ПО́ЛАЦКІ НІ́ЖНІ ЗА́МАК, Стралецкі замак. Пабудаваны паводле загаду цара Івана IV Грознага пасля ўзяцця Полацка рус. войскамі ў 1563, прымыкаў да Полацкага Верхняга замка.

Пл. 6 га. З У і ПдЗ быў абгароджаны валам (вал Івана IV Грознага) даўж. каля 600 м, выш. да 10 м, шыр. у аснове да 30 м. Першыя звесткі пра замак і вал сустракаюцца ў пісьмовых крыніцах 2-й пал. 16 ст., калі пад кіраўніцтвам баярына П.​І.​Шуйскага ваяводы П.​Зайцаў і Б.​Шчокін значна ўмацавалі Полацк. У гэты час і насыпаны вал. Пры яго буд-ве быў выкарыстаны грунт аб’ёмам каля 230 тыс. м³. Частка грунту была ўзята з месца, дзе капалася новае рэчышча р. Палата (паміж стараж. полацкімі гарадзішчам і селішчам). Паводле плана 1579 С.​Пахалавіцкага, на вале было 8 вежаў. У цэнтры замка стаяла вежа-данжон. У сярэдзіне —2-й пал. 17 ст. вежы і сцены замка заменены «тынам стаячым». З канца 16 ст. замак перастаў адыгрываць фартыфікацыйную ролю, у 1579 войскі С.​Баторыя штурмавалі полацкія ўмацаванні з боку Верхняга замка. У пач. 17 ст. тэр. Ніжняга замка ўключана ў Полацкі Вялікі пасад. Археал. даследаванні П.Н.з. праводзілі Л.​Д.​Побаль (1959), Г.​В.​Штыхаў (1962, 1964), С.​В.​Тарасаў (1986, 1989, 1990). У 1984 на тэр. замка знойдзены скарб стараж. залатых рэчаў (гл. Полацкія скарбы).

Літ.:

Дэйніс І.П. Ніжні замак у Полацку // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1983. №2;

гл. таксама пры арт. Полацкі Верхні замак.

С.​В.​Тарасаў.

Да арт. Полацкі Ніжні замак. Полацкія замкі. З гравюры 16 ст.

т. 12, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЦІ́НСКАЯ БІ́ТВА 1621.

Адбылася ў вер.—кастр. 1621 каля замка Хацін на Днястры (цяпер г. Хацін Чарнавіцкай вобл., Украіна) паміж войскамі Рэчы Паспалітай з аднаго боку, Турцыі і Крымскага ханства — з другога. Вайну пачала ў 1620 Турцыя з мэтай захопу ўкр. і польск. зямель. У вер.-кастр. 1620 туркі разбілі пад Цацорай польскае войска, у склад якога ўваходзілі ўкр. рэестравыя казакі. Вясной 1621 тур. войска (каля 150 тыс. чал.) накіравалася ў Малдову, да яго далучылася каля 60 тыс. крымскіх татар. Насустрач ім рушыла аб’яднанае войска Польшчы і ВКЛ (каля 30 тыс. чал., у т. л. з ВКЛ каля 11 тыс. чал.) пад камандаваннем вял. гетмана ВКЛ Я.К.Хадкевіча (гл. ў арт. Хадкевічы). У вер. 1621 Хадкевіч размясціў сваю армію ўмацаваным лагерам каля закінутага Хацінскага замка такім чынам, каб Днестр адрэзаў шляхі да адступлення. Да яго далучыліся ўкр. казакі (каля 40 тыс. чал.) пад камандаваннем гетмана П.​Канашэвіча-Сагайдачнага. 2.9.1621 пад Хацін падышла тур. армія на чале з султанам Асманам II і адразу атакавала лагер. Штурмы паўтараліся на працягу месяца, найб. значныя адбыліся 2, 4, 7, 15, 28 верасня. Войскі Рэчы Паспалітай рабілі ўдалыя контратакі і вылазкі. 24.9.1621 Хадкевіч памёр. Перад смерцю камандаванне войскам ён перадаў С.​Любамірскаму. У баях, якія доўжыліся да 3.10.1621, туркі панеслі вялізныя страты (да 80 тыс. чал.) і былі вымушаны прызнаць паражэнне. 9.10.1621 заключаны мір, які ўстанавіў граніцу па Днястры і гарантаваў Рэчы Паспалітай бяспеку ад турэцкіх і татарскіх нападаў.

