ІСТЭРЫ́Я (ад грэч. hystera матка; стараж. грэкі прыпісвалі І. матачнай хваробе і лічылі яе ўласцівай толькі жанчынам),
форма неўрозу, які выяўляецца псіхічнымі, саматычнымі, неўралагічнымі і вегетатыўнымі расстройствамі. Найчасцей бывае ў жанчын маладога ўзросту; хварэюць і мужчыны. Прычыны: псіхатраўмы, невырашальныя душэўныя канфлікты (пры пэўных рысах характару, псіхічным інфантылізме, дэфектах выхавання). Праяўляецца прыпадкамі (слёзы, смех, крыкі, сутаргі), парушэннем адчувальнасці (да болю, холаду і інш.), істэрычнымі паводзінамі (празмерны эгаізм, рэзкія перамены настрою). Хворы адчувае боль і непрыемны стан у розных ч. цела (асабліва ў вобласці сэрца), ком у горле, парушэнне слінавыдзялення, успушванне жывата, моташнасць, ірвоту, запоры і паносы. Бываюць істэрычныя парэзы і паралічы, парушэнне мовы. Такі стан нагадвае эпілептычныя прыпадкі (гл.Эпілепсія). Адрозненне ў тым, што істэрычным прыпадкам хворы хоча выклікаць спагаду да сябе (пры адсутнасці гледача прыпадку можа не быць). У дзяцей да года І. выяўляецца простымі і аднабаковымі істэрычнымі прыпадкамі (дзіця падае, крычыць, плача), якія ўскладняюцца з узростам. Лячэнне: псіхатэрапія, унушэнне (сугестыя), гіпноз, медыкаментознае, агульнаўмацавальныя сродкі.
Літ.:
Шанько Г.Г. Наши нервы и наши болезни: Для здоровых и больных. Мн., 1996;
Карвасарский Б.Д. Неврозы. 2 изд. М., 1990;
Антонов И.П., Шанько Г.Г. Судорожные состояния у детей. Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАХАНО́ЎСКІ (Генадзь Аляксандравіч) (8.1.1936, в. Дамашы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 15.1.1994),
бел. гісторык, краязнавец, фалькларыст, літ.-знавец. Д-ргіст. навук (1992). Скончыў Маскоўскі пед.ін-т (1963). Працаваў у Мінскім абл. краязнаўчым музеі ў г. Маладзечна, з 1982 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, у 1991—94 — у Нац. навукова-асв. цэнтры імя Ф.Скарыны. Даследаваў развіццё археалогіі, краязнаўства, музейнай справы, пытанні аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Увёў у навуковы ўжытак выяўленыя ў архівах невядомыя раней дакументы і творы (грамату З.Даленгі-Хадакоўскага на права археал. раскопак, рукапісы Т.Нарбута, А.Кіркора, У.З.Завітневіча і інш.). Аўтар літ.-краязнаўчых нарысаў пра Я.Купалу, М.Багдановіча, Я.Баршчэўскага, А.Гурыновіча, Ф.Тапчэўскага, М.Чарота, кніг па гісторыі гарадоў Беларусі («Маладзечна», 1971, 1988; «Вілейка», 1974). Першы старшыня Бел. краязнаўчага т-ва (1989—94).
Тв.:
Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн.. 1984;
Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984;
Повязь часоў. Мн., 1985;
Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989 (разам з Л.А.Малаш, К.А.Цвіркам);
Прадвесне навукі. Мн., 1990;
А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю...: З біягр. М.Багдановіча. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.
