Пы́цка старое ’шчака’, мн. л. пы́цкі: даць па пыцках (Даніл. Сл.), пы́цак: даць па пыцку (там жа, па твары?), сюды ж пыцо́к ’penis’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), параўн. польск. дыял. pycek ’кавалак’, мажліва, сюды ж і славен. рîсек ’penis’. Утворана ад імітатыўнага *pykъ, гл. пы́цнуць, зыходная форма пы́цкаць ’дакранацца’; не выключана сувязь з *pyskъ, гл. пысак.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Райдо́ліць ’гаварыць недарэчнае’, ’гаварыць лухту, бязглуздзіцу’ (Сл. ПЗБ), рэ́йдаць ’тс’ (Сл. ПЗБ; шчуч., Нар. сл.): баба рэйдае (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. райдати ’пляткарыць’, польск. экспр. rajdać ’доўга размаўляць з добра знаёмым, пляткарыць’, польск. жарт. rajdać ’раіць’. Курцова выводзіць польскія формы, якія могуць мець сувязь з адпаведнымі ўкраінскімі, з ням. reden ’гаварыць, размаўляць’ (Курцова, Polszczyzna, 223). Гл. рэйдаць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Раса́ўка, роса́ўка ’жытні дэман, якім палохалі дзяцей, русалка’ (ТС), роса́лка ’тс’ (Выг.): роса́лка лякала дытэй, шоб жыта ны мя́лы; страшная, з роспу́шчанымы коса́мы (брэсц., Леванц.). Палескі варыянт традыцыйнай назвы руса́лка ’тс’ (гл.) у выніку збліжэння з раса 1 (гл.). Аднак параўн. расаватначка ’тс’ (гл. расаваць), што хутчэй сведчыць пра сувязь з раса 2 (< *ręsa) або раса 3 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ра́ха ’неахайніца’: раха ходзіць без спадніцы (латг., Новы час, 2003, 23, 7), параўн. укр. ря́ха ’чапуруха’. Паводле Горбача (Арго, 30) сувязь апошняга з укр. ра́ха ’маладзіца, жанчына’ другасная, зыходная форма з цыганскага раклі ’дзеўка (не цыганка)’, што не пераконвае. Супрацьлеглае значэнне ў выніку атаясамлівання ня‑ (не-) у няраха (гл.) з адпаведнай узмацняльнай часціцай (гл. не-). Гл. атраха.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Судамы́я ’асоба, што іншых абмаўляе’, судамы́іць ’абгаворваць’ (Варл.). Укладальнік слоўніка звязвае з судзіць ’абгаворваць’ і мыць ’паласкаць’: sudzie i myje jazykom (там жа), што можа ўспрымацца як народнаэтымалагічнае тлумачэнне, параўн. рус. судомо́йка ’пасудамыя; хвашчанка (для мыцця пасуды)’, гл. судзіна, суды. Не выключана сувязь з судо́м (гл.), аргат. судо́міць ’судзіць’ (Веснік БДУ, 1994, 4, 48), параўн. рус. дыял. судомить ’лаяць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сяле́дзя ’гатунак бульбы’, разам са сле́дзеўка, сле́дзя ’тс’ (Скарбы, Сцяшк. Сл.) суадносіцца са следзь ’селядзец’ (гл.), што семантычна цяжка патлумачыць. Аднак іншая форма назвы сяле́зя ’тс’, зафіксаваная на Гродзеншчыне (ЖНС), арыентуе на магчымую сувязь з рэгіёнам Сілезія (суч. польск. Śląsk) па мадэлі амерыка́нка, варшоўка і пад. назвы гатункаў бульбы. Магчыма, народнаэтымалагічным асэнсаваннем запазычання з’яўляецца се́льскіе дзе́ці ’гатунак бульбы’ (ТС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сіняво́д — нейкая расліна з паралельнымі назвамі конікі, чаравічкі (віл., Стан.). Параўн. укр. синьово́д ‘рагулькі, Delphinium L.’, якое па колеры і форме кветкі збліжаецца з синьово́д ‘птушка зімародак, Alcedo atthis L.’, што да си́ній і вода́ (ЕСУМ, 5, 239). Несумненная сувязь з сіні (гл.), спецыфічная форма кветак адлюстравана ў іншых назвах, што могуць нагадваць галаву воднай птушкі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АРА́ТАРСКАЯ ПРО́ЗА,
помнікі красамоўства, а таксама літаратурныя творы, напісаныя ў прамоўніцкім стылі. Найб. росквіту дасягнула ў Грэцыі (5—4 ст. да н. э.) і Рыме (1 ст. да н. э.), дзе выпрацавана тэорыя аратарскага мастацтва — рыторыка. Узоры класічнага красамоўства — прамовы Цыцэрона, буйнейшага тэарэтыка і практыка аратарскай прозы. У перыяд сярэднявечча мела пераважна царкоўна-рэліг. характар. Эпоха Адраджэння садзейнічала развіццю свецкай аратарскай прозы. На Беларусі першыя выдатныя прадстаўнікі царк. красамоўства Іларыён і Кірыла Тураўскі. Жанравую сувязь з аратарскай прозай мае «Слова пра паход Ігараў». У 16—17 ст. у перыяд рэліг. палемікі бытавалі «слова», прамова, казанне, пропаведзь. Развіццю аратарскай прозы садзейнічалі і арацыі. Выдатным прамоўцам быў грамадска-паліт. дзеяч і дыпламат Л.Сапега (прамова на Варшаўскім сейме 1588). Сярод прадстаўнікоў бел. царк. красамоўства вылучаліся Л.Карповіч, М.Сматрыцкі і Сімяон Полацкі. У 17—18 ст. на Беларусі з’явіліся гумарыстычна-парадыйныя і сатыр. творы, складзеныя ў прамоўніцкім стылі («Прамова Мялешкі», «Прамова русіна», Жыровіцкія арацыі і інш.). У стылі прамоў напісаны публіцыст. маналогі, «словы» да чытачоў К.Каліноўскага ў газ. «Мужыцкая праўда». У аратарскай прозе 20 ст. пакінуў след сваімі палкімі прамовамі ў польскім сейме Б.Тарашкевіч, які выступаў у абарону нац. і сац. правоў працоўных Зах. Беларусі. Цесна звязаныя з надзённымі праблемамі грамадскага жыцця творы аратарскай прозы — каштоўная крыніца ведаў пра культ. і гіст. мінулае краіны.
