НІЛ СО́РСКІ (у свеце Мікалай Майкаў; 1433, Масква — 1508),
расійскіцарк. і грамадскі дзеяч, кіраўнік несцяжацеляў. Манах Кірыла-Белазерскага манастыра. У 1473—89 шмат падарожнічаў, быў у Палесціне, Канстанцінопалі, Афоне, дзе пазнаёміўся з містычным вучэннем ісіхазму (шлях чалавека да яднання з Богам праз «ачышчэнне сэрца»). Пасля вяртання заснаваў першы на Русі манаскі скіт на р. Сора каля Кірыла-Белазерскага манастыра. У творах «Статут скіцкага манаскага жыцця», «Паданне вучням сваім аб жыхарстве манаскім» і інш. патрабаваў засяроджвання вернікаў на сваім ўнутр. свеце, асабістага перажывання веры як непасрэднага яднання верніка з Богам. Выступаў за ўдзел манахаў у прадукц. працы, рэформу манаства на пачатках скіцкага жыцця, заклікаў духавенства адмаўляцца ад роскашы, ўладання зямлёй і сялянамі («несцяжання»). У адносінах да ератыкоў рэкамендаваў адмову ад насілля і ганенняў. Удзельнічаў у саборы 1503, дзе несцяжацелі пацярпелі паражэнне ад іасіфлян. Прадаўжальнікамі ідэй Н.С. былі Васіян Патрыкееў Касы і Арцемій Троіцкі.
Літ.:
Замалеев А.Ф. Философская мысль в средневековой Руси (XI—XVI вв.). Л., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯКРА́САЎ (Генадзь Канстанцінавіч) (8.9.1918, г. Росаш Варонежскай вобл., Расія — 5.8.1987),
расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыў Ленінградскі тэатр.ін-т імя Астроўскага (1941). З 1937 працаваў у Ленінградскім Новым т-ры юнага гледача, т-рах Балтыйскага флоту, Паўн. групы войск. З 1950 у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі імя Горкага. З 1960 у т-ры імя Массавета. Творчасць адметная псіхал. верагоднасцю, тонкім адчуваннем стылю твора і рэжысёрскай ідэі. Сярод лепшых роляў на бел. сцэне — Ермашоў і Бонч-Бруевіч («Брэсцкая крэпасць» і «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Сакалоў («Песня нашых сэрцаў» В.Палескага), Васількоў («Шалёныя грошы» А.Астроўскага), Мікіта («Улада цемры» Л.Талстога), Астраў («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Эдгар («Кароль Лір» У.Шэкспіра), Хігінс («Пігмаліён» Б.Шоу), Алан Окапел («Шакалы» А.Якабсана); у т-ры імя Массавета — Лужнін («Злачынства і кара» Ф.Дастаеўскага), Генерал («Смерць Пазухіна» М.Салтыкова-Шчадрына), Вэл Ксаўе («Арфей спускаецца ў пекла» Т.Уільямса), Дэрвіш («У ноч зацьмення Месяца» М.Карыма). Зняўся ў бел. фільмах «Чалавек не здаецца», «Першыя выпрабаванні» і «Якаў Багамолаў» (тэлевізійны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ТАЎ (Мацвей Іванавіч) (17.8.1751, станіца Старачаркаская Аксайскага р-на Растоўскай вобл., Расія — 15.1.1818),
расійсківаен. дзеяч. Вайсковы атаман Данскога казацкага войска (з 1801), ген. ад кавалерыі (1809), граф (1812). Ганаровы д-р права Оксфардскага ун-та (1814). На ваен. службе з 1764. Удзельнік рус.-тур. войнаў 1768—74, 1787—91 і 1806—12, рус.-пруска-франц. вайны 1806—07. У пач. вайны 1812 камандзір «лятучага» корпуса 1-й арміі (у Гродне); адрэзаны ад яе франц. войскамі, далучыўся да 2-й арміі; прыкрываў яе адыход, атрымаў перамогі над напалеонаўскай кавалерыяй у Мірскім баі 1812 і каля в. Раманава (цяпер Леніна Слуцкага р-на). Пасля Смаленскай бітвы ўзначаліў ар’ергард аб’яднанай арміі. У час Барадзінскай бітвы 1812 зрабіў рэйд у тыл праціўніка. Восенню 1812 удзельнічаў у праследаванні адступаючай франц. арміі, у вызваленні Оршы, Талачына, Барысава і інш. Удзельнік замежных паходаў рускай арміі 1813—14.
