ПАЛІ́ВА, глазура,

шклопадобнае пакрыццё таўшчынёй 0,15—0,3 мм, замацаванае на кераміцы абпальваннем. Робіць кераміку воданепранікальнай, надае ёй новыя дэкар. ўласцівасці, узбагачае колер. Для прыгатавання П. выкарыстоўваюць кварцавы пясок, борную к-ту, мел, гліну, аксіды свінцу, барыю, стронцыю і інш. Гатуецца 2 спосабамі: памолам кампанентаў з вадой у шаравым млыне і сплаўленнем (фрытаваннем) зыходных матэрыялаў у вогнеўстойлівым тыглі; грануляцыяй расплаву ў халоднай вадзе і памолам фрыты ў шаравым млыне. Наносіцца на сырыя або абпаленыя вырабы акунаннем, паліваннем, распыленнем, а таксама пэндзлем. Бывае празрыстая і непразрыстая (глухая), бясколерная і каляровая, падцёкавая, крышталічная, матавая, кракле, «змяіная скура» (зборка П.), «карункі» (успучванне П.), П. аднаўляльнага агню (на аснове солей цяжкіх металаў) і інш. Паводле т-ры спякання П. падзяляюць на тугаплаўкія (1250—1400 °C для фарфору і легкаплаўкія (900—1150 °C) для фаянсу, маёлікі і інш. Празрыстую П. выкарыстоўваюць для выяўлення падпаліўнага малюнка ангобам і керамічнымі фарбамі, непразрыстую белую ці каляровую (эмаль) часам размалёўваюць люстрам.

Вынайдзена ў Стараж. Егіпце, адкуль перайшла ў Вавілонію, Асірыю, Персію. Вядома ў мастацтве стараж. Грэцыі, Рыма, Кітая, у 10—13 ст. пашырылася ў ісламскіх краінах. У Еўропе існавалі празрыстая свінцовая і глухая алавяная П. Белая матавая П. вынайдзена ў 1438 у Італіі. У Расіі рабілі зялёную П. («мурава»), шматколерная П. выкарыстоўвалася з 16—17 ст.

На Беларусі вядома з 12 ст. ў арх.-дэкар. і быт. кераміцы: каляровай глухой П. пакрывалі пліткі дэкаратыўныя для абліцоўкі сцен і падлог храмаў у Полацку, Тураве, Пінску і інш. З 15 ст. для пакрыцця сталовага посуду і кафлі ўжываліся легкаплаўкія свінцовыя П. (Віцебск, Магілёў, Мінск, Ліда). Пераважалі зялёны, карычневы, светла-карычневы колеры. З 2-й пал. 16 ст. пашырылася тэхніка пакрыцця каляровымі эмалямі («цанінная» кераміка), з пач. 18 ст. — размалёўка па эмалі. У канцы 19 — пач. 20 ст. бел. ганчары-саматужнікі выкарыстоўвалі легкаплаўкія бясколерныя празрыстыя свінцовыя П. Вырабляюць на Мінскім фарфоравым з-дзе, прадпрыемствах буд. матэрыялаў.

Літ.:

Миклашевский А.И. Технология художественной керамики. Л., 1971.

М.Р.Казарог, У.В.Угрыновіч.

т. 11, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)