«УРАДЖА́Й»,

дзяржаўнае кніжнае выдавецтва Беларусі ў 1961—2002. Засн. ў Мінску як спецыялізаванае выд-ва «Сельгасвыд БССР» Мін-ва сельскай гаспадаркі БССР, з 1963 наз. «У.». Выдавала л-ру для патрэб сельскай гаспадаркі па пытаннях земляробства, раслінаводства, жывёлагадоўлі, эканомікі і кіравання, с.-г. буд-ва, навук.-тэхн. прагрэсу, меліярацыі, вядзення прысядзібнай і фермерскай гаспадаркі, падручнікі, навук.-метадычныя дапаможнікі і даведнікі, а таксама л-ру па сумежных галінах навук. і гасп. дзейнасці (біятэхналогіі, экалогіі, прыродазнаўстве і прыродакарыстанні, генетыцы, селекцыі, лясной, воднай гаспадарцы, медыцыне, машынабудаванні, перапрацоўчай прам-сці, таваразнаўстве і інш.), маст. і слоўнікавую л-ру, працы па беларусазнаўстве. У асобных выданнях асвятлялася гісторыя развіцця розных галін сельскай гаспадаркі, с.-г. навукі, адукацыі, устаноў і прадпрыемстваў, эканомікі, змен аграрнай палітыкі, развіцця розных сістэм прыродакарыстання, гісторыі вёскі і сял. побыту, нар. традыцый, духоўнай спадчыны, роля выдатных асоб у гіст. працэсах краіны. З сярэдзіны 1990-х г. выд-ва ўдзельнічала ў выданні гіст.-дакумент. хронік «Памяць», з 1998 выпускала кнігі па гісторыі культуры, мастацтва і архітэктуры, л-ры, усеаг. гісторыі. Далучана да выд-ва «Беларусь».

т. 16, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)