«ТРОХВУГО́ЛЬНІК»

(«Dreieck»),

кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў супраць партызан і насельніцтва на тэр. паміж чыгункамі Брэст—Кобрын і Брэст—Маларыта ў вер.—кастр. 1942 у Вял. Айч. вайну; састаўная частка сумесных планаў паліцыі бяспекі і СД ген. камісарыятаў Валыні, Падоліі, Беларусі і акругі Беласток для «ўціхамірвання» зах. і паўд.-зах. раёнаў Гродзенскай, Баранавіцкай, Брэсцкай і Пінскай абл. Праводзілася сіламі 3-га батальёна 15-га ням. паліцэйскага палка, 3-х узводаў, 2-х паліцэйскіх палкоў, спец. роты «Нюрнберг». Пасля няўдалай карнай аперацыі «Міхель» 30 жн. — 4 вер. ў Косаўскім, Бярозаўскім, Ружанскім і Пружанскім р-нах гітлераўцы распачалі аперацыю «Т.»: рабавалі, расстрэльвалі насельніцтва, палілі хаты, захапілі некалькі тыс. буйной раг. жывёлы, коней, свіней, авечак, шмат с.-г. машын, сотні ц збожжа. У в. Ляплёўка Брэсцкага р-на карнікі расстралялі 54 дзіцяці з выхавацелькай Дамачоўскага дзіцячага дома. Паводле справаздач фаш. улад, з 6 вер. да 24 ліст. ў раёне Брэста, Кобрына, Маларыты і Пінска загублена 44 837 грамадзян.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990.

т. 15, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)