ПУБЛІЦЫ́СТЫКА (ням. Publizistik ад лац. publicus грамадскі),
від твораў, прысвечаных актуальным праблемам і з’явам грамадскага жыцця. Скіравана на аператыўнае асэнсаванне рэчаіснасці (пераважна сучаснасці) шляхам спалучэння лагічнага і эмацыянальна-вобразнага спосабаў даследавання і адлюстравання жыцця. Спецыфічным чынам удзельнічае ў працэсах дзярж., грамадскага і гасп. кіраўніцтва, актыўна ўздзейнічае на ход практычных спраў ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці. Выконвае сац.-пед., прапагандысцкія, інфарм. функцыі, фарміруе грамадскую думку. Як від грамадска-паліт. л-ры найб. пашырана ў журналістыцы. Пісьменніцкая П. прасякнута кампанентамі маст. творчасці. Асн. якасці П.: тэарэт. абгрунтаванасць, доказнасць, праўдзівасць, прынцыповасць, тэндэнцыйнасць, паліт. вастрыня, эмацыянальнасць, палемічнасць (гл.Публіцыстычны стыль). Асн. жанры П.: артыкул, агляд, карэспандэнцыя, рэцэнзія. У ходзе сінтэзу маст. і публіцыстычных форм паявіліся маст.-публіцыстычныя жанры: нарыс, эсэ, фельетон, памфлет. На стыку навук. л-ры і П. ўзніклі навук.-папулярныя жанры, якія вызначаюцца выразнай публіцыстычнасцю.
Элементы П. ёсць у летапісах ВКЛ 15—16 ст. Публіцыстычная паводле свайго характару палемічная літаратура канца 16—1-й пал. 17 ст. Узор бел. публіцыстычнага слова — газ.«Мужыцкая праўда» К.Каліноўскага, першая легальная газета на бел. мове «Наша ніва». Публіцыстычнымі з’яўляюцца асобныя творы Ф.Багушэвіча, З.Бядулі, М.Гарэцкага, Цёткі, нарысы Я.Лучыны. П. заняла значнае месца ў творчасці М.Багдановіча. У 1920-я г. з публіцыстычнымі творамі выступалі Ц.Гартны, М.Зарэцкі, Я.Скрыган, М.Чарот. У гады Вял.Айч. вайны са старонак розных выданняў звярталіся да народа Я.Купала, Я.Колас, К.Чорны, А.Куляшоў, П.Броўка, П.Панчанка і інш. Публіцыстычныя па сваёй скіраванасці кнігі А.Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка «Я з вогненнай вёскі», С.Алексіевіч «У вайны — не жаночы твар», створаныя на матэрыяле ўспамінаў жыхароў Беларусі пра Вял.Айч. вайну. Найб. ўклад у развіццё бел. П. пасляваен. часу зрабілі пісьменнікі Брыль, В.Быкаў, І.Дуброўскі, М.Лынькоў, В.Палтаран, Я.Сіпакоў, М.Танк, І.Чыгрынаў, І.Шамякін. У сучаснай П. працуюць Н.Гілевіч, У.Глушакоў, Л.Екель, А.Казловіч, Л.Левановіч, У.Ліпскі, С.Шаўцоў, М.Шыманскі, Л.Юнчык, В.Якавенка і інш. Трывалае месца заняла П. ў дакументальным кіно, на тэлебачанні і радыёвяшчанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДКО́ВЫЯ СПЕ́ВЫ,
від старарус. царкоўнага шматгалосся ў 16—17 ст. Назва ад спосабу запісу: партыі, запісаныя крукамі, размяшчаліся адна пад адной над радком тэксту. На Украіне і Беларусі вядомы з пач. 16 ст., у Расіі з 2-й пал. 16 ст. Рэпертуар Р.с. склаўся на аснове песнапенняў, пераважна гімнічнага характару, царк. зб-каў Ірмалой, Актоіх, Святы (адсюль радкі наз. ірмалойнымі, актойнымі або святочнымі).