Літ.:
Астапенко М.П., Левченко В.Г. Атаман Платов: Жизнеописание. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯТ (Расціслаў Янавіч) (13.12.1908, г. Растоў-на-Доне, Расія — 30.6.1989),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1961). Герой Сац. Працы (1989). Вучыўся на драм. курсах пад кіраўніцтвам Ю.Завадскага. З 1927 акцёр Тэатра-студыі пад кіраўніцтвам Завадскага, з 1938 — Т-ра імя Ленінскага камсамола, з 1941 — Маскоўскага т-ра драмы, з 1943 — Т-ра імя Массавета. Яго творчасць вылучалася шырокім артыстычным дыяпазонам, майстэрствам унутранага і знешняга пераўвасаблення, інтэлектуальнасцю, іранічнасцю. Сярод роляў: Крогстад («Нора» Г.Ібсена, 1939, 1959), Бурмін («Хлопец з нашага горада» К.Сіманава, 1941), Нінкавіч («Пані міністэрша» Б.Нушыча, 1946), Бернард Шоу («Мілы лгун» Дж.Кілці, 1963), Цэзар («Цэзар і Клеапатра» Б.Шоу, 1964), Барлей Купер («Далей — цішыня» В.Дэльмар, 1969), Фёдар Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага, 1980) і інш. З 1938 здымаўся ў кіно: «Падкідыш» (1940), «Мара» (1943), «Вясна» (1947), «Масква—Генуя» (1964), «Іду на навальніцу» (1966), «Пасляслоўе» (1984), у тэлефільмах «Ўся каралеўская раць» (1971), «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973) і інш. Аўтар кн. «Без эпілога» (1991). Дзярж. прэмія СССР 1982.
Літ.:
Р.Я.Плятт: Воспоминания друзей и коллег. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАЗА́НАЎ (Якаў Аляксандравіч) (4.2.1881, Масква — 8.8.1945),
расійскі кінарэжысёр; адзін з заснавальнікаў рас. кінематаграфіі. Засл. дз. маст. Расіі (1935). Засл. дз. маст. Узбекістана (1943). У кіно з 1907, першы фільм — «Бахчысарайскі фантан» (1909). Да 1918 паставіў каля 80 фільмаў, у т. л. «Вайна і мір» (з У.Р.Гардзіным; паводле Л.Талстога), «Д’яблы» (паводле Ф.Дастаеўскага; абодва 1915), «Пікавая дама» (1916; паводле А.Пушкіна) і «Айцец Сергій» (1918; паводле Л.Талстога). З 1920 працаваў у Парыжы і Берліне. З 1923 у Расіі. Зняў фільмы: «Аэліта» (1924; паводле А.Талстога), камедыі «Закройшчык з Таржка» (1925), «Працэс аб трох мільёнах» (1926), «Дон Дыега і Пелагея» (1928), «Свята святога Іоргена» (1930), «Насрэдзін у Бухары» (1943). Сярод інш. фільмаў: «Сорак першы» (1927; паводле Б.Лаўранёва), «Белы арол» (1928; паводле апавяд. Л.Андрэева «Губернатар»), «Беспасажніца» (1937; паводле А.Астроўскага), «Салават Юлаеў» (1941), фільм-памфлет «Марыянеткі» (1934) і інш. Яго творчасць вызначалася высокім прафес. майстэрствам, увагай да мастацтва акцёра, увасабленнем лепшых традыцый рус. тэатра і л-ры ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫ́Р’ЕЎ (Іван Аляксандравіч) (17.11.1901, г. Камень-на-Обі Алтайскага краю, Расія — 7.2.1968),
