал. 16 ст. выраблялася Мядзельская кафля. З 1793 у Рас. імперыі, казённае мястэчка. У 1885—713 ж., 95 двароў, цэнтр воласці Вілейскага пав., царква, касцёл, сінагога, капліца, нар. вучылішча, 4 крамы, 4 заезныя корчмы, паштовая станцыя, фельчарскі пункт. З 1921 М. у Польшчы, цэнтр гміны Дунілавіцкага (з 1925 Пастаўскага) пав. Віленскага ваяв., 825 ж., 170 двароў, 2 касцёлы, царква, мячэць, гарбарня, аптэка, млын. З 1939 у БССР, з 1940 вёска, цэнтр Мядзельскага раёна Вілейскай вобл. і сельсавета. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 420 чал., 3079 вывезлі на работы ў Германію. Вызвалены 4.7.1944 у ходзе Мінскай аперацыі 1944. З 1959 гар. пасёлак, з 1998 горад.
Працуюць хлебазавод, камбінат каап. прам-сці, лясгас, майстэрня па рамонце быт. тэхнікі. Мядзельскі музей народнай славы. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры: Мядзельскі Станіславаўскі касцёл кармелітаў і плябанія (18 ст.). Помнікі археалогіі: гарадзішча і селішча, курганны могільнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ВА, глазура,
шклопадобнае пакрыццё таўшчынёй 0,15—0,3 мм, замацаванае на кераміцы абпальваннем. Робіць кераміку воданепранікальнай, надае ёй новыя дэкар. ўласцівасці, узбагачае колер. Для прыгатавання П. выкарыстоўваюць кварцавы пясок, борную к-ту, мел, гліну, аксіды свінцу, барыю, стронцыю і інш. Гатуецца 2 спосабамі: памолам кампанентаў з вадой у шаравым млыне і сплаўленнем (фрытаваннем) зыходных матэрыялаў у вогнеўстойлівым тыглі; грануляцыяй расплаву ў халоднай вадзе і памолам фрыты ў шаравым млыне. Наносіцца на сырыя або абпаленыя вырабы акунаннем, паліваннем, распыленнем, а таксама пэндзлем. Бывае празрыстая і непразрыстая (глухая), бясколерная і каляровая, падцёкавая, крышталічная, матавая, кракле, «змяіная скура» (зборка П.), «карункі» (успучванне П.), П. аднаўляльнага агню (на аснове солей цяжкіх металаў) і інш. Паводле т-ры спякання П. падзяляюць на тугаплаўкія (1250—1400 °C для фарфору і легкаплаўкія (900—1150 °C) для фаянсу, маёлікі і інш. Празрыстую П. выкарыстоўваюць для выяўлення падпаліўнага малюнка ангобам і керамічнымі фарбамі, непразрыстую белую ці каляровую (эмаль) часам размалёўваюць люстрам.
Вынайдзена ў Стараж. Егіпце, адкуль перайшла ў Вавілонію, Асірыю, Персію. Вядома ў мастацтве стараж. Грэцыі, Рыма, Кітая, у 10—13 ст. пашырылася ў ісламскіх краінах. У Еўропе існавалі празрыстая свінцовая і глухая алавяная П. Белая матавая П. вынайдзена ў 1438 у Італіі. У Расіі рабілі зялёную П. («мурава»), шматколерная П. выкарыстоўвалася з 16—17 ст.
На Беларусі вядома з 12 ст. ў арх.-дэкар. і быт. кераміцы: каляровай глухой П. пакрывалі пліткі дэкаратыўныя для абліцоўкі сцен і падлог храмаў у Полацку, Тураве, Пінску і інш. З 15 ст. для пакрыцця сталовага посуду і кафлі ўжываліся легкаплаўкія свінцовыя П. (Віцебск, Магілёў, Мінск, Ліда). Пераважалі зялёны, карычневы, светла-карычневы колеры. З 2-й пал. 16 ст. пашырылася тэхніка пакрыцця каляровымі эмалямі («цанінная» кераміка), з пач. 18 ст. — размалёўка па эмалі. У канцы 19 — пач. 20 ст.бел. ганчары-саматужнікі выкарыстоўвалі легкаплаўкія бясколерныя празрыстыя свінцовыя П. Вырабляюць на Мінскім фарфоравым з-дзе, прадпрыемствах буд. матэрыялаў.
