ДЖАБЕ́РЦІ ((Gioberti) Вінчэнца) (5.4.1801, г. Турын, Італія — 26.10.1852),

італьянскі тэолаг і філосаф, дзярж. дзеяч. Свяшчэннік. У 1825—33 праф. Турынскага ун-та. За сувязь з Дж.Мадзіні праследаваўся ўладамі, у 1833—48 у эміграцыі ў Францыі і Бельгіі. У рэвалюцыю 1848—49 у Італіі прэм’ер-міністр Сардзінскага каралеўства, сардзінскі пасол у Францыі, у 1849 эмігрыраваў у Парыж, дзе і памёр. Аўтар прац «Пра духоўнае і грамадзянскае пяршынствы італьянцаў» (1843), «Пра грамадзянскае абнаўленне Італіі» (т. 1—2, 1851), прысвечаных праблеме Рысарджымента і інш.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖУРА́ (Султан) (1910, кішлак Кагалтам Бухарскай вобл., Узбекістан — 14.11.1943),

узбекскі паэт. Удзельнік баёў за вызваленне Беларусі ў гады Вял. Айч. вайны (пахаваны ў в. Казярогі Лоеўскага р-на). Скончыў Бухарскі пед. тэхнікум (1930). Друкаваўся з 1927. Аўтар паэт. зб-каў «Самаадданы» (1939), «Масква» (1941), у якіх апаэтызаваў родны край, дружбу, каханне, патрыятызм моладзі, гераізм бел. народа ў змаганні з фашызмам. На бел. мову яго творы пераклалі А.​Астрэйка, С.​Ліхадзіеўскі, К.​Паўтаржыцкі, К.​Цвірка.

Тв.:

Рус. пер. — Рождение истины. Ташкент, 1961.

т. 6, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІ́ТРЫЕЎ (Міхаіл Апанасавіч) (н. 23.9.1921, в. Барсукі Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н. (1993), праф. (1994). Чл.-кар. Бел. акадэміі адукацыі (з 1995). Засл. настаўнік БССР (1964). Скончыў БДУ (1950). Працаваў настаўнікам. З 1974 рэктар Мазырскага пед. ін-та. З 1985 у Гомельскім ун-це. Аўтар прац па гісторыі педагогікі і асветы, тэарэтычна-метадычных праблемах адукацыі і навучання, працоўнага выхавання («Тэксты лекцый па дыдактыцы». 1981; «Тэорыя адукацыі і навучання», 1989, і інш.).

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗУГА́ЕЎ (Дзугаты) Георгій Хасакоевіч

(28.3.1911, с. Дзугатыкау Джаўскага р-на, Паўд. Асеція — 1985),

асецінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1935. Аўтар паэт. зб-каў «Прамень сонца» (1938), «Ключ сэрца» (1959), «Запявала» (1967), «Сонечныя блікі» (1979), раманаў «На вастрыі клінка» (1964), «Залатая крыніца» (1974, Літ. прэмія імя К.​Хетагурава 1976) і інш. Пераклаў на асецінскую мову кнігу выбр. лірыкі бел. паэтаў «Песня, апаленая вайной» (1976), асобныя творы Я.​Купалы, П.​Броўкі, М.​Калачынскага. На бел. мову творы Дз. перакладалі Калачынскі, Г.​Кляўко, Ю.​Свірка.

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯФА́НТ Александрыйскі

(Diophantos von Alexandreia; мабыць, 3 ст.),

старажытнагрэчаскі матэматык. Аўтар трактата «Арыфметыка» (збераглося 6 кніг з 13) і працы пра т.зв. многавугольныя лікі (засталіся ўрыўкі). У «Арыфметыцы» даецца рашэнне задач, якія прыводзяць да т.зв. дыяфантавых ураўненняў. Увёў літарную сімволіку ў алгебру. Працы Д. з’явіліся зыходным пунктам для даследаванняў П.​Ферма, Л.​Эйлера, К.​Гаўса і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Арифметика и книга о многоугольных числах. М., 1974.

Літ.:

Ван-дер-Варден Б.Л. Пробуждающая наука: Пер. с гол. М., 1959.

