Віта́ць, віта́ю (БРС, Нас., Бяльк., Шат., Грыг., Гарэц., Мядзв.). Рус. вита́ть ’віншаваць; лунаць’, укр. віта́ти ’віншаваць; прымаць гасцей; заходзіць’, ст.-слав. витати ’жыць, знаходзіцца’, польск. witać, чэш. vítati, славац. s(vítať), в.-луж. witać, н.-луж. witaś ’віншаваць’. Сюды ж польск. zawitać і чэш. zavítati ’зайсці’, якое Махэк₂ (692) беспадстаўна аддзяляе ад vítati ’віншаваць’. Да гэтага ж дзеяслова рус. обита́ть, ст.-слав. обитати (< *обвитати, Фасмер, 3, 101). Слова роднаснае літ. vietà ’месца’, лат. vìeta ’тс’, pavietât ’мець жыллё’ (Праабражэнскі, 1, 85; Брукнер, 625; Фасмер, 1, 321). Першапачатковае значэнне ’жыць, знаходзіцца’, пазней на яго аснове развілося значэнне ’гасціць, знаходзіць прытулак’ і потым ’гасцінна сустракаць, віншаваць’, магчыма, пад уплывам віншавальнай формы *vitajь ’будзь з намі, застанься ў нас’ (Рудніцкі, 1, 400; Шанскі, 1, В, 109). Літ. vitóti ’віншаваць, прымаць гасцей’ з польск. (Скарджус, Slav., 239).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галда́ ’галас’ (Сцяшк. МГ, Шат.), галда́ць ’невыразна гаварыць’ (Шат.). Дакладныя адпаведнікі ў рус. мове. Параўн. рус. га́лда́ ’крык, голасныя размовы, лаянка; крыклівы чалавек’, галде́ть ’крычаць, лаяцца, лаяць каго н.; гаварыць, размаўляць; зваць каго-н.; лодарнічаць’, га́лдить (аналагічныя значэнні) і да т. п. Этымалогія не вельмі ясная. Паводле Фасмера, звязана з польск. gałda ’шум, гвалт’ і далей праз *galъda з германскімі формамі (гоц. goljan ’вітаць’, ням. gellen ’голасна гучаць, крычаць’). Падрабязна Брукнер, 48, 209 (гл. яшчэ Брукнер, 140: пад giełda). Гл. яшчэ Шанскі, 1, Г, 14 (які лічыць першапачатковай формай у рус. мове окаючыя го́лда́ і да т. п.). Усё ж такі канчатковай этымалогіі яшчэ няма (мяркуемая суфіксацыя ‑d‑ не можа быць бясспрэчнай). Бел. дзеяслоў галда́ць не мае адпаведнасці ў рус. мове, дзе прадстаўлены толькі марфалагічныя тыпы галде́ть, галди́ть.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гамані́ць ’гаварыць, нагаворваць’ (БРС, Нас., Шат., Касп., Сцяшк.). Рус. гомони́ть ’крычаць, шумець’, укр. гомоні́ти. Параўн. далей польск. gomonić się ’сварыцца; быць не ў ладах’, славац. homoniť ’шумець, крычаць’. Слав. дзеясловы лічацца вытворнымі ад *gomonъ (зах.-слав. і ўсх.-слав. словы); параўн. бел. го́ман ’размова, шум, крык’, укр. го́мін, славац. дыял. homon, польск. gomon і г. д. Сама лексема *gomonъ, паводле Слаўскага (1, 315–316), знаходзіцца ў этымалагічнай сувязі з усх.-слав. *gomъ: *gamъ ’галас, шум’ (параўн. гам ’крык, шум’). Меркаванні аб далейшых сувязях гэтага этымалагічнага гнязда гл. у Слаўскага (там жа). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 436; Шанскі, 1, Г, 125–126. Да гэтага сямейства слоў адносіцца і гамана́ (Сцяшк. МГ) (адносна словаўтварэння гэтага апошняга параўн. гавара́ ’гутарка, гаварэнне, мова’), далей гамо́нка ’пагалоска’ (БРС), ’размова’ (БРС, Шат., Касп., Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гарадзі́ць ’гарадзіць’ (БРС, Шат., Касп., Бяльк.). Рус. городи́ть, укр. городи́ти, польск. grodzić, чэш. hraditi, балг. градя́, серб.