ЛОСЬ (Еўдакія Якаўлеўна) (1.3.1929, в. Старына Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 3.7.1977),
бел. паэтэса. Скончыла Мінскі пед.ін-т (1955), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1960). Працавала ў Вучэбна-пед. выдавецтве Беларусі, у рэдакцыях газет і часопісаў. Друкавалася з 1948. Першы зб. паэзіі «Сакавік» (1958). Выдала кнігі паэзіі «Палачанка» (1962), «Людзі добрыя» (1963), «Хараство» (1965), «Яснавокія мальвы» (1967), «Перавал» (1971), «Галінка з яблыкам» (1973), «Лірыка ліпеня» (1977). Тонкі лірызм, шчырасць і непасрэднасць, арыентацыя на перажытае — рысы яе творчасці. Аўтар паэм «Гавораць несмяротныя» (1961), «Мой свет» (1962), «Мая Хатынь» (1971), «Высакосны год» (1973), «Мінчанка» (1974), «Матчына трывога» (1975) і інш.
У зб-ках прозы «Пацеркі» (1966), «Травіца брат-сястрыца» (1970) актуальныя маральна-этычныя праблемы жыцця сучаснікаў. Пісала для дзяцей (кн. «Абутая ёлачка», 1961; «Казка пра Ласку», 1963; «Вяселікі», 1964; «Зайчык-выхваляйчык», 1970; «Дванаццаць загадак», 1974). Творы для дзяцей вызначаюцца веданнем дзіцячай псіхалогіі, даступнасцю зместу. Яе імем названа Ушацкая раённая б-ка, у Віцебску ёй пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РХЕЛЬ (Уладзімір Іосіфавіч) (н. 20.4.1940, в. Жыгалкі Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. літаратуразнавец, перакладчык. Канд.філал.н. (1982). Скончыў БДУ (1964). Настаўнічаў. З 1969 у Цэнтр.навук. б-цы імя Я.Коласа, з 1971 у Аддзеле навук. інфармацыі па грамадскіх навуках, з 1978 у Ін-це л-ры імя Я.Купалы Нац.АН Беларусі. Даследуе бел. л-ру 19 ст., бел.-польск. літ. ўзаемасувязі. Аўтар кніг «Лірнік вясковы: Сыракомля ў бел.-польск. літаратурным узаемадзеянні» (1983), «Крыніцы памяці: Старонкі бел.-польск. літаратурнага сумежжа» (1990), «Прадвесце: Бел.-польск. літ. ўзаемадзеянне ў першай палавіне XIX ст.» (1991), «Ты як здароўе...»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння бел. літаратуры» (1998). Укладальнік «Твораў» В.Каратынскага (1981, дапоўненае і перапрацаванае выд. 1994), «Твораў» Я.Лучыны (1988), і «Санетаў» А.Міцкевіча, кнігі С.Манюшкі «Ліра мая для спеваў: Рамансы і песні на словы У.Сыракомлі» (з В.І.Скорабагатавым), зб. «Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай: Бел. польскамоўная паэзія XIX ст.» (усе 1998) і інш. З польск. на бел. мову пераклаў паасобныя творы Я.Купалы, В.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, В.Каратынскага, Я.Лучыны, Я.Каханоўскага, Л.Стафа, Ю.Тувіма, Р.Дабравольскага, Б.Драздоўскага і інш.
