БЕРТАЛА́НФІ ((Bertalanffy) Людвіг фон) (19.9.1901, Ацгерсдорф, цяпер у межах Вены — 12.6.1972),

аўстрыйскі біёлаг-тэарэтык і натурфілосаф, стваральнік агульнай тэорыі сістэм. У 1934—48 праф. Венскага ун-та, у 1949—72 ва ун-тах Канады і ЗША. Аўтар прац «Тэарэтычная біялогія» (т. 1—2, 1931—51), «Біялагічная карціна свету» (1949), «Робаты, людзі, розум» (1967), «Агульная тэорыя сістэм. Асновы, развіццё, выкарыстанне» (1968) і інш. У пачатку сваёй дзейнасці схіляўся да ідэй Венскага гуртка, пазней крытыкаваў некаторыя аспекты неапазітывізму. Адзін са стваральнікаў тэорыі адкрытых біял. сістэм, якія валодаюць уласцівасцю эквіфінальнасці, г. зн. дасягнення сістэмай аднаго і таго ж канчатковага стану пры розных пач. умовах. Сваімі ідэямі праграма Берталанфі блізкая да тэарэт. кібернетыкі, тэрмадынамікі незваротных працэсаў і сінергетыкі. Ідэі Берталанфі знайшлі выкарыстанне ў медыцыне, псіхіятрыі і інш. Адзін з арганізатараў «Таварыства па даследаваннях у галіне агульнай тэорыі сістэм» і яго штогодніка «General Systems» («Агульныя сістэмы», 1956).

В.​В.​Краснова.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАРО́ДНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,

члены сказа, якія адносяцца да аднаго і таго ж слова і выконваюць аднолькавую сінтаксічную функцыю. Паміж сабой звязваюцца спалучальнай сувяззю, сродкам выражэння якой служаць або інтанацыя пералічэння, або інтанацыя і спалучальныя злучнікі.

Аднароднымі могуць быць і галоўныя, і даданыя члены сказа: «Тут было і здзіўленне, і захапленне, і крыху зайздрасці» (М.​Лынькоў) — аднародныя дзейнікі; «За гарамі, за даламі, у балотах пустынных паўставала, вырастала новая краіна» (Я.​Купала) — аднародныя акалічнасці і выказнікі; «На бітву грозную ішоў народ за шчасце, за зямлю, за долю» (Р.​Няхай) — аднародныя дапаўненні; «На дварэ другі дзень сеяў дробны, але густы дождж» (І.​Шамякін) — аднародныя азначэнні. Аднароднымі могуць быць члены сказа, выражаныя рознымі часцінамі мовы: «Ліда вясёлая па натуры і любіць смяяцца» (А.​Кулакоўскі). Аднародныя члены сказа ўтвараюць адкрыты, незамкнёны рад, у які можа ўваходзіць абагульняльнае слова: «Будынак, парк і агарожа — было ўсё слаўна і прыгожа» (Я.​Колас).

А.​Я.​Міхневіч.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЗЮПО́Н ДЭ НЕМУ́Р ЭНД КО́МПАНІ»

(E.I. Du Pont de Nemours and Company),

буйнейшы ў свеце хімічны і па вытв-сці зброі канцэрн ЗША Узнік на аснове невял. парахавога завода, заснаванага ў 1802 франц. эмігрантам Э.​І.​Дзюпонам дэ Немурам. У 1899 адбылося аб’яднанне ўсіх прадпрыемстваў, якія належалі сям’і Дзюпон. Да 1-й сусв. вайны канцэрн вырабляў выключна выбуховыя матэрыялы і неарган. сыравіну, у час вайны гал. пастаўшчык выбуховых матэрыялаў у краіны Антанты, апрача таго развіваў вытв-сць фарбавальнікаў і штучнага шоўку. Пасля вайны канцэрн устанавіў свой кантроль над большасцю прадпрыемстваў хім. прам-сці ў ЗША. У 1938—39 пачаў вытв-сць першага поліаміднага валакна — нейлону. З 1942 вырабляе кампаненты для ядзернай зброі і ядзерных рэактараў. Звязаны фінансава з групай Моргана, а таксама з брыт. канцэрнам «Імпірыял кемікал індастрыс» і бельг. канцэрнам «Сальвэ». Робіць значны ўплыў на палітыку ўрада ЗША.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́КАЎ (Уладзімір Анатолевіч) (14.6.1919, с. Бакалы, Башкортастан — 16.11.1995),

рускі гісторык. Д-р гіст. н. (1966), праф. (1986). Скончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны ін-т (1947). З 1957 у Цэнтр. дзярж. ваенна-гіст. архіве і ў Галоўархіве СССР, з 1960 у Ін-це славяназнаўства і балканістыкі Рас. АН. Даследаваў пытанні рэв. і нац.-вызв. руху Расіі і Польшчы 19 — пач. 20 ст., руска-польскія рэв. і культ. сувязі таго часу, гісторыю славяназнаўства, балканістыкі і інш. Адзін з рэдактараў і складальнікаў сав.-польскай серыі «Паўстанне 1863 года. Матэрыялы і дакументы» (т. 1—25. М.; Варшава, 1961—87), 2 тамы якога прысвечаны Беларусі: «Рэвалюцыйны ўздым у Літве і Беларусі 1861—1862 гг.» (1964) і «Паўстанне ў Літве і Беларусі 1863—1864 гг.» (1965). Паўстанню 1863—64 у Беларусі і Літве прысвечаны таксама працы «Сігізмунд Серакоўскі» (1959) і «Валерый Урублеўскі» (1968; разам з У.​Абрамавічусам).

