ПЛА́ТАЎ (Мацвей Іванавіч) (17.8.1751, станіца Старачаркаская Аксайскага р-на Растоўскай вобл., Расія — 15.1.1818),
расійскі ваен. дзеяч. Вайсковы атаман Данскога казацкага войска (з 1801), ген. ад кавалерыі (1809), граф (1812). Ганаровы д-р права Оксфардскага ун-та (1814). На ваен. службе з 1764. Удзельнік рус.-тур. войнаў 1768—74, 1787—91 і 1806—12, рус.-пруска-франц. вайны 1806—07. У пач. вайны 1812 камандзір «лятучага» корпуса 1-й арміі (у Гродне); адрэзаны ад яе франц. войскамі, далучыўся да 2-й арміі; прыкрываў яе адыход, атрымаў перамогі над напалеонаўскай кавалерыяй у Мірскім баі 1812 і каля в. Раманава (цяпер Леніна Слуцкага р-на). Пасля Смаленскай бітвы ўзначаліў ар’ергард аб’яднанай арміі. У час Барадзінскай бітвы 1812 зрабіў рэйд у тыл праціўніка. Восенню 1812 удзельнічаў у праследаванні адступаючай франц. арміі, у вызваленні Оршы, Талачына, Барысава і інш. Удзельнік замежных паходаў рускай арміі 1813—14.
Літ.:
Астапенко М.П., Левченко В.Г. Атаман Платов: Жизнеописание. М., 1988;
Корольченко А.Ф. Атаман Платов: Ист. повествование. Ростов н/Д, 1990.
А.М.Лукашэвіч.
т. 12, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)