Тв.:
Вяшчун славы і волі: Уладзіслаў Сыракомля. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ БЮРО́ МІ́РУ (МБМ; International Peace Bureau),
міжнароднае аб’яднанне міралюбівых сіл. Засн. ў снеж. 1891 у Берне (Швейцарыя) па ініцыятыве Ф.Баера. Напачатку мела на мэце «каардынаваць дзейнасць т-ваў міру і адстойваць ідэю мірнага вырашэння міжнар. спрэчак», арганізоўвала штогадовыя мірныя канферэнцыі. Пасля 1-й сусв. вайны каардынавала мірную і гуманітарную дзейнасць няўрадавых арг-цый, азнаямляла іх з ідэямі і прапановамі Лігі Нацый, праводзіла кангрэсы пацыфістаў (гл.Пацыфізм). З 1924 штаб-кватэра ў Жэневе (Швейцарыя). У 2-ю сусв. вайну не функцыянавала. Пасля вайны да 1962 наз.Міжнар.к-т узаемадзеяння арг-цый у барацьбе за мір. Імкнецца «садзейнічаць справе міру ўмацаваннем міжнар. супрацоўніцтва і негвалтоўных метадаў вырашэння канфліктаў», у т. л. праз супрацоўніцтва з ААН (мае кансультатыўны статус у Савеце па эканам. і сац. пытаннях ААН). Садзейнічала скліканню 1-й спец. сесіі Ген. Асамблеі ААН па раззбраенні (1978). Выступае за ўсеагульнае і поўнае раззбраенне, права чалавека на адмову ад ваен. службы (разглядае яго як «права адмовіцца забіваць») і інш., фарміруе адпаведную грамадскую думку. Выдае час. «Geneva Monitor» («Жэнеўскі назіральнік»), кнігі, памфлеты, справаздачы аб канферэнцыях. Нобелеўская прэмія міру 1910. Нобелеўскімі прэміямі міру ўзнаг. арганізатары і кіраўнікі МБМ Баер, Э.Дзюкамен, Ш.А.Габа, Б. фон Зутнер, А.М.Лафантэн, Ш.Макбрайд і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХА́МЕД, Магамет (каля 570, г. Мекка — 632),
арабскі рэліг. і паліт. дзеяч, заснавальнік ісламу. Тагачасных крыніц пра жыццё М. не захавалася. Паводле біяграфіі, складзенай у 9 ст., ён паходзіў з араб. роду Бану-хашым з племя курэйшытаў, рана асірацеў. Напачатку быў пастухом, потым прыказчыкам. У Аравіі і па-за яе межамі азнаёміўся з хрысц., іудзейскім і некат. інш.рэліг. і паліт. вучэннямі. Паводле мусульм. уяўленняў, М. — прарок і пасланнік Алаха, праз якога людзям перададзены тэкст свяшчэннай кнігі мусульман — Карана. Каля 610 М. выступіў з пропаведдзю ісламу. Вёў жорсткую барацьбу супраць традыцыйна язычніцкай Меккі, абапіраючыся на дапамогу некаторых плямён Ясрыба (Медыны). У 622 перасяліўся ў Ясрыб, дзе выбраны правіцелем горада, ваяводам і вярх. суддзёй (гэты год лічыцца пачаткам мусульм. эры). У Ясрыбе ён знішчыў апазіцыю з боку іудзеяў, усталяваў монатэізм ісламу і ўладу арабаў. Стварыў у Аравіі супольніцтва, заснаванае на прыналежнасці да адзінай веры, а не на кроўнай сувязі. З 631 амаль усе навакольныя плямёны падпарадкаваліся яму і перайшлі ў іслам. Утварылася магутная цэнтралізаваная тэакратычная дзяржава, якая пачала праводзіць захопніцкую палітыку ў розных кірунках. Памёр і пахаваны ў Медыне, яго грабніца стала другой (пасля Каабы) святыняй ісламу.
Літ.:
Панова В.Ф., Вахтин Ю.Б. Жизнь Мухаммеда. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЗКА ВЕ́РШАЎ,
цыкл вершаў, аб’яднаных агульнай тэмай, галоўнымі героямі, падабенствам будовы, стылёва-жанравымі адзнакамі і інш. У бел. л-ры тэрмін «нізка» ў крыху інш. форме («нанізка») упершыню ўжыты М.Багдановічам у арт. «За тры гады» (1913). Н.в. пашырана ў бел. паэзіі з пач. 20 ст. Н.в. «З песень беларускага мужыка» змясціў Я.Купала ў зб. «Жалейка» (1908), з асобных паэт. цыклаў складаюцца зб-кі Я.Коласа «Песні-жальбы» (1910), Багдановіча «Вянок» (1913), А.Гаруна «Матчын дар» (1918). Узаемасувязь паміж творамі, якія ўваходзяць у Н.в. бывае самая разнастайная. Іх можа яднаць агульны лірычны настрой («Крыху восені і жменька кляновых лістоў» У.Дубоўкі), жанр («Трохрадкоўі», «Пяцірадкоўі» А.Глобуса), тэма («Водар і шолах» Д.