КАРНО́ ЦЫКЛ,

абарачальны кругавы працэс, у якім цеплавая энергія ператвараецца ў работу (або наадварот); ідэальны рабочы цыкл цеплавога рухавіка. Складаецца з паслядоўна чаргавальных двух ізатэрмічных і двух адыябатных працэсаў. Уведзены Н.Карно (1824) у сувязі з вызначэннем ккдз цеплавых машын.

Ператварэнне цеплавой энергіі ў работу суправаджаецца пераносам рабочым рэчывам рухавіка (пара, газ і да т.п.) пэўнай колькасці цеплыні ад больш нагрэтага цела (награвальніка) з т-рай T1, да менш нагрэтага (халадзільніка) з т-рай T2. Ккдз цыкла η не залежыць ад прыроды рабочага рэчыва і канструкцыі рухавіка і вызначаецца толькі т-рамі T1 і T2: η = (T1—T2)/T1 (тэарэма Карно). Ккдз кожнай цеплавой машыны не можа быць большым за ккдз К.ц. (пры тых жа T1 і T2). К.ц. абарачальны, і яго можна праводзіць у адваротнай паслядоўнасці (ідэальная халадзільная машына). К.ц. адыграў важную ролю ў развіцці тэрмадынамікі і цеплатэхнікі. Пры яго дапамозе даказана эквівалентнасць розных фармулёвак другога закону тэрмадынамікі, вызначана абс. тэрмадынамічная шкала т-р, выведзены многія тэрмадынамічныя суадносіны (напр., Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненне).

А.​І.​Болсун.

Карно цыкл на дыяграме p — V (ціск — аб’ём); AB і CD — ізатэрмы, BC і AO — адыябаты, δQл і δQ — падводзімая і адводзімая колькасць цеплаты, плошча ABCD роўная карыснай рабоце цыкла.

т. 8, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАРЫ́ТА,

горад, цэнтр Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл., на р. Маларыта. Чыг. станцыя на лініі Брэст—Ковель. За 52 км ад Брэста. 11,6 тыс. ж. (1998).

Упершыню ўпамінаецца ў 1566 як дзярж. вёска Рыта Малая ў Брэсцкім пав. Брэсцкага ваяв. У 1768—90 дзейнічала Маларыцкая металургічная мануфактура. З 1795 у Рас. імперыі, сяло ў Брэсцкім пав. Слонімскай, з 1797 — Літоўскай, з 1801 — Гродзенскай губ. У 1897—1275 ж., 203 двары, сельскае нар. вучылішча, 2 лесапільні (у 1914—41 рабочы), шпалапрапітны з-д (20 рабочых), цагельня (4 рабочыя), вятрак. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Брэсцкага пав. Палескага ваяв. Дзейнічаў падп. райком КПЗБ. 4.3.1935 адбылася забастоўка рабочых лесапільняў. З 1939 у БССР. З 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. 22.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 3349 чал. Дзейнічала падп. антыфаш. група. 20.7.1944 вызвалена войскамі 1-га Бел. фронту і партызанамі брыгады імя Леніна ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. У 1959—3,4 тыс. ж. У 1962—65 у Брэсцкім р-не. З 23.12.1970 горад.

Прадпрыемствы харч. (Маларыцкі агароднінасушыльны завод) прам-сці. Брацкія магілы: сав. воінаў і партызан, сав. воінаў, танкістаў, магіла ахвяр фашызму, курган Славы. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.).

Маларыта. Плошча ў цэнтры горада.

т. 10, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКЕ́НАС ((Mikėnas) Юозас) (12.2.1901, Скардупіс, Латвія — 24.10.1964),

літоўскі скульптар; заснавальнік сучаснай літ.. скульптуры. Чл.-кар. АМ СССР (1955). Нар. маст. Літвы (1960). Нар. маст. СССР (1961). Скончыў Каўнаскую маст. школу (1926). У 1926—31 вучыўся ў прыватных студыях і маст. ВНУ Парыжа. У 1932—34 удзельнік групы «Арс». З 1931 выкладаў у Каўнаскай, з 1940 у Вільнюскай маст. школах, з 1941 у вільнюскай маст. акадэміі, з 1945 маст. ін-це, у Каўнаскім ін-це прыкладнога і дэкар. мастацтва, Маст. ін-це Літвы (з 1946 праф.). Творам характэрны арыгінальнае спалучэнне традыцый прафес. і нар. літ. скульптуры, лірызм, манументальнасць форм, выразны сілуэт. Аўтар партрэтаў А.​Гудайціса (1934), скульпт. кампазіцый «Хлопчык з голубам» (1935), рэльефаў «Маці» (1935), «Жанчына з граблямі» (1936), помнікаў «Перамога» ў Калінінградзе (1945—46), М.​Мельнікайтэ ў г. Зарасай (1947), П.​Цвірку ў Вільнюсе (1959), статуі «Літва» для павільёна Літвы на Сусв. выстаўцы ў Нью-Йорку (1939), манум. твораў «Мір» (1960), «Першыя ластаўкі» (1964), скульптур «Танец» (1946), «Юная піяністка» (1958), мазаік «Галава юнака» (1931), «Рабочы» (1934), ілюстрацый да кніг. Дзярж. прэмія СССР 1947. Дзярж. прэмія Літвы 1966. Іл. гл. таксама да арт. Літва.

