вобласць паніжанага атмасфернага ціску. Разам з франтамі атмасфернымі і антыцыклонамі — асн. прычына змен надвор’я і фарміравання асаблівасцей клімату. Адрозніваюць трапічныя цыклоны і ўласна Ц., да якіх належыць большая ч. Ц. зямнога шара.
Уласна Ц. ўяўляюць сабой буйныя віхры дыяметрам ад 1 тыс.км (у пачатку развіцця) да 2—3 тыс.км і больш (пры яго паглыбленні). Утвараюцца ва ўмераных і палярных шыротах Паўн. і Паўд. паўшар’яў пераважна на палярных і арктычных атм. франтах. У Паўн. паўшар’і цыркуляцыя паветра ў віхрах накіравана супраць, а ў Паўд. — па гадзіннікавай стрэлцы, з адхіленнем ад цэнтра Ц. ў ніжніх слаях атмасферы. На ўзроўні мора атм. ціск паніжаецца да 950—960 мбар (сярэдняе значэнне каля 1012 мбар), у розных частках Ц. адзначаюцца і тэмпературныя кантрасты. Перамяшчаюцца пераважна ўздоўж франтоў з З на У. Скорасць руху Ц. 30—40 км/гадз, часам больш за 80 км/гадз. Над кожным паўшар’ем за год бывае некалькі соцень Ц. Доўжацца ад некалькіх дзён да 1—2 тыдняў.
Выклікаюць утварэнне вял. і магутных воблакаў, выпадзенне ападкаў, рэзкую перамену надвор’я. На Беларусі за год адзначаецца каля 40% дзён з Ц., у снеж.—лютым і маі—ліп. каля 50%, у сак. і крас. — каля 30%, у вер. каля 15%.
Цыклон. Ізабары і прыземныя лініі току паветра: а — Паўночнае паўшар’е, б — Паўднёвае паўшар’е.