БУ́ЙВАЛЫ

(Bubalus),

род пустарогіх млекакормячых атр. парнакапытных. З віды: буйвал азіяцкі, або індыйскі (В. arnee), буйвал афрыканскі (В. caffer) і аноа, або буйвал карлікавы (В. depressicornis). Пашыраны адпаведна ў Паўд., Паўн.-Усх. Азіі, Афрыцы на Пд ад Сахары і на в-ве Сулавесі. Жывуць у вільготных, балоцістых лясах, зарасніках па берагах вадаёмаў, буйвал афрыканскі, акрамя таго, на раўнінах і ў гарах. Буйвал азіяцкі прыручаны і выкарыстоўваецца як малочная і рабочая жывёла ў Паўд. Азіі, на Каўказе і ў Закаўказзі, Афрыцы і Паўд. Еўропе (буйвал свойскі).

Даўж. цела 1—2,9 м, хваста 15—90 см, выш. ў карку 62—180 см, маса 150—1200 кг. Тулава цяжкае, грузнае. Есць рогі (каля 2 м). Нараджаюць 1 цяля. Раслінаедныя. Буйвал азіяцкі ў Чырв. кнізе МСАП.

т. 3, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)