ЛІЯНЭ́ (Lyonnais),

гістарычная вобласць на ПдУ Францыі. Уключае дэпартаменты Луара і Рона. Пл. 8 тыс. км². Нас. каля 2,3 млн. чал. (1995). Гал.’ горад і прамысл. цэнтр — Ліён. Амаль уся тэрыторыя ў межах Цэнтральнага Французскага масіву, на У даліны рэк Сона і Рона. Клімат умераны, у далінах пераходны да міжземнаморскага. Ападкаў каля 1000 мм за год. Развіта прам-сць: металургічная, маш.-буд., эл.-тэхн., хім., тэкст., шкляная, харчовая. У далінах рэк вырошчваюць пшаніцу, бульбу, агародніну, фуражныя культуры. Садоўніцтва і вінаградарства. У гарах пашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі).

т. 9, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАНСКІ БАСЕ́ЙН,

раўніна на ПдУ Вялікабрытаніі, па ніжнім цячэнні р. Тэмза. Выш. да 100 м. З’яўляецца сінклінальным паніжэннем паміж мелавымі ўзгоркамі Чылтэрн-Хілс (выш. да 261 м) на Пн і хр. Норт-Даўнс (выш. 296 м) на Пд; запоўнена трацічнымі глінамі, пяскамі, гравіем. Клімат умераны, марскі. Сярэдняя т-ра студз. +4 °C, ліп. +18 °C, ападкаў больш за 600 мм за год. Глебы бурыя лясныя. Захаваліся рэшткі дубовых лясоў, на пясках — хвоя і верасоўнікі. Культурныя ландшафты (палі, агароды, паркі); высокая шчыльнасць насельніцтва. У Л.б. — г. Лондан.

т. 9, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЮ́БАНЬ»,

доследны рыбгас. Створаны ў 1967 у г. Любань Мінскай вобл. як рыбакамбінат «Любань», з 1988 сучасная назва. «Л.» — поўнасістэмная гаспадарка (забяспечвае поўны цыкл вырошчвання рыбы ад ікры да таварнай прадукцыі), мае сажалкі матачныя, нераставыя, мальковыя, вырошчвальныя, зімавальныя і нагульныя агульнай пл. больш за 3000 га. Вытв. магутнасць прадпрыемства па выпуску таварнай рыбы 1740 т за год. Вырошчваюць карпа (97%), таўсталобіка, амура, сярэбранага карася, шчупака. Рыбгас мае бетонныя і земляныя рыбнікі, дзе ўтрымліваецца штогод да 200 т рыбы, што забяспечвае яе пастаўкі ў продаж у зімовы перыяд.

т. 9, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГЕ́РКА,

старадаўні мужчынскі галаўны ўбор, пашыраны на Беларусі ў 16—19 ст. Паводле спосабу вырабу былі лямцавыя (валеныя з воўны) і шытыя з 4 кавалкаў тоўстага валенага сукна. Лямцавыя М. мелі выгляд каўпака або ўсечанага конуса. Завернуты да палавіны вышыні аколыш шчыльна прылягаў да верху (паўдвайная М.) або даходзіў да самага донца (двайная М.). Рабілі М. выш. 15—20 см белага, шэрага, карычневага і чорнага колераў. Насілі круглы год.

М.​Ф.​Раманюк.

Селянін ў магерцы. Пач. 20 ст. Вёска Заходы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл.

т. 9, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГЫШЛА́К,

паўвостраў на ўсх. узбярэжжы Каспійскага м., у Казахстане. Удаецца ў мора прыблізна на 250 км. Асн. ч. — горы Мангістау (выш. да 556 м, г. Бесшокы); на Пд плато Мангышлак (выш. 200—275 м) з асобнымі саланчаковымі ўпадзінамі, днішчы якіх ляжаць ніжэй узр. мора (Карагіе, -132 м, і Каунды, -57 м); на Пн нізкая акумулятыўная раўніна п-ва Бузачы. Пераважаюць гліністыя, палыновыя, саланчаковыя, месцамі пясчаныя і камяністыя пустыні. Клімат кантынентальны, сухі. Ападкаў каля 160 мм за год. Расліннасць пустынная. Радовішчы нафты, газу, марганцу і фасфарытаў.