Літ.:

Чарняўскі М. Правадыр крылатых вершнікаў.: Ян Кароль Хадкевіч. Мн., 1998.

В.​С.​Пазднякоў.

Хацінская бітва 1621. Гравюра.

т. 16, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА), палеацэн (ад палеа... + грэч. kainos новы),

ніжні аддзел палеагенавай сістэмы (перыяду) агульнай стратыграфічнай шкалы, які па часе адпавядае палеацэнавай эпосе геал. гісторыі Зямлі (гл. Геахраналогія). Перакрываецца адкладамі эацэнавага аддзела (эпохі) і падсцілаецца адкладамі мелавой сістэмы (перыяду). Вылучаны ням. палеабатанікам В.​Шымперам у 1874. Падзяляецца на ніжні і верхні пададдзелы. На тэр. Беларусі выяўлены адклады верхняга пададдзела, да якіх паводле спорава-пылковага аналізу С.​С.​Маныкін у 1973 аднёс сумскую світу.

З палеацэнавага часу на Пд Беларусі пачаўся шэраг палеагенавых трансгрэсій. У палеацэне марскі заліў лагунападобнага выгляду пранік на тэр. Беларусі з боку Дняпроўска-Данецкай упадзіны. Апусканне тэрыторыі было нязначным, а суша вакол марскога заліва слабапрыўзнятая, парослая ў прыбярэжнай частцы пышнай расліннасцю (пальмы, магноліі, лаўры, дубы і інш.). У час расшырэння трансгрэсіі і паглыблення цэнтр. ч. мора на крайнім ПдУ Беларусі намнажаліся пясчаныя пароды зеленавата-шэрыя, розназярністыя, кварцавыя, з рэдкімі зернямі глаўканіту, у тоўшчы якіх трапляюцца пясчанікі таго ж складу з халцэдонавым цэментам. Пры абмяленні мора намнажаліся апокі, апокападобныя гліны, алеўрыты, пясчаністыя апокі і інш. Мяркуюць, што ў канцы палеацэну мора пакінула тэр. Беларусі. Яго асадкі падвергліся нязначнаму размыву. Магутнасць адкладаў палеацэну на Беларусі 15—20 м, макс. да 41 м. На правым беразе р. Сож на Пн ад г. Ветка Гомельскай вобл. палеацэнавыя адклады выходзяць на паверхню. З адкладамі палеацэну звязаны карысныя выкапні: шкловыя (кварцавыя) пяскі, апокі (у буд-ве як цеплаізалятар, чыстыя гатункі — моцныя адсарбенты).

Літ.:

Маныкин С.С. Палеоген Белоруссии. Мн., 1973;

Стратиграфические и палеонтологические исследования в Белоруссии. Мн., 1978;

Геология Беларуси. Мн., 2001.

А.​Ф.​Бурлак.

т. 18, кн. 1, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУК,

1) ручная зброя далёкага бою для кідання стрэл. Вядомы з часоў позняга палеаліту. Выкарыстоўваўся ўсімі народамі і плямёнамі (акрамя карэнных аўстралійцаў і мікранезійцаў) на вайне і паляванні да 18 ст. (у некаторых народаў Афрыкі і ў 20 ст.).

З сярэдневякоўя ў Еўропе вядомы Л. просты і складаны. Просты Л. — сагнутая ў дугу пругкая драўляная палка, канцы якой сцягнуты цецівой; быў пашыраны ў стараж. рымлян, германцаў, нарманаў, кельтаў, англа-саксаў. Складаны Л. меў драўляную аснову лукавішча, узмоцненага звонку жыламі, з унутр. боку — касцянымі пласцінкамі; канцы і дзяржанне мелі таксама касцяныя пласцінкі, асобныя часткі змацоўваліся клеем і жыламі. Цеціву скручвалі з сухажылляў жывёл, вузкіх палос скуры, валасоў, раслінных валокнаў. Меў памеры 1,2—1,6 м і кідаў стрэлы да 900 м. Складаны Л. пераўзыходзіў просты ў трываласці, далёкасці кідання стрэл і сіле паражэння цэлі. Стрэлы рабілі з прамастойнага дрэва ці трыснягу; наканечнікі — з крэменю, рогу або косці, з 1-га тыс. да н.э. — з металу.