Літ.:
Миклашевский А.И. Технология художественной керамики. Л., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ТРЫКАЎ,
горад, цэнтр Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл., прыстань на р. Прыпяць. За 190 км ад Гомеля, 13 км ад чыг. ст. Муляраўка на лініі Калінкавічы—Лунінец, аўтадарогамі злучаны з Мазыром, Калінкавічамі, Жыткавічамі. 11,6 тыс.ж. (2000).
Паводле падання заснаваны ў 10 ст. яцвяжскім кн. Петрыкам. У пісьмовых крыніцах 15 ст. вядомы як мястэчка ў ВКЛ, з канца 15 ст. ў Слуцкім княстве, з 1507 у Навагрудскім пав. Належала Алелькавічам, з 17 ст. Хадкевічам. У 15—16 ст. існавала крэпасць, якая разбурана ў час вайны Маск. дзяржавы з ВКЛ 1534—37. У 1595—96 двойчы захоплены казацка-сялянскім атрадам С.Налівайкі. У час народна-вызваленчай вайны беларускага і ўкраінскага народаў 1648—54 П. быў базай паўстанцаў, з якой адпраўлялі боепрыпасы ў суседнія бел. гарады. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у 1655 тут стаяў гарнізон з навакольнай шляхты і мяшчан. У 1664 знаходзіўся ў руках казакоў палкоўніка Дацко Васілевіча. У 18 ст. ў П. былі развіты шавецкі промысел і выраб аўчын. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Мазырскага пав. У 1897—5,5 тыс.ж., каля 400 двароў, прыстань, 2 пач. школы, бальніца, касцёл, 2 царквы. У 1924 у П. чарапічны і 8 гарбарных з-даў, 2 цагельні, 460 саматужнікаў. З 17.7.1924 цэнтр раёна, з 3.7.1925 горад; працавала арцель па буд-ве баржаў. У 1939—5,8 тыс.ж., цагельны з-д, леспрамгас, рыбгас. З 29.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 1,2 тыс.чал.; дзейнічала Петрыкаўскае патрыятычнае падполле, падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. Вызвалены 29.6.1944 воінамі 61-й арміі 1-га Бел. фронту і маракамі Дняпроўскай ваеннай флатыліі ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. У 1959—7,2 тыс.ж., у 1970—8,5 тыс. жыхароў.
Працуюць Петрыкаўскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, з-д керамзітавага гравію, акц. т-вы «Агратэхсервіс» і «Сельгасхімія», з-д сухога абястлушчанага малака, камбінаты буд. матэрыялаў і быт. абслугоўвання, лясгас і хлебазавод. 3 б-кі. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і падпольшчыкаў. Помнікі: сав. воінам-вызваліцелям, В.І.Талашу; архітэктуры — Петрыкаўская Мікалаеўская царква, Петрыкаўская Пакроўская царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХАВІ́К,
энергасілавая машына, якая пераўтварае энергію рознага віду ў мех. работу або ў кінетычную энергію рэактыўнага струменя. У залежнасці ад тыпу Р. работа можа быць атрымана ад вярчальнага ротара (у ротарных машынах), зваротна-паступальнага руху поршня (у поршневых машын), рэактыўнага апарата і інш. Падзяляюцца на стацыянарныя, перасоўныя і транспартныя. Прыводзяць у дзеянне рабочыя машыны, трансп. сродкі (сухапутныя, водныя, паветраныя, касмічныя), вытв.-тэхнал. ўстаноўкі, камунальныя і быт. машыны і прылады і інш.