В.А.Чамярыцкі.
т. 1, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў сацыялогіі,
кірунак у зах. сацыялогіі ў канцы 19 — пач. 20 ст., звязаны са спробамі тэарэт. абгрунтаваць сутнасць і развіццё грамадства на аснове аналогіі з прыродай жывога арганізма. Абапіраючыся на дасягненні біялогіі (клетачнай будовы арганізмаў і эвалюцыйнай тэорыі Дарвіна), імкнулася, каб сацыялогія заняла прамежкавае месца паміж прыродай чалавека і чалавечым грамадствам. Асобныя прынцыпы такой тэорыі вядомы яшчэ ў сац.-філас. канцэпцыях Платона, Арыстоцеля, Гобса, Мантэск’е і інш. У поглядах Кона і Спенсера ідэя біял. рэдукцыянізму набыла больш выразны сацыялагічны характар. Класічныя прадстаўнікі школы А.Шэфле (Германія), Р.Вормс і А.Эспінас (Францыя), П.Ліліенфельд (Расія) сцвярджалі, што грамадства і ёсць арганізм, атаясамліваючы чалавека з клеткай, сац. інстытуты з яго органамі (напр., урад з галаўным мозгам, трансп. зносіны з кровазваротам, сувязь з нерв. сістэмай і г.д.). Сац. канфлікты яны зводзілі да хвароб, а іх прафілактыку і лячэнне звязвалі з «сацыяльнай гігіенай». Падобныя аналогіі стваралі бачнасць тэарэт. вырашэння сац. праблем, але не давалі адказаў на шматлікія пытанні, з якімі сутыкаліся і навукоўцы, і практыкі (палітыкі, эканамісты, кіраўнікі і г.д.). Таму да пач. 20 ст. ідэі арганічнай школы саступілі месца больш строгім тэарэт. канцэпцыям, якія арыентуюцца на вывучэнне грамадства як больш складанай і самаст. сістэмы.
Літ.:
Вормс Р. Биологические принципы в социальной эволюции: Пер. с фр. Киев, 1912;
История социологии. Мн., 1993.
Е.М.Елсукоў.
т. 1, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАЦЫЯ́ЦЫЯ у псіхалогіі,
сувязь паміж псіхічнымі з’явамі, калі актуалізацыя (успрыманне або ўяўленне) адной з іх выклікае з’яўленне другой. Найб. вядомыя асацыяцыі па сумежжы (у прасторы або часе), падабенстве або кантрасце. У іх могуць спалучацца думкі, адчуванні, успрыманні, рухі або вобразы, якія ўзнікаюць у свядомасці без бачнай знешняй прычыны.
Упершыню пра наяўнасць такіх сувязяў пісаў Арыстоцель. У навук. ўжытак тэрмін «асацыяцыя» ўвёў у 1698 Дж.Лок, які лічыў, што асацыяцыі ствараюць штучныя, неадэкватныя спалучэнні. У 18—19 ст. у трактоўцы асацыяцыі існавалі розныя падыходы і кірункі. Дж.Берклі і Д.Юм разглядалі асацыяцыю як праяву суб’ектыўнай дзейнасці свядомасці. Д.Гартлі лічыў яе вынікам мінулага вопыту чалавека, які адлюстроўваўся ў яго нервовай сістэме. Дж.Міль сцвярджаў, што псіхіка — гэта сістэма асацыятыўных адчуванняў. А.Бэн і Дж.С.Міль прызнавалі магчымасць узнікнення якасна новых псіхічных з’яў з адчування. З паняцця асацыяцыі пры тлумачэнні дынамікі псіхічных працэсаў зыходзілі прадстаўнікі ўсіх асн. кірункаў асацыятыўнай псіхалогіі (гл. Асацыянізм). На пач. 20 ст. К.Г.Юнг прапанаваў асацыятыўны эксперымент для выяўлення неўсвядомленых, схаваных афектных утварэнняў (комплексаў). Падобныя эксперыменты выкарыстоўваў Ч.Дарвін для вывучэння эмоцый і Т.Эбінгаўз для даследавання памяці.
У сучаснай псіхалогіі вывучэнне асацыяцыі праводзіцца з мэтай выяўлення спецыфікі розных псіхічных працэсаў і з’яў.
Літ.:
Ярошевский М.Г. История психологии. 3 изд. М., 1985;
Яго ж. Краткий курс истории психологии. М., 1995;
Общая психология. 2 изд. М., 1986.
Т.У.Васілец.
т. 2, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)