На тэр. Беларусі крамянёвыя наканечнікі стрэл знаходзяць пры раскопках мезалітычных і неалітычных помнікаў Верхняга Падняпроўя, Панямоння, Прыпяці, а металічныя — пры раскопках помнікаў бронзавага і жал. вякоў і ранняга сярэдневякоўя. Спачатку тут карысталіся простым, а з 16 ст. складаным Л., якім была ўзброена лёгкая конніца (гл. ў арт. Лучнікі). У эпоху сярэдневякоўя Л. доўгі час спаборнічаў па баявых якасцях з агнястрэльнай зброяй. Вопытны лучнік з добрага Л. трапна страляў на 300 м і рабіў 4—5 стрэлаў за мінуту.

2) Спарт. прылада (зброя), якая выкарыстоўваецца з 19 ст. Гл. Стральба з лука. Іл. гл. таксама да арт. Зброя.

Літ.:

Разин Е.А. История военного искусства. СПб., 1994.

М.​Г.​Нікіцін, В.​А.​Юшкевіч.

т. 9, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кало́дачка ’каленца (у сцябле)’ (бяроз., Шатал.), ’сустаў’ (там жа). Адносна семантыкі параўн. ілюстрацыю да першага значэння: «На соломынэ аж тры колодычкы вырослі» (с. 70). Паводле Цыхуна (вусн. паведамл.), тут перанос ад першапачатковага калода ’трубка, сцябліна ў злакавых’. Да матывацыі параўн. калена як ’патаўшчэнне, вузел на сцябліне’ і ’частка сцябліны паміж патаўшчэннямі’. Прыклады адпаведных утварэнняў: калена ’сустаў пальца рукі’, і на той жа тэрыторыі (бяроз.) «жыта пошло ў каленцы». Зыходзячы з прыведзеных фактаў, менш верагодна думаць аб першаснасці значэння ’сучляненне як патаўшчэнне’. Паводле першага тлумачэння назва матывуецца звычайнымі пераносамі ў межах устаноўленай (і ўжо дыфузнай) семантыкі; калі ж прыняць другую версію, цяжка абгрунтаваць яе з боку семантыкі. Параўн. яшчэ інфармацыю па калода.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нэ́ндза ’нуда; ныцік; пераборлівы ў ядзе’ (Сл. ПЗБ, Цых.), ’худы, знясілены чалавек’ (камян., Жыв. сл.), нэ́нджа ’пераборлівы ў ядзе’ (Сл. ПЗБ), нэ́нза ’нуда, ныцік, плакса’ (Сл. ПЗБ), нэ́нда ’нуда’ (Сл. ЦРБ), не́нза ’клопат, турботы’ (ТС), ст.-бел. нендза, надза, недза (1580 г.). Запазычана са ст.-польск. nędza ’беднасць; нядоля; бядняк’ (Булыка, Лекс. запазыч., 78); магчыма, шматразовае запазычанне ў больш позні час і семантычны ўплыў з боку нуда́ (гл.). Сюды ж нэ́ндзны ’дробны’ (Сл. ПЗБ), нэ́нзны ’дрэнны, мізэрны’ (Крыў., Дзіс.) (польск. nędzny ’варты жалю, убогі, мізэрны’), нэ́нзлы ’пераборлівы’, нэндзлы ’плаксівы’ (Сл. ПЗБ, Сл. ЦРБ), нэ́ндзіцца ’капрызіць’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КАНЦЭНТРАЦЫ́ЙНЫ ЛА́ГЕР,