Бічэль-Загнетавай), погляд аўтара на пэўную гіст. падзею («Курапаты» А.Дэбіша), скразная эстэт.-філас. думка («Чатыры стыхіі» С.Дзяргая), постаць апавядальніка («Вёска» Я.Купалы), месца дзеяння («Полацк. Нафтабуд» Г.Бураўкіна). У паэзіі бываюць ўстойлівыя, т.зв. цвёрдыя віды вершаваных нізак; трыпціх («Трыпціх Ушаччыны» Р.Барадуліна), вянок санетаў («Нарач» Н.Гілевіча) і інш. Пашырана ў сучаснай паэзіі, асабліва ў творчасці маладых аўтараў (Дэбіш, І.Пракаповіч, І.Снарская, І.Хадарэнка, А.Чобат і інш.). Н.в. называюць таксама цыкл вершаў новай кнігі паэта, змешчаны ў перыядычным выданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ТЫ (ад лац. nota знак, заўвага) у музыцы, 1) умоўныя графічныя знакі, якія разам з дадатковымі абазначэннямі служаць для запісу музыкі паводле т.зв. лінейнай сістэмы (на нотным стане, або натаносцы). Кожная з сістэм натацыі ў мінулым мела свой комплекс Н., якія адрозніваліся асаблівай формай і назвамі (гл.Нотнае пісьмо). У сучаснай натацыі аснова ноты — т.зв. галоўка, круглая, або авальная, заштрыхаваная, т.зв. чорная, і незаштрыхаваная, т.зв. белая (𝅝 — цэлая нота). Ад галоўкі можа адыходзіць штыль — верт. рыса — уверх ад правага яе боку (𝅗𝅥 — палавінная) або ўніз ад левага (<SIGN>). На канцы штыля можа быць флажок, або хвосцік — просты, двайны, трайны (𝅘𝅥𝅮 — восьмая, 𝅘𝅥𝅯 — шаснаццатая, 𝅘𝅥𝅰 — трыццаць другая); канцы штыля замест хвосцікаў могуць злучацца папярочнымі рэбрамі (вязкамі) — адным, двума, трыма і інш. (<SIGN>,<SIGN>). Размяшчэнне галоўкі на нотным стане ў спалучэнні з прастаўленым у яго пачатку ключом абазначае вышыню ноты, тып галоўкі, наяўнасць штыля, наяўнасць і характар хвосціка — яе працягласць. Складовыя назвы Н. дыятанічнага гукарада: до, рэ, мі, фа, соль, ля, сі (адпаведныя лац. абазначэнні — c, d, e, f, g, a, h). Для пазначэння храматычных гукаў (гл.Храматыка) да лац. літар дадаюць склады is — дыез, es — бемоль, напр., до дыез — cis (акрамя гука сі бемоль — лац. b).
2) Аркушы, сшыткі, кнігі з рукапісным або друкаваным запісам муз. твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЗЕРАЎ (сапр.Гольдберг) Леў Адольфавіч
(23.8.1914, Кіеў — 18.3.1996),
рускі паэт, перакладчык, крытык. Канд.філал.н. (1943), праф. (1979). Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры (1939). З 1943 у Літ. ін-це імя М.Горкага. Друкаваўся з 1932. У паэт. зб-ках «Прыдняпроўе» (1940), «Лівень» (1947), «Прызнанне ў каханні» (1957), «Святлацень» (1961), «Вечаровая пошта» (1974), «Далёкая чутнасць» (1975), «Неабходнасць прыгожага» (1983), «Зямная вось» (1986), «Гравюра на самшыце» (1990), «Бездань жыцця» (1995) — тэмы мастацтва, прыроды, кахання, зменлівасці свету, спроба асэнсавання часу, пошук ісціны. Выдаў кнігі «Работа паэта» (1963), «Майстэрства і чарадзейства» (1972), «Біяграфія верша» (1981), «Пра Барыса Пастарнака» (1990), «Дзверы ў майстэрню» (1996, успаміны пра Г.Ахматаву, Б.Пастарнака, М.Забалоцкага) і інш. Аўтар раздзелаў пра творчасць Я.Купалы ў падручніках для сярэдняй школы Л.І.Цімафеева «Сучасная літаратура» (1946) і «Руская савецкая літаратура» (1949), артыкулаў пра творчасць А.Куляшова, пра пераклад А.Зарыцкім паэмы К.Данелайціса «Чатыры пары года», успамінаў пра П.Глебку ў кн. «Пясняр мужнасці», (1976). На рус. мову пераклаў асобныя вершы В.Віткі, М.Лужаніна, А.Русака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПОЛЯ́РНАЯ ЗВЕЗДА́»,
рускія літ. альманахі 19 ст. 1) літ. альманах, легальны орган дзекабрыстаў. Выдаваўся ў 1823—25 у Пецярбургу А.А.Бястужавым і К.Ф.Рылеевым. Выйшлі 3 кнігі. У ім друкавалі свае творы А.Пушкін, А.Грыбаедаў, І.Крылоў, В.Жукоўскі, Я.Баратынскі, В.Кюхельбекер, Ф.Булгарын і інш., літ. крытычныя арт. Бястужава. Перастаў існаваць у сувязі з паўстаннем 14.12.1825.