Р., якія пераўтвараюць прыродныя энергет. рэсурсы (паліва, энергію ветру, вады і інш.) у мех. энергію, наз.першаснымі Р. Да іх адносяцца цеплавыя рухавікі, гідраўлічныя рухавікі, ветрарухавікі. Другасныя Р. пераўтвараюць у работу энергію, атрыманую ад першасных Р. ці ад пераўтваральнікаў і накапляльнікаў энергіі (сонечных батарэй, інерцыйных і спружынных механізмаў і інш.): электрычныя рухавікі (у т. л.асінхронныя электрарухавікі, сінхронныя электрарухавікі), пнеўмарухавікі, інерцыйныя рухавікі, гіравыя, спружынныя, некаторыя гідраўлічныя і інш.
Першым мех. Р. было вадзяное кола, якое выкарыстоўвалася для падачы вады ў арашальныя сістэмы (краіны Стараж. Усходу, Егіпет, Кітай, Індыя). Ветрарухавікі барабаннага тыпу з’явіліся ў Стараж. Егіпце і Кітаі, з 7 ст. ў Персіі пачалі будаваць больш дасканалыя крыльчатыя, якія з 12—13 ст. пашырыліся ў Еўропе для прыводу ветраных млыноў (гл.Вятрак). З 13 ст. рабіліся спробы стварэння вечнага рухавіка. Цеплавы Р. — поршневая параатмасферная машына пабудавана Т.Ньюкаменам у 1705, універсальны цеплавы Р. — паравая машына — Дж.Уатам у 1784, паравая турбінапрамысл. значэння — Ч.А.Парсансам у 1884, практычна прыгодны рухавік унутранага згарання — франц. механікам Э.Ленуарам у 1860, 4-тактавы газавы Р. — Н.А.Ота ў 1876, дызельны — Р.К.Дызелем у 1897 (гл.Дызель). У 1-й пал. 20 ст. створаны газавая турбіна, рэактыўны рухавік, ядзерная сілавая ўстаноўка. Гл. таксама Авіяцыйны рухавік, Аўтамабільны рухавік, Суднавы рухавік.
Літ.:
История техники. М., 1962;
Радость познания. Т. 4. Человек и машины: Пер. с англ.М., 1986.
У.М.Сацута.
Рухавікі: а — паравы Ньюкамена (1 — бак з вадой, 2 — поршань са штокам, 3 — цыліндр, 4 — упырскванне вады, 5 — паравы кацёл); б — газавы 4-тактны Ота (1 — выхад газаў, 2 — упуск паветра, 3 — упуск газу, 4 — слізгальны клапан, 5 — гарэнне газу, 6 — абалонка з ахаладжальнай вадой, 7 — поршань).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́ДЗЕЛЬ,
горад у Гродзенскім р-не на р. Скідзелька. За 30 км ад Гродна. Чыг. станцыя на лініі Гродна—Масты; вузел аўтадарог на Гродна, Ліду, Масты, Азёры, Астрыну. 11,3 тыс.ж. (2001).
Вядомы з пач. 16 ст. як велікакняжацкі двор з воласцю ў Гродзенскім пав.ВКЛ. З 1588 С. — каралеўскі двор Гродзенскага староства Трокскага ваяв., адм.-гасп. цэнтр воласці. Паводле прывілея 1644 караля Уладзіслава IV у С. праводзіліся 2 кірмашы на год, таргі 2 разы на тыдзень. З 1783 мястэчка Гродзенскай эканоміі, цэнтр ключа. З 1795 у Рас. імперыі, у Гродзенскім пав. У 1885 — цэнтр воласці Гродзенскага пав., 1531 ж., гарбарная прамысловасць, бровар, нар. вучылішча (з 1860), 2 царквы, 4 крамы, аптэка, таргі. У 1897—2790 ж., 482 будынкі, бальніца. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 — гар. пасёлак. цэнтр Скідзельскага раёна і сельсавета (з 12.10.1940) Беластоцкай, з 20.9.1944 — Гродзенскай абл. 27.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі ў С. лагер смерці і загубілі там 2330 чал. На тэр. раёна дзейнічалі Скідзельская раённая антыфашысцкая арганізацыя і Скідзельскае камсамольска-маладзёжнае падполле. 14.7.1944 С. вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 25.12.1962 у Гродзенскім р-не. У 1967 у межы С. ўключаны нас. пункт Саўгас Скідзельскі і пас. Цукровы Завод. У 1973—8,6 тыс.ж. З 30.1.1974 горад.