Літ.:

Юозас Микенас: [Альбом]. М., 1983.

Ю.Мікенас. Скульптурная група помніка «Перамога» ў Калінінградзе. 1945—46.

т. 10, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

апера́тар, ‑а, м.

1. Уст. Доктар, які праводзіць аперацыю (у 1 знач.); хірург.

2. Кваліфікаваны рабочы, які кіруе работай складанага механізма або ўстаноўкі. Аператар стаіць збоку, а фрэза машыны, нібы слухаючыся рукі ўмелага майстра, рэжа на тоўстай пласцінцы пяціканцовую зорку, затым другую складаную геаметрычную фігуру. «Звязда».

3. Службовая асоба на транспарце, якая, прымае распараджэнні дыспетчара і паведамляе яму звесткі аб руху.

4. Спецыяліст, які праводзіць кіназдымкі; кінааператар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́зчык, ‑а, м.

1. Рабочы, які займаецца рэзаннем чаго‑н. Рэзчык паперы. □ [Акцызнік:] — Возчыкам цябе не паставяць [у леспрамгасе], рэзчыкам таксама... Ды тут і сам не захочаш. Плечы дзіцячыя. А вось сукі церабіць... Пташнікаў.

2. Майстар мастацкай разьбы; разьбяр. — Давайце арганізуем выстаўку, — прапанаваў Толя. — І не ў дзетдоме, а ў раённым Доме культуры. На ёй пакажам самае лепшае, што зрабілі рэзчыкі, мастакі, вышывальшчыцы, словам, усе нашы ўмельцы. Рунец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сі́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.

1. Дзеянне паводле, знач. дзеясл. сініць.

2. Сіняя фарба, якая выкарыстоўваецца для падсіньвання бялізны, паперы і пад. Сінька для бялізны. / у вобразным ужыв. Вечар сіньку развёў за акном. Гілевіч.

3. Спец. Афарбаваная ў сіні колер капіравальная папера для размножвання чарцяжоў; чарцёж на такой паперы. Дывінец разгарнуў сіньку — рабочы чарцёж, са здзіўленнем паглядзеў на загатоўкі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скаро́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скараціць.

2. у знач. прым. Які з’яўляецца вынікам скарачэння; меншы. Скарочаны рабочы дзень. Займацца па скарочанай праграме. Выдаць аповесць у скарочаным выглядзе.

3. у знач. прым. Названы коратка, абазначаны пачатковымі літарамі, часткай слова або больш кароткім словам. Скарочанае слова. □ Ад ранейшага мала чаго засталося ў .. [Паходні] — хіба тая ж весялосць у гаворцы і звычка зваць .. [Марынку] скарочаным імем: Мара. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сталі́ца, ‑ы, ж.

Галоўны горад дзяржавы, месцазнаходжанне ўрада і ўрадавых устаноў. Сталіца Беларусі. □ На плошчы, ў сталіцы Сафіі, Дзімітраўскі ёсць маўзалей. Танк. Будучы студэнткай, .. [Таццяна] ездзіла туды [у Маскву] на экскурсію і таму шчыра перадавала свае ўласныя ўражанні аб сталіцы. Шамякін. // Пра які‑н. населены пункт як цэнтр чаго‑н. Блукаючы па Палессі, я заехаў у былую сталіцу партызанскага краю. Гэта не то мястэчка, не то рабочы пасёлак. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усяго́, прысл.

1. Разам, наогул. Усяго зарабілі 50 рублёў.

2. у знач. узмацняльнай часціцы. Толькі. Цягнік спыняецца на гэтай станцыі ўсяго на адну хвіліну. Корбан. Завецца ж спадчына мая Усяго старонкай Роднаю. Купала. [Рыгор:] «Слухай, — кажу, — дружок, падкінь ты мяне ў Пятроўку... Тут і язды ўсяго пятнаццаць кіламетраў»... Ракітны. / У спалучэнні з часціцай «толькі». І адзін рабочы, усяго толькі адзін, паварочвае гэты самы круг з паравозам. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ушчыльні́цца, ‑ніцца; зак.

1. Стаць больш шчыльным.

2. Пацясніўшыся, размясціцца, пасяліцца больш шчыльна. Усё зводзілася да таго, што з дня на дзень мы павінны наступаць. І вось пачалося... Нездарма ж так ушчыльніўся фронт, падвезена гэтулькі прадуктаў і боепрыпасаў... Няхай.

3. Разм. Стаць больш заселеным (пра жылую плошчу). // Пачаць жыць цясней, пасяліўшы каго‑н. да сябе.

4. Стаць цалкам запоўненым, больш інтэнсіўным (пра рабочы час, вытворчы працэс).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)