У залежнасці ад колькасці радкоў Р.с. былі 2-, 3- і 4-галосыя, мелі лінеарную меладычную прыроду і апіраліся на нар. падгалосачна-контрапунктычнае шматгалоссе; як асн. голас выкарыстоўваліся песнапенні знаменнага спеву. Гэты голас называўся пуцём і быў ніжнім у 2-, ніжнім ці другім знізу ў 3- і 4-галосых напевах. 2- і 3-галосыя Р.с. блізкія да шматгалосся, пашыранага ў бел.нар. выканальніцтве на Пд Мінскай, у Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Для іх характэрна першаснасць мелодыі і другаснасць сугуччаў. Дыяпазон і тэмбр голасу не ўлічваліся. У 2-галоссі Р.с. ёсць аналогіі з гетэрафоніяй усх.-слав.традыц.нар. песні. Найб. пашыраны 3-галосыя Р.с., тыповыя для нар.-песеннага і кантавага шматгалосся. З развіццём шматгалосай традыцыі ўскладняліся падгалосачныя, лінеарныя і акордавыя формы. Запісваліся Р.с. знаменнай і дзямественнай натацыямі (гл.Нотнае пісьм). Крукі, або знамёны, паказвалі колькасць гукаў і кірунак руху напеву, але не заўсёды пазначалі канкрэтныя рытмічныя працягласці. Асн. тэндэнцыя знаменных радковых партытур — адвольнае выкарыстанне больш простых знакаў безлінейнай натацыі. Характэрныя палеаграфічныя прыкметы — двайныя пазначэнні (літары светлага і простага сагласій у спалучэнні з дадатковым знакам — коскай злева ці справа). Першы (дзямественнік) і 3-і (пуць) безлінейныя радкі пісалі чорнай тушшу, 2-і (ніз) і 4-ы (верх) — кінавар’ю.
Р.с. падрыхтавалі глебу для партэсных спеваў і выцеснены імі на Беларусі ў 2-й пал. 16 ст., у Расіі — у сярэдзіне 17 ст.
Літ.:
Разумовский Д.В. Церковное пение в России. М., 1867;
Бражников М.В. Многоголосие знаменных партитур // Проблемы истории и теории древнерусской музыки. Л., 1979;
Смоленский С.В. 0 ближайших практических задачах и научных разысканиях в области русской церковнопевческой археологии. СПб., 1904;
Яго ж. Об указаниях отгенков исполнения и об указаниях музыкально-певческих форм церковных песнопений в крюковом письме. Киев, 1909;
Успенский Н. Древнерусское певческое искусство. 2 изд. М., 1971;
Яго ж. Образцы древнерусского певческого искусства. 2 изд. Л., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТРУКТЫВІ́ЗМ (ад лац. constructio пабудова),
кірунак у еўрап. авангардным мастацтве і архітэктуры 1920—30-х г., заснаваны на сцвярджэнні адзінства эстэт. вартасці і сац. функцыянальнасці твора, атаясамліванні яго вобразнай сістэмы, структуры і будовы (канструкцыі). Асн. канцэпцыі К.: стварэнне «мастацтва для ўсяго народа», уключэнне ў яго фактараў часу і прасторы для дасягнення «сінтэзу пластычных мастацтваў»; «канструяванне» навакольнага асяроддзя, якое актыўна накіроўвае жыццёвыя працэсы; асэнсаванне формаўтваральных магчымасцей новай тэхнікі, яе лагічных, мэтазгодных канструкцый, эстэт. якасцей металу, дрэва, шкла, прастаты і падкрэсленай утылітарнасці новых прадметных форм.
