СТРЭ́ШЫН,
гарадскі пасёлак у Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро. Аўтадарогамі злучаны са Жлобінам, Рэчыцай, Светлагорскам. За 21 км на Пд ад Жлобіна, 105 км ад Гомеля. 1,3 тыс. ж. (2001).
Археал. матэрыялы сведчаць, што С. узнік у 12 ст. як феад. замак (гл. Стрэшынскі замак) Побач з замкам вырасла неўмацаванае паселішча. Некат. даследчыкі атаясамліваюць С. са стараж. горадам Стрэжаў, які ўпамінаецца ў Лаўрэнцьеўскім і Іпацьеўскім летапісах пад 1127/28 і 1159. С. упамінаецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец 14 ст.). У 1399 С. падараваны вял. кн. ВКЛ Вітаўтам Віленскаму капітулу. У 16—17 ст. горад неаднойчы разбураны. Паводле падымнага рэестра Стрэшынскай вол. 1608, горад падзяляўся на 2 часткі: асн. тэрыторыю (каля замка, мела 56 дамоў) і прадмесце Слабада (46 дамоў); меў 2 ганчарныя майстэрні, рудню, вадзяны млын на р. Стрэшынка. Інвентар 1628 апісвае замак, сядзібу, касцёл і царкву са званіцай; С. — мястэчка, меў 100 двароў, паромную пераправу на Дняпры каля замка. У 1700 каля мястэчка заснавана паташная буда. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) С. у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Рагачоўскага пав., мястэчка. уладанне графа Остэрмана. У 1807 пабудавана Пакроўская царква. У канцы 19 ст. ў С. каля 2 тыс. ж., 184 двары, лясны промысел і дробны гандаль, пач. школа. У 1924—27 і 1939—55 цэнтр Стрэшынскага раёна, у 1927—39 і з 1956 у Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., з 1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну са жн. 1941 да 29.11.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 1965 чал.
Працуюць цагельны з-д, камбінат быт. абслугоўвання, лясніцтва, сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, Цэнтр сац.-псіхалагічнай рэабілітацыі насельніцтва, якое пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (праграма ЮНЕСКА), бальніца, паліклініка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Стрэшынская царква. На паўд.-ўсх. ускраіне гарадзішча (12 ст.).
т. 15, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)