археалагічная культура плямёнаў эпохі энеаліту (2-я пал. 5 — пач. 4-га тыс. да н.э.) у Верхнім і Сярэднім Егіпце. Назва ад паселішча каля мяст. Эль-Амра (Егіпет). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Для амрацкай культуры характэрны чырвоны глянцаваны посуд, на якім белай фарбаю нанесены «крыжалінейны» арнамент. Прылады працы вырабляліся з крэменю, косці, сустракаюцца медныя рэчы (шпількі, гарпуны, пацеркі). Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы, у магілы клалі посуд, упрыгожанні, грабяні, статуэткі са слановай косці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЕРАЦКО́ЎСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (1750, с. Азерацкае Загорскага р-на Маскоўскай вобл. — 12.3.1827),
рускі натураліст і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1782). У 1768—72 удзельнічаў у акад. экспедыцыі па вывучэнні прадукц. сіл. Расіі. У 1773 працаваў на Беларусі, сабраў матэрыял пра стан гаспадаркі, побыт насельніцтва, прыроду, склаў гербарыі раслін Віцебскай губ. (400 відаў) і заал. калекцыі. Падарожнічаў па Анежскім і Ладажскім азёрах, воз. Ільмень, вярхоўях Волгі, воз. Селігер. Аўтар каля 100 навук. прац па геаграфіі, этнаграфіі, гісторыі і археалогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭНСБУ́РГСКАЯ КУЛЬТУ́РА (Ahrensburgian),
археалагічная культура познапалеалітычных плямёнаў, якія ў 10—9 тысячагоддзях да нашай эры насялялі Поўнач сучаснай тэрыторыі Германіі і Нідэрланды. Назва ад мясцовасці Арэнсбург (ФРГ), дзе выяўлены рэшткі познапалеалітычных і мезалітычных стаянак. Асобныя групы носьбітаў Арэнсбургскай культуры праніклі на тэрыторыю Усходняй Еўропы і, як мяркуюць, далі пачатак грэнскай культуры. Насельніцтва жыло на кароткачасовых стаянках з наземнымі жытламі круглаватай, авальнай ці трохвугольнай формы, займалася паляваннем на паўночнага аленя. Большасць прылад працы вырабляла з крамянёвых адшчэпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКІ́ЗСКАЯ КУЛЬТУРА,
археалагічная культура сярэдневяковых хакасаў (10—17 ст.), якія насялялі значную тэр.Пд Сібіры. Назва ад могільнікаў у даліне р. Аскіз у Хакасіі. Межы Аскізскай культуры супадаюць з межамі стараж.-хакаскай дзяржавы 10—12 ст.Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам, жыло ў гарадах (вядома 5) і селішчах, будавала горныя каменныя крэпасці-сховішчы. Пахавальны абрад — трупаспаленне. У 10 — пач. 11 ст. каля курганоў узводзіліся каменныя стэлы з эпітафіямі. Аскізская культура вызначаецца вял. колькасцю якасных вырабаў з жалеза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛА́САЎ (Уладзімір Васілевіч) (каля 1661—64—1711),
рускі землепраходзец. Сібірскі казак. У 1697—99 здзейсніў паходы на Камчатку, заснаваў астрог Верхнекамчацкі, абклаў данінай мясц народы. У 1701 за далучэнне Камчаткі да Расіі атрымаў чын казацкага галавы. Упершыню рознабакова апісаў прыроду і насельніцтва Камчаткі, даў звесткі пра астравы і землі паблізу ад Камчаткі і Чукоцкага п-ва, пра Курыльскія а-вы і Японію. Забіты ў час бунту служылых людзей. Імем Атласава названы бухта і вулкан на Курыльскіх а-вах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРАЛО́ІДНАЯ РА́СА,
група антрапалагічных тыпаў карэннага насельніцтва Аўстраліі, Паўд. Азіі і Акіяніі, якія маюць агульнае паходжанне і пэўнае марфалагічнае падабенства. У прадстаўнікоў расы буры колер скуры, цёмныя хвалістыя валасы, развітое трацічнае валасяное покрыва, цёмныя вочы, шырокі нос, тоўстыя губы, чэрап прадаўгаваты, вузкі, памеры твару сярэднія з добра развітымі надброўнымі дугамі, рост высокі. Блізка да іх стаяць веды Цэйлона і негроіды Паўд.-Усх. Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРНАКРЫ́МСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі мезаліту (8—5 тыс.г. да н.э.) на тэр. Горнага Крыма (Украіна). Насельніцтва займалася паляваннем на высакародных аленяў, дзікоў і збіральніцтвам, жыло ў пячорах, а таксама на высокіх пласкагор’ях. Для ранняга этапу горнакрымскай культуры характэрны разцы, касцяныя вастрыі для стрэл і інш., у познім пераважалі крамянёвыя скрабкі, пласціны з рэтушшу, геаметрычныя мікраліты (трапецыі), гарпуны і дроцікі з косці і рогу. У пячорах выяўлены пахаванні — скурчаныя трупапалажэнні, пасыпаныя вохрай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАКСЮ́Р,
старажытнае паселішча (4-е тыс. да н.э.) каля ст. Геаксюр на ПдУ Туркменістана. Пл. 12 га. У выніку раскопак выяўлены шматпакаёвыя жытлы з сырцовай цэглы, якія размяшчаліся па баках вузкіх вуліц, танкасценная кераміка, размаляваная геам. паліхромным арнаментам (т.зв. кераміка геаксюрскага тыпу), тэракотавыя статуэткі ў выглядзе сядзячых жаночых фігурак, часта са складанымі высокімі прычоскамі, пахавальныя збудаванні ў выглядзе купалападобных грабніц з калектыўнымі пахаваннямі. Магчыма, насельніцтва з’явілася тут у выніку племянных перасяленняў з паўд.-ўсх. абласцей Ірана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭНЕ́ЎСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ 1949,
чатыры міжнародныя пагадненні аб абароне ахвяр вайны: аб паляпшэнні лёсу параненых і хворых у дзеючых арміях; аб паляпшэнні лёсу параненых, хворых і асоб са складу ўзбр. сіл, якія пацярпелі караблекрушэнне на моры; аб абыходжанні з ваеннапалоннымі; аб абароне цывільнага насельніцтва ў час вайны. У 1977 канвенцыі дапоўнены 2 дадатковымі пратаколамі — аб абароне ахвяр міжнар.узбр. канфліктаў і аб абароне ахвяр узбр. канфліктаў неміжнар. характару. Да Ж.к. далучылася 170 краін, у т. л. Беларусь (1954).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕННАБА́ЛКАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура сярэдняй пары верхняга палеаліту (21—16 тыс.г. назад) на тэр.паўн.-ўсх. Прыазоўя. Назва ад стаянак ва ўрочышчы Каменная Балка каля хутара Нядвікаўка Растоўскай вобл. (Расія). Насельніцтва жыло на стаянках, займалася паляваннем на каня, зубра, паўн. аленя. Матэрыяльная культура прадстаўлена вырабамі з крэменю: нуклеусамі, мікрапласцінамі, адшчэпамі, разцамі, праколкамі; характэрныя мікраліты — т.зв. чатырохвугольнікі. Раскопкамі выяўлены рэшткі падоўжанага наземнага жытла з агнішчам у цэнтры. К.к. генетычна звязана з імерэцінскай культурай.