развучы́цца, ‑вучуся, ‑вучышся, ‑вучыцца; зак., з інф.

Страціць навыкі, уменне рабіць што‑н. Андрэйка зусім развучыўся думаць, не можа знайсці рашэнне самай простай задачкі. Гамолка. Маёр гаварыў заўсёды, што лётчык павінен лятаць кожны дзень. Інакш ён, развучыцца, будзе баяцца хуткасці, вышыні... Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разрэ́дзіцца, ‑дзіцца; зак.

Стаць менш густым, шчыльным. Увесь той дзень імжэў дождж і перастаў, як зусім змерклася. Разрэдзіліся хмары, і дзе-нідзе бліснулі зоры. Галавач. Калі цяпер выйдзе хоць невялічкая затрымка, то разрэдзіцца змрок і немцы могуць заўважыць пластуноў на прагаліне. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэпута́цыя, ‑і, ж.

Грамадская думка, якая склалася пра каго‑, што‑н. Палагея (так звалі ўдаву) мела не зусім чыстую рэпутацыю і, апрача таго, славілася сваёй сварлівасцю. Шамякін. Іван ванька рэпутацыю школы падтрымаў, затое Алесік Грылюк псуе ўсю справу. Колас.

•••

Падмачыць рэпутацыю гл. падмачыць.

[Фр. réputation.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

струкава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае шмат струкоў. Струкаватая фасоля. // Падобны да струна.

2. Разм. Кучаравы (пра шэрсць). / Пра валасы чалавека. Адкінуліся дзверцы і выткнулася белавалосая струкаватая галава шафёра, яшчэ зусім маладога хлопца. Пташнікаў. Кепка блінам ляжала на струкаватай рыжай галаве. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узлахма́ціцца, ‑мачуся, ‑мацішся, ‑маціцца; зак.

Стаць, зрабіцца лахматым; ускалмаціцца, ускудлаціцца. [Чалавек] зусім ператварыўся: узлахмаціліся гладка зачэсаныя валасы, зялёная гімнасцёрка падала яму выгляд дэмабілізаванага чырвонаармейца. Лужанін. // Узадрацца. Стаяла [ігруша] голая, счарнелая з вузлаватымі сукамі, з вымерзлымі сям-там галінкамі, на якіх парэпалася, узлахмацілася кара. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ушчэ́нт, прысл.

Поўнасцю, зусім, дарэшты, датла. У наваколлі тутэйшых трох вёсак зямля была вельмі няроўная. Дзе вышэй — радзіла добра, дзе ніжэй к балоту — усё ўшчэнт вымакала. Чорны. Згарэла вёска ўшчэнт: ні кала, ні двара не засталося. Якімовіч. Спацеў паромшчык, замарыўся ўшчэнт. Барадулін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Тое, што і шоргаць. Хвіліну стаяў [Васіль], уткнуўшы кассё ў балота, няўпэўнена, гарачымі, дрыготкімі рукамі шаргаў па касе мянташкай. Мележ. [Дзяўчына] хуценька шаргае сандалямі па ржышчы і здаецца Шаманскаму зусім маленькай, быццам не ідзе, а коціцца па зямлі. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шыко́зны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і шыкарны. На ўвесь клуб танцуе толькі яна [Лора] адна з такім шыкозным.. кавалерам. Вітка. Уся важнасць і ўся Сцёпкава цвёрдасць адразу прападаюць. А як пабачыў яшчэ такую шыкозную кнігу, дык і зусім уладу над сабою страціў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКА-ТУ́РАЎСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення Усх. Палесся. Бытаваў у асяроддзі мяшчан невял. гарадоў (Тураў, Давыд-Гарадок, Столін), мястэчак і буйных вёсак у 19 — пач. 20 ст. Рэзка вылучаўся сярод інш. строяў ускладненымі сілуэтамі жан. касцюма з арыгінальнымі галаўнымі ўборамі.