т. 10, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕГХАЛА́Я,

штат на ПнУ Індыі. На Пд мяжуе з Бангладэш. Пл. 22,5 тыс. км². Нас. каля 2 млн. чал. (1997), пераважна народнасці кхасі, джантыя, гара і інш. Адм. ц.г. Шылонг. У рэльефе пераважаюць узгоркі і нізкагор’і (масіў Шылонг выш. да 1961 м). Клімат трапічны, мусонны. Ападкаў месцамі больш за 10 000 мм за год, у Чэрапунджы каля 12 000 мм (сусветны максімум). Натуральная расліннасць — трапічныя лясы і хмызнякі. Большая ч. насельніцтва вядзе ляднае земляробства. Вырошчваюць рыс, кукурузу, проса, бульбу. Садоўніцтва (апельсіны). Шаўкаводства. Лесанарыхтоўкі. Невял. здабыча вугалю.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКО́ЛА,

старадаўняе каляндарна-абрадавае свята ў беларусаў і інш. слав. народаў у гонар апекуна земляробства і нар. заступніка св. Міколы. Вытокі свята, якое спалучыла элементы язычніцкай персаніфікацыі дабрадзейных сіл прыроды з прынцыпамі хрысціянства, у шанаванні культу Вялеса. Адзначалі 2 разы ў год — вясною (9 мая с. ст.) і зімою (6 снежня с. ст.). Да веснавога М. заканчвалася сяўба, упершыню пасля зімы выводзілі коней на начлег, спраўлялі магічныя абрады, якія мелі ахоўны сэнс, пачыналі стрыгчы авечак; пасля М. забаранялася пасвіць статак на сенажацях. Да зімовага М. заканчвалася малацьба.

т. 10, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛІ́ЕЎСКАЯ РА́ННЯЯ,

сорт грушы селекцыі Мліеўскай доследнай станцыі садаводства імя Л.​П.​Сімірэнкі (Украіна), атрыманы ад скрыжавання сартоў Эксперэн і Глыва ўкраінская. Перспектыўная для вырошчвання на Беларусі (акрамя Віцебскай вобл.).

Дрэва сярэднярослае з шырокапірамідальнай кронай сярэдняй гушчыні. Пладаносіць на 4—5-ы год пасля пасадкі. Зімаўстойлівая, адносна ўстойлівая да бактэрыяльнага раку і паршы. Плады сярэдняй велічыні (90—140 г). Афарбоўка светла-жоўтая з невял. румянцам, паверхня з дробнымі ржавымі пятнамі плямамі*. Мякаць белая, сакавітая, масляністая, салодкая. Спажывецкая спеласць — у сярэдзіне жніўня.

М.​Р.​Мялік.

Мліеўская ранняя.

т. 10, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСО́НЫ (франц. mousson ад араб. пара года),

устойлівыя сезонныя вятры над пэўнымі абласцямі Зямлі, напрамкі якіх рэзка мяняюцца на процілеглыя або блізкія да іх 2 разы на год (пры змене пор года). Распаўсюджваюцца на выш. да некалькіх кіламетраў. Гал. прычына М. — розніца цеплавога рэжыму над сушай і морам. Летнія вільготныя (акіянічныя) М. звычайна накіраваны з акіяна на сушу, зімовыя (кантынентальныя) — з сушы на акіян. Са зменай напрамку М. адбываецца змена сухім малавоблачным зімовым надвор’ем на вільготнае дажджлівае летняе. Адрозніваюць М. трапічныя (у бас. Індыйскага ак.) і пазатрапічныя (на Д. Усходзе).

т. 11, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЖНЕКАЛІФАРНІ́ЙСКАЯ ДАЛІ́НА У ЗША і Мексіцы. Займае міжгорную тэктанічную ўпадзіну — паўн. ч. былога, больш буйнога Каліфарнійскага зал., запоўненую магутнай тоўшчай адкладаў, прынесеных р. Каларада. Парэзана яе ніжнім цячэннем. У мінулым неаднаразова затаплялася водамі р. Каларада, што прывяло да ўтварэння салёных азёр. На Пн салёнае воз. Солтан-Сі, узровень якога на 72 м, а дно на 81 м ніжэй узр. м. Клімат субтрапічны, сухі. Ападкаў каля 100 мм за год. Ксерафітныя хмызнякі, кактусы, юкі. Частка зямель паміж р. Каларада і воз. Солтан-Сі арашаецца. Вырошчваюць пераважна бавоўнік.

т. 11, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)