Працуюць прадпрыемствы: адкрытыя акц. т-вы «Скідзельскі цукровы камбінат» і «Гроднахлебапрадукт», Скідзельскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, з-д жалезабетонных вырабаў, племптушкарэпрадуктар «Юбілейны», камбінат быт. абслугоўвання і інш.; цэнтр саўгаса «Скідзельскі». У горадзе 3 сярэднія, муз. і спарт. школы, З б-кі, 2 дамы культуры, музей бел. паэта Міхася Васілька. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы камсамольцаў-падпольшчыкаў, магіла ахвяр фашызму, помнік камсамольцам-падпольшчыкам. Помнікі архітэктуры: царква Міхаіла Архангела (1851), касцёл Успення Маці Божай (1870-я г.), Скідзельскі парк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТО́ЎБЦЫ,
горад, цэнтр Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., на правым беразе р. Нёман. Чыг. ст. на лініі Мінск—Брэст. Каля шашы Мінск—Брэст, вузел аўтадарог на Мір, Івянец, Рубяжэвічы, Нясвіж. За 78 км на ПдЗ ад Мінска. 16,8 тыс.ж. (2001).
Паводле некаторых звестак, вядомы з 1511. У пач. 17 ст. мястэчка Мінскага пав., уласнасць А.Слушкі, які заснаваў Стаўбцоўскі кляштар дамініканцаў. У 1655 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 разрабаваны і спалены, у 1706 у час Паўн. вайны 1700—21 моцна разбураны, але хутка аднаўляліся і атрымлівалі пацвярджэнне на таргі і кірмашы. З пач. 18 ст. ўласнасць С.Дэнгафа, з 1728 — Чартарыйскіх, цэнтр графства. 144 двары, царква, касцёл (з 1623), ратуша, школа і кляштар са шпіталем, карчма, буйная рачная прыстань з 16 складамі. У 1729 мястэчка атрымала магдэбургскае права. З 1793 у Рас. імперыі, з 1796 цэнтр воласці Мінскага пав. У вайну 1812 моцна пацярпелі. З 1831 дзярж. ўласнасць. У 1871 за 2 км ад С. заснавана аднайм. станцыя на чыг. Масква—Брэст. У 1886 у С. 1070 ж., 186 двароў, 2 царквы, сінагога, 2 яўр. малітоўныя дамы, школа, 20 крам; у 1897 на станцыі 120 ж., 8 двароў. З 1921 у Польшчы, горад, цэнтр гміны і Стаўбцоўскага павета ў Навагрудскім ваяв., 2956 ж. У 1931 арганізавана Беларускае таварыства дабрачыннасці. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Стаўбцоўскага раёна. У Вял.Айч. вайну з 28.6.1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 4,9 тыс. жыхароў. У 1989—12,1 тыс. жыхароў.
Працуюць хлебны, малочны, садавіна-агароднінны, мех. з-ды, дрэваапр. камбінат, фірма «Аграмашзапчастка», камбінат быт. паслуг; 3 сярэднія, вячэрняя, пач., спарт. школы, школа мастацтваў, Дом дзіцячай і юнацкай творчасці, Дом культуры, карцінная галерэя, 2 б-кі, кінатэатр, бальніца, паліклініка. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі: Вызвалення, Ф.Э.Дзяржынскаму. Мемарыяльная сядзіба Я.Коласа ў Акінчыцах — частка Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіяла. Помнік архітэктуры — царква Святой Ганны (1825).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРЭ́ШЫН,
гарадскі пасёлак у Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро. Аўтадарогамі злучаны са Жлобінам, Рэчыцай, Светлагорскам. За 21 км на Пд ад Жлобіна, 105 км ад Гомеля. 1,3 тыс.ж. (2001).