Узнік у 1920 у сав. авангардным мастацтве («Рэалістычны маніфест» Н.Габа і А.Пеўзнера). Існавалі 2 плыні К.: прыхільнікі «чыстага мастацтва» (Габа, Пеўзнер, К.Малевіч, В.Кандзінскі), што адхілялі падпарадкаванне утылітарнасці, даследавалі чыстыя форму і колер, сцвярджалі «Рытмічную дынаміку» як аснову мастацтва, і прыхільнікі «вытворчага мастацтва», ці «прадуктывісты» (У.Татлін, А.Родчанка, Эль Лісіцкі), якія адхілялі чыстае мастацтва як маскіроўку чалавечай бездапаможнасці, лічылі, што мастацтва павінна фарміраваць новы сучасны лад жыцця, аддавалі прыярытэт адзінству мастацтва і тэхнікі. У пошуку сувязі паміж мастацтвам і прам-сцю вял. ролю адыгралі мастачкі Л.Папова і В.Сцяпанава. у канструктывісцкай графіцы — Лісіцкі. У тэатр. і кінамастацтве К. праявіўся пераважна ў маст. афармленні: да пастановак А.Таірава, У.Меерхольда, С.Эйзенштэйна замест традыц. дэкарацый ствараліся падпарадкаваныя мэтам сцэн. дзеяння «станкі» для работы акцёраў, апранутых у рабочую вопратку (работы Паловай, А.Весніна і інш.). У музыцы ўзнік у пач. 20 ст. ў Францыі, пераважна ў творчасці кампазітараў «Шасцёркі». Асн. прынцып К. як «мастацтва паўсядзённасці» выкладзены яе літ. натхняльнікам Ж.Както ў яго зб. «Певень і арлекін» (1918). У Расіі адна з найб. яркіх фігур, звязаных з эстэтыкай К., — А.Масалоў. Яго сімф. эпізод «Завод. Музыка машын» з балета «Сталь» (1928, незак.) — сімвал канструктывісцкіх памкненняў у музыцы і ўзор засяроджання муз. тэхнікі новага тыпу, народжанай ідэямі К. Ярка выяўленыя рысы К. маюць таксама хор «Дваццаць чацвёрты год» Масалова, опера «Лёд і сталь» У.Дзешавова, балет «Стальны скок» С.Пракоф’ева, 2-я сімф. «Кастрычніку» Дз.Шастаковіча, «Жалобная ода» А.Крэйна, «Пасіфік 231» для сімф.арк. А.Анегера і інш. У сав. л-ры як самастойная, пераважна паэтычная плынь К. быў абвешчаны К.Зялінскім, І.Сельвінскім і А.Чычэрыным у 1923 (маніфест у зб-ках «Мена ўсіх», 1924, «Дзяржплан літаратуры», 1925, «Бізнес», 1929). Асн.эстэт. прынцыпы літ. К.: у прозе — арыентацыя на «канструкцыю матэрыялаў» замест інтуітыўна знойдзенага стылю, мантаж ці кінематаграфічнасць; у паэзіі — засваенне прыёмаў прозы, асобных пластоў лексікі (прафес. мова, жаргоны і інш.) адмаўленне ад «слоты лірычных эмоцый», імкненне да фабульнасці, эпічных жанраў. У 1924—30 існаваў Літ. цэнтр канструктывістаў (Сельвінскі, Зялінскі, Б.Агапаў, А.Квяткоўскі і інш.). Выдаваліся канструктывісцкія час. «ЛЕФ», «Вещь», «Современная архитектура».
На практыцы К. найб. пашырыўся ў архітэктуры, што абумоўлена патрэбай стварэння новых тыпаў будынкаў, зменамі ў тэхніцы буд-ва; быў блізкі да функцыяналізму. Гал. прынцыпы: макс. мэтазгоднасць планіровачных і канстр. вырашэнняў, дакладная адпаведнасць будынка яго прызначэнню, эканамічнасць буд-ва. Маст. выразнасць выяўлялася праз лаканізм форм. Будынкам характэрны геаметрычнасць аб’ёмаў, кантраст глухіх паверхняў сцен з вял. плошчамі зашклення, плоскія дахі, гарыз. вокны, адкрытыя апоры ў ніжніх паверхах, закругленыя вуглы і інш. У сярэдзіне 1920-х г. К. быў асн. творчым кірункам; распрацаваны т.зв.функцыян. метад праектавання, новыя прыёмы планіроўкі населеных месцаў, тыпы грамадскіх будынкаў (рабочыя клубы, дамы саветаў, фабрыкі-кухні і інш.). Сярод архітэктараў-канструктывістаў: браты Весніны, М.Гінзбург, І.Голасаў (гл.Голасавы), К.Мельнікаў і інш.