расійскі кінарэжысёр. Нар.арт.СССР (1948). Скончыў Дзярж.эксперым.тэатр. майстэрні (1923). Быў акцёрам т-раў Пралеткульта і У.Меерхольда. З 1925 у кіно. Некалькі гадоў узначальваў кінастудыю «Масфільм», пасля кіраваў там творчым аб’яднаннем «Прамень». Паставіў фільмы «Чужая жанчына» (1929), «Дзяржаўны чыноўнік» (1931), «Партыйны білет» (1936). Па-наватарску асвойваў жанр муз. камедыі ў кінафільмах «Багатая нявеста» (1938), «Трактарысты» (1939), «Свінарка і пастух» (1941), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1944), «Сказанне пра зямлю Сібірскую» (1948, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Марыянске-Лазне, Чэхія), «Кубанскія казакі» (1950, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, Чэхія), якія вызначаюцца рамант. прыўзнятасцю, тэмпераментам, камедыйнасцю і лірычнасцю нар. вобразаў. Зняў адзін з першых фільмаў пра партызан Вял.Айч. вайны «Сакратар райкома» (1942). Пазней звярнуўся да творчасці Ф.Дастаеўскага: паставіў фільмы «Ідыёт» (1958), «Белыя ночы» (1960), «Браты Карамазавы» (1969, 3-я серыя закончана К.Лаўровым і М.Ульянавым). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943, 1946, 1948, 1951.
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1978.
Літ.:
Михайлов А. Народный артист СССР И.Пырьев. [М.], 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРЭ́НКА (Аляксей Васілевіч) (н. 26.3.1938, с. Чэмер Чарнігаўскай вобл., Украіна),
расійскі акцёр. Нар.арт. Расіі (1988). Скончыў Харкаўскі тэатр.ін-т (1961). З 1961 у т-рах Запарожжа і Данецка, з 1964 у Ленінградскім т-ры імя Ленсавета, з 1977 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай, у 1978—83 у Маскоўскім маст.акад. т-ры, у 1991—92 у т-ры «Школа сучаснай п’есы». Мастацтву П. ўласцівы тэмпераментнасць, здольнасць да псіхал. аналізу вобраза: Дзіма («Качынае паляванне» А.Вампілава), Сцяпан («А што гэта ты ў фраку?» Д.Сухарава паводле «Прапановы» А.Чэхава). З 1967 здымаецца ў кіно: «Кароль Лір» (1971), «Агонія» (1974), «Дваццаць дзён без вайны» (1976), «Ключ без права перадачы», «Сказ пра тое, як цар Пётр арапа жаніў» (абодва 1977), «Жаніцьба» (1978), «Гракі» (1983), «Жорсткі раманс», «ТАСС упаўнаважаны заявіць» (абодва 1984), «Наш браняпоезд», «Вязень замка Іф» (абодва 1988), «Кааператыў «Палітбюро», «Мушкецёры дваццаць гадоў пасля» (1992), «Імперыя піратаў» (1994), «Руская ідэя» (1995), «Агапэ» (1996), «Сібірскі цырульнік» (1999), «У жніўні 44-га» (2000) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЎЦО́Ў (Іларыён Мікалаевіч) (7.12.1879, б.мяст. Анатоль, Брэсцкая вобл. — 25.10.1934),
расійскі акцёр. Нар.арт. Расіі (1932). Скончыў Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1902). З 1902 акцёр у розных трупах і т-рах Масквы і інш. гарадоў, у т. л. «Т-ва новай драмы» пад кіраўніцтвам У.Меерхольда (1902—05), Маскоўскага драм.т-ра (1915—20). З 1922 у Маскоўскім маст.акад. т-ры, 1-й Студыі Маскоўскага маст.акад.т-ра, Маскоўскім маст.акад. т-ры 2-м. З 1925 у Ленінградскім т-ры драмы імя А.