Створаны ў Гомелі ў 1968 з групы лялечнікаў, якая з 1963 працавала пры Гомельскім абл.драм. т-ры. Адкрыўся спектаклем «Снягурчына школа» Г.Ландаў. У спектаклях т-ра выкарыстоўваюцца лялькі розных сістэм (трысцінавыя, пятрушкі, планшэтныя, плоскасныя, маскі); прыём адкрытага валодання лялькай спалучаецца з дзеяннем акцёра ў жывым плане. У рэпертуары т-ра: «Дзед і Жораў» В.Вольскага, «Каб не змаўкаў жаваранак» і «Чортаў скарб» А.Вольскага, «Свецяць зорачкі калядныя» (інсцэніроўка У.Матроса), «Кветка папараці» Г.Каржанеўскай, «Казка пра храбрага салдата» Я.Шварца, «Казка пра цара Салтана» паводле А.Пушкіна, «Чалавек з хвастом» Р.Остэра, «Бука» М.Супоніна, «Запалка-невялічка» Г.Сцяфанава, «Халоднае сэрца» Ю.Каранца, «Здарэнне ў лялечным тэатры» А.Барысавай, «Алі-баба і разбойнікі» У.Маслава, «Калабок» Я.Патрыка, «Я — кураня, ты — кураня» Г.Усач і Я.Чапавецкага, «Аперацыя — ліквідацыя» М.Азава і В.Міхайлоўскага, «Мой тата — воўк» У.Арлова і інш.Гал. рэжысёры: В.Чарняеў (1968—85), У.Матрос (з 1986), гал. мастакі: А.Чабатароў (1968—78), Н.Баяндзіна (з 1980).
Гомельскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Я — кураня, ты — кураня» Г.Усач і Я.Чапавецкага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНО́ГІ (Petromyzones),
падклас (атрад) пазваночных кл. кругларотых. 3 сям., 7 родаў, каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных марскіх і прэсных водах. Прахадныя М. жывуць у моры, на нераст мігрыруюць у рэкі; у жылых ручаёвых М. жыццёвы цыкл адбываецца ў прэснай вадзе. На Беларусі 3 віды: М. рачная (Lampetra fluviatilis), М. ручаёвая еўрапейская (L. planeri) — у бас. рэк Зах. Буг, Зах. Дзвіна, Нёман; М. ўкраінская (L. mariae, або Eudontomyzon mariae) — у бас. рэк Дняпро і Нёман. Бел.мясц. назвы: верацёнка, відун, вугрыца, вярцёлка, мянёга і інш.
Даўж. да 1 м, маса да 3 кг. Цела вугрападобнае, голае. Шкілет храстковы. Спінных плаўнікоў 1 або 2. Шчэлепных адтулін па 7 э кожнага боку. Вочы развітыя, ёсць цемянное вока, здольнае рэагаваць на святло. Рот лейкападобны, на дне прысмоктвальнага дыска; на языку і дыску рагавыя зубы. Сэрца двухкамернае. Многія віды — эктапаразіты рыб. Угрызаюцца ў цела рыбы, смокчуць кроў, выядаюць мышцы і вантробы. Кормяцца таксама беспазваночнымі, лічынкі — водарасцямі, дэтрытам. Пасля нерасту гінуць. З ікры вылупляецца пескарыйка, якая праз 3—4 гады ператвараецца ў дарослую М. Ядомыя. Другарадны аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКІНА (Галіна Пятроўна) (23.11.1931, г. Варонеж, Расія — 27.10.1985),
бел. актрыса. Дачка П.А.Маркіна. Нар. арт.
Беларусі (1976). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1956, педагог Дз.Арлоў) і адначасова Варонежскі ун-т. З 1956 працавала ў Брэсцкім абл.драм. т-ры, з 1959 у Бел. т-ры імя Я.Купалы, з 1961 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Яе майстэрству былі ўласцівы высокая акцёрская тэхніка, глыбокае спасціжэнне аўтарскай задумы, выразны пластычны малюнак. Сярод роляў: Маці («Зацюканы апостал» А.Макаёнка), Зубрыч («Трывога» А.Петрашкевіча), Зося Савіч, Яўгенія, Марозава («Сэрца на далоні», «Выгнанне блудніцы», «Крыніцы» паводле І.Шамякіна), Корзун («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Соф’я, Варвара («Зыкавы», «Дачнікі» М.Горкага), Анісся («Улада цемры» Л.Талстога), Зана («Ветрык, вей!» Я.Райніса), Кузькіна («Энергічныя людзі» В.Шукшына), Беатрычэ, Ганерылья («Многа шуму з нічога», «Кароль Лір» У.