горад, цэнтр Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., на правым беразе р. Нёман. Чыг. ст. на лініі Мінск—Брэст. Каля шашы Мінск—Брэст, вузел аўтадарог на Мір, Івянец, Рубяжэвічы, Нясвіж. За 78 км на ПдЗ ад Мінска. 16,8 тыс.ж. (2001).
Паводле некаторых звестак, вядомы з 1511. У пач. 17 ст. мястэчка Мінскага пав., уласнасць А.Слушкі, які заснаваў Стаўбцоўскі кляштар дамініканцаў. У 1655 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 разрабаваны і спалены, у 1706 у час Паўн. вайны 1700—21 моцна разбураны, але хутка аднаўляліся і атрымлівалі пацвярджэнне на таргі і кірмашы. З пач. 18 ст. ўласнасць С.Дэнгафа, з 1728 — Чартарыйскіх, цэнтр графства. 144 двары, царква, касцёл (з 1623), ратуша, школа і кляштар са шпіталем, карчма, буйная рачная прыстань з 16 складамі. У 1729 мястэчка атрымала магдэбургскае права. З 1793 у Рас. імперыі, з 1796 цэнтр воласці Мінскага пав. У вайну 1812 моцна пацярпелі. З 1831 дзярж. ўласнасць. У 1871 за 2 км ад С. заснавана аднайм. станцыя на чыг. Масква—Брэст. У 1886 у С. 1070 ж., 186 двароў, 2 царквы, сінагога, 2 яўр. малітоўныя дамы, школа, 20 крам; у 1897 на станцыі 120 ж., 8 двароў. З 1921 у Польшчы, горад, цэнтр гміны і Стаўбцоўскага павета ў Навагрудскім ваяв., 2956 ж. У 1931 арганізавана Беларускае таварыства дабрачыннасці. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Стаўбцоўскага раёна. У Вял.Айч. вайну з 28.6.1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 4,9 тыс. жыхароў. У 1989—12,1 тыс. жыхароў.
Працуюць хлебны, малочны, садавіна-агароднінны, мех. з-ды, дрэваапр. камбінат, фірма «Аграмашзапчастка», камбінат быт. паслуг; 3 сярэднія, вячэрняя, пач., спарт. школы, школа мастацтваў, Дом дзіцячай і юнацкай творчасці, Дом культуры, карцінная галерэя, 2 б-кі, кінатэатр, бальніца, паліклініка. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі: Вызвалення, Ф.Э.Дзяржынскаму. Мемарыяльная сядзіба Я.Коласа ў Акінчыцах — частка Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіяла. Помнік архітэктуры — царква Святой Ганны (1825).