2) Літ.-паліт. альманах Вольнай рус. друкарні, які выдаваў А.Герцэн (з 1856 разам з М.Агаровым). У 1855—62 у Лондане выдадзена 7 кн., у 1868 (на 1869) у Жэневе 8-я кн. Назва, малюнак на вокладцы профіляў 5 пакараных смерцю дзекабрыстаў, эпіграф «Няхай жыве розум!», змест зборнікаў сведчылі аб пераемнасці традыцый дзекабрыстаў. На старонках «П.з.» надрукаваны ўспаміны дзекабрыстаў, асобныя творы Пушкіна, М.Лермантава, В.Бялінскага, М.Някрасава, Герцэна, Агарова. Тайнымі карэспандэнтамі ў Расіі былі амнісціраваныя дзекабрысты І.Дз.Якушкін, М.А.Бястужаў, М.І.Мураўёў-Апостал, а таксама І.Тургенеў, І.Аксакаў і інш. «П.з.» выступала супраць самадзяржаўя, прыгонніцтва, адыграла вял. ролю ў развіцці грамадскай думкі і л-ры ў Расіі.
Публ.: Полярная звезда. М.; Л., 1960; Полярная звезда: Журнал А.И.Герцена и Н.П.Огарева: [Факс. изд.]. Вып. 1—9. М., 1966—68.
французскі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік мадэрнізму. Скончыў Сарбону (1895). Дэбютаваў зб. навел «Уцехі і дні» (1896). Сусв. вядомасць яму прынёс цыкл раманаў «У пошуках згубленага часу» («У бок Свана», 1913; «У засені квітнеючых дзяўчын», 1919, Ганкураўская прэмія; «Германты», 1920—21; «Садом і Гамора», 1921—22; «Нявольніца», выд. 1923; «Уцякачка», выд. 1925; «Знойдзены час», выд. 1927), у якім узняты праблемы пазнання і самапазнання, творчасці і творцы, мастацтва і мастацтва жыцця, кахання як пакуты і хваробы і інш. Яго творы, напісаныя ў форме «рамана-ракі», адметныя спалучэннем імпрэсіянізму з элементамі «плыні свядомасці» і рэалізму, нясуць у сабе рысы сямейнай хронікі, рамана выхавання, рамана культуры і інш. Аўтар аўтабіягр. рамана «Жан Сантэй» (незавершаны, выд. 1952), кнігі эсэ «Супраць Сент-Бёва» (выд. 1954) і інш. Зрабіў уплыў на развіццё сусв.рэаліст. і авангардысцкай (асабліва на «новы раман») л-ры 20 ст.
Тв.:
Рус.пер. — В поисках утраченного времени. Т. 1—7. М., 1992—93.
Літ.:
Андреев Л.Г. М.Пруст. М., 1968;
Сучков Б. Марсель Пруст (1871—1922) // Сучков Б. Лики времени. М., 1976. Т. 2;
Днепров В. Психологический роман Марселя Пруста // Днепров В. Идеи времени и формы времени. Л., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЧАЛА́»,
зборнік павучальных выслоўяў і афарызмаў; помнік старажытнарускай перакладной літаратуры. Арыгінал складзены ў 11 ст. манахам Антоніем на аснове выказванняў ант. аўтараў і зборніка цытат хрысц. пісьменнікаў (складзены ў 7 ст. Максімам Спавядальнікам). З грэч. мовы на стараж,слав. перакладзены ў канцы 12 — пач. 13 ст. Захаваўся ў шматлікіх рэдакцыях, якія змяшчалі дапаўненні ў адпаведнасці з прызначэннем кнігі і светапоглядам складальнікаў. Кампанаваўся паводле хрысц. іерархічнага прынцыпу: кожны тэматычны раздзел (пра жыццёвую дабрачыннасць, дабро і зло, праўду, дружбу і любоў) уключаў вытрымкі з Новага, потым са Старога запаветаў, кароткія павучанні «айцоў царквы» і маральна-філас. сентэнцыі ант. філосафаў і пісьменнікаў (Гамера, Герадота, Дыягена, Дэмакрыта, Арыстоцеля, Ксенафонта, Платона, Сакрата). У раздзеле «Слова аб красе» выявіліся асн. прынцыпы хрысц. эстэтыкі. Меў вял. папулярнасць, часта цытаваўся стараж.-рус. пісьменнікамі, перапрацоўваўся і дапаўняўся выказваннямі з рус. помнікаў, блізкіх яму па кампазіцыі. Быў адной з крыніц ведаў пра ант. свет. Шырока выкарыстоўваўся бел. пісьменнікамі і асветнікамі 13—17 ст. у публіцыстыцы і красамоўстве. Многія выказванні «П.» ўвайшлі ў жывую мову і, відазмяніўшыся, сталі прыказкамі.
Літ.:
Семенов В. Древняя русская Пчела по пергаменному списку. СПб., 1893;
Сперанский М.Н. Переводные сборники изречений в славяно-русской письменности: Исслед. и тексты. М., 1904;
Конан У. Беларуская мастацкая культура ў эпоху сярэднявечча // Мастацтва. 1999. № 12.