-харв. гра́дити, ст.-сл. градити. Прасл. *gorditi ’будаваць, гарадзіць, ствараць і да т. п.’, дзеяслоў на ‑iti, утвораны ад прасл. *gordъ ’горад і да т. п.’ Аб гарадзіць < *gorditi гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 35 (дзе дэталёва прыводзіцца параўнальны матэрыял з усіх слав. моў). Ад гарадзі́ць утворана суфіксам ‑ба гарадзьба́ ’будаванне агароджы’ (БРС, Шат., Касп.). Але гэта слова, здаецца, не з’яўляецца вытворным прама на бел. глебе, а паходзіць з прасл. *gordьba (з адпаведнымі паралелямі ў іншых слав. мовах). Гл. Трубачоў, там жа, 38. Уласна бел. з’яўляецца гарадзьбі́к ’чалавек, які робіць агароджу’ (Бяльк.). У пераносным сэнсе ўсх.-слав. *goroditi ўжывалася і ў фразеалагічных зваротах (’гаварыць бяссэнснае, глупства’). Гл. Шанскі, 1, Г, 139–140.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бар рэстаран, бар’ (БРС). Рус. бар, укр. бар. Запазычанне з англ. bar ’стойка’ (< франц.). Гл. Шанскі, 1, Б, 37. Падрабязна (з літ-рай) аб гісторыі і распаўсюджанні ў еўрапейскіх мовах гл. MESz, 1, 242.

Бар! (бар‑бар!) ’падзыўное слова для авечак’ (гл. ДАБМ, № 305, Лысенка, ССП). Рус. бар‑бар‑бар, барь‑барь‑барь, барька, ба́ря‑ба́ря ’тс’, ба́рька ’авечка’, ба́ря ’баран’. Звязана з баран (гл.). Адкрытым застаецца пытанне аб першапачатковасці выклічніка ці назоўніка. Фасмер (1, 123), Махэк₂ (54) лічаць, што спачатку быў выклічнік (Коржынэк, LF, 58, 430). Параўн. яшчэ альпійскія (паўн.-італ.) словы для абазначэння авечкі, барана: bera, bar і г. д. Трубачоў (Происх., 76) мяркуе, што выклічнікі — вытворныя ад назоўнікаў (так і MESz, 1, 249, дзе венг. bari! — падзыўное слова для авечак < bárány ’баран’). Параўн. бару́сік! Гл. таксама паралелі пад бірко́вы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бас1 ’бас; чацвёртая струна ў скрыпцы, самая тоўстая’ (БРС, Маш., Бяльк.). Рус. бас, укр. бас і г. д. Запазычанне з франц. basse або італ. basso (літаральна ’нізкі’). Праабражэнскі, 1, 19; Фасмер, 1, 129. Іначай Шанскі, 1, Б, 51, які на аснове гістарычных крыніц (рус. мовы) лічыць, што бас, прынамсі ў рус. мове, запазычана праз польск. bas (< італ.). Гл. яшчэ Клюге, 54 (тут і тлумачэнне слова як назвы інструмента); MESz, 1, 257. Сюды і бас (Браім, Весці АН БССР, 1973 (І), 128) ’кавалак дроту’. Параўн. бас2.

Бас2 ’пас, шнур у самапрадцы’ (Бяльк.). Слова не вельмі яснага паходжання. Можна меркаваць, што яно ўзнікла азванчэннем з пас (гл.). Але не выключаецца, што яно таго ж паходжання, што і бас ’чацвёртая струна ў скрыпцы, самая тоўстая’ (гл. бас1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бу́рса1 (гіст.) ’бурса’. Рус. бу́рса, укр. бу́рса і г. д. Запазычанне з польск. bursa (або ням. Burse) < с.-лац. bursa ’казённы кошт’ < ’кашалёк’ (< грэч. βύρσᾱ ’мяшок’). У пераносным значэнні ’таварыства’. Брукнер, 50; Праабражэнскі, 1, 54; Фасмер, 1, 247; Шанскі, 1, Б, 234–235; Рудніцкі, 265; Булыка, Запазыч., 53.

Бу́рса2 ’група, пэўная колькасць людзей’ (Жд.). Укр. бу́рса ’тс’. З бу́рса1 (гл.). Параўн. Рудніцкі, 265; Махэк₂, 77; Булыка, Запазыч., 53.

Бу́рса3 сварка, лаянка’ (Сцяц.). Укр. бу́рса ’тс’ (гл. Рудніцкі, 265). Такія ж значэнні і ў іншых мовах, напр., славац. bursa танец, гульня з музыкай; сварка, лаянка’. Бясспрэчна, звязана з бу́рса1 (гл.) і бу́рса2. Першапачаткова меліся на ўвазе шумныя забавы бурсакоў (іншая магчымасць тлумачэння: ’група людзей’ → ’шум, лаянка’). Гл. Рудніцкі, 265; Махэк₂, 77 (там крыху іначай: першапачаткова ’скандал сярод купцоў’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́тах ’месяц апошняй квадры, на зыходзе’ (КТС, БРС, Касп.), ветых (Яўс.), веташок (Нас., Касп., Юрч., Бяльк.), мін. веташка (Крачк.), вётах, вётак ’тс’ (Касп., Нас., Маш. Atlas). Рус. ветох: смал. ’месяц’; ’месяц над гарызонтам’, паўн.-рус. ’апошняя фаза месяца ў зеніце’, ст.-рус. ветъхъ, ветохъ ’апошняя квадра месяца; апошні тыдзень месяца’, польск. wietek, wiotek ’першая або апошняя квадра месяца’, чэш. vetech měsíc, валаш. vetek, ст.-чэш. mešíc je na vetchu, славац. na votoch ’месяц на зыходзе’. Паўночнаславянская ізалекса, якая ўзнікла ў выніку кандэнсацыі прасл. větъxъ měsenьcь; параўн. чэш. větech měsíc, nov měsíc і інш. І.‑е. паралелі гл. ветхі. Гл. таксама Траўтман, 365; Мюленбах-Эндзелін, 4, 517; Вальдэ₂, 830; Буга, РФВ, 67, 246; Эндзелін, Слав.-балт. эт., 52; Фасмер, 1, 307; Махэк₂, 687; БЕР, 1, 139; Шанскі, 1, В, 80. Гл. яшчэ вято́х.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атну́ць ’бесперапынна, раз за разам’ (Сцяц.). Ст.-слав. отънѫдь ’зусім, галоўным чынам’. Паводле Міклашыча, 217, падтрыманага Ван Вейкам, IF, 30, 386–388, з otъ + nǫd‑ь, дзе корань супастаўляецца з рус. нужно, нужна і пад. Рус. форма отнюдь, якую Шанскі (КЭСРЯ, 318) лічыць запазычанай з стараславянскай, магла б тлумачыцца мяккаснай асіміляцыяй. Аднак Мейе (Études, 158 і наст.) прапануе іншае тлумачэнне. Першаснай формай тады лічыцца *otьnǫdъ, і корань (‑ьn‑) супастаўляецца з адзін, іншы і г. д. Гэта быццам бы лепш тлумачыць рускае мяккае н, а таму прымаецца Фасмерам, 3, 172. Нельга выключыць, што тут маем супадзенне двух слоў: стараславянскае і беларускае ўказваюць на значэнне ’заўсёды’ і могуць этымалагізавацца паводле Міклашыча, а руская форма са значэннем ’ні ў якім разе’ можа мець паходжанне з кораня in згодна з меркаваннямі Мейе і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жму́рыць ’прыплюшчваць вочы’. Рус. жму́рить, укр. жму́рити ’тс’, польск. дыял. żmurzyć, в.-луж. žmrikać ’маргаць’, н.-луж. zmriś ’маргаць, жмурыць’, чэш. žmukati ’жмурыцца ў гульні ў жмуркі’, уст. žmourati ’тс’, славац. žmuriť, славен. žmúriti, žmeriti ’жмурыць’, серб.-харв. жму́рити, жми́рити ’тс’, балг. дыял. жмуря (літ. жумя̀). Прасл. дыял. *žьmuriti ўтворана ў выніку метатэзы з *mьžuriti; параўн. мігаць, рус. мгновение, смежить (очи). Метатэза магла адбывацца пад уздзеяннем народна-этымалагічнага збліжэння з коранем *žьm‑ ’сціскваць’ (гл. жаць2). Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 295; Фасмер, 2, 60; Міклашыч, 208; Брандт, РФВ, 23, 1, 87; Аппель, РФВ, 4, 3, 65; Махэк₂, 730; Скок, 2, 420; Праабражэнскі, 1, 235; Мартынаў–Міхневіч, Маладосць, 1970, 8, 142. Ва ўкр. мружити, польск. mrużyć сувязь з маргаць, а не перастаноўка rż, на што ўказваюць апошнія (Брукнер, 346).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)