Пушкіна. Яго выкананне вызначалася псіхалагічна тонкай перадачай характараў герояў, іх унутр. стану, выразнай пластыкай і майстэрствам пераўвасаблення. Сярод роляў: Цар Фёдар Іаанавіч («Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога), Іван Карамазаў, князь Мышкін («Браты Карамазавы», «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Карандышаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), Той («Той, хто атрымлівае аплявухі» Л.Андрэева), Павел I («Павел I» Дз.Меражкоўскага), Генадзь Дубровін («Вогненны мост» Б.Рамашова), Красільшчыкаў («Штыль» У.Біль-Белацаркоўскага), прафесар Барадзін («Страх» А.Афінагенава), Тарцюф («Тарцюф» Мальера) і інш. Здымаўся ў кіно («Чапаеў» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВЕ́НСКІХ (Барыс Іванавіч) (27.6.1914, Масква — 10.1.1980),
расійскі рэжысёр. Нар.арт.СССР (1968). Скончыў Ленінградскі тэатр. тэхнікум (1935). З 1935 у т-ры У.Меерхольда, з 1940 у Маскоўскім маст.акад. т-ры, з 1941 рэжысёр Драм. студыі (пазней Маскоўскі драм.т-р імя К.Станіслаўскага), з 1951 — Малога т-ра, з 1960 гал. рэжысёр Маскоўскага драм.т-ра А.Пушкіна, у 1970—80 рэжысёр, гал. рэжысёр Малога т-ра. Творчасць адметная публіцыстычнасцю, псіхал. вастрынёй распрацаваных характараў, выразнай формай, эмацыянальнасцю. У сваіх пастаноўках удала выкарыстоўваў музыку, пластычную выразнасць для раскрыцця філас. зместу твора: «З каханнем не жартуюць» П.Кальдэрона (1949), «Вяселле з пасагам» М.Дзьяканава (1950), «Шакалы» А.Якабсана (1953), «Улада цемры» Л.Талстога (1956), «Чаму ўсміхаліся зоркі» А.Карнейчука, «Дзень нараджэння Тэрэзы» Г.Мдывані (1961), «Раманьёла» Л.Скуарцыны (1963), «Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава (1964), «Драматычная песня» (кампазіцыя Р. і Анчарава паводле рамана М.Астроўскага «Як гартавалася сталь», 1971), «Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога (1973). Дзярж. прэміі СССР 1951, 1972. Дзярж. прэмія Расіі 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАША́ЛЬ (Рыгор Львовіч) (21.10.1898, г. Навазыбкаў Бранскай вобл., Расія — 11.1.1983),
расійскі кінарэжысёр. Нар.арт.СССР (1967). З 1919 арганізатар і рэжысёр дзіцячых тэатр. відовішчаў. З 1921 у Маскве, вучыўся ў Дзярж. вышэйшай рэжысёрскай майстэрні, быў дырэктарам і маст. кіраўніком майстэрні Пед.т-ра, выкладаў ва Усесаюзным ін-це кінематаграфіі. З 1925 рэжысёр кіно. Творчасці ўласціва грамадз. скіраванасць, што праявілася ў фільмах «Саламандра» (1928), «Сям’я Опенгайм» (1939, паводле Л.Фейхтвангера), «Суд вар’ятаў» (1962). Экранізаваў аповесць Ф.Дастаеўскага «Пецярбургская ноч» (1934), раман Ф.Панфёрава «Брускі» («У пошуках радасці», 1940, абодва з В.Строевай), аповесці М.Горкага «Справа Артамонавых» (1941), Ф.Гладкова «Вольніца» (1956), трылогію А.Талстога «Блуканне па пакутах»: «Сёстры» (1957), «Васемнаццаты год» (1958), «Хмурная раніца» (1959, з М.Анджапарыдзе). Стварыў серыю гісторыка-біягр. фільмаў: «Песні Абая» (1946, з Я.Аронам), «Акадэмік Іван Паўлаў» (1949), «Мусаргскі» (1950), «Рымскі-Корсакаў» (1953), «Год як жыццё» (1966). Аўтар сцэнарыяў шэрагу пастаўленых ім фільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.