лагер для прымусовай ізаляцыі (часам і знішчэння) рэальных ці магчымых паліт. праціўнікаў, ваеннапалонных і інш. У адрозненне ад турмаў, звычайных лагераў для ваеннапалонных і бежанцаў К.л. ствараюцца паводле асобых дэкрэтаў урада або загадаў ваен. камандавання ў час вайны, міжэтнічных канфліктаў і абвастрэння ўнутрыпаліт. барацьбы. К.л. з найб. жорсткім рэжымам утрымання зняволеных, накіраваным не толькі на ізаляцыю, але -і на іх знішчэнне, атрымалі ў л-ры назву лагераў смерці (найб. пашыраны ў 2-ю сусв. вайну). Першыя К.л. створаны іспанцамі ў 1895 у час нац.-вызв. паўстання на Кубе і англічанамі ў ходзе англа-бурскай вайны 1899—1902. У 1934—39 у Польшчы на тэр. Зах. Беларусі існаваў Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. У СССР К.л. былі пашыраны ў перыяд масавых рэпрэсій 1930—50-х г. (гл. ГУЛАГ). У час нацыянал-сацыялісцкай дыктатуры ў Германіі (1933—45) К.л. выкарыстоўваліся для масавага тэрору і генацыду з боку нацысцкай дзяржавы і былі пашыраны ў краінах, акупіраваных ням.-фаш. войскамі ў 2-ю сусв. вайну, у т. л. ў Беларусі, іх ахвярамі сталі больш за 11 млн. грамадзян СССР, Польшчы, Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Югаславіі, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Германіі і інш. Найб. вядомыя ням.-фаш. К.л. — Асвенцім, Бухенвальд, Дахау, Заксенгаўзен, Маўтгаўзен і інш. У пасляваен. перыяд найб. вядомы К.л., створаныя пасля ваен. перавароту ў Чылі ў вер. 1973 для праціўнікаў дыктатуры ген. А.​Піначэта. Практыка стварэння К.л. асуджана сусв. грамадскасцю як цяжкае злачынства супраць чалавецтва.

т. 8, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЯ УСЕБЕЛАРУ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ, Першая Усебеларуская палітычная канферэнцыя, Нацыянальна-палітычная нарада,

сход прадстаўнікоў бел. арг-цый і партый Зах. Беларусі, Германіі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Чэхаславакіі. Адбылася 25—28 (паводле інш. крыніц 26—29). 9.1921 у Празе. У яе рабоце ўдзельнічалі 37 чал. Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў прадстаўлялі С.​Баран, К.​Душэўскі (Дуж-Душэўскі), Л.​Заяц, А.​Карабач, В.​Ластоўскі, Я.​Мамонька, М.​Шыла; Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў — В.​Захарка, К.​Езавітаў, П.​Крачэўскі, А.​Цвікевіч; Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю — Б.​Тарашкевіч. Канферэнцыя прыняла рэзалюцыю аб Слуцкім паўстанні 1920, у якой перасцерагала бел. народ ад непажаданага праліцця крыві. У рэзалюцыі аб дзейнасці Б.​Савінкава адзначалася, што ён «Беларускім Нацыянальным Штандарам прыкрывае авантуры польскай і расійскай рэакцыі», «не мае ніякай сувязі з беларускімі палітычнымі і нацыянальнымі арганізацыямі і з’яўляецца правакатарам беларускай дзяржаўнасці і ворагам беларускага народа». У рэзалюцыі аб дзейнасці С.​Булак-Балаховіча сцвярджалася, што ён не мае ніякай падтрымкі з боку бел. нац. паліт. арг-цый і з’яўляецца «узурпатарам і авантурнікам». Асобная рэзалюцыя датычылася Рыжскага мірнага дагавора 1921. У ёй канферэнцыя пацвярджала вернасць Трэцяй Устаўнай грамаце Рады БНР. У рэзалюцыі аб дзярж. будаўніцтве Беларусі канферэнцыя абвяшчала, што Беларусь — край працоўнага сялянства, рабочых і працоўнай інтэлігенцыі, а таму павінна быць «дзяржавай працоўнага народа»; пацвярджаўся прынцып незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. Канферэнцыя заявіла, што адзіным заканадаўчым органам Беларусі з’яўляецца Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. Супярэчнасці ва ўрадзе БНР па пытанні аб стаўленні да БССР прывялі да правядзення Другой Усебеларускай канферэнцыі (Берлін, 1925).