Шэкспіра), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), матухна Кураж («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта). Выступала ў друку з артыкуламі пра акцёрскае майстэрства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАСЕ́НЯ (Віктар Сазонавіч) ( 14.8.1925, в. Пагост Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 3.6.2001),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). У 1960—69 гал. рэдактар маст.-экспертнай калегіі Мін-ва культуры Беларусі, у 1973—77 старшыня праўлення Бел. саюза мастакоў і сакратар Саюза мастакоў СССР. Сярод твораў галерэя партрэтаў вядомых людзей Беларусі: Герояў Сац. Працы М.К.Макарэвіч (1960), А.М.Громава (1980), Герояў Сав. Саюза В.З.Харужай (1965), М.П.Шмырова (1978), Р.Н.Мачульскага (1979), М.А.Кедышкі (1984), В.А.Тумара (1985), доктара мед. навук Л.С.Вялічкі (1983), нар. мастакоў Беларусі С.І.Селіханава (1982), П.В.Масленікава (1988), Я.А.Зайцава (1994), В.А.Грамыкі (1995); групавы партрэт «Ветэраны» (1985), серыя з 39 партрэтаў «Знатныя людзі Рагачоўскага раёна» (1992), «Памяць сэрца. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны С.А.Кунцэвіч» (2000). Аўтар тэматычных кампазіцый «Віхуры варожыя» (1979), «Калгасныя даяркі» (1982), «Ліквідатары Чарнобыльскай аварыі» (1996); пейзажаў «Нёман» (1962), «Чэрвеньскія навальніцы» (1983), «Бярэзіна» (1984), «Над возерам» (1985), «Лясныя далі» (1992), «Перад навальніцай» (1998) і інш. Творы вылучаюцца дакладнасцю характарыстык, псіхал. напоўненасцю, духоўнай змястоўнасцю вобразаў, жывапісна-пластычнай гарманічнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гарачыня́, ‑і, ж.
1. Высокая тэмпература паветра, нагрэтага сонцам, печчу і інш. З поля.. шугалі хвалі гарачага паветра. Сцяпан ажно захлынуўся ад гарачыні.Шамякін.Ад печы дыхала гарачынёй.Алешка.// Гарачы летні час; спёка. Над палеткамі вісіць жнівеньская гарачыня.Васілевіч.
2. Цеплыня, якая выклікаецца ў целе прылівам крыві ў час моцнага душэўнага ўзрушэння. Затросся дзед Талаш. Ком гарачыні пакаціўся дзесь у сярэдзіне каля сэрца.Колас.
3.перан. Парыў, запал. Гарачыня пачуццяў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
во́бласць, ‑і, ж.
1. Буйная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў СССР. Брэсцкая вобласць. Аўтаномная вобласць.//Разм. Адміністрацыйны цэнтр такой адзінкі. [Антось:] — Лектар, кажуць, аж з вобласці прыехаў.Васілевіч.
2. Частка якой‑н. тэрыторыі; край. Вобласць экватара.
3. Раён пашырэння чаго‑н. або якой‑н. з’явы; зона. Вобласць распаўсюджання хвойных народ дрэў. Вобласць вечнай мерзлаты.
4. Месца, якое займае той ці іншы орган цела або частка яго. Вобласць шыі. Вобласць сэрца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́ветрыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
1. Змяніць, разбурыць што‑н. уздзеяннем ветру, кліматычнымі ўмовамі. На кольненскіх, боркаўскіх, млінкоўскіх палях стаяць велізарныя штабялі торфу з гноем, складзеныя дбала, па-гаспадарску: іх ні сонца не высушыць, ні вецер не выветрыць, ні паводка не змые.Палтаран.// Добра праветрыць, прымусіць знікнуць пад уздзеяннем ветру, свежага паветра.
2.перан. Прымусіць забыць. Сэрца — не сухое поле. З яго не выветрыш памяці па пясчынцы.Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адчува́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які адчуваецца; здольны выклікаць адчуванне. Недзе далёка зашумеў бор, і па маім твары прабег лёгкі, ледзь адчувальны подых ветру.Ляўданскі.Рыгор уздыхнуў — раптоўная думка, нібы нешта жывое, адчувальнае, стукнула ў сэрца.Краўчанка.
2. Моцны, значны. Партызаны, партызан Беларускія сыны! Былі гэтыя словы.. велінымі ў сваёй мудрай прастаце і.. адчувальнымі ў сваёй спапяляючай нянавісці.Лынькоў.Пры сваіх нязначных стратах партызаны панеслі адчувальны ўдар па ворагу.Барашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)