Аснову жан. летняга гарнітура складалі кашуля, спадніца, гарсэт (або куртка), фартух, пояс. Кашулю шылі з кужалю або белага «сарвету» (баваўнянай фабр. тканіны), з шырокім адкладным каўняром. У гарадчанак яна сціпла або зусім не аздаблялася, у тураўлянак аздаблялася на рукавах і каўняры раслінным або раслінна-зааморфным арнаментам, вышытым крыжыкам у чырвона-чорнай гаме. Спадніцу-андарак шылі з даматканага гладкафарбаванага цёмна-сіняга або чырвона-бурачковага сукна, спадніцу-сукню — з фабр. цёмнай шарсцянкі, па нізе нашывалі стужкі галуну. Гарсэт (кабат, шнуроўка) з чырвонага, фіялетава-сіняга ўзорыстага або гладкафарбаванага атласу, саціну ці парчы часта прышываўся да спадніцы ў выглядзе ліфа. Фартух аднаполкавы з фабр. цёмных тканін. Гарсэт, спадніцу і фартух падпяразвалі шырокім выплеценым або тканым поясам. Экзатычны і падкрэслена самавіты вобраз жан. касцюма стваралі арыгінальныя галаўныя ўборы галовачка і падушачка. Жанчыны насілі масіўныя нагрудныя ўпрыгожанні — чаканеныя з латуні вял. крыжы мясц. работы, пацеркі з натуральных камянёў і металу, абразкі, а таксама пярсцёнкі. Мужч. адзенне, блізкае да адзення гараджан, вызначалася высокім кравецкім майстэрствам, стрыманым аздабленнем (вышыўка шнуром, аплікацыя, нашыўка з футра і інш.). Летні гарнітур складаўся з кашулі, нагавіц, камізэлькі; галаўны ўбор — капялюш, зімой — разнастайныя варыянты магеркі. Верхнім мужч. і жан. адзеннем былі кажухі, курткі, світы.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Давыд-гарадоцка-тураўскі строй. Адзенне жанчын-мяшчанак. Канец 19 ст. Горад Давыд-Гарадок (Столінскі раён).

т. 5, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭАРЫ́ТЫ,

малыя целы Сонечнай сістэмы, якія трапляюць на Зямлю з міжпланетнай прасторы; часткі метэорных цел, якія не паспелі згарэць у атмасферы (гл. Метэоры).

У залежнасці ад канечнай масы і скорасці, а таксама характару грунту ў месцы падзення М. застаюцца ляжаць на паверхні ці пранікаюць у глебу на глыбіню да 6,5 м, утвараючы лейкападобную выемку Адрозніваюць М.: каменныя (92% агульнай колькасці), жалезакаменныя (2%) і жалезныя (6%). Складаюцца пераважна з алюмінію, жалеза, кальцыю, кіслароду і інш. і не маюць у сабе якіх-н. невядомых на Зямлі хім. элементаў. Форма ў асноўным няправільная абломкавая, радзей — арыентаваная (завостраная з аднаго боку і расшыраная і прытупленая з другога). Звычайна М. з усіх бакоў пакрытыя тонкай коркай плаўлення таўшчынёй не болей за 1 мм, колер чорны (матавы ці бліскучы), радзей светлы і паўпразрысты. На М., якія доўга праляжалі ў зямлі, кара акісляецца і робіцца цёмнага чырвона-бурага колеру. Паверхня М. мае своеасаблівыя паглыбленні — рэгмагліпты. Колер унутр. рэчыва — светла-шэры, цёмна-шэры, зусім чорны ці амаль белы. Маса М. — ад доляў грама да дзесяткаў тон, самы буйны — М. Гоба (маса каля 60 т, Афрыка). На 1 млн. км² паверхні Зямлі падаюць 3 М. ў год. У сусветны рэестр занесена больш за 2 тыс. М. На Беларусі вядома 5 М.: «Брагін», «Грэск», «Жмены», «Заброддзе», «Чорны Бор». Бел. калекцыя М. захоўваецца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі. Гл. таксама Тунгускі метэарыт, Сіхатэ-Алінскі метэарыт.

Літ.:

Кринов Е.Л. Вестники Вселенной. М.,1963;

Вуд Дж.А Метеориты и происхождение солнечной системы: Пер. с англ. М., 1971;

Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.

У.​Я.​Бардон.

т. 10, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)