Археал. матэрыялы сведчаць, што С. узнік у 12 ст. як феад. замак (гл.Стрэшынскі замак) Побач з замкам вырасла неўмацаванае паселішча. Некат. даследчыкі атаясамліваюць С. са стараж. горадам Стрэжаў, які ўпамінаецца ў Лаўрэнцьеўскім і Іпацьеўскім летапісах пад 1127/28 і 1159. С. упамінаецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец 14 ст.). У 1399 С. падараваны вял.кн.ВКЛ Вітаўтам Віленскаму капітулу. У 16—17 ст. горад неаднойчы разбураны. Паводле падымнага рэестра Стрэшынскай вол. 1608, горад падзяляўся на 2 часткі: асн. тэрыторыю (каля замка, мела 56 дамоў) і прадмесце Слабада (46 дамоў); меў 2 ганчарныя майстэрні, рудню, вадзяны млын на р. Стрэшынка. Інвентар 1628 апісвае замак, сядзібу, касцёл і царкву са званіцай; С. — мястэчка, меў 100 двароў, паромную пераправу на Дняпры каля замка. У 1700 каля мястэчка заснавана паташная буда. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) С. у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Рагачоўскага пав., мястэчка. уладанне графа Остэрмана. У 1807 пабудавана Пакроўская царква. У канцы 19 ст. ў С. каля 2 тыс.ж., 184 двары, лясны промысел і дробны гандаль, пач. школа. У 1924—27 і 1939—55 цэнтр Стрэшынскага раёна, у 1927—39 і з 1956 у Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., з 1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну са жн. 1941 да 29.11.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 1965 чал.
Працуюць цагельны з-д, камбінат быт. абслугоўвання, лясніцтва, сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, Цэнтр сац.-псіхалагічнай рэабілітацыі насельніцтва, якое пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (праграма ЮНЕСКА), бальніца, паліклініка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Стрэшынская царква. На паўд.-ўсх. ускраіне гарадзішча (12 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫР,
рака ў Львоўскай, Ровенскай і Валынскай абл. Украіны і ў Брэсцкай вобл. Беларусі, правы прыток р. Прыпяць. Даўж. 494 км, пл. вадазбору 12,9 тыс.км², на Беларусі адпаведна 70 км і каля 493 км². Пачынаецца на схілах узгорыстага масіву Варанякі ў межах Падольскага ўзв., цячэ па Палескай нізіне. Упадае ў р. Прыпяць 2 рукавамі: левы рукаў — р. Прастыр (даўж. 21 км), больш мнагаводны, вусце за 1,5 км на Пд ад в.Вял. Дзіковічы Пінскага р-на; правы рукаў (даўж. 70 км) упадае за 64 км ад вусця Прастыры ніжэй па, цячэнні р. Прыпяць, за 1 км на ПдЗ ад в. Беразцы Столінскага р-на. Даліна трапецападобная, у верхнім цячэнні вузкая, глыбокаўрэзаная, шыр. 200—300 м, у ніжнім цячэнні зліваецца з далінай р. Прыпяць. Схілы ў верхнім цячэнні стромкія, выш. 30—40 м, у ніжнім спадзістыя. Пойма суцэльная, двухбаковая, у ніжнім цячэнні перасечаная старыцамі, шыр. да 2 км. Рэчышча сярэдне звілістае, у сярэднім цячэнні месцамі каналізаванае, шыр. ў верхнім цячэнні 2—10 м, у ніжнім разгалінаванае, шыр. 40—60 м. Берагі нізкія, месцамі абрывістыя. Асн. прытокі: Сланіўка, Іква, Канапелька, Кормін, Стубла 1-я на Украіне і Стубла 2-я на Беларусі (справа), Ліпа, Чарнагузка, Акінка (злева, усе на Украіне). У бас. С. каля 300 азёр агульнай пл. 26,2 км². Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Ледастаў з канца снеж. — пач.студз. да сярэдзіны сакавіка. Веснавы ледаход 1—2 сут. С. вызначаецца інтэнсіўным разводдзем, на якое прыпадае каля 50% гадавога сцёку. Найвыш. ўзровень разводдзя ў ніжнім цячэнні ў пач.сак., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 1,3—1,5 м. Сярэднегадавы расход вады каля г. Луцк 29 м³/с, у ніжнім цячэнні 49,5 м³/с. На С. вадасховішча, ГЭС, выкарыстоўваецца для тэхн. і быт. водазабеспячэння, арашэння с.-г. угоддзяў і як водапрыёмнік асушальных сістэм. Суднаходная ад г. Луцк (312 км ад вусця). На рацэ г. Луцк (Украіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЭ́ЛС (Wells) Герберт Джордж (21.9.1866, Бромлі, каля Лондана — 13.8.1946),
англійскі пісьменнік; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў жанру навук. фантастыкі. Скончыў Лонданскі ун-т (1888). Д-рбіял.н. (1942). Першы літ. твор — аповесць «Арганаўты хронасу» (1888; накід рамана «Машына часу», 1895). Аўтар сац.-паліт. твораў, напісаных у навук.-фантаст. жанры: «Востраў доктара Мора» (1896), «Чалавек-невідзімка» (1897), «Вайна сусветаў» (1898), «Першыя людзі на Месяцы» (1901), «Ежа багоў» (1904), «У дні каметы» (1906) і інш.; сац.-быт. раманаў: «Колы фартуны» (1896), «Каханне і містэр Люішэм» (1900), «Кіпс» (1905), «Анна-Вероніка» (пра эмансіпацыю жанчыны), «Тона-Бенге» (абодва 1909), «Білбі» (1915) і інш.; раманаў-трактатаў: «Сучасная утопія» (1905), «Новы Макіявелі» (1911) і інш. У рамане «Вызвалены свет» (1914) праблема выкарыстання атамнай энергіі ў ваен. і мірны час, у кн. артыкулаў «Вайна, якая скончыць з войнамі» (1914) і рамане «Містэр Брытлінг п’е чашу да дна» (1916) супярэчлівыя адносіны да 1-й сусв. вайны. Выступіў з антыфаш. раманамі: «Напярэдадні» (1927), «Самадзяржаўе містэра Паргема» (1930), аповесцю «Гулец у кракет» (1936) і інш. Прапаганда рэлігіі у аповесцях «Бог — нябачны кароль», «Душа епіскапа» (абедзве 1917) і інш. Аўтар навук.-папулярнай кн. «Навука жыцця» (т. 1—3, 1930; з Дж.Хакслі), шматлікіх п’ес, кінасцэнарыяў і інш. Уражанні ад паездак у Расію ў кнігах «Расія ў змроку» (1920), «Вопыт аўтабіяграфіі» (1934). На бел. мову яго асобныя раманы пераклаў Т.Тамашэвіч. На бел. сцэне паводле аднайм. рамана У. пастаўлены спектакль «Чалавек-невідзімка» (1981). Многія яго творы экранізаваны.
Тв.:
Бел.пер. — Вайна ў паветры. Мн., 1931;
Першыя людзі на Месяцы. Мн., 1931;
На дне акіяна. Мн., 1939;
У кн.: Уэлс Г. Вайна сусветаў;
Чалавек-невідзімка;
Лагерлёф С. Пярсцёнак Лёвеншольдаў; Мн., 1997;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—15. М., 1964.
Літ.:
Кагарлицкий Ю.И. Герберт Уэллс: Очерк жизни и творчества. М., 1963;
Любимова А.Ф. Проблематика и поэтика романов Г.Уэллса 1900—1940-х гг. Иркутск, 1990;
Левидова И.М., Парчевская Б.М. Г.Дж.Уэллс: Библиогр. рус. переводов и критич. лит. на рус. яз., 1898—1965. М., 1966.