КУЛАКО́ЎСКІ (Аляксей Мікалаевіч) (24.12.1913, в. Кулакі Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 9.4.1986),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1974). Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т (1939). Працаваў у прэсе. У 1953—58 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1965 нам. адказнага сакратара, адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1977 дырэктар Літ. музея Я.Купалы. Друкаваўся з 1932. Людзям пасляваен. вёскі прысвяціў першы зб. апавяданняў «Сад» (1947), маладым рабочым — аповесць «Гартаванне» (1948). Складаныя гасп. і духоўныя праблемы вёскі, чалавек працы, яго клопаты і турботы, багаты ўнутр. свет у зб-ках «Новыя сустрэчы» (1950), «Хораша ўзыходзіць сонца» (1952), «Незабыўнае рэха» (1956) і аповесці «Тры зоркі» (1963). Значнасцю грамадскай праблематыкі, высокім этычным пафасам, маст. дасканаласцю вылучаецца аповесць «Нявестка» (1956). Аповесці «Тут я жыву...» (1960), «Расце мята пад акном» (1966), зб-кі «Першае чаканне» (1965), «Родныя шыроты» (1978), раман «Васількі» (1979) адлюстроўваюць жыццё горада з першых пасляваен. гадоў. Вайна ў яе суровым і мужным абліччы ў рамане-дылогіі «Расстаёмся ненадоўга» (1953—54) і «Сустрэчы на ростанях» (1961—62), рамане «Сцежкі зведаныя і нязведаныя» (1972), аповесцях «Да ўсходу сонца» (1957), «Твой шлях перад табою» (1965), «Дзе каму жыць» (1971), «Маршрут ад Клічава» і «Хлебарэз» (абедзве 1983). У аповесці «Дабрасельцы» (1958) моцна выявіўся сатыр. пачатак. Яго творам уласцівы асаблівая ўвага да бытавой дэталі, паказ сацыяльна і грамадска значнага праз штодзённыя людскія клопаты, турботы, у яркіх быт. карцінах і характарах і ўзаемаадносінах. Зрабіў літ. запіс кнігі В.І.Казлова «Людзі асобага складу» (1952). На бел. мову перакладаў творы рус., укр., узб. і інш. пісьменнікаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1970—71;
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1984;
Белы Сокал: Аповесці. Мн., 1985;
Тры зоркі: Аповесці. Мн., 1988.
Літ.:
Гусак С.А. Аляксей Кулакоўскі. Мн., 1967;
Пашкевіч Н. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965. С. 265—349;
Канэ Ю. Дзень сённяшні. Мн., 1962. С. 185—220;
Герцовіч Я. Творчае крэда. Мн., 1970. С. 118—150;
Андраюк С. Пісьменнікі. Кнігі Мн., 1997. С. 143—153.