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 12, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ХЛАПАМА́НІЯ»,

«хлапаманства» (ад польскага chłop селянін, мужык), саркастычная назва цікавасці асобных прадстаўнікоў сац. эліты (найперш шляхты) Беларусі і Украіны да нар. мовы і культуры ў 19 — пач. 20 ст. Найб. пашырана ў 1850—60-я г. Тэрмін «Х.» спачатку з’явіўся ў польскамоўным перыяд. друку, адкуль запазычаны і рус. друкам. На Беларусі «Х.» выявілася ў вывучэнні мовы і фальклору, дэманстратыўным з’яўленні шляхты ў вясковым асяроддзі ў сял. вопратцы і ўжыванні бел. мовы, складанні на ёй лістоў да сялян і літургічных спеваў. Паводле сведчання ўдзельніка бел. «Х.» В.Савіч-Заблоцкага, ёю захапіліся каля 50 чал. (пераважна графы, князі, дзеці генералаў і камергераў), у іх ліку былі і католікі, і праваслаўныя. У 1868—70 у Пецярбургу дзейнічала асветніцкая арг-цыя бел. «хлапаманаў» «Крывіцкі вязок» (разагнана ўладамі). У 1910—я г. «Х.» лічылася фін. і маральная падтрымка бел. нац. руху з боку М.І.Радзізіл. На Украіне «хлапаманы» (У.Б.Антановіч, Ф.​Р.​Рыльскі, П.​І.​Жыцецкі і інш.) стварылі ў пач. 1860-х г. свае гурткі (грамады) у Кіеве, Чарнігаве, Палтаве, Харкаве і інш., але ў сувязі з урадавымі рэпрэсіямі ў 1863 спынілі дзейнасць. Сац. з’явы, аналагічныя «Х.», — тыповыя для працэсу фарміравання нацый сярод народаў Цэнтр. і Усх. Еўропы, напр., у венграў, чэхаў, славенцаў і інш.

Кр.:

Суспільно-політичний рух на Україні в 1863—1864 рр.: [Матеріали і док.). Київ, 1964;

Савіч-Заблоцкі В. Пісьмы да М.​П.​Драгаманава // Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1988.

П.​У.​Церашковіч.

т. 17, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАСІДЫ́ЗМ (ад стараж.-яўр. хасід — набожны),

рэлігійна-містычны рух у іудаізме. Узнік у 1-й пал. 18 ст. на Валыні, Падоллі, Галіцыі і пашырыўся па ўсёй Рэчы Паспалітай, а пазней і сярод сусв. яўрэйства. У аснове веравучэння Х. — спалучэнне элементаў рабінізму і Кабалы (іудзейскай містыкі). Яго заснавальнік І.​Бешт (1700—60) прапанаваў вернікам містычны спосаб пазбегнуць роспачы і заняпаду без скрупулёзнага выканання абрадаў і глыбокага вывучэння Талмуда, як таго патрабавалі рабінска-кагальныя вярхі.

На Беларусь Х. пранік у 1770-я г. і сустрэў супраціўленне з боку прыхільнікаў традыц. рабіністычнага іудаізму. Першым прапаведнікам Х. стаў рабін з прыгарада Пінска Карлін (Каралін; А.​Карлінскі), які засн. тут 1-ю хасідскую абшчыну. Пазней пад кіраўніцтвам Ш.​Залмана з Лёзна, духоўнага правадыра бел.-літ. хасідаў, былі праведзены рэформы ў рэліг. дагматыцы і абраднасці і заснаваны новы, больш рацыянальны кірунак у Х. — Хабад. Буйныя цэнтры Х. ўзніклі ў Століне, Ляхавічах, мяст. Адмур Гродзенскай губ. і інш. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі хасіды атрымалі больш свабоды для прапаганды свайго вучэння. У 1804 рас. ўрад выдаў «Палажэнне», у якім прызнаў існаванне ў рас. яўрэйстве 2 кірункаў, узаконіў іх, і Х. заняў легальнае месца ў рэліг. жыцці яўрэяў Беларусі. У наш час паслядоўнікі Хабада — «Любавіцкія хасіды» (назва ад мяст. Любавічы Магілёўскай губ., цяпер у Смаленскай вобл. Расіі, дзе жылі нашчадкі Залмана), якіх узначальвае дынастыя Шнеерсонаў; з 1940 маюць цэнтр у Нью-Йорку.

Літ.:

Бершадский С. Литовские евреи. СПб., 1883;

Герасімава І.П. Прадпасылкі і станаўленне хасідызму на Беларусі // Нацыянальная палітыка расійскага самадзяржаўя на Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. Мн., 1995.

І.​П.​Герасімава.

т. 16, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)