т. 6, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКО́ЎСКІ-ЗІ́ЛЬБЕР (Меер Шоламавіч) (23.8.1907, г. Брэст — 7.3.1985),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1924 кіраваў «тэхнікай» (друкарняй) Брэсцкага акругкома КСМЗБ, з 1928 — «цэнтральнай тэхнікай» КПЗБ. Адзін з арганізатараў падп. друкарняў КПЗБ у Гродне, Вільні, Беластоку, Брэсце, Варшаве. У 1936 арыштаваны і засуджаны на 10 гадоў (вызвалены ў час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939). З 1941 на гасп. рабоце ва ўсх. абласцях СССР. Аўтар успамінаў «Цэнтральная тэхніка КПЗБ» (у кн. «У суровыя гады падполля», 1958).

М.​П.​Клімец.

т. 6, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТАГО́РАЎ (Уладзімір Рыгоравіч) (н. 30.5.1931, с. Стараюр’ева Тамбоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1966), праф. (1991). Скончыў Ленінградскую лесатэхн. акадэмію (1954). Працаваў нач. лесапункта, гал. інжынерам леспрамгаса. З 1965 у Бел. дзярж. тэхнал. ун-це (з 1996 заг. кафедры эканомікі і кіравання на прадпрыемствах хіміка-ляснога комплексу). Даследуе праблемы сац.-эканам. эфектыўнасці прамысл. вытв-сці, капітальных укладанняў і новай тэхнікі. Аўтар эканам. слоўнікаў і даведнікаў, падручнікаў і вучэбна-метадычных дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Энциклопедический словарь по экономике. Мн., 1997.

т. 6, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́РЫНЬ, Зарыньш (Zarins) Яніс Пятровіч (25.5.1913, г. Руіена, Латвія — 1993), латышскі скульптар. Нар. мастак Латвіі (1988), засл. дз. маст. Латвіі (1971). Вучыўся ў АМ у Рызе (1936—42). Развіваў традыцыі лат. манум. скульптуры. Аўтар партрэтаў («Рута», 1944), помнікаў («Змагарам рэвалюцыі 1905 г.», 1960), надмагілляў, дэкар. кампазіцый для садоў і паркаў («Раніца», 1958), кампазіцый («Думкі», 1938, «Элегія», 1967, «Вечнасць», 1970). Адзін са стваральнікаў мемар. ансамбля памяці ахвяр фашызму ў Саласпілсе (1967).

Л.​Букоўскі, Я.Зарынь, А.​Скарайніс. Саласпілскі мемарыял. Цэнтральная група. 1967.

т. 6, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДАНО́ВІЧ (Ігнат Аляксандравіч) (13.1.1841, Вільня — 2.1.1864),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Літве і Беларусі. Сын А.Здановіча. У 1858—62 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Атрымаў ступень канд. матэм. навук. Слухаў лекцыі ў Берлінскім ун-це. 3 лют. 1863 у Вільні, бліжэйшы памочнік К.​Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем: касір Віленскага паўстанцкага цэнтра, са жн. 1863 паўстанцкі начальнік Вільні. Арыштаваны 8.10.1863, публічна павешаны ў Вільні на гандл. плошчы Лукішкі. Аўтар брашуры «Успамін пра філаматаў і філарэтаў» (Парыж, 1860).

Г.​В.​Кісялёў.

т. 7, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫ́СЛАЎ,

мемарыяльны комплекс на в-ве Зыслаў у Любанскім р-не, дзе ў Вял. Айч. вайну размяшчаўся цэнтр па кіраўніцтве партыз. рухам Мінскай вобл. Адкрыты ў 1969. Аўтар — арх. Г.​Заборскі. Уключае 14-метровы абеліск з трох вертыкальных плоскасцей, да якога вядзе лесвіца з 2 стэламі на яе пляцоўцы; помнік на магіле сав. воінаў і партызан; рэстаўрыраваныя партыз. зямлянкі; памятны знак накшталт вітка спіралі на месцы партыз. аэрадрома.

Мемарыяльны комплекс Зыслаў. Памятны знак на месцы былога партызанскага аэрадрома.
Мемарыяльны комплекс Зыслаў. Абеліск.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)