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 6, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТУЛА́Т (ад лац. postulatum патрабаванне),

палажэнне, якое пры пабудаванні навук. тэорыі прымаецца без доказаў як зыходнае. У логіцы і метадалогіі навукі атаясамліваецца з аксіёмай.

Паміж П. і аксіёмай часам захоўваюцца адрозненні: аксіёма — зыходны лагічны прынцып; П. — зыходны прынцып навук. тэорыі, напр., Н.​Бора (гл. Бора тэорыя), П. аб паралельных прамых у Эўклідавай геаметрыі і неэўклідавых геаметрыях. Эўклід адрозніваў П., што сцвярджаюць выканальнасць некаторых геам. пабудаванняў, ад аксіём, якія сцвярджаюць наяўнасць пэўных уласцівасцей такіх пабудаванняў, а таксама сцвярджэнні лагічнага (не геам.) характару, якія ён прымаў без доказаў, напр., «частка меншая за цэлае». У дэдуктыўных і паўдэдуктыўных тэорыях (гл. Аксіяматычны метад) П. наз. сцвярджэнні, якія нельга даказаць з-за таго, што яны грунтуюцца на выніках і фактах доследнага ці індуктыўнага характару (гл. Індукцыя ў логіцы, Матэматычная індукцыя), напр., асн. прынцыпы тэрмадынамікі, прынцып пастаянства скорасці святла і яе лімітавага характару.

П.​С.​Габец.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯНКРА́Т (Міхась) (Міхаіл Міхайлавіч; н. 28.8.1918, в. Карпілаўка Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Смілавіцкі паляводчы тэхнікум (1939). Працаваў у рэдакцыях рэсп. газет, у 1959—79 у час. «Вожык». Друкуецца з 1937. Першы зб. вершаў «Салаўіны бераг» (1956). Аўтар сатыр. і гумарыст. зб-каў «Палын і кветкі» (1958), «Не з таго канца» (1959), «Аўтарытэт на колах» (1968), «Любоў у квадраце» (1969) і інш., кніг нарысаў «Простыя людзі» (1957), «Шчасце маё» (1962). Аповесць «Буян» (1975) напісана з любоўю да людзей і прыроды. Аповесць «Ведрыцкія напевы» (1965) пра партыз. барацьбу супраць ням. фашыстаў. Праблемы сям’і, выхавання, узаемаадносін бацькоў і дзяцей у аповесці «Не астудзі сваё сэрца» (1989). Выдаў кніжкі для дзяцей «Два Ваські» (1974), «Двое ў лодцы» (1983).

Тв.:

Чэрвень: Гіст.-экан. нарыс. Мн., 1977;

Прынцыповы пасаг. Мн., 1978;

Спатканні і ростані. Мн., 1978;

Не астудзі сваё сэрца: Аповесць, апавяданні. Мн., 1989.

Л.​С.​Савік.

т. 13, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Брыні́ты ’свярбець (аб ране)’ (палес., Клім.). Таго ж паходжання, што і брыня́ць ’набухаць’ (гл.). Па сваёй форме брыні́ты дакладна адлюстроўвае *brьněti, а па значэнню вельмі блізкае да брыня́ць. Гэта даказвае, што і брыня́ць таксама можа паходзіць ад *brьněti.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сю́сік ’слабы, знясілены хлопец’ (Сл. рэг. лекс.), сю́ська ў выразі напіўся як сюська (брасл., Цыхун, вусн. паведамл.), з няясным значэннем: ідзе пешая сюська (Л. Калюга). Цёмнае слова; магчыма, да сюкаць (гл.), першапачаткова пра таго, хто мочыцца ў ложку.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тапарэ́ц ’харыус’ (гродз., Жукаў). Параўн. польск. toporek ’тс’. Падаецца яшчэ топо́р ’тс’, польск. topór ’тс’, які атрымаў назву з-за таго, што пячонка гэтай рыбы мае форму сякеры, гл. Усачова, Слав. ихт. терм., 156. Гл. таксама Брукнер, 573.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тапу́рыць ’паднімаць, растапырваць пер’е і інш.’ (ашм., Стан.), тапу́рыцца ’выстаўляцца, фарсіць’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. рус. дыял. топо́риться ’тс’, макед. топори се ’задзірацца; выстаўляцца, задзіраць нос’, ’тырчаць’. Відаць, таго ж паходжання, што і тапырыць (гл.), параўн. Фасмер, 4, 80.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)