У краінах Зах. Еўропы К. праявіўся ў дзейнасці групы «Дэ Стыль» (Галандыя), «Баўгауза», творчасці Г.Рыхтэра (Германія), Т. ван Дусбурга, Л.Мохай-Надзя (Венгрыя) і інш На Беларусі рысы К. выявіліся ў пач. 1920-х г. у Віцебску ў праграме аб’яднання Сцвярджальнікі новага мастацтва, у архітэктуры Мінска — будынкі клуба харчавікоў (арх. А.Бураў) і Дзяржбанка (арх. Г.Гальц, М.Паруснікаў, абодва 1929, не захаваліся), комплексу БДУ (1928—31, арх. І.Запарожац, Г.Лаўроў, часткова перабудаваны), Нац. б-кі Беларусі (1932, арх. Лаўроў, пры кансультацыі А.Весніна), гідраметэаралагічнай абсерваторыі (1934, арх. І.Валадзько), а таксама Дома культуры ў Бабруйску (1927—30, арх. А.Оль), дома-камуны ў Гомелі (1931, інж. С.Шабунеўскі), клуба металістаў у Віцебску (1932, арх. А.Васільеў) і інш.
Літ.:
Гинзбург М.Я. Стиль и эпоха: Пробл. современной архитектуры. М., 1924;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Хазанова В.Э. Советская архитектура первых лет Октября, 1917—1925 гг.М., 1970;
Воинов А.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 2. 2 изд. Мн., 1987;
Да арт.Канструктывізм. Праект будынка аддзялення газеты «Ленинградская правда» ў Маскве. Арх. Весніны. 1924 (злева). Будынак гідраметэаралагічнай абсерваторыі ў Мінску. Арх. І.Валадзько. 1934.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ ТЭА́ТР,
від народнай творчасці. Бытуе ў формах, створаных самім народам, арганічна звязаны з усім комплексам яго культуры. Для Н.т. характэрна пераемнасць і ўстойлівасць маст. традыцый, якія складваліся ў працэсе гіст. развіцця нар.эстэт. прынцыпаў, творчых навыкаў і прыёмаў выканання і перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Н.т. не меў спец. сцэны і дэкарацый, яго паказы вызначаліся адкрытай умоўнасцю ўсіх маст.-выяўл. кампанентаў, даходлівасцю і непасрэднасцю кантакту з гледачамі. Гэта адпавядала асаблівасцям выканальніцтва нар. артыстаў (імправізацыйнасць, падкрэсленыя рухі і жэсты, фарсіраваны гук, прыёмы буфанады і гратэску і інш.). У Н.т. вылучаюцца т-р жывога акцёра і лялечны.
Вытокі Н.т. ў стараж.-егіп.рэліг. рытуальных прадстаўленнях, у стараж.-грэч. абрадавых гульнях у гонар бога Дыяніса, культавых рытуалах, у якіх прысутнічалі элементы ігравога дзеяння і тэатр. пераўвасаблення. З прыходам хрысціянства язычніцкія абрады страцілі свой магічны сэнс і садзейнічалі развіццю Н.т. У розныя часы вылучыліся спецыялісты тэатр. справы — мімы (Стараж. Грэцыя), жанглёры, шпільманы (Зах. Еўропа), скамарохі (у некат. слав. народаў). Выступленні акцёраў найчасцей мелі вандроўны характар, яны будаваліся на аснове сцэнарыяў, якія давалі вял. магчымасці для імправізацыі. Акцёры Н.т. часта звярталіся да пантамімы. Майстэрства акцёра спалучала гімнастыку, спевы, танец, музыку, цырк. мастацтва (фокусы і дрэсіроўка), мастацтва лялечнага т-ра, які часта наз. па імю героя прадстаўлення; Пятрушка (Расія), Панч (Англія), Пульчынела (Італія), Кашпарак (Чэхія). Да Н.т. адносяць таксама балаганныя прадстаўленні і т.зв. раёк (паказ рухомых карцінак у суправаджэнні драматызаванага тэксту). Традыцыйнасць выканання вызначыла ўзнікненне ў многіх краінах асаблівага тыпу тэатр. прадстаўленняў — т. зв. традыцыйны тэатр. У краінах Азіі са стараж. часоў былі пашыраны нар. танцавальна-пантамімічныя муз. прадстаўленні. На іх аснове сфарміраваўся традыц.т-р Інданезіі (ваянг, тапенг і інш.), Шры-Ланкі (калам), Індыі (катхакалі і інш.), Японіі (кабукі, но) і інш. У Еўропе нар. акцёры значна паўплывалі на рэліг.-драм. прадстаўленні (сярэдневяковую містэрыю). Пранікненне камед.-быт. элементаў у паказы містэрый садзейнічала фарміраванню фарса. Традыцыі фарса і карнавала падрыхтавалі з’яўленне камедыі дэль артэ. Традыцыі Н.т. распрацоўвалі буйнейшыя драматургі і акцёры.
Вытокі бел. Н.т. ў стараж. паляўнічых і земляробчых абрадавых гульнях, культавых рытуалах, дзе зараджаліся элементы гульнявога дзеяння і тэатр. пераўвасаблення. Абрады, што ўзніклі ў часы язычніцтва, паступова страчвалі сваю магічную аснову. Працэс абміршчэння абрадаў і павелічэнне іх драм.-ігравога пачатку прывёў да адносна самаст. развіцця драм.тэатр. момантаў, якія набылі выразную эстэт. функцыю. Элементы тэатралізаванага дзеяння ёсць у многіх каляндарных (Каляды, Купалле і інш.), сямейна-бытавых (вяселле і інш.) абрадах, карагодах, карагодных танцах і гульнях. Сцэнарый вяселля меў кампазіцыйна-структурную будову, аналагічную драме: завязку, кульмінацыю і развязку, падзел на асобныя сцэны і эпізоды, пэўныя ролі, выпрацаваныя і замацаваныя абрадавай традыцыяй. Каляды мелі характар своеасаблівага карнавалу: хадзілі гурты калядоўшчыкаў са звяздой, вадзілі «казу», «кабылу», «мядзведзя», «жорава», пазней адбываліся паказы батлейкі, народнай драмы. Выканаўцы пераапраналіся, карысталіся маскамі, своеасаблівым грымам, рэквізітам. Персанажы з калядных гульняў і прынцыпы іх абмалёўкі, кампазіцыйныя і выканальніцкія прыёмы, асобныя сцэны развіліся ў больш складаныя формы Н.т. У карагодах арганічна спалучаліся песня, танец і драматызаванае дзеянне, тэатралізацыя ў іх узнікла на аснове песеннага сюжэту. Паступова з карагода вылучаліся выканаўцы роляў, паміж імі і карагодным хорам вёўся песенны дыялог. Эвалюцыя абрадавай сістэмы, куды ўваходзілі раней і розныя формы творчасці, стварыла перадумовы гіст.-ранняга вылучэння з яго нар. ігрышчаў, якія спалучалі ў сабе песеннае, харэаграфічнае і тэатр. мастацтвы і тэатралізаваныя паказы: хаджэнні пераапранутых, гульнявы паказ вяселля («Жаніцьба Цярэшкі», «Жаніцьба бахара»), гульні («Яшчур», «Халімон» і інш.). Развітую сюжэтную аснову мелі таксама шматлікія пазаабрадавыя гульні («Старыца», «Кавалі», «Злыдні» і інш.). Значную ролю ў развіцці разнастайных форм Н.т. адыгралі аселыя скамарохі — нязменныя ўдзельнікі нар. свят і ігрышчаў. Іх мастацтва садзейнічала далейшай тэатралізацыі абрадаў і гульняў, прыкметна ўплывала на характар дзейнасці нар. музыкантаў, казачнікаў і інш. выканаўцаў. У станаўленні нар.формтэатр. прадстаўленняў значны ўклад зрабілі вандроўныя прафес. скамарохі, сярод якіх асаблівай папулярнасцю на Беларусі карысталіся павадыры мядзведзяў (гл.«Мядзведжыя пацехі», «Смаргонская акадэмія»), музыкі, лірнікі, выканаўцы драм сцэнак. Н.т. развіваўся як т-р жывога акцёра і т-р лялек (батлейка). Найб. яскрава і пераканаўча ў батлейкавым т-ры нац.маст. традыцыя выявілася ў малых формах нар. драмы, у невял. камедыйных сцэнах (інтэрмедыях). Некаторыя сцэны з рэпертуару батлейкі ў канцы 19 — пач. 20 ст. выконвалі жывыя акцёры, такія паказы наз.жывой батлейкай. У батлейцы канчаткова аформілася нар. драма. У паказах батлейкі і нар. драмы знайшлі сваё ўвасабленне найб. развітыя формы нар.тэатр. творчасці. Элементы Н.т. ў пач. 20 ст. выкарыстоўваліся аматарскімі гурткамі, якія наладжвалі беларускія вечарынкі, і прафес. т-рамі І.Буйніцкага, У.Галубка. Спектаклі трупы Буйніцкага захоўвалі сувязь з нар. ігрышчамі: разам з пастаноўкамі драм. твораў уключалі выкананне нар. песень і танцаў, дэкламацыю. Традыцыі батлейкі і нар. драмы адраджаюцца ў асобных пастаноўках студэнтаў Бел.АМ, Мінскага нар.т-раБДУ і інш.нар. тэатраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Бур’я́н1 ’бур’ян’ (БРС). Рус.бурья́н, укр.бурʼя́н. Падобныя формы ёсць і ў іншых славян: балг.бу́рен ’тс’, серб.-харв.бу́рјан ’Sambucus ebulus’, славац.burina, польск.burzan (< укр.; Слаўскі, 1, 51) і г. д. Этымалогія слова вельмі няпэўная (чэш.burina, buřeň з славац.burina; чэш.buřan з рус.бурьян; Махэк₂, 77); яно лічыцца няясным па паходжанню (Слаўскі, 1, 51; Махэк₂, 77). Старыя версіі (сувязь з пырей: Патабня, РФВ, 4, 189, праформа *prujanъ; сувязь з ням.Baldrian, лац.valeriana: Праабражэнскі, 1, 55; роднаснасць з былиѥ: Младэнаў, 50) не пераконваюць (Рудніцкі, 1, 269, лічыць, што тлумачэнне Патабні ўсё ж найбольш падыходзіць). Фасмер (1, 249–250) думае пра сувязь з рус.бури́ть ’раскідваць’ (бурьян, ’тое, што пышна разраслося’). БЕР, 1, 91: сувязь з *bujьnъ ’буйны’ (там і агляд слав.форм). Незразумела Шанскі, 1, Б, 236 (ад асновы бур‑|был‑: былинка). Параўн. і Прыцак, IJSLP, 8 (1964), 41–45. Гл. яшчэ Кніежа, 113; MESz, 1, 391–392 (венг.burján < слав.).
Бур’я́н2 ’навальніца з вялікім ветрам; бура’ (Яшкін). Адбыць, кантамінаванае слова: буран, бура + буяць, буян?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Галаве́нька1 ’апалонік (паўзун)’ (Шатал.). Наўрад ці ёсць сувязь са словамі тыпу галаве́нь (назва рыбы з вялікай галавой) ці галаве́нька ’спарыння’ (Шатал.). Хутчэй за ўсё трэба думаць пра нейкую кантамінацыю розных па значэнню, але падобных па форме слоў (*golv‑ ’галава’). А можа, гэта памяншальная форма (суф. ‑енька) ад галава?
Галаве́нька2 ’галавешка’ (Шатал.). Па паходжанню гэта памяншальная форма ад прасл.*golvьńa ’галавешка, факел і да т. п.’ (асноўная форма бел.*галаўня зафіксавана ў бел. мове вельмі слаба; яе няма ў большасці слоўнікаў; Трубачоў (Эт. сл., 7, 12) прыводзіць бел.галаўня, але адкуль?). Прасл.*golvьńa (рус.головня́, укр.голо́вня, польск.głownia, чэш.hlavně, hlaveň, ст.-слав.главьнꙗ, балг.главня́, серб.-харв.гла́вња і г. д.) лічыцца звязаным з прасл.*golva ’галава’ (г. з. н. першапачаткова ’галоўка палена, што гарыць’). Гл. Фасмер, 1, 429–430 (там і агляд ранейшай літ-ры). Менш пераконвае сувязь са ст.-інд.jurvati ’паліць’, jūrṇíṣ ’жар’ і г. д. Іншыя этымалогіі яшчэ больш няпэўныя. Падрабязны агляд славянскіх форм і абгрунтаванне сувязі з *golva гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 12–13.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дабы́ць ’здабыць’, дабыва́ць ’здабываць’. Агульнаславянскі дзеяслоў праславянскага характару. Параўн. укр.добу́ти ’здабыць, набыць, дастаць’, рус.добы́ть дастаць, набыць і г. д.’, ст.-рус.добыти ’набыць, здабыць; дажыць’, чэш.dobyti ’здабыць, набыць, зарабіць; завалодаць, авалодаць; дастаць, выцягнуць’, славац.dobyť ’захапіць, авалодаць; дабыць, дабіцца’, в.-луж.dobyć ’астацца; здабыць, зарабіць; авалодаць, захапіць, перамагчы’, н.-луж.dobyś ’астацца, выцерпець да канца’, польск.dobyć ’астацца, прабыць; выцягнуць, дастаць; захапіць, авалодаць’, балг.доби́я ’здабыць; раджаць’, серб.-харв.до̀бити ’здабыць, атрымаць’, славен.dobíti ’атрымаць і да т. п.’ Прасл.*dobyti (прэфікс *do + дзеяслоў *byti). Агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 47–48. Не вельмі ясным застаецца пытанне аб першапачатковым значэнні слова. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што зыходзіць трэба з ’раджаць’ (агляд гл. Махэк₂, 122). Паводле Трубачова (там жа, 48), лепш думаць, што гэта апошняе з’яўляецца мясцовым сінонімам. Махэк услед за Матлам (гл. Махэк₂, 122) лічыць, што развіццё семантыкі ішло так, як у лац. слова pecu ’жывёла’ > ’маёмасць, грошы’. Зыходным, паводле Махэка, для *dobyti з’яўляецца ’нарадзіць’. Гэта значэнне было агульным, але сёння захавалася ў балг. мове.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ня́хаць ’бегаць у пошуках спажывы’. Няясна; магчыма, звязана з Ахаць (яхыць) ’брахаць (пра сабаку, які праследуе здабычу)’, гл. Параўн. таксама нах‑нах! ’падзыўныя воклічы для сабакі’ (мсцісл., З нар. сл.), якое разглядаецца як фанетычнае перайманне голасу сабакі, што праследуе звера (Тура, Этнолингвистика текста. Семиотика малых форм фольклора, І. Тез. и предв. мат-лы к симп. М., 1988, 107); у такім выпадку змякчэнне можа мець экспрэсіўны характар, параўн. ня‑ня ’тс’ (гл.), рус.нех‑нех ’словы, якімі падклікаюць сабак’.
Няха́ць, няхаіць ’адкладваць справу з-за гультайства ці нядбальства’ (Нас.), укр.нехати ’не рухаць’, нехаяти ’не дбаць; ігнараваць што-небудзь’, рус.нехати ’пакідаць, пушчаць’, польск.niechać ’дапускаць, дазваляць; не рухаць, пакідаць у спакоі, не звяртаць увагі’, чэш.nechati ’тс’, славац.nechať ’тс’, в.-луж.njechać, н.-луж.njechaś ’не цікавіцца, не мець жадання’, палаб.nechat ’пушчаць’, славен.nehati ’перастаць, пусціць’, серб.-харв.не xäjam ’не звяртаць увагі, не клапаціцца’, балг.нехая ’не турбавацца, не клапаціцца’. Прасл.*nechajati/*nechatiy утворанае ад *chajati/*chatiy этымалагічна не зусім яснага, параўн. Бязлай, 1, 190; Шустар-Шэўц, 13, 1010; Фасмер, 3, 70; Махэк₂, 394. Параўн. хаяць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Атра́ма, тра́ма ’бэлька ў хаце, што падтрымлівае іншыя бэлькі’ (БРС, ЭШ, Касп.), атраміна (Касп.); трам, трамо́к, отра́ма (Шушк.); атран (КЭС). Пра рэалію — трам гл. Малчанава, Мат. культ., 95. З XVII ст. трамъ (Булыка, Запазыч.). Укр.трам ’бэлька, вага’, отрамувати ’абчасаць, зрабіць бэльку чатырохграннай’, трям, трямок ’бэлька; частка ткацкага станка’. Польск. (з XVI ст.) — tram, чэш. (і ст.-чэш.), славац.tram, в.-луж., н.-луж.trama (і н.-луж.tramʼ), славен.trȃm(e) ’тс’. Брукнер (574, 575), Махэк₂ (649) абгрунтавана лічаць запазычаннем з ням.Tram, ст.-в.-ням.trame ў заходнія славянскія мовы (і славенскую); беларускае і ўкраінскае з заходнеславянскіх, для беларускай верагодная крыніца — польская. А‑ мае пратэтычны характар. Цяжка згадзіцца з меркаваннем Цыхуна (Лекс. балтызмы, 50) пра запазычанне з літ.atramà ’падпора, устой’, паколькі семантыка літоўскага слова супадае з беларускай, а незафіксаваная ў літоўскай форма без a‑ пашырана ў беларускай мове больш, чым з а‑; націск у літоўскай таксама адрозніваецца ад беларускага, які супадае з польскім. Агульнасць польскай, беларускай і літоўскай форм можа азначаць (насуперак Цыхуну) і пашырэнне польскай формы, прадстаўленай хаця і без пратэзы ва ўсіх заходнеславянскіх мовах.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аце́ц ’бацька, татка’ (Бяльк., Шн., Хрэст. дыял., Яшкін, Бел. мова, 145), ’бацька; зварот дзяцей да бацькі’ (Ян.), оцец (ocieć) (Маш.), ацецкі: «людзі чэсныя, сыны ацецкія» (з песні, Рам. 8, 163), ст.-бел.отецъ (часам «отец рожоный» ’родны бацька’ ў адрозненне ад «отца духовного», параўн. Булахаў, З жыцця, 6), укр.отець, рус.отец, польск.ojciec, славац., чэш.otec, в.-луж.wótc, wóćec, н.-луж.wóść, славен.oče, серб.-харв.о̀тац, р. скл. о̀ца, макед.отец (уст.), балг.оте́ц (уст.), ст.-слав.отьць. Прасл.otьcь з otьkъ, вытворнага ад otъ ’бацька’, якое ўзнаўляецца на падставе ст.-рус., ц.-слав.отьнь ’бацькаў, бацькоўскі’ і рускіх дыялектных форм, параўн. отька, атёк, а́тка ’бацька’ (гл. Шарапава, УЗ МОГТИ, 193, 323 і наст.); грэч.ἄττα ’бацька’, лац.atta, гоц.atta, алб.at, ірл.aite ’апякун, выхавацель’, хец.attaš ’бацька’ і інш. Паходзіць з дзіцячай мовы, як і іншыя тэрміны роднасці, параўн. маці. Гл. Фасмер, 3, 170; Трубачоў, История терм., 25 і наст. Сучаснай беларускай літаратурнай мове слова невядома, аднак сустракаецца ў народных песнях; у дыялектнай мове — русізм або царкоўнаславянізм, параўн. Яшкін, Бел